ЗМОЎНІЦКАЯ ТЭОРЫЯ ГІСТОРЫІ

Прыхільнікі гэтай тэорыі вырашальнае значэнне ў гісторыі, у гістарычным развіцці аддаюць змовам і адмаўляюць усе іншыя рухальныя фактары гісторыі[66].

Папраўдзе, змовы існавалі ўсюды і заўсёды. Успомнім змову Юлія Цэзара, змову асасінаў пад час крыжовых паходаў і мангольскай навалы, тугаў-душыльнікаў у Індыі, камору ў Неапалі, мафію, дзекабрыстаў. Але ўсе гэтыя змовы былі звязаныя з пэўнай мясцовасцю і абмежаваныя часам.

Апрача сапраўдных змоваў існавалі і існуюць змовы ўяўныя. Надта доўгае жыццё прыпісвалі зноў-такі абмежаваным у прасторы і часе рыцарам-тампліерам, сябрам таемных таварыстваў розэнкрэйцэраў, ілюмінатаў, масонаў. У сучаснай гісторыі змова з імкненнем пакарыць свет па чарзе прыпісвалася: езуітам, масонам, «сіёнскім мудрацам», а сённяшнія прыхільнікі памянёнай тэорыі лічаць, што ўсімі імі (і нават іезуітамі!) нібыта кіравалі габраі. Для прыхільніка змоўніцкай тэорыі гісторыі ідэальным супраціўнікам быў бы езуіт з семіцкімі рысамі твару, які насіў бы фартух масона.

З'вілася нават мастацкая літаратура з раскрыццём гэтакіх змоваў — «Іосіф Бальзамо» і «Праз дваццаць гадоў» Дзюма-бацькі, «Вечны жыд» Сю, трылогія «Цемра егіпецкая», «Тамара Бендавід» і «Перамога Ваала» Крастоўскага, «Судны дзень» Віктара Іванова, «У імя айца і сына» Івана Шаўцова, «Усё наперадзе» Васіля Бялова. Змоўніцкая тэорыя дачакалася і свайго «Дон Кіхота» — пародый на такія творы — «Сутарэнняў Ватыкана» Андрэ Жыда, «Маятніка Фуко» Умбэрта Эка.

Згаданыя аповесці і раманы прысвечаныя толькі ўяўным змовам. Тыя, хто мае ўладу, звычайна прыпісваюць такія змовы сваім сапраўдным або ўяўным ідэйным ворагам, каб расправіцца з імі або зваліць на іх віну за свае няўдачы. Такім чынам Гітлер прыдумаў змову свайго магчымага суперніка і прэтэндэнта на ўладу Рёма, каб расправіцца з ім і яго прыхільнікамі ўнутры нацысцкай партыі. Пазней такой жа выдумкай была трацкісцка-зіноўеўска-бухарынская змова «ворагаў народа», якая выклікала ў СССР хвалю рэпрэсій супраць нявінных людзей.

Вось такія ўяўныя змовы і маглі легчы ў аснову «змоўніцкай тэорыі» гісторыі. Прыняцце падобнай тэорыі робіць зусім непатрэбнай карпатлівую прафесійную гістарычную крытыку з высвятленнем складаных з'яваў або абумоўленасці гістарычнага працэсу. Просты адказ на складаныя пытанні — залежнасць усяго ад змоваў — дазваляе прыхільнікам «змоўніцкай тэорыі» тлумачыць увесь ход гісторыі.

Месца рацыянальных даследванняў у гэтай тэорыі займае прымітыўнае мысленне, своеасаблівы від магіі. Згодна з гэтай тэорыяй, не грамадскія і палітычныя рухі, не звычаі, не духоўныя сувязі, не складанае развіццё розных палітычных і эканамічных фактараў фармуюць людскую гісторыю. Прыняцце «змоўніцкага» бачання гісторыі вызваляе людзей ад разумовых намаганняў. Уяўны вораг выступае ў ролі ахвярнага казла.

Людзі не любяць прызнавацца ва ўласных памылках, жадаюць прыпісаць гэтыя памылкі іншым. Замест разумення таго, што ў гісторыі шмат выпадкаў бывае вынікам супадзення ці збегу акалічнасцяў (а іншым разам і проста агульнага глупства, калі, напрыклад, абіраюць на значную пасаду прайдзісвета або цынічнага дэмагога), больш спакусліва ўявіць сабе, што намі кіруюць таямнічыя сілы, якія дзейнічаюць з карыслівым намерам. У такіх умовах чалавеку не трэба самому спрабаваць нешта зрабіць, каб уплываць на хаду падзеяў. Гэта тыпова фаталістычная тэорыя, якая нараджае ў чалавека пасіўнае стаўленне да рэчаіснасці.

Змоўніцкая тэорыя гісторыі складае значную частку грамадскай свядомасці. У краінах з дыктатарскім стылем кіравання яна дазваляе аб'ядноўваць прыхільнікаў безупыннай барацьбы супраць уяўных супраціўнікаў рэжыму і ажыццяўляць у дачыненні да іх тэрор.

Для пацверджання сусветных змоваў пачынаючы з XVII стагоддзя пэўныя палітычныя сілы выкарыстоўваюць супраць сваіх ворагаў творы. Уніклівы крытычны разгляд гісторыкамі гэтых твораў паказвае, што гэта фальшыўкі. Першай з такіх фальшывак была апублікаваная з ініцыятывы пратэстантаў кніга «Прыватныя рады Таварыства Ісуса». У ёй на падставе скажэння сапраўдных інструкцый езуітам прыпісваліся ўсемагутнасць і імкненне захапіць уладу над светам.

На прыкладзе «Прыватных радаў Таварыства Ісуса» пры канцы XVIII стагоддзя езуіт А. Баруэль склаў працу, у якой абвінаваціў таямнічыя таварыствы розэнкрэйцэраў, ілюмінатаў і масонаў у тым, што яны справакавалі Французскую рэвалюцыю з мэтаю сусветнага панавання.

Уяўная ўсемагутнасць езуітаў не перашкодзіла папу рымскаму Кліменту XIV распусціць яшчэ да гэтае рэвалюцыі ў 1773 годзе іхны ордэн, а ўяўная ўсемагутнасць масонаў і супольнікаў іншых сакрэтных таварыстваў не перашкодзіла прыходу ў Францыі да ўлады спачатку дырэкторыі, а потым Напалеона I. Сувораў і Кутузаў, якія належалі да масонства, грамілі войскі французаў, якія нібыта ажыццяўлялі планы сусветнага масонства.

З сярэдзіны ХIХ стагоддзя ў эўрапейскіх краінах абвастрылася канкурэнтная барацьба між фінансістамі і капіталістамі, у ліку якіх былі асобы карэннага і габрайскага паходжання. У рэвалюцыйным руху супраць адных і другіх пачалі браць удзел прадстаўнікі бяднейшай мяншыні жыхарства эўрапейскіх краінаў. Гэта выклікала з'яўленне новай версіі змоўніцкай тэорыі гісторыі: абвінавачванне габраяў у сусветнай змове з мэтаю захапіць уладу ў свеце.

Не пазней за 1899 год у Парыжы група супрацоўнікаў царскай ахранкі на чале з П. Рачкоўскім склала «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў». У гэтым творы роля змоўшчыкаў супраць свету прыпісвалася габраям. Пачынаючы з 1920-х гадоў «Пратаколы» вывучаліся ангельскім журналістам Ф. Грэйвзам, расейскімі гісторыкамі Ю. Дэлеўскім, П.Мілюковым, багасловам А. Карташовым, журналістам В. Бурцавым, а ў 1980-х гадах дырэктарам Інстытута гісторыі Польскай Акадэміі навук Я. Тазбірам [67]. Гэты твор уяўляе сабою не толькі фальсіфікат, але і плагіят. Да гэткай жа высновы прыйшоў суд над фашыстамі-распаўсюджвальнікамі і выдаўцамі «Пратаколаў» у Бэрне ў 1935 годзе. 26 лістапада 1993 года Чаромушкінскі суд Масквы прыйшоў да выніку, што публікацыя «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў» ёсць праява антысемітызму [68].

«Пратаколы» складзеныя на аснове памфлета французскага журналіста М. Жалі «Дыялог у пекле між Мак'явэлі і Мантэск'ё» (1864 г.). Памфлет быў накіраваны супроць французскага імператара Напалеона III, выведзенага ў «Дыялогу ў пекле» ў вобразе італьянскага палітолага Мак'явэлі, што ў памфлеце вызнаваў беспрынцыповыя падставы дзеля захопу ўлады над светам.

Аўтары «Пратаколаў» перапісалі з 2560 радкоў «Дыялога ў пекле» 1040 радкоў. Яны слепа паўтарылі нават памылкі друку памфлета.

Задумы «Мак'явэлі» — Напалеона III прывесці свет да распаду, прапагандаваць марксізм, дарвінізм ды іншыя «разбуральныя» тэорыі, распаўсюджваць парнаграфію, ператвараць друк у сродак разбурэння фальсіфікатары прыпісвалі ў «Пратаколах» габраям, якіх Жалі нават не ўзгадваў у «Дыялогу ў пекле».

У «Пратаколах» выкарысталі, акрамя таго, вядомы царскай ахранцы «Катэхізіс рэвалюцыянера» С. Нячаева — арганізатара таемнага расейскага таварыства, які карыстаўся метадамі правакацыі і тэрору і паслужыў прататыпам аднаго з герояў «Д'яблаў» Дастаеўскага, тое-сёе ўзялі з антысеміцкіх кніг французскіх публіцыстаў Шабаці і Друмона, а таксама з рамана (г. зн. з белетрыстыкі!) пісьменніка Гёдшэ.

Былы прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі і міністр веравызнанняў Часовага ўрада А. Карташоў характарызаваў «Пратаколы» так: «Перад намі факт злаўлення на гарачым учынку буйных палітычных і культурных махляроў, якія лічылі і лічаць магчымым хлуснёю, паклёпам і чужою крывёю «ратаваць Расею». Барані нас, Божа, наперад ад такіх ратавальнікаў!» [69]

Я. Тазбір мяркуе, што «ўсіх тых, хто лічыць «Пратаколы» сапраўдным творам, аб'ядноўвае ў вачах гісторыка не толькі ліхая воля, але і страшэнная прафесійная нядобрасумленнасць, якая бачна ў тым спосабе, пры дапамозе якога былі сфабрыкаваныя «Пратаколы». Аўтары гэтай фальшыўкі проста шэраговыя махляры, на якіх творцы «Прыватных радаў» з таго свету павінны глядзець з пагардай. Гіерархія царквы яшчэ паўстагоддзя таму ахарактарызавала іх як фальшыўку. Сёння ніхто з сур'ёзных людзей не выступае ў абарону сапраўднасці ўяўных «сіёнскх мудрацоў». Гэтага проста нельга рабіць, не ставячы пад сумнеў сваю навуковую рэпутацыю [70].

Нягледзячы на падазрэнні з самага пачатку ў іх неаўтэнтычнасці, «Пратаколы» друкаваліся на пачатку рэвалюцыі 1905 года ў Расеі, потым ва ўсім свеце, а зараз зноў у месцы першадруку. Пад час рэвалюцый і грамадзянскай вайны іх выкарыстоўвалі для дыскрэдытацыі грамадскіх сілаў, што выступалі супраць самаўладдзя, і для арганізацыі шматлікіх габрайскіх пагромаў. Нацысты ў Нямеччыне з падачы той іх часткі, якая паходзіла з Расеі, адразу выкарысталі «Пратаколы» для абгрунтавання сваіх прэтэнзій на ўладу. Пасажы з «Пратаколаў» фігуравалі ў «Міфе ХХ стагоддзя» выхадца з Расеі Розэнбэрга і ў «Маёй барацьбе» Гітлера. Нацысцкая прапаганда распаўсюджвала «Пратаколы» вялікімі накладамі, каб абвінаваціць габраяў ва ўсіх бедах грамадства і знайсці прэтэкст для іх фізічнага вынішчэння.

Гітлераўцы самі ставілі перад сабою тыя ідэі, якія ў фальсіфікаце прыпісваліся «сіёнскім мудрацам», а менавіта захоп свету, самі карысталіся тымі ж метадамі палітычнай правакацыі. Фашысцкая партыя не магла цярпець нават уяўнай канкурэнцыі падобнай арганізацыі. Нацысты стваралі сваю партыю па тых рэкамендацыях, якія прыпісвалі ўяўным «мудрацам» складальнікі гэтай фальшыўкі.

У адрозненне ад ранейшых падробак «Пратаколы» ўскосна пацягнулі за сабою «Халакост», масавае знішчэнне некалькіх мільёнаў нявінных ахвяраў — габраяў Эўропы. Спажыўцамі гэтай падробкі сталі людзі, няўстойлівыя да канцэнтраванай атакі дэмагогіі, палітычнай хлусні, якая звяртаецца да эмоцый, комплексаў, рэлігійных і этнічных прымхаў.

Аніводзін з чытачоў «Пратаколаў» не задумваўся над тым, як жа гэта «сіёнскія мудрацы» пры іхнай уяўнай усемагутнасці не здолелі папярэдзіць вынішчэнне свайго этнасу пад час Другой сусветнай вайны. Гэтак і рэалізацыя «Прыватных радаў» не прынесла езуітам перамогі над пратэстантамі і не прадухіліла ў свой час ліквідацыі ордэна.

Масавая, у тым ліку антысеміцкая, прапаганда дзейнічала на слабыя галовы людзей, падобна гарэлцы. Гэтым і тлумачыўся ў значнай меры поспех «Пратаколаў» сярод тых, хто гатовы абвінаваціць у сваіх бедах каго заўгодна, абы толькі не разбірацца ў сапраўдных прычынах кожнага бязладдзя.

Загрузка...