Раздзел 7

Адразу з вакзала прафесар Бруніцкі паехаў на лекцыю.

Нягледзячы на стому пасля доўгай дарогі, гаварыў ён, як звычайна, гучна, выразна, спыняючыся на азначэннях і робячы кароткія паўзы перад прывядзеннем уласных аргументаў.

Калі ён скончыў, то адчуваў сябе такім спустошаным, што выпіў парашок камфары для ўмацавання сэрца. Аднак ужо праз хвіліну ён тэлефанаваў у «Брысталь».

Яму адказалі, што пан Вінклер у сваім нумары, але, відаць, спіць. Нягледзячы на гэта, прафесар загадаў злучыць з ім.

— Гэта Караль, я цябе разбудзіў?

— Не, як ты? Вярнуўся?

— Вярнуўся і хацеў цябе папрасіць, каб ты да мяне зайшоў.

— У клініку? — спытаўся Друцкі.

— Не, дадому. Як наконт абеду?

— Добра.

Друцкі паклаў трубку і ўздыхнуў з палёгкай.

— Ну, нарэшце прыехаў.

— Хто прыехаў? — спыталася з-за шырмы Тэця.

— Адзін мой прыяцель. Але паспяшайся, малышка.

— У мяне падвязка лопнула.

Друцкі рассмяяўся.

— Лопнула? Ну, ідзі сюды, можа, агульнымі намаганнямі мы хутчэй справімся з катастрофай. Хадзі.

Тэця была ў кароценькай светла-зялёнай камбінашцы, яна бездапаможным жэстам працягнула яму парваны канец падвязкі. Выглядала яна пры гэтым так па-дзіцячы і хораша, што ён сказаў:

— Ведаеш, малышка, шкада, што ўжо так позна.

— Мой каханы, мой самы салодкі…

Ён пасадзіў яе сабе на калені і заняўся выпраўленнем пашкоджання. Тэця ў той час церлася тварам аб яго шчокі і без канца шаптала:

— Каханы, адзіны, каханы…

Ад яе зыходзіла свежасць і пастаяннае моцнае жаданне.

Друцкі прамовіў:

— Слухай, малышка, альбо супакойся, альбо да канца свету я не зраблю табе гэтую падвязку.

— Ах, як было б цудоўна!

— Каб што?

Тэця ружовым пальчыкам правяла па яго каленях.

— Тое, што магла б сядзець тут да канца свету. Абы мой мужчына быў толькі для мяне і каб гэтыя брыдкія бабы не варочалі на яго вочы. Асаблівая гэтая малпа Казя…

— Падай мне шпільку, — перарваў яе Друцкі, — яна павінна быць у гэтай круглай каробцы.

Тэця дастала і прадоўжыла:

— Яна такая брыдкая какетка. Як яна адважваецца нават паднімаць вочы на майго мужчыну! Яна ж за грошы з кожным!.. А пры гэтым у яе крывая лапатка…

Друцкі зірнуў на Тэцю з усмешкай.

— Далібог! — закрычала яна. — У яе крывая лапатка!

— Не кажы абы-чаго, малышка. Казя вельмі прыгожая.

— Я яе ненавіджу!

— Гэта іншая справа. Толькі, Тэця, глядзі! — прыгразіў ён пальцам. — Каб у «Аргенціне» ніякіх скандалаў і сварак не было! Я гэтага не выношу, і няхай толькі!.. Ну!

— Я? — абурылася Тэця. — З ёй? З такой пустышкай? Я ўвогуле не заўважаю яе, хоць і ведаю, што яна б мне вочы выдрала. Ёй здаецца, што…

— Gemacht![8] — скончыў Друцкі. — Падвязка ў парадку. Апранайся.

Ён паставіў Тэцю на падлогу і сеў перад люстэркам завязаць гальштук.

— Памятай жа, малышка, — дадаў ён, — што са мной не жартуюць. Ніякіх скандалаў!

Дзяўчына нічога не адказала.

Праз пару хвілін яны былі гатовы.

Тэця выйшла першая. Друцкі пазамыкаў шафы і пісьмовы стол і таксама спусціўся.

Швейцар затрымаў яго паклонам:

— Маё шанаванне пану дырэктару.

— Добры дзень.

— Пан дырэктар, я якраз звяртаўся па вашай просьбе ў прадстаўніцтва кампаніі «Reenclar». Я сказаў, што адзін з нашых гасцей хоча даведацца, хто ў Варшаве мае «reenclar» і хто мог бы расказаць пра іх марку.

— Ага! — усцешыўся Друцкі. — І што?

— Мне расказалі, што ў Варшаве тры машыны «рынкляр». Адна належыць графу Любоцкаму, другая — пані Цітхен і трэцяя — прафесару Бруніцкаму. Усе трое карыстаюцца гэтымі машынамі ўжо некалькі гадоў і цалкам задаволеныя.

— Некалькі гадоў?

— Так, пан дырэктар, мне сказалі, што яны цалкам задаволеныя. Канечне ж, яны выпытвалі ў мяне, хто цікавіцца іх машынамі, і прапанавалі прыслаць аўтамабіль, каб паспрабаваць на ім паездзіць, але, як вы пажадалі, пан дырэктар, я не назваў вашага прозвішча.

Друцкі падзякаваў і выйшаў на вуліцу.

«Усё зразумела, — падумаў ён, падаючы вадзіцелю адрас Бруніцкага, — Караль утаіў. Аўто, якое я бачыў у першы дзень вечарам, — гэта быў яго „рынкляр“».

У холе вілы прафесара Друцкі заспеў доктара Кунокі, заглыбленага ў чытанне. Ён сардэчна і амаль весела прывітаў Друцкага:

— Я вельмі рады вас бачыць. У вашым ладзе жыцця ёсць нешта, што распаўсюджвае вакол вас нейкую вітальную радасць.

— Не перабольшвайце, доктар, — засмяяўся Друцкі, але яму стала прыемна.

— О, не! — нахіліў галаву японец, — я не перабольшваю. Я думаю, што мы наогул недаацэньваем кампаніі мілых, вясёлых і здаровых людзей. А дзейнічае гэта нават… гаюча. Так, пане, гаюча! Вядома, што ўсе целы вылучаюць рознага тыпу энергію, аднак мы не звяртаем увагу на фізічную энергію, што сыходзіць ад людзей, з якімі мы сустракаемся. Калі мы з вамі бачыліся апошні раз, то гаварылі, здаецца, пра народныя забабоны.

— Так, пра звяртанне навукі да забабонаў, якімі яна грэбавала.

— О, глядзіце, — ажывіўся Кунокі, — яшчэ адзін прыклад. Некаторыя індыйскія плямёны вераць у тое, што маладосць, сіла і здароўе могуць уздзейнічаць, як полымя: той, хто дае, нічога не губляе, а той, хто бярэ — набывае. Таму старыя і слабыя людзі спяць у адным ложку з маладымі і здаровымі. Яны перакананыя, што менавіта падчас сну аздараўляльная энергетыка маладога цела найбольш узмацняецца.

— І што? — здзівіўся Друцкі. — Гэта перакананне сапраўды мае нейкае значэнне?

— Я вам так скажу: не ведаю, ці мае, але ведаю, што павінна мець.

— Справа, канечне ж, у энергетыцы, так сказаць, псіхічнай?

Доктар Кунокі патрос галавой.

— На маю думку, але папярэджваю, што гэта не меркаванне афіцыйнай навукі, дык вось, я думаю, што энергетыка фізічная, як і энергетыка радыю, жалеза…

— Словам, электроны? Часткі атамаў?

— Так.

— Незвычайна! Тады і чалавечае мысленне?..

— Таксама энергетыка, што эмпірычна пацвярджаецца выпадкамі тэлепатыі. Так. Дык вось ваша энергетыка, ваша аўра проста гаючая. Я гэта на сабе адчуваю.

— Значыць, я павінен, — засмяяўся Друцкі, — даваць сябе ў арэнду на гадзіны бальніцам у якасці апарата для лячэння. Але насамрэч, мне здаецца, што ў вашых словах шмат рацыі, доктар. Я сам назіраў дзіўны пад’ём настрою ў натоўпе.

— Вось бачыце. Узаемны абмен энергіяй.

— Альбо падчас гульні! Вы, хіба, ведаеце, што я валодаю начным клубам. Дык вось, весялосць, напрыклад, перадаецца вельмі хутка. Як толькі некалькі чалавек разгуляюцца ды расшалеюцца, праз пяць хвілін настрой ідзе ўгору. Я якраз угаворваў Караля адпачыць у маёй «Аргенціне», але дзе там. Вы, доктар, павінны яму параіць, каб ён хоць раз паспрабаваў.

— Я толькі за. Я цалкам з вамі згодны.

— А што, яго няма дома? — спытаўся Друцкі.

— Ёсць, толькі ён нечым заняты. Праз хвіліну прыйдзе. Спадзяюся, вы не злуяцеся на яго, што ён міжволі прымусіў вас быць у кампаніі зануды…

— Пане доктар! — перарваў Друцкі. — Вы і сапраўды лічыце мяне настолькі абмежаваным, які не здолее ацаніць кампаніі аднаго з найразумнейшых вучоных нашага стагоддзя?..

Японец паспрабаваў запярэчыць, але Друцкі не даў яму вымавіць ні слова:

— Гэта я, доктар, павінен прыплачваць за кожныя пятнаццаць хвілін размовы з вамі, з настолькі дасведчаным чалавекам, які мае такі шырокі кругагляд. Дарэчы, я хацеў у вас пра нешта спытаць. А менавіта, ці праўда, што бародаўкі лечацца ўнушэннем?

— Натуральна, — з задавальненнем пацвердзіў японец, — бародаўкі — гэта від псіхічнай хваробы.

— Вось-вось. Я чытаў, — сказаў Друцкі, — што бародаўкі ўзнікаюць на скуры чалавека пасля моцнага непрыемнага ўражання ад выгляду такіх самых бародавак у іншых.

— Не зусім так. Але блізка да праўды. Найчасцей радзімыя плямы, бародаўкі і лішаі пэўнага роду — гэта вынікі ўражанняў, перажытых маці пэўнай асобы падчас цяжарнасці.

— Што? — ускочыў Друцкі. — Дык гэта ўгляданне.

— Угляданне.

— Доктар, вы верыце ва ўгляданне?

Японец зрабіў няпэўны рух рукой:

— Я не тое што «веру». Аднак я перакананы, што ўгляданне як такое існуе.

— Як гэта? І вы лічыце, што навука можа гэта пацвердзіць?

— Даражэнькі, — зморшчыў лоб японец, — уся мая тэорыя электранейронаў ці, калі дазволіце, тэорыя псіхонаў вымушае прызнаць неаспрэчную слушнасць народнага «забабону» пра ўгляданне.

Друцкі нервова падсунуў сваё крэсла.

— Растлумачце мне, калі ласка.

— З задавальненнем. Вы калі-небудзь гадавалі коней або сабак?

— Так, сабак. Некалі я надта любіў паляванне.

— Добра, а вы гадавалі паляўнічых, пародзістых сабак?

— Натуральна, — пацвердзіў Друцкі, — лягавых і гончых. Крыху такс.

— Гаворка не пра гэта. Але вы заўважылі, якія вынікі дае скрыжоўванне пародзістай сукі са звычайным дварняком? — пытаўся японец.

— Ну, я так разумею, шчанюкі будуць непародзістыя.

— Гэтага мала. А што будзе з сукай?

— Ага! — пляснуў Друцкі па каленях. — Ну, сука будзе сапсаваная!

— Менавіта, пан Вінклер, сука будзе сапсаваная. Гэта значыць, што яна ўжо ніколі не народзіць пародзістага патомства, няхай нават далей зацяжарыць ад сабакі найчысцейшай пароды. Тое ж і з коньмі і гэтак далей.

— Гэта праўда, — пацвердзіў Друцкі. — Але што адсюль вынікае?

— Прабачце, спачатку вы павінны прызнаць, што плод уплывае на маці.

— Ну, так.

— Таксама бясспрэчна, што дзіця наследуе ад маці розныя фізічныя і псіхічныя рысы. Праўда?.. А зараз крыху аналогіі і біялогіі. Вам вядома, што, напрыклад, зародак чалавека, як сведчаць вынікі самых скрупулёзных даследаванняў, на сваіх першых этапах, пачынаючы ад апладнення, нічым не адрозніваецца ад зародка рыбы, амфібіі і млекакормячых?

— Ведаю, ведаю, я знаёмы з тэорыяй Дарвіна і бачыў табліцу Гекеля[9].

— Тым лепей. Такім чынам, вы прызнаяце, што далейшае фарміраванне плода, а менавіта яго індывідуалізацыя адбываецца пад уплывам арганізма маці. Пад тэрмінам «арганізм» маецца на ўвазе як фізічны бок, так і псіхічны. Што ж, навука да сённяшняга дня афіцыйна падтрымлівае думку, што плод ужо на самым пачатку павінен мець а priori[10] сталыя псіхічныя рысы, таму што з маці ён звязаны толькі каналам, які носіць назву funiculus umbilicalis[11]

— А пупавіна? — запярэчыў Друцкі.

— Менавіта, — усміхнуўся доктар Кунокі, — пра яе я і кажу. Усе эмбрыёлагі выключаюць магчымасць псіхічнага ўздзеяння маці на плод, таму што адзіная сувязь цалкам пазбаўлена нерваў. Разважанне, на першы погляд, слушнае: нервы не звязваюць плод з маці, таму ўздзеянне псіхікі маці і расстройстваў гэтай псіхікі падчас цяжарнасці не можа адбіцца на плодзе. Не ведаю, ці дастаткова ясна я гавару.

— Ясней не прыдумаеш.

— Тады, — працягваў японец, — угляданне, паводле гэтых вучоных, — нонсэнс. Відавочнасць гэтага сцвярджэння павінна, аднак, быць грунтоўна перагледжана з моманту адкрыцця мной электранейронаў у зярністых клетках Нісля[12], у пратаплазме нервовых клетак. Вы ведаеце, у чым сутнасць майго адкрыцця?

— Вельмі павярхоўна, — засаромеўся Друцкі.

— Яно заснаванае на выяўленні ў крыві і ва ўсім арганізме нервовых напаўматэрыяльных-напаўэнергетычных хваль, якія з’яўляюцца энергіяй, што пастаянна і незвычайна дакладна вагаецца, а вычэрпваецца толькі тады, калі зярністыя цельцы, што з’яўляюцца нібыта акумулятарамі гэтай энергіі, трацяць зарад і не атрымліваюць новы, а проста знікаюць. Гэта правакуе адміранне нервовых клетак і атрафію саміх нерваў. Дык вось, з моманту гэтага адкрыцця траціць сілу наіўная тэорыя нашых віталістаў, якія, не маючы нічога лепшага, задавольваюцца канцэпцыяй nisus formativus, альбо прадвызначэння авуляцыі і кірунку развіцця вышэйшымі сіламі.

— Гэта страшна мудрагеліста, — уздыхнуў Друцкі, — але мне здаецца, я разумею, пра што гаворка: з моманту вашага, доктар, адкрыцця навукова тлумачыцца факт углядання?

Доктар Кунокі паківаў галавой:

— На жаль, яшчэ не тлумачыцца. Ён можа быць толькі патлумачаны такім чынам, што маці мае псіхічную сувязь з уласным плодам, нягледзячы на адсутнасць нервовых валокнаў, якія маглі б звязваць іх. Калі я гаварыў пра тэлегонію, ці пра псаванне пародзістых самак, то таму, што яно дае нам нагляднае пацвярджэнне ўплыву плода на маці, уплыву настолькі моцнага, што ён захоўваецца да канца яе жыцця, і гэта яскрава адбіваецца на іншым яе патомстве. Чаму ў такім выпадку мы павінны адвяргаць думку пра адваротны ўплыў — маці на плод, пра ўздзеянне ўражанняў цяжарнай маці на канстытуцыю плода?

— Я сам свята веру ва ўгляданне, — сур’ёзна запэўніў Друцкі. — У мяне шмат прычын, якія замацавалі ўва мне гэтае перакананне. Нават…

Ён завагаўся, расказаць доктару Кунокі пра сына Залкіндаў ці не, і стрымаўся, бо якраз увайшоў Бруніцкі. Было відаць, што ён нечым моцна ўзбуджаны і расстроены. Перад тым як прывітацца з Друцкім, ён шматзначна паглядзеў на японца, а той, перапрасіўшы ў іх, адразу ж выйшаў.

— Як справы, Факір? — нацягнута ўсміхнуўся прафесар, падаючы руку Друцкаму.

— У мяне цудоўна, але ты, Караль, даруй, выглядаеш вельмі знясіленым.

— Гэта мяне падарожжа стаміла.

— Ну канечне, — закурыў папяросу Друцкі, — ты ездзіў за мяжу?

Бруніцкі нахіліў галаву:

— Я быў у… Пятра.

— У Швецыі?

— Так, панура сказаў прафесар і паглядзеў на свайго госця. — Багдане! Я вырашыў паўторна зрабіць аналіз крыві. Даруй мне, але тады тваю кроў браў не я сам, ты мне даслаў… Хіба я ведаю, магла адбыцца якая-небудзь памылка…

— Але ж я ў тваім распараджэнні, Караль.

— Не крыўдуй на мяне, Багдане, бо і ў аналізе крыві Пятра я не быў упэўнены. Школьны доктар ва Упсале таксама мог памыліцца. Я цяпер прывёз узятую мной самім…

— Караль! — усклікнуў з дакорам Друцкі. — Я ж разумею твой стан, навошта гэтыя згрызоты! Я да тваіх паслуг.

Прафесар хутка выняў з кішэні інструмент для ін’екцый і маленькі флакончык са шкляным коркам. Друцкі адсунуў манжэт і іголка бязбольна ўвайшла пад скуру. Не прайшло і хвіліны як на дне флакончыка зачырванела некалькі кропель крыві.

— Слухай, Караль, у мяне ёсць для цябе штосьці, што дакладней за гэты аналіз упэўніць цябе, што Пётр — твой сын.

Бруніцкі пабляднеў:

— Як гэта?

— Сядай, Караль, і паслухай.

Друцкі расказваў, падкрэсліваючы ўсе важныя дэталі, гісторыю Любы, Залкінда і іх сынка.

Ён гаварыў звязна, проста і коратка, спакойным голасам, аднак Бруніцкі ўвесь час дрыжаў і ўсё больш бляднеў.

— Дык вось, Караль, — скончыў Друцкі, — гэты хлопчык тут, у Варшаве. Тут і яго бацькі. Яны мае сябры, таму напэўна пагодзяцца, каб ты сам мог абследаваць хлопчыка.

Прафесар раптам выбухнуў нервовым смехам.

— І што мне з гэтага? — спытаўся ён з нават абразлівай іроніяй.

— Як гэта? — абурыўся Друцкі. — Ты ўбачыш дзіця, якое мае вочы, падобныя да маіх як дзве кроплі вады, дзіця жанчыны, якая ніколі не была маёй палюбоўніцай.

— Ага! Можна падумаць!

— Караль! Яна сама гатова табе паклясціся!

— Ясная справа! — скрывіў вусны Бруніцкі. — Ты сам кажаш, што яна замужам. Чаму б ёй не паклясціся сто разоў?! Ванда таксама клялася.

— Але ж гэты хлопчык мае бацькавы рысы і яго характар.

Прафесар паціснуў плячыма.

— Гэта нічога не даказвае. Я ведаю шмат выпадкаў, калі дзеці з цягам часу становяцца падобнымі да прыёмных бацькоў.

Друцкі бездапаможна ўпаў на крэсла і амаль прастагнаў:

— Божа мілы! Дык чым жа я табе дапамагу?!

— Так, так, — працёр лоб прафесар, — ты не забыўся пра сваё абяцанне?..

— Я ніколі не адступаюся.

— Гэта добра… Прабач, Багдане, мой недавер, але ён мацнейшы за мяне, калі нават…

Ён не скончыў, таму што вярнуўся доктар Кунокі і паведаміў, што падаюць на стол.

Ад адзення японца патыхнула хлараформам, і Друцкі па асацыяцыі згадаў катоў.

Ён агледзеўся. Іх у холе не было.

— А дзе гэты каціны звярынец? — спытаўся ён здзіўлена.

— Здаецца, на прагулцы, — няпэўна адказаў прафесар.

Друцкі рассмяяўся:

— У мяне лепшая прапанова! Калі я вас, панове, угавару правесці вечар у мяне ў «Аргенціне», я вам пакажу аўтэнтычную каціную музыку.

— Аркестр пераймае катоў? — спытаўся Бруніцкі, паказваючы госцю месца за сталом.

— Не, публіка. Уся публіка мяўкае.

— Дык, можа, ты і нам загадаеш мяўкаць? — спрабаваў жартаваць прафесар.

Японец пасыпаў соллю кавалак хлеба і пераканаўча сказаў:

— Пан Вінклер павінен гэта зрабіць.

Убачыўшы, як прафесар здзіўлена падняў бровы, доктар Кунокі дадаў:

— Ну канечне, прафесар, вы павінны даць сябру сябе ўгаварыць. Гэта неабходна для вашага здароўя. Калі б я выходзіў з дому, то ахвотна б склаў вам кампанію.

— Будзем бачыць, усміхнуўся Бруніцкі. — Можа, і выберуся.

— Доктар, а чаму вы не выходзіце з дому?

Японец пераглянуўся з прафесарам і сказаў іншым тонам:

— Ведаеце… Я не хачу афішыраваць сваю прысутнасць у Варшаве… Я нават папрасіў бы вас нікому не згадваць, што я ў Польшчы і гасцюю ў прафесара. Не люблю агалоскі… Ёсць і іншыя прычыны…

— Я не збіраюся ў гэта ўмешвацца, — адразу ж запэўніў Друцкі. — Паверце мне, доктар, я не з балбатлівых.

На хвіліну ўсталявалася цішыня. Усе моўчкі елі суп. Нарэшце прафесар палічыў патрэбным сёе-тое патлумачыць Друцкаму.

— Я пазнаёміўся, — пачаў ён, кашлянуўшы, — з доктарам Кунокі на міжнародным з’ездзе ў Лондане. І паколькі нас аб’ядноўвалі блізкія і ў некаторай ступені агульныя навуковыя інтарэсы, і доктар на сваёй радзіме не меў адпаведных умоў для даследаванняў, ён згадзіўся прыняць маё запрашэнне і правесці некалькі месяцаў у мяне.

Бруніцкі пастукаў пальцамі па стале і з выразным намерам змяніць тэму размовы спытаўся:

— Як твае справы?

— Дзякуй табе. Выдатна.

Ён расказваў пра «Аргенціну», пра сваю сістэму кіравання гэтай справай, але думкі яго былі занятыя новым, туманным і таямнічым пунктам у непразрыстым жыцці гэтага дома. Не, ён зусім не будзе пра гэта думаць. Навошта, для чаго? Ці мог бы ён неяк прымяніць свае адкрыцці, калі б нават да нечага і дайшоў?.. Канечне, не. Дзеля звычайнай цікавасці ён не паварушыў бы і пальцам. Аднак прадчуванне яму падказвала, што паслугі, якіх патрабуе ад яго Караль, і так усё выявяць.

А між тым, размова зноў скіравалася ў навуковы бок. Увага абодвух вучоных, відаць, надзвычай глыбока была засяроджана на гэтай галіне, каб надоўга магла ад яе адарвацца.

Гэта Друцкага не хвалявала. Ён шчыра цікавіўся ўсім тым, што адкрывала яму цалкам новыя гарызонты пазнання, няхай павярхоўнага і папулярызаванага да такой ступені, каб быць даступным для непрафесіянала.

Калі ён згадаў пра гэта, доктар Кунокі запярэчыў рухам галавы:

— Не, шаноўны, гэтыя галіны новыя не толькі для дылетантаў. Яшчэ мінуць гады, пакуль іх навізна стане штодзённасцю нават у біялагічных лабараторыях. Напрыклад, да сённяшняга дня біёлагі прытрымліваюцца гіпотэзы дэтэрмінацыі полу, якая не вытрымлівае крытыкі, пра гэта мы гаварылі ў холе.

— Вы маеце на ўвазе небам прадвызначанае патомства? — спытаўся Друцкі.

— Не зусім, — працягваў японец. — Сучасная генетыка сцвярджае, што пол плода закладваецца ўжо ў момант апладнення, карацей, у момант карыягаміі, калі адбываецца амфіміксіс…

— Злітуйцеся, — праенчыў Друцкі, я не ведаю гэтай тэрміналогіі!

Японец бездапаможна развёў рукамі ў бок прафесара. Той адразу патлумачыў з усмешкай:

— Доктар кажа пра момант пранікнення сперматазоіда ў яйцаклетку. Тады адбываецца змешванне храмасомных рэчываў клетак двух полаў…

— Так, так, — перарваў Друцкі, — я б вельмі хацеў зразумець. Што гэта за храмасомнае рэчыва?

— Менавіта, — стукнуў пальцам па стале японец, — яны вераць, што гэта субстанцыя ўтрымлівае спадчынныя сувязі. Іх гіпотэза сцвярджае, што ў яйцаклетцы абавязкова ёсць храмасома Х, а ў мужчынскім сперматазоідзе храмасомы двух тыпаў: Х або Y. Дык вось, на іх думку, сустрэча яйцаклеткі з мужчынскай палавой клеткай Х дае нам дзяўчынку, а з клеткай Y — дае хлопчыка! Разумееце?

Японец рассмяяўся, і прафесар таксама.

— А як на самай справе? — спытаўся Друцкі.

— Як на самай справе, мы яшчэ абсалютна дакладна не ведаем, — адказаў доктар Кунокі, аднак жа працяглыя даследаванні Паркеса, а таксама мае сціплыя намаганні паказалі, што пол плода закладваецца ва ўлонні маці пад уплывам двух фактараў. Першы — гэта жаночы гармон, ці фалікула, другі — гэта пралан, ці гармон гіпофізу мозга. Калі тэорыя акажацца слушнай, мы ўжо хутка здолеем з дапамогай адпаведных гарманальных уколаў самі загадваць пол плода.

— Нечувана! — збянтэжыўся Друцкі. — Такім чынам, кожная жанчына зможа, калі захоча, мець сына або дачку?

— Так.

— Цудоўна!

— Мала таго, — усміхнуўся японец, — дакладнае вывучэнне сакрэтаў усіх залоз дасць яшчэ больш сенсацыйныя вынікі. Калі вам захочацца, вы зможаце вырашаць, якім будзе рост, фізічная сіла, колер валасоў і скуры вашага патомства.

— Фенаменальна! І ўсё з дапамогай упырсквання тых ці іншых гармонаў?

— Канечне.

— Ну а ці можна будзе таксама ўплываць на развіццё розуму, на інтэлектуальны ўзровень дзіцяці?

— Я дапускаю, што тут таксама гармоны адыграюць сваю ролю. Урэшце, гэта ўжо і цяпер да пэўнай ступені магчыма шляхам прымянення гіпнозу…

— Я не разумею, — перарваў Друцкі.

— Гэта вельмі проста, — з усмешкай патлумачыў японец, — цяжарнай жанчыне ў гіпнатычным сне ўнушаюцца пэўныя ўражанні, якія, замацоўваючыся ў яе псіхіцы, уплываюць на фарміраванне псіхікі плода.

— Так, — уздыхнуў Бруніцкі, — але ты не думай, што ў гэтым поглядзе можна было дасягнуць хоць бы здавальняючых вынікаў.

— Чаму гэта?

— Бо, primo[13], гэтыя погляды застаюцца пакуль толькі тэорыяй, а secundo[14], яны не могуць быць правераныя на практыцы, таму што эксперыменты забаронены законам.

Усе ўсталі з-за стала і закурылі.

— У любым выпадку, — захапляўся Друцкі, — гэта проста цудоўна! Да чаго прыйшоў геній чалавека!..

Японец затрымаў яго рухам рукі:

— Не захапляйцеся так людскім розумам. Ёсць істоты, якія ўжо мільёны гадоў умеюць самі ўплываць на фарміраванне свайго патомства. Хадземце ў бібліятэку. Я зараз вам пакажу вынікі іх сістэмы.

— Пра якіх істот вы гаворыце?

Японец палез на паліцу і зняў з яе том, абгорнуты ў скуру.

— Пра мурашоў і тэрмітаў. У прыватнасці, пра тэрмітаў.

Ён адгарнуў некалькі дзясяткаў старонак і падсунуў Друцкаму каляровую табліцу:

— Бачыце гэтых насякомых?

— Так. Гэта розныя віды тэрмітаў?

— Памыляецеся. Гэта чатырнаццаць розных тыпаў аднаго віду, выгадаваных з ідэнтычных ва ўсіх адносінах яек.

Сапраўды, цяжка было ў гэта паверыць. Табліца прадстаўляла насякомых амаль зусім непадобных адно да другога. Адны малыя з велізарнымі галовамі, другія крылатыя, у трэціх былі вочы, у іншых зусім не было сківіц. У самым цэнтры было велізарнае насякомае.

— Гэта матка, — патлумачыў японец. — Гэтая дама звычайна нясе ўсё жыццё, якое працягваецца да пятнаццаці гадоў, тры тысячы яек за гадзіну, і яна ў восем тысяч разоў большая за кожнага тэрміта. Калі яна здохне ад старасці, тэрміты з першага найлепшага яечка выгадуюць яе пераемніцу. З таго самага яечка яны, аднак, могуць з тым жа поспехам выгадаваць кожны з чатырнаццаці відаў, якія адрозніваюцца марфалагічна да такой ступені, што вучоныя вякамі лічылі іх цалкам рознымі стварэннямі.

— Ну добра, — дзівіўся Друцкі, — але як жа яны гэта робяць?

— На жаль, на гэтае пытанне навука яшчэ адказу не дала. Вядома толькі, што гэта не залежыць ад корму, бо ўсе тэрміты ўжываюць выключна цэлюлозу. Затое колькасць корму змяняецца, ну і, верагодна, яечкам робяць масаж, прымяняюць тэрма- і гідрапатыю. Як бачыце, тэрміты значна апярэдзілі чалавека ва ўменні гадаваць свой від так, каб грамадства мела спецыялістаў розных напрамкаў.

— Выключна! — усклікнуў Друцкі.

— Цяпер, відаць, цябе так не ўражваюць вывады, да якіх дайшла бедная чалавечая навука? — спытаўся Бруніцкі.

— Хто б мог падумаць, што калі-небудзь і людзі будуць, як тэрміты, гадаваць гэтак наццаць відаў чалавека?

Прафесар з павагай кіўнуў галавой, а японец сказаў:

— Натуральна. Тады б мы мелі неверагодна моцных фізічных працаўнікоў, навукоўцаў з велізарнымі мазгамі, піяністаў з нечувана развітым слыхам і значна даўжэйшымі пальцамі…

— Божа мілы! — не стрымаўся Друцкі. — І гэта мне кажаце вы! Людзі з вялікімі ведамі! А гучыць гэта, як фантастычны раман!

Прафесара паклікалі да тэлефона. Друцкі застаўся з доктарам Кунокі, які далей тлумачыў яму работу розных гармонаў.

На дварэ было ўжо цёмна, калі Друцкі развітаўся з ім і з Бруніцкім.

— Да пабачэння, — паціскаў ён далонь прафесара, — а ты зайдзі ў «Аргенціну». Не пашкадуеш.

— Ну добра, добра, паспрабую, — усміхнуўся Бруніцкі.

Калі яны апынуліся ў вітальні, Друцкі спытаў:

— Дык ты не хочаш убачыць гэтага хлопца?

— Не, не!.. Зрэшты, я табе пазваню… Няма ў гэтым сэнсу.

— А калі ты даследуеш кроў, калі ласка, Караль, паведамі мне вынікі.

Барадаты служка замкнуў за ім брамку і з нечаканай прыязнасцю паведаміў праз рашотку:

— Будзьце пільныя, бо сёння слізка.

— Дзякуй, — махнуў яму рукой Друцкі, — я пайду па ветры.

Сапраўды, пасля дзённай адлігі крыху падмарозіла і ўсё пакрылася глазурай галалёду. Неба пачынала іскрыцца. На захадзе ружавела апошнімі рэшткамі дня.

У атэлі чакаў Залкінд, што здзівіла Друцкага, бо гэта не было на яго падобна. Ні ў «Аргенціну», ні ў «Брысталь» ён ніколі не прыходзіў.

Аказалася, што на гэты раз была сур’ёзная размова. Калі яны апынуліся ў нумары Друцкага, Залкінд у некалькіх словах патлумачыў:

— Вы памятаеце, капітан, што я казаў пра мой лясны кантракт і пра гэтых прайдзісветаў Фаерсонаў?

— А, так. Гісторыя на мільён?

— На мільён. Дык вось, яны завалодалі маім кантрактам і хочуць пачаць высечку лесу. Не ведаю, што і рабіць. Я не дазволю сабе высечы столькі грошай.

— Падаць у суд.

Залкінд пачаў тлумачыць, чаму ён гэтага не можа зрабіць. Перашкаджае той факт, што ў абодвух бакоў нелады з законам. Застаецца толькі сілай або хітрасцю адабраць кантракт. Дык вось, не пагадзіўся б капітан паехаць у Белавежу і ўладзіць справу з гэтымі Фаерсонамі?

— Калі трэба ехаць? — коратка спытаўся Друцкі.

Залкінд растлумачыў, што яшчэ не ведае: можа, праз тыдзень, а можа, і праз некалькі месяцаў. Справа толькі ў прынцыповай згодзе капітана.

— Ну тады добра, вы можаце на мяне разлічваць.

Залкінд моцна патрос яго руку. Ён дадаў яшчэ некалькі дэталей і, беручы капялюш, сказаў:

— І яшчэ адно.

— Што такое? — весела спытаўся Друцкі, бачачы заклапочанасць госця.

— Ведаеце, капітан, заўтра імяніны Любы. Дык яна баіцца, што вы не ведаеце. Вы мяне не выдавайце, што я вас папярэдзіў, але ёй будзе так прыемна, калі акажацца, што вы памяталі. Добра?

— Ну дык дзякуй вам, Джэк, канечне, я буду ў вас!

— І яшчэ, — усміхнуўся Залкінд, — вечарам у нас будзе шмат гасцей. Але што гэта за кампанія? Толькі яўрэі… Гэта не для вас…

— Чаму гэта?!

— Не для вас і ўсё. Я ведаю, што гавару. Але абедаць будзем толькі мы і мая пляменніца, студэнтка. Калі б вы неспадзявана прыйшлі, Люба была б рада.

Друцкі ўрачыста абяцаў, пасля чаго пачаў абмяркоўваць справы. «Аргенціна» сапраўды давала салідны даход, і Залкінд быў у захапленні. Ён трохі папракнуў Друцкага за тое, што той пераслаў яму праверыць бухгалтарскія кнігі, але прызнаваў, што такімі кнігамі варта пахваліцца.

— Ну вось бачыце, капітане, — сказаў ён напаследак, — што я меў рацыю. Вы хадзячы капітал!

Залкінд яшчэ раз папрасіў не гаварыць пра свой візіт пры Любе і выйшаў.

«Гэты яе кахае!» — пакруціў галавой Друцкі і падумаў, што сам не здольны быў бы да такога кахання. Ён любіў жанчын, не змог бы без іх жыць і не ведаў бы, навошта, але ён кахаў усіх. Амаль у кожнай адкрываў якое-небудзь новае, індывідуальнае хараство, якую-небудзь не сустрэтую раней дэталь прыгажосці, рысу характару або арыгінальны склад душы, які яго прывабліваў.

Ён не ўмеў і не хацеў адмаўляцца ад гэтай прыгажосці жыцця, якая сфарміравала яго шалёную натуру, ад актыўнага жыцця напоўніцу, якое выціскае да апошняй кроплі…

Друцкі пераапрануўся і паехаў у «Аргенціну».

Усё было ў парадку, усе на сваіх месцах, у чаканні публікі, якая неўзабаве пачне наплываць.

Ён перагледзеў замовы на столікі і ложы і сказаў касіру:

— Ну, сёння будзе багатае жніво! Усе ложы замоўлены, і не абы-кім.

— Ах, — вышчарыўся касір, — а колькім асобам мы мусілі адмовіць! Тэлефанаваў дырэктар Шульц, пазней гэты Радван, у якога коні на скачках, нейкі іншаземец, адвакат Лэньчыцкі, інжынер Фум…

— Што?! — перарваў Друцкі. — Адвакат Лэньчыцкі? Калі ён званіў?

— Можа, пятнаццаць хвілін таму.

— І што? Хацеў ложу?

— Ну, так, пан дырэктар, але ўсе ўжо былі замоўленыя. Пазней званіў пан Крупін…

— Пастой, чорт цябе бяры! Дзе тэлефонная кніжка? Дай сюды! — Друцкі хутка перакідваў лісты каталога. Знайшоў нумар і патэлефанаваў:

— Гэта Вінклер. Добры вечар, пан адвакат.

— …

— Здаецца, вы хацелі сёння мець у мяне ложу?

— …

— Пан адвакат, для вас заўсёды. Я пастараюся ўладзіць. Зрабіце ласку. Я забранірую.

— …

— Мне надзвычай прыемна. Да пабачэння.

Друцкі паклаў трубку і, падняўшы ўказальны палец, сказаў:

— Май на ўвазе! Як толькі адвакату Лэньчыцкаму спатрэбіцца ложа, яна павінна быць! Столік на зале — гэта іншае, павінна быць ложа!

— Але ж, пан дырэктар, — сумеўся касір, — усё было занята.

— Дык вызваліць! Пакажыце спіс… Вось, глядзіце, