Ён выскачыў з трамвая і адразу падняў каўнер паліто. Накрапваў дождж, змяшаны са снегам, вецер з Віслы працінаў да касцей.
Ён зусім не ведаў гэтага раёна горада. Больш як дзесяць гадоў таму жыў у Варшаве, але Жалібора тады яшчэ не было. На гэтым месцы распасціраліся пакатыя ўзгоркі, тэрыторыя Цытадэлі.
Такой ранняй парой на вуліцы не было ні душы. Ён падышоў да ліхтара і каторы раз зірнуў на цыдулку: Дэмбова, 26.
Страціў добрыя пяць хвілін, выпытваючы ў выпадковага пужлівага мінака пра кірунак, у якім трэба ісці, каб адшукаць вуліцу Дэмбову. Мінак непакоіўся, і не дзіўна. Незнаёмец і сам ведаў, што сваім выглядам не мог выклікаць у яго давер: на шырокіх плячах зношанае і бруднае адзенне, да таго ж тыдзень няголены твар.
З адрывістых звестак мінака вынікала, што трэба павярнуць направа, потым будзе дарога, а за ёй чырвоная камяніца, затым налева і трэцяя або другая вулачка зноў направа. Незнаёмец кінуў мінаку «дзякуй», схаваў здранцвелыя рукі глыбока ў рукавы і хутка пакрочыў.
Ён ведаў, што не заблукае. У яго быў прыроджаны інстынкт арыентацыі на незнаёмай мясцовасці, проста нейкае адчуванне прасторы, якое ніколі яго не падводзіла, ні ў сотнях незнаёмых гарадоў, ні на пакручастых горных схілах, ні ў лабірынтах акеанічных партоў…
Калі звярнуў направа, вецер зноў ударыў яму ў вочы душам вострых, як іголкі, кропель і секануў пад плашч. Калі сцішыў хаду, на шалёнай хуткасці яго абагнаў велізарны аўтамабіль. Да вушэй даляцеў прыглушаны крык, затым ужо добра выразны звон разбітай шыбы — і аўтамабіль знік за паваротам.
Чалавек азірнуўся: на вуліцы нікога не было. Па абодвух яе баках рэдка стаялі маленькія дамкі з цёмнымі вокнамі.
— Ого, — прамармытаў ён сам сабе, — брудная работа.
На павароце ў святле ліхтара ўбачыў некалькі кавалкаў тоўстага шкла. Махнуў рукой і рушыў далей. Праз некалькі хвілін знайшоў вуліцу Дэмбову, яшчэ менш забудаваную, чым іншыя, і затрымаўся перад вялікай белай вілай.
Высокі жалезны плот, а за ім невялікі садок. Ён націснуў на клямку брамкі. Яна была замкнутая. Ён зазваніў і стаў чакаць. Як звычайна, уважліва азірнуўся. Далей, метраў за дзесяць, а то і больш, у плоце была заязная брама, а за ёй стаяла некалькі гаспадарчых пабудоў. Яны выглядалі мізэрнымі на фоне шыкоўнай трохпавярховай вілы. У вокнах было цёмна. Іх, відаць, шчыльна захінулі або ўсе яшчэ спалі.
Ён зноў націснуў на гузік званка і толькі тады заўважыў шыльдачку ля брамкі:
«Доктар Караль Бруніцкі
праф. Варшаўскага ўніверсітэта».
Між тым, нейкія бакавыя дзверы вілы з шумам адчыніліся і праз хвіліну за брамкай паказалася прысадзістая, амаль квадратная постаць з кіем у руцэ.
— Што такое? — пачуўся хрыплы голас.
— Я да пана прафесара, адчыніце, калі ласка.
Прысадзісты чалавек наблізіў да плота барадаты твар, акінуў прыхадня недаверлівым позіркам і паціснуў плячыма:
— Тут пан нікога не прымае, толькі ў клініцы.
— Я ведаю, але скажыце, калі ласка, пану, што прыйшоў… Факір…
— Хто?
— Факір.
Служка нерашуча павярнуў да дома, але праз пару крокаў затрымаўся:
— Факір?.. Нібыта з цырка?
— Не з цырка, ліха на цябе!.. Скажы «Факір», прафесар ведае.
Чакаць давялося доўга, але барадач вярнуўся, на гэты раз праз галоўны ўваход. Моўчкі выцягнуў з-за пазухі звязку ключоў, адчыніў брамку, пусціў госця і старанна яе замкнуў.
