НАВУКА І ТАТАЛІТАРЫЗМ

Чаму мы навучыліся пад час мінулай эпохі? Калі б да таго мы ведалі аб'ектыўна напісаную дарэвалюцыйнымі расейскими і ранейшымі ды сучаснымі замежнымі навукоўцамі гісторыю, калі б мы ўважліва чыталі тэксты вялікай літаратурнай традыцыі ад Сафокла і Шэкспіра да Мак'явэлі і Дастаеўскага, вялікія біблейныя і псіхалагічныя творы, дык нічога новага ў гэты час не даведаліся б. Таталітарызм быў вялікай хлуснёю пра чалавека. Чалавек не воўк другому чалавеку з пункту погляду дзяржаўнай улады. Ён, як ні прыкра гэта канстатаваць, ёсць ім заўсёды і паўсюды, калі толькі пачынае лічыць, што нявартыя патрабаванні маральнасці і наказы сумлення, гэта значыць, тое адзінае што можа зрабіць з яго людскую істоту.

Быць «воўкам» не азначае толькі драпежнічаць без усялякага сораму, але азначае істоту, здольную да ўсялякіх злоўжыванняў і разбэшчвання, калі толькі яна паддаецца спакусе ўлады над іншым чалавекам.

Мы навучыліся адкрыццю таго, якія формы здзічэласці змаглі нарадзіцца ў Эўропе, у яе культуры, якая ганарылася тым, што ўкараніла людзям пачуццё вольнасці духу і маральных патрабаванняў. Пладамі гэтай культуры былі дзве найстрашнейшыя формы таталітарызму: нацызм і камунізм. Памятаючы памеры злачынстваў гітлераўскіх лагераў ці сістэмы, у якой ГУЛаг быў толькі адной з ячэек, можна глядзець на Рычарда III Шэкспіра ці Раскольнікава як на шэраговых бандытаў.

Змяняючы памеры, гэтая праблема змяніла істоту, тым больш што мы дазналіся гэта не з кніжак, а праз жыццё, цярпенне ці смерць тых, хто перанёс гэтую сістэму.

Чаму мы навучыліся? Таму, пра што не варта забывацца, маючы ў памяці традыцыю: чалавек — гэта істота, якая можа ўсё сказіць, бо дух, які сведчыць пра ягоную веліч, здольны таксама на ліха і разбэшчанне. Іншымі словамі, сіла і вялікасць чалавека паходзяць з яго выключнай уражлівасці, а найбольшай пагрозай для чалавека становіцца ўрэшце ён сам і вольнасць, якой ён слушна дамагаецца. Сама істота чалавека змяшчае ў сябе патрэбу вольнасці, якой нельга выкараніць.

Паводле эфекту бумеранга, менавіта сутнасць сталінска-брэжнеўскага рэжыму выклікала ў людзей непераможнае імкненне жыць па-новаму. Але свабода, як і розум, можа быць шалёнай і разбэшчанай.

Ад перыяду Асветніцтва мы жывем у Эўропе, лічачы, што крыніцаю і свабоды чалавека ёсць розум — сіла, што прыводзіць у рух гісторыю, які імкнецца да шчаслівейшай будучыні. Розум імкнуўся распазнаваць у гісторыі кожнага грамадства прагрэс. Жылі пакаленні, перакананыя ў гэтым, але яны не ўсведамлялі, што гэта ілюзія, і меркавалі, што пазбавіліся каранёў ліха, якія існуюць у людской істоце, як трывожная магчымасць.

На пачатку новай гісторыі Рабле пісаў, засцерагаючы, што «навука без сумлення — гэта толькі руіны душы». У імя надта ўпэўненага ў сабе розуму мы дапусцілі да разрыву паміж развіццём нашых ведаў і патрабаваннямі сумлення. Гэта небяспечна, бо пры гэтым можа развівацца існая ў чалавеку супярэчнасць. Чалавек не анёл і не д'ябал. Але хочучы лічыць сябе анёлам, ён несвядома паводзіць сябе дэманічна, становячыся здольным чыніць ліха і знаходзіць у гэтым асалоду. Філасофская традыцыя пазбягала ў бальшыні выпадкаў пытання, якое рэальнае існаванне ліха ставіць людскому сумленню. Калі ж яна і ставіла такое пытанне, то ў сэнсе ліха, ахвяраю якога станавіўся чалавек, хаваючы тое, што ён можа адкрыць у самім сабе.

Між тым наша стагоддзе выявіла тое ліха, на якое чалавек здольны, становячыся адзіным гаспадаром свабоды жыцця людзей, такіх як ён. Гэта стагоддзе, якое распачалося гвалтам Першай сусветнай вайны і генацыдам армян, а потым несла з сабою вынішчэнні ў Дахаў, Асвенцыме, Катыні, гета, ГУЛагу і шмат дзе яшчэ: гісторыкі поўнасцю складуць гэты спіс. Кожны з нас мусіць разважаць пра тое, чым сапраўды з'яўляецца чалавечая істота. Бо спрэчнасць захоўваецца ў самім чалавеке. Гэта лепей вядома з часоў Фройда, які знаходзіўся ў нас пад забаронай. Ведалі б тое лепш, калі б чыталі і Фройда, і забароненага таксама святога Аўгустына, Паскаля ці Дастаеўскага. Яны распавядаюць на тэму трагізму людской істоты.

Людзі былі здольныя вызваліцца ад свайго лёсу. Пытанне, ці рабілі яны горшае ў жыцці — гвалт над іншай асобай — з пераканання ці з цынізму, другаснае. Важна, што мы распазнаем у іх падобных да нас людзей. Ці ж камендант з Асвенцыма не быў таксама прыкладным мужам і добрым бацькам для сваіх дзяцей? Так, у таталітарнай сістэме ёсць нешта дэманічнае. Але дэманізаванне і шуканне дэманізму ў ім і толькі ў ім — гэта супакаенне сумлення малым коштам і незаўважанне таго, што кожны чалавек здольны чыніць ліха, калі толькі адчувае сябе звольненым ад выканання маральных патрабаванняў. Сумленне (а такога слова не было ў лексіконе таталітарных краінаў) не дыктуе падрабязна паводзін у кожны момант жыцця, але засцерагае, што ёсць рэчы, якіх нельга рабіць беспакарана. А найперш, што чалавеку не ўсё дазволена.

Калі таталітарызм не быў толькі нечым па-за дужкамі развіцця эўрапейскай культуры, то таму, што ён паставіў перад чалавекам пільнае заданне распазнаваць рэчаісныя памеры ўласнай слабасці. Паскаль называў чалавека трыснягом, які мысліць. Ён слабы толькі таму, што ведае, што мусіць памерці і што ягоная ўлада ў вачах свету смешная. Ён такі смешны таму, што здольны вынішчыць сабе падобных, здольны навязваць іншым уласную волю ў імя ўласнай свабоды.

Адным словам, мы спазналі глыбіню і працягласць гэтай супярэчнасці, зародкі цемры, якія носім у сабе. Там, дзе дух можа дасягнуць найвышэйшага ўзлёту, ён можа таксама разбэсціцца і даць злачыннаму інстынкту трымання ўлады панесці сябе. Разуменне нядаўняга мінулага не можа абысціся без разважанняў над прыведзенымі вышэй тэкстамі, калі мы не захочам пісаць надта павярхоўную гісторыю.

Роздум над гэтымі тэкстамі (і над найноўшай гісторыяй, зразумела, не ў выглядзе марксісцкіх падручнікаў ці манаграфій, якія толькі цяпер на дасягальных нам мовах і існуюць) дазволіць урэшце адкрыць абодва абліччы чалавека і зразумець, што таталітарызм, які быў пошасцю нашых часоў, не збег абставін і не выпадак нашай гісторыі, а толькі рэалізацыя адной з магчымасцяў нашай цывілізацыі.

Загрузка...