МІФ ПРА КЛАСАВУЮ БАРАЦЬБУ

Адной з вяршыняў у гістарычнай міфалогіі апошніх дзесяцігоддзяў быў разгляд усяго выключна праз прызму класавага падыходу і асабліва класавай барацьбы. Гэта рабілася, каб маральна апраўдаць кастрычніцкі пераварот, калектывізацыю, бязлітаснае знішчэнне народа і гнаенне яго ў ГУЛагу, пераслед «ворагаў народа».

Уся гісторыя Беларусі ў люстэрку савецкіх гістарычных даследванняў — гэта гісторыя класавай барацьбы. Кожны выступ у мінулым супраць дзяржаўнага ладу ці нават кожнае крымінальнае парушэнне закону залічваліся ў праявы класавай барацьбы, а сялянскія паўстанні, рухі месцічаў (колькі іх там адбылося?) супраць феадалаў, супраць феадальнага ладу занялі асноўнае месца ў высвятленні гісторыі феадалізму. Хай іх там было і няшмат. Да іх дадаваліся казацкія паходы праз Беларусь — ці з Украіны, ці з іншых краёў, калі тыя вярталіся і па дарозе рабавалі і гвалцілі (гэта былі тыповыя набегі іншаземцаў на наш край). Што пры гэтым пакутвалі простыя людзі, гісторыкаў мала цікавіла.

Вось прыклады з Баркулабаўскага летапісу:

«Лета Божого нароженя 1595, месяца ноября 30 дня в понедело(к) за тыдень пред Святым Николою. Севериян Наливайко; при нём было козаков 2000, дел (гармат. — В. Г.) 14, гаковниц. Место славное Могилев, место побожное, домы, крамы, острог выжгли, домов всех яко 500, а крамов з великими скарбами 400. Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жон, детей побили, порубали, попоганили, скарбов теж незличоных побрали з крамов и з домов» [97].

І гэтаму ліхадзею быў прысвечаны раман М. Садковіча «Аповесць аб ясным Стахоры»!

Прыгадаю яшчэ той жа летапіс:

«Того ж року 603. В месте Могилеве Иван Куцка здал з себе гетманство козацкое для того, иж у войску великое своволенство: што хто хочет, то брои… Перед того ж выеждчого от его кролевское милости приносил один мещанин на руках свою девчину у шести летех змордованую, зкгвалчоную, ледвей живую, чого было горко, плачливе — страшно глядети. Натое вси люди плакали, Богу сотворителю молилися, абы таких своеволников вечне выгладити рачил…

Тые козаки приставства у Полоцку, у Витебску, на Орши, у во Мстиславлю, у Крычове, у Могилеве, у Головчине, у Чечерску, у Гомли, у Любечу, у Речицы, у Быхове, у Рогачове и по всих местах…

А коли козаки запорозкие назад на Низ отселя выеждчали, тепер же великую силную шкоду по сёлах, по местах чинили: жонки, девки и хлопята з собою много брали. Также коней много з собою побрали. Один козак будет мети коней 8, 10, 12, а хлопят трое, четверо, жонки албо девки две албо три» [98].

Пра набегі крымскіх татараў падручнікі і манаграфіі па гісторыі БССР пісалі, а пра набегі казакаў — ніколі, бо гэта псавала б тую ролю, якую адводзілі савецкія беларускія гісторыкі гэтым казакам у класавай барацьбе.

Іншы прыклад прывяду з «Летапісу Панцырнага і Аверкі»:

«Году 1602. Казаки з Дубінам правадыром Віцебск высеклі за здрадай абывацеляў віцебскіх. (…). Году 1604. Дубіну казака, правадыра, і 12 прывядзёна закутых да караля, а потым на Валатоўках Заручанскіх трох на калы пасаджана жыўцом» [99].

А вось як гэты эпізод апісваецца ў «Истории Белорусской ССР», выдання 1954 года (Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР):

«Так, в 1601 г. крестьяне присоединились к отряду под предводительством Дубины и с оружием в руках выступали против своих угнетателей в районе Витебска и Полоцка. Этим отрядом в 1602 г. был взят Витебск. Вскоре панам и шляхте удалось подавить выступление народных масс. Дубина и его ближайшие сподвижники были взяты в плен и посажены на кол» [100].

Каментар, як мне здаецца, залішні.

З крычаўскага руху 1740–1744 гадоў пад кіраўніцтвам адных збіральнікаў падаткаў супраць другіх збіральнікаў падаткаў зрабілі ледзь не беларускую пугачоўшчыну.

З зусім легальнага пратэсту жыхароў Магілева на пачатку XVII стагоддзя супраць парушэння іхных правоў зрабілі паўстанне тыпу Салянога ці Меднага бунтаў у Маскоўшчыне. Адзін з удзельнікаў пратэсту Стахор Мітковіч упамінаецца ў пачатковых дакументах па гэтых падзеях, а ў канчатковых — перадусім у прыгаворы аб пакаранні ўдзельнікаў пратэсту — нават не прыгадваецца (гэта значыцца, не быў значнай персонай ці адышоў ад акцыі пратэсту). А з яго зрабілі правадыром паўстання. Словам, герояў рабілі як хацелі.

З Дзяніса Мурашкі, які ў сярэдзіне XVIII стагоддзя пачынаў сваю дзейнасць з таго, што як атаман аддзела рабаваў навакольныя маёнткі шляхты, а скончыў палкоўнікам вялікакняскага войска, зрабілі беларускага Мюнцара ці Разіна. Бо ведалі пра яго па адной крыніцы, дзённіку Цэдроўскага, але «не дайшлі» да чытання мемуараў Яна Хрызастома Пасэка, які, напрыклад, пісаў пра сваю збройную сутычку з палкоўнікам Мурашкам, калі той паводле сваёй старой звычкі спрабаваў абрабаваць чарговы шляхоцкі маёнтак [101].

Нездарма адзін віленскі рэцэнзент смяяўся пры канцы 30-х гадоў з «так званага акадэміка АН БССР» В. Шчарбакова (як ён назваў гэтага аўтара), бо той у сваёй кнізе «Сялянскі рух і казацтва на Беларусі ў эпоху феадалізму» (Менск, 1935) кожны рабунак на вялікім шляху, што прыгадваўся ў судовых актах XVI–XVIII стагоддзяў залічваў у праяву антыфеадальнай класавай барацьбы.

Зразумела, што найвышэйшаю праяваю класавай барацьбы і найвышэйшым яе дасягненнем лічыліся кастрычніцкія падзеі 1917 года ў Петраградзе (самі бальшавікі да канца 20-х гадоў называлі гэтыя падзеі не рэвалюцыяй, і, зразумела, не «Вялікай» рэвалюцыяй, а ўсяго толькі пераваротам).

Такім жа актам гвалту — расстрэлам мірнай дэманстрацыі ў падтрымку Ўстаноўчага Сходу 5 студзеня 1918 года і разгонам матросамі самога Сходу бальшавікі і апалагеты іхных дзеянняў нават ганарыліся. Але старшыня Сходу Віктар Чарноў тады ж напісаў на адрас Леніна, што ў таго дзве брудныя справы на сумленні: расстрэл дэмакратыі 5 студзеня і разгон Устаноўчага Сходу.

А яшчэ бальшавікі ўхвалялі бесперапыннае знішчэнне сапраўдных і ўяўных ворагаў савецкай улады і камуністычнай партыі — і сябраў апазіцыйных партый, і шляхты, і святароў, і прадпрымальнікаў, і гандляроў, і інтэлігенцыю, і тых рабочых, якія не згаджаліся з таталітарным ладам, і мужыкоў, хто быў спраўнейшы, і старых бальшавікоў. Словам, ухвалялася вайна супраць свайго ж народа.

У перыяды дэстабілізацыі, грамадскіх узбурэнняў актывізуюцца архаічныя інстынкты ды архаічныя перакручаныя паняцці, у дадзеным выпадку — вобраз «ворага», чужынца, злавеснага прыбыльца. Іншая справа, што гэты вобраз узмоцнена насаджвалі ў савецкі перыяд. Таму ён ляжыць на паверхні масавай свядомасці. Але ягоная моц — гэта сіла архетыпу, гэта значыць «калектыўнага пазасвядомага». Вобраз ворага — гэта цяжкая хвароба дэмаралізаваных, азвярэлых масаў.

М. Бярдзяеў пісаў, што нішто так не руйнуе душы, як маніякальная ідэя. Абстракцыі, ідэалагічныя схемы, псеўданавуковыя законы грамадска-гістарычнага развіцця пакалечылі шмат каго з нас. Нашая збяднелая краіна — гэта толькі адлюстраванне цяжка хворых людскіх душаў, што страцілі галоўнае — Бога вернікаў і маральны закон атэістаў.

Зараз зноў ажывае стэрэатып вобраза «ворага». Варта запытацца: каму гэта карысна? Знаходзіцца сама верны адказ: «Сілам ліха, д'яблу». Гэта ён — найдаўнейшы вораг людскога роду і найпершы экстрэміст [102].

Здаецца, сёння пара пазбавіць гістарычную сведамасць і гістарычную адукацыю ад догмы прыпісваць рэвалюцыі рысы неабходнасці, гэта значыць надаваць ёй яўна метафізічны сэнс.

Загрузка...