Некалькі прыступак вялі на ганак. Двое тоўстых дзвярэй з мноствам замкоў і засавак вялі ў невялікую вітальню. Сцены, выкладзеныя дубовымі панэлямі, ззялі чысцінёй, як і падлога. Прыемнае цяпло абдало вільготны ад дажджу твар.
— Папрашу выцерці ногі, — прабурчэў служка, прыглядаючыся спадылба да госця. Калі той, як мог, найстаранней ачысціў абутак, барадач адчыніў дзверы ў суседні пакой, прамармытаўшы нешта, што павінна было азначаць запрашэнне, а сам знік.
Гэта быў вельмі вялікі пакой, накшталт хола, застаўлены мяккай мэбляй, на сценах дываны. Далёка ў куце гарэла маленькая лямпачка пад рубінава-чырвоным абажурам. Дзякуючы гэтаму пакой патанаў у паўзмроку, і госцю падалося, што акрамя яго тут ёсць яшчэ нехта, чые вочы пільна за ім назіраюць.
Адчуванне гэтае пастаянна расло і зрабілася такім надакучлівым, што ён не мог яго не праверыць. Госць устаў, зрабіў некалькі хуткіх крокаў па пакоі і апынуўся ў найцямнейшым яго куце.
На рагу шырокай канапы ззялі дзве зялёныя кропкі. Там нерухома ляжаў велізарны чорны кот.
Госць скрывіўся. Ён не выносіў гэтых жывёл. Факір ужо хацеў вярнуцца на сваё месца, як побач у крэсле заўважыў другога ката. Зрок паступова прывык да чырвонага паўзмроку і з велізарным здзіўленнем адкрываў ледзь не на кожным крэсле, на кожнай канапцы, на кожным стосе ўзорыстых падушак катоў. Вялізных, тоўстых, укормленых катоў.
— Чорт! — вылаяўся госць скрозь зубы. — Што за агідны звярынец!
У той жа момант у дзвярах, схаваных за парцьерай, шчоўкнуў замок і на парозе з’явіўся худы нізкі чалавек у чорным. Яго незвычайна дробная і ненатуральна белая рука павольна пацягнулася да выключальніка, і яркае святло заліло пакой.
Два чалавекі моўчкі прыглядаліся адзін да аднаго.
— Як справы, Факір? — урэшце парушыў маўчанне гаспадар, і яго вузкія вусны скрывіліся ў слабай усмешцы. — Рады бачыць цябе зноў.
Госць працягнуў руку і моцна патрос вузкую далонь прафесара:
— Дрэнна, — адказаў госць нізкім голасам, — таму ты маеш прыкрасць мяне бачыць, дарагі Караль.
Ён глядзеў прама ў тоўстыя лінзы прафесара, праз якія на яго пазіралі праніклівыя чорныя вочы, і дадаў:
— Дазволіш сесці?
— Ну канечне, калі ласка, дарагі Факір, прабач мне няўважлівасць.
Гаспадар падсунуў да госця крэсла — і да яго даляцеў моташлівы смурод хлараформу.
— Я адарваў цябе ад працы, — сядаючы, заўважыў Факір.
— О, зусім не.
— Мне так падалося. Ад цябе патыхае хлараформам. Я з задавальненнем закурыў бы.
— Гэта яшчэ з клінікі, — цвёрда адказаў прафесар. — У клініцы ўсё смярдзіць хлараформам.
Доктар дастаў вялікі залаты партабак і падаў Факіру.
— М-да… — пачаў госць праз хвіліну. — Ты багаты… Вельмі багаты.
— Вельмі, — абыякава паўтарыў прафесар. — А што ж ты хацеў? Я не ўмею марнаваць грошы.
— Вельмі спачуваю, — рассмяяўся госць. — І па-ранейшаму абдзіраеш пацыентаў?
— Не. Я ўжо некалькі гадоў не практыкую.
Велізарны буры кот цяжка саскочыў з канапы і пачаў церціся аб ногі свайго гаспадара.
— Ты палюбіў катоў, — заўважыў мужчына, які называў сябе Факірам. — Яны цікавяць цябе як псіхіятра? Не разумею, як можна трымаць дома столькі гэткай брыдоты.
Прафесар не адказваў і па-ранейшаму не зводзіў вачэй з госця.
— Даўно мы не бачыліся, — урэшце прамовіў ён. — Гадоў дзесяць, мо і болей… Але ты не пастарэў. Вочы гараць, дыхаеш на поўныя грудзі… Відаць, твой лад жыцця табе на карысць…
— Але саракоўнік адчуваецца. Глянь, у мяне на скронях пасівелі валасы.
Прафесар іранічна ўсміхнуўся.
— Цябе гэта, хіба, не турбуе, жанчынам такое падабаецца… А лёгкая сівізна валасоў дадае, між тым, пэўнай паважнасці, саліднасці, што, думаю, толькі табе на карысць.
Госць акінуў гаспадара панурым позіркам.
— Халодна мне, — сказаў Факір. — Я не адмовіўся б ад кілішка гарэлкі.
— На жаль, у мяне няма… Магу, хіба, прапанаваць спірту…
— Давай.
Праз хвіліну прафесар вярнуўся з вялікай аптэчнай бутляй. Ад яго адзення зноў патыхнула хлараформам.
— Ты галодны? — спытаўся доктар.
— Мне ўсё роўна, — парыраваў Факір. — Зараз я хачу сагрэцца.
Ён наліў сабе поўную чарку і выпіў залпам.
— У цябе шырокая глотка, — заўважыў прафесар.
— Дай мне яшчэ папяросу: ад цябе страшна нясе гэтым хлараформам.
— Табе здаецца, — скрывіўся гаспадар. — Ну, расказвай ужо: даўно ты ў Варшаве?
— Сёння прыехаў.
— Доўга збіраешся тут пасціся?
— Яшчэ не ведаю, пабачым.
— А… А не баішся, што цябе пазнаюць?
Госць паціснуў плячыма.
— Сумняваюся… Столькі гадоў, — зацягнуўся ён. — Ты нічога пра яе не чуў?..
— Не. Відаць, яна ўжо дарослая, выйшла замуж.
— Д’ябал!..
— А ты сабе паламаў жыццё. Калі ты ўцёк за мяжу, я думаў, аднак, што нейк станеш на ногі. Але хто раз трапіць на крывую сцежку…
— Давай забудзем пра гэта, — перарваў доктара Факір, наліў сабе новую чарку і ўмомант яе асушыў.
— Адкуль ты прыехаў? — запытаўся прафесар.
— З усяго свету.
— Табе, відаць, ва ўсім свеце зрабілася зацесна, калі ты рызыкнуў вярнуцца.
У голасе прафесара прагучала зласлівая нотка.
— Слухай, Караль, — буркнуў госць, — не па тое я да цябе прыйшоў, каб ты з мяне кпіў. Ведаеш… мне губляць амаль няма чаго!..
Позірк прафесара праслізнуў па высокім ілбе, сціснутых сківіцах, шырокіх плячах і спартыўнай фігуры госця.
— Супакойся, — ціха загаварыў гаспадар. — Ты ведаеш, што я цябе не баюся, як і тое, што… А да тваёй маральнасці і праблем з законам мне справы няма. Я над гэтым… не таму, што па старой дружбе адчуваю нейкія абавязацельствы ў дачыненні да цябе, а проста… па разліку.
— Я цябе не разумею.
— Не важна. Мне ўсё роўна, зразумеў ты ці не. Карацей, чаго ты хочаш ад мяне? Грошай?
— Так. Аддам, калі змагу. Але гэта не ўсё.
— О!? — здзівіўся прафесар.
— Не хвалюйся. Дробязь. Я пару месяцаў таму трапіў у авантуру і глядзі…
Факір расшпіліў камізэльку і кашулю, шырока раскрываючы грудзі з малым ружовым шрамам над ключыцай.
— Глядзі, — працягваў госць, — трапіла сюды, а цяпер апусцілася, аж сюды, пад паху і пачала мне перашкаджаць.
Тонкія, дагледжаныя пальцы прафесара намацалі невялікі цвёрды прадмет пад самай скурай.
— Рэвальверная?
— Так, — пацвердзіў Факір. — Я і сам бы паспрабаваў разрэзаць скуру, але адной рукой не дам рады. Не хачу ісці ні ў які шпіталь, ні ў хуткую… Будзь ласкавы…
— Ну добра, — працадзіў, марудзячы, прафесар. — Праўда, у мяне няма вопыту… Хм… Мой памочнік зробіць гэта лепей. Пачакай.
Доктар знік за дзвярыма.
Факір устаў і, ледзь не наступіўшы на ката, падышоў да люстэрка, каб упэўніцца, што выглядае дрэнна. Няголены твар і запалыя вочы, цеснае і зацыраванае адзенне…
— Спачатку адпачыць, тры, чатыры дні адпачыць у такой цішыні, як тут, на гэтай Дэмбовай.
— Ты ўжо перад люстэркам? — пачуў Факір за сабой голас прафесара.
Ён абярнуўся.
— Я страшэнна стаміўся. Я не зайздрошчу табе, што ты маеш такі дом, зайздрошчу цішы, якая тут пануе.
— Так, гэта самы ціхі раён Варшавы, тут жывуць людзі працы і навукі.
— Гэта здаецца, — усміхнуўся госць, — але ўяві сабе, што на самым уездзе я расчараваўся. Каля мяне прамчала аўто, у якім некага гвалцілі або забівалі…
— Як? Што ты кажаш? — сарваўся з месца прафесар. — Гэта немагчыма!
— Я табе кажу. Нехта драпаў з машыны, што нават выбіў шыбу. Я чуў на ўласныя вушы і нават бачыў кавалкі шкла на дарозе.
— А ці не заўважыў ты раптам, як выглядала гэтая машына?
— Вялікі чорны лімузін. Можа, «дэляж»[1], можа, «бэнц», чорт яго ведае.
— Дзіўна, — прамовіў пасля паўзы прафесар.
— Чаму цябе гэта так хвалюе? — паціснуў плячыма госць.
— Ну, такое здараецца не кожны дзень, асабліва на Жаліборы… Прабач, я на хвіліну цябе пакіну. Здымі пінжак і кашулю. Я зараз вярнуся з інструментамі.
Прафесар зноў знік за дзвярыма і праз пару хвілін вярнуўся з вялікай нікеляванай скрынкай у руках. За ім увайшоў нізкарослы худы чалавечак у белым медыцынскім халаце, з якім рэзка кантраставала яго незвычайна жоўтая скура.
— Вось пацыент, доктар, — сказаў прафесар, хвілю павагаўся і дадаў: — Мой школьны прыяцель… пан…
— Вінклер, — паспяшаўся падказаць госць.
Доктар, на твары якога намалявалася ветлівая ўсмешка, стараўся не звяртаць увагі на адзенне пацыента. Ён працягнуў руку і загаварыў неспадзявана высокім і меладычным голасам з моцным іншаземным акцэнтам:
— Вельмі прыемна. Доктар Кунокі.
— Як? — здзівіўся госць. — Доктар Кунокі?.. Можа, спадар сваяк славутага японскага біёлага?..
Прафесар Бруніцкі з шумам адчыніў нікеляваную скрыню:
— Даражэнькі, ты ж не інтэрв’ю браць сюды прыйшоў. Доктар Кунокі і ёсць гэты біёлаг, пра якога ты казаў. Сядай пад лямпу і падымі руку.
У тоне прафесара гучала яўная незадаволенасць.
Каротка пастрыжаная галава доктара Кунокі, пакрытая рэдкімі блакітна-чорнымі валасамі, нахілілася над пацыентам. Дотык ваты, змочанай у спірце, выклікаў дрыжыкі на скуры. Некалькі бліскаў ланцэта, некалькі кропель крыві — і на нікеляваную накрыўку са звонам упала маленькая куля.
— Перавязваць трэба? — звярнуўся доктар да прафесара.
— Абыдуся, — махнуў рукой пацыент. — Заклейце, калі ласка, якім-небудзь пластырам. На мне загойваецца як на сабаку.
Аперацыя была скончана.
— Ну што, доктар, — сказаў прафесар Бруніцкі, паказваючы на спіну госця, на якой ігралі моцныя цягліцы, — выдатны прыклад вытворніка?
Жоўты твар біёлага расплыўся ва ўсмешцы, а яго ацэньваючы позірк праслізнуў па аб’екце назірання, які якраз апрануўся і працягнуў яму руку:
— Вялікі вам дзякуй!
— Калі ласка! Дробязі, — кіўнуў той і, забраўшы скрынку, знік за парцьерай.
— Японец, а так добра гаворыць па-польску, — заўважыў госць пасля таго як той выйшаў.
— Напалову японец, — адказаў прафесар. — Яго маці была полькай.
— Ага… Гэта ён якраз адкрыў гэтыя, ну, як іх там… электра…
— Нервоны. Эпахальнае адкрыццё, — паківаў галавой прафесар. — Дзякуючы яму біялогія зрабіла велізарны крок наперад.
— Слухай, Караль, з якой гэта пары ты займаешся біялогіяй?
Прафесар раптам здрыгануўся. Яго бледныя шчокі сталі амаль празрыстымі, пальцы сутаргава сціснуліся.
— З якой пары?.. — паўтарыў ён хрыплым голасам. — З таго дня, калі, як вар’ят, я пачаў хапацца за апошнюю надзею! Калі з галавой заглыбіўся ў навуку, умольваючы яе пацвердзіць хлусню паміраючых вуснаў, хлусню, верыць у якую значыць для мяне тое, што і жыць!..
— Караль, ты зноў хочаш ад мяне клятвы?!
— О, няхай будзе праклятая, тройчы праклятая!..
Прафесар сарваўся з месца і падняў над галавой сціснутыя кулакі. Буйныя кроплі поту пакрывалі яго лоб.
— Караль, Караль!.. Ты ж ведаеш, я нічога не баюся! Хіба ж маніў бы я са страху?!
Прафесар закрыў далонню вочы і паўшэптам прамовіў:
— Можна маніць і ад… жалю…
Доктар зваліўся на крэсла і знерухомеў.
Усталявалася цішыня, толькі з кута чулася мурканне ката.
Першы загаварыў прафесар.
— Ты сказаў, што я цябе ненавіджу. Гэта праўда. Я цябе ненавіджу мацней, чым ты можаш сабе ўявіць. Але… Ты так глыбока засеў у маю рану, што стаў мне самым блізкім… Яна звязала мяне з табой… Ой, лепей не будзем пра гэта. Твой раптоўны прыезд узрушыў мяне…
Прафесар працёр лінзы і палез у кішэнь:
— Табе патрэбныя грошы. Колькі?
— Пакуль… хопіць тысячы.
— Бяры.
— Дзякуй, Караль. Спадзяюся, хутка аддам.
— Не мае значэння. Чым жа ты збіраешся займацца?
— Не ведаю яшчэ. Агледжуся. Пакуль адляжуся некалькі дзён у атэлі.
— А дакументы ў цябе ёсць?
— Ёсць. Я цяпер Ян Вінклер… Позна ўжо.
— Першая, — пацвердзіў прафесар, зірнуўшы на гадзіннік.
Госць устаў.
— Да пабачэння, Караль.
— Пачакай хвіліну. Я не хачу цябе адпускаць так адразу. Не прапаную табе пажыць у мяне. Па многіх прычынах гэта немагчыма…
— Аднак, Караль, я і не збіраўся…
— Не, — перарваў прафесар, — я ведаю. Але гэта не значыць, што ты не збіраўся мяне наведаць… Я страшэнна самотны, жахліва самотны… Ты не спытаў, ні слоўкам не ўспомніў пра яго, а між тым, цябе таксама можа зачапіць яго лёс.
Факір зморшчыў лоб:
— Ты пра свайго сына?
— Я пра сына Ванды.
Запанавала цішыня. Прафесар Бруніцкі ўперыўся позіркам у твар госця і загаварыў нейкім невыразным манатонным голасам:
— Падрастае… Ужо вялікі… Плечы ўжо амаль такія ж шырокія, як… у цябе… У яго такія светлыя, льняныя валасы і пачуццёвыя вусны… І шырокія ноздры, і вочы, велізарныя блакітныя вочы з фантастычнымі цёмна-залатымі зрэнкамі… Ніводзін акуліст такіх не бачыў… А я ўсё ж ведаю аж дзве пары такіх фенаменальных вачэй… Не, не дзве… Гэта тая самая пара…
Прафесар нахіліўся да госця і праз сціснутыя зубы працадзіў:
— Менавіта так блішчаць цёмным золатам!..
— Замаўчы! — ціха адклікнуўся госць, адварочваючы галаву. — Ты здзекуешся з сябе і з мяне.
— Няпраўда! Няпраўда! — праз хвіліну ўсклікнуў раздражнёны Факір і ўдарыў кулаком аб стол. — Клянуся табе, што няпраўда!
— Супакойся, — паківаў галавой прафесар. — Паслухай, я бачуся з ім штогод. Кожны год я праходжу па гэтым… цярністым шляху і кожны год вяртаюся без… Ах, мой дарагі, гэта нейкая д’ябальская карусель успамінаў. Няйначай як д’ябальская! О, гэта ўжо не маленькі Бог, з якім я гуляў у індзейцаў, гэта ўжо нават не сябар Факір, гэта правадыр класа, які абараняў мяне сваімі кулакамі. Не. Гэта ўжо амаль Багдан Друцкі, выдатны Багдан Друцкі, які…
Прафесар праглынуў сліну і ўстаў. Ішоў хістаючыся, як лунатык, і, стаўшы пасярэдзіне пакоя, шэптам дадаў:
— Ну, а праз колькі год, праз дзясятак і больш год… Ян Вінклер. Не, нічога не гавары, ты павінен зразумець, што я толькі чалавек, якому прырода дала гэтыя пяць ці болей пачуццяў і абмежаваны памерамі чэрапа мозг, якому загадала хутчэй верыць ім, чым бязглуздым фантазіям, чым клятвам сябра, чым самарыцянскаму падману паміраючых вуснаў, вуснаў, даражэйшых за жыццё, за свет, за сусвет!..
— Караль!
— Пачакай. Не думай, што я вар’ят. Праз хвіліну я зноў буду сабой. Вось толькі што: гады, доўгія гады я душуся сваёй трагедыяй. Ты апошні, з кім я магу пра гэта гаварыць, але, на жаль, ты адзіны. Не хвалюйся, хутка я буду сабой, якога ты ведаеш з дзяцінства. Халодным, карыслівым, непахісным, замкнутым чалавекам — ха, ха, ха… без сэрца!.. Такім, які не міргнуўшы змог бы забіць цябе, калі б здолеў адначасова забіць і яго… сына Ванды… Так, Багдане, так…
— Караль! — загучаў пасля паўзы ціхі голас госця. — Дарагі дружа, ты нават уявіць не можаш, якая пакута не мець права на хаця б слова спачування…
— Не будзем пра гэта, — суха перарваў Бруніцкі. — Досыць. Ты стаміўся. Ідзі. Заўтра табе трэба на перавязку. І не забывайся пра мяне… Тым больш, што ты будзеш мне патрэбны.
— Я? — здзівіўся Друцкі.
— Так, — павагаўшыся хвіліну, адказаў прафесар. — Ты моцны, смелы і, як сам сказаў, табе амаль няма чаго губляць.
— Не разумею?!
— Ідзі ўжо, нічога тэрміновага. А што да грошай, то не саромейся. Колькі табе спатрэбіцца. Ну, да сустрэчы!
Яны падалі адзін аднаму руку і госць памкнуўся да дзвярэй, але зрабіў няпэўны крок і натрапіў на ката, які разлёгся на дыване. Адказам на гэта было пранізлівае «мяў», і раптам з усіх кутоў павысоўваліся ўстрывожаныя крыкам аднаго іншыя каты, тоўстыя, велізарныя, гладкія.
— Халера! — вылаяўся вінаваты. — Навошта, чорт цябе бяры, ты трымаеш столькі катоў! На іх жа грошай не напасешся! Чым ты іх корміш?
— Мясам, — скрывіўся гаспадар.
Друцкі здрыгануўся. Ён сам сябе адчуў вялікім кавалкам мяса.
— Да пабачэння!
— Да пабачэння!
У вітальні на крэсле сядзеў скурчаны барадач.
— Антоні, выпусці пана, — звярнуўся да яго прафесар. — Бывай, Факір!..
Праз хвіліну Друцкі ішоў хуткім крокам па пустых вуліцах. Калі ён апынуўся на рагу за дарогай, успомніў чорны лімузін і звон разбітай шыбы.
Ён добра памятаў, што кавалкі шкла ляжалі менавіта пад гэтым ліхтаром. Ён нахіліўся і ўважліва прыгледзеўся: мокры асфальт і ніякага следу шыбы.
— Сур’ёзная работа, — мармытнуў ён сам сабе і шчыльна-шчыльна ўхутаўся.
Сёк дробны дождж уперамешку са снегам, з боку Віслы дзьмуў пранізлівы халодны вецер.