ПАЛІТЫЧНЫЯ МІФЫ

Традыцыя і гістарычныя веды маюць асаблівае значэнне ў фармаванні палітычных міфаў, якія цесна звязаныя з гістарычнымі міфамі. Е. Мялецінскі ў «Паэтыцы міфа» пісаў, што палітычныя міфы не ёсць «відавочнай хлуснёю ці пацверджаннем праўды… Міф з інструмента першаснага вобразнага мыслення… інтэлектуальна ператвараецца ў інструмент палітычнай дэмагогіі, якая надае ідэалогіі натуральны выгляд».

Паводле культуралісцкіх поглядаў, палітычны міф — складаная псіхічная структура, што ўзнікае ў выніку калектыўнай несвядомасці, агульнай для ўсіх людзей. Згодна з такімі поглядамі, усё змяшчаецца ў свядомасці і, калі ўсё тое, што несвядома, але выражаецца праз гэтую свядомасць, мы ўключаем у свядомасць, то знікае праблема таго, што пераходзіць межы свядомасці. Таму Е. Тапольскі падкрэслівае, што міфы паўстаюць увесь час, бо адной з якасцяў чалавечага мыслення ёсць міфалагізацыя, спыненне ведаў, змена іх кваліфікацыі ў пэўны момант, на дадзеным этапе. З таго часу, калі пазнанне пашыраецца, даследніцкія метады мяняюцца, развіваюцца, веды, якія калісьці былі навуковымі, нязменнымі, пераўтвараюцца ў міф. Першасныя людскія веды таксама адлюстроўваюць свет ненавуковым спосабам, хоць, можа, і слушным. Калі праверка пакажа, што веды сапраўдныя, тады іх можна разглядаць не як міф, а як толькі ўспамін пра міф, які пацвердзіўся [62].

З'яўленне палітычных міфаў суправаджаецца псіхічнымі працэсамі: скажэннем памяці, забываннем, фантазіяй. Кожнае людское дзеянне абапіраецца на якую-небудзь матывацыю, часта ірацыянальную, якая грунтуецца на ведах, атрыманых падсвядома. Пацверджаннем гэтага могуць служыць назіранні за масавымі паводзінамі грамадскіх рухаў і псіхалогіяй натоўпу. Так тлумачыць з'яву міфалагізацыі і дагматызацыі навуковых ведаў псіхолаг Л. Фэстынджэр. Ён заўважыў, што ў момант нарастання супярэчнасцяў між поглядамі і пазіцыяй людзей, з аднаго боку, і грамадскай рэчаіснасцю, з другога, або ў сітуацыі, калі гэтую рэчаіснасць немагчыма дастасаваць да людскога ўспрымання, калі нельга змяніць погляды, не парушаючы іхных ідэалагічных падставаў, тады прыходзіць у рух неўспрымальная псіхалагічная сістэма. Яна палягае ў тым, што чалавек не ўспрымае нявыгаднай і некарыснай інфармацыі. Неўспрымальны механізм людской псіхікі прыводзіць да таго, што засвоеныя калісьці навуковыя веды застаюцца эмацыйна «нейтралізаванымі» і «вышараванымі» з свядомасці. Чалавечая асоба становіцца абыякавай да ўсялякіх вонкавых стымулаў і аргументаў. Дагматызацыі навуковых ведаў спрыяе яшчэ міфалагізавальны стыль мыслення і дзеяння, а таксама наяўныя стэрэатыпы.

Сацыяльная псіхалогія даставіла ўжо шмат довадаў залежнасці між працэсам забывання і людскім стаўленнем. Хутчэй забываецца тое, што не згодна з гэтым стаўленнем, чым тое, што супадае з імі. Яна спрабуе таксама знайсці адказ на пытанні, якія датычаць залежнасці між якасцямі чалавечай асобы і схільнасцю да стэрэатыпнага і міфалагізацыйнага стылю мыслення і дзейнасці.

Да тыповых палітычных міфаў належаць тыя, якія ўводзіла камуністычная партыя і яе цяперашнія паслядоўнікі ў розумы грамадзян нашай краіны і замежжа. А. Ролік пералічвае некаторыя з іх. Гэта міфы:

— аб уяўнай агульнанароднай уласнасці (хоць іхным фактычна неабмежаваным гаспадаром была партыйная вершаліна),

— аб адсутнасці класа эксплуататараў у сацыялістычным грамадстве (хоць у дэмакратычных краінах з рынкавай эканомікай, ці «капіталістычнай сістэмай», ад вырабленага прадукту на заробак працоўным ішло 30–60 працэнтаў, а ў СССР усяго 5-15 працэнтаў і яшчэ блізу пяці працэнтаў ад вырабленага прадукту вярталася дзяржаве на так званае «бясплатнае» медычнае абслугоўванне і адукацыю),

— аб правільнасці марксісцка-ленінскай тэорыі (хоць «у імя сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі» былі знішчаныя дзесяткі мільёнаў людзей, а народы тых краінаў, дзе карысталіся гэтай тэорыяй, прыйшлі да агульнага заняпаду, да адсталасці ў эканоміцы, да вынішчэння навакольнага асяроддзя),

— аб тым, нібыта эканамічны крызіс на тэрыторыі былога Савецкага Саюза ёсць вынікам распаду адзінай эканамічнай прасторы і былых эканамічных сувязяў (хоць у савецкай прэсе 60-70-х гадоў увесь час пісалі пра заўсёдны зрыў паставак прадпрыемствамі розных частак краіны),

— аб тым, што пры камуністах у СССР быў устойлівы дабрабыт, а тагачасны рубель быў стабільны (хоць адносны дабрабыт 60-х гадоў быў вынікам ранейшага рабавання вёскі, прымусовай працы мільёнаў грамадзян, вынікам драпежніцкага выкарыстання прыродных рэсурсаў; з пачатку ж 70-х гадоў лёгка дасягальныя радовішчы карысных выкапняў былі вычарпаныя, стала цяжка набыць тавары, выраслі чэргі, грашовая маса не забяспечвалася таварамі, масавае спойванне насельніцтва нізкаякасным віном — «чарнілам» — дасягнула небывалага роўню),

— аб высокай прадукцыйнасці калгасаў і саўгасаў (што зняпраўдзіў у сваім інтэрв'ю старшыня «Рассвета» двойчы Герой Сацыялістычнай Працы В. Старавойтаў, тым больш што ў Беларусі на душу насельніцтва ворнай зямлі прыпадае больш, чым у заходнеэўрапейскіх краінах, але чвэрць неабходнага збожжа ў рэспубліку імпартуецца) [63].

У 1978 годзе Віктар Някрасаў разгледзеў міфы, звязаныя з камуністычнай партыяй. Адзін з гэтых міфаў — пра сілу партыі. Яна сапраўды была моцнай, але таму, што ў яе быў КГБ, таму, што яна вырашала ўсё за ўсіх. Узапраўды ж яна была слабой — ад боязі свайго народа, каб той не даведаўся пра тое, чаго яму нельга было ведаць, ад боязі дысідэнтаў, але больш за ўсё ад таго, што кіраўнікі партыі баяліся адзін аднаго.

Міф аб праўдзівасці партыі зняпраўджваўся яе беспрынцыповасцю. У СССР, напрыклад, то ганілі Гітлера, то сябравалі з ім. Газеты, радыё, тэлебачанне, мастацкая літаратура, сходы, мітынгі, школа — усё было прасякнутае хлуснёю і падманам.

Міф пра дысцыплінаванасць партыі грунтаваўся на боязі яе членаў страціць сваё месца. Міф пра любоў народа да партыі выкрываецца агульнай нянавісцю народа да яе, недаверам рабочых і сялян да кожнага інтэлігента, бо ў ім (часцей за ўсё слушна) падазравалі партыйца [64].

Палітычныя міфы могуць мабілізоўваць мільёны людзей на барацьбу за дасягненне правільных мэтаў, напрыклад вольнасці, сацыяльнай справядлівасці. Але часцей яны каламуцяць яснасць поглядаў, настаўляюць палітычныя думкі на заганны шлях.

Варта адзначыць найбольш значныя рысы міфічнага мыслення, а менавіта перавагу ў ім дагматызацыі гістарычных ведаў, высноўванне з яго практычных рэкамендацый, пазбаўленне гісторыі руху. Чалавек, які мысліць міфалагічна, не бачыць дынамікі гістарычнага працэсу, глядзіць на сучаснасць праз прызму нерухомых гістарычных уяўленняў.

Загрузка...