ПЕРАСЦЯРОГА

Разуменне сэнсу жыцця, вызваленне ад догмаў і схемаў надта марудна прабівае сабе шлях у краінах былога сацыялізму. Усе рухі ідуць па інерцыі. Цяпер у рэспубліках былога Савецкага Саюза нічога радыкальна не мяняецца. Бальшыня зменаў мае фармальны характар. Наша грамадскасць яўна не падрыхтаваная яшчэ да свабоды, якую атрымала.

Сёння варта задумацца пра спадчыну таталітарызму, пра тое, што ён унёс у нашыя веды пра чалавека.

Варта ўспомніць напачатку словы сацыёлага Ганны Арэндт у яе «Каранях таталітарызму» (1951), што падзенне таталітарызму не пакідае «іншых слядоў, апрача знясіленых нацый, эканамічнага і грамадскага хаосу, палітычнай пусткі і духоўнай «табуля раза» (чыстай дошкі розуму)» [1].

Філосаф Лешак Калакоўскі ў заканчэнні трэцяга тома сваіх «Галоўных плыняў камунізму» пытаецца, што засталося пасля камунізму, абмяжоўваючы гэтае пытанне межамі гуманістыкі. І адказвае, што ў прынцыпе не засталося нічога. Такая выснова трох тамоў «Галоўных плыняў камунізму». Здаецца, што камунізм быў адной вялікай памылкаю, своеасаблівым фарсам, які разыгрывалі на могілках.

Гэтая памылка, гэты фарс на могілках уплываў на людскі розум. Гаворка пра ўплыў таталітарызму на людскі розум не запозненая. Яна якраз своечасовая. Яна абапіраецца на наш агульны досвед аб'ектаў масавага эксперыменту, што ставіўся на нас дзесяцігоддзямі.

Выйсце з камунізму не азначае аўтаматычнага ўваходу ў сапраўднае дэмакратычнае жыццё. Таталітарная эпоха не была тым, што можна спакойна зачыніць, уводзячы дэмакратычны лад. Адна справа — вызваленне з-пад ярма таталітарызму, зусім іншая — вяртанне да нармальнасці. Румынская паэт-дысідэнтка Ана Бланд'яна лічыць, што мы дзесяцігоддзямі былі замкнёныя ў сутарэннях вязення, брамы якога адчыніліся гвалтоўна і даволі дзіўна. Таму, можа, нам накавана блукаць яшчэ пэўны час бруднымі і змрочнымі калідорамі ў пошуках якога-небудзь выйсця. Нас ніхто не прымушае — нават калі мы страшэнна стомленыя — кінуць пошукі і добраахвотна згадзіцца жыць у камерах. З другога боку, лёгка зваліцца ў роў ці нават у бездань, ідучы толькі наперад. Мы не выракаемся апошніх сямідзесяці гадоў, але накіроўваемся ў 2001 год. Сумнеўна, што ў гісторыі свету існаваў перыяд, які б заслугоўваў, каб яго перажыць.

Таталітарызм нібыта сканаў. Але ён увесь час падае знакі жыцця, як правадыр народаў з вядомага верша Еўтушэнкі «Нашчадкі Сталіна». Камунізм большы, чым проста лад. Гэта цмок, які нарэшце прабіла дзіда святога Георгія. Ён несмяротны. У гэтага цмока ўвесь час адрастае хвост.

Загрузка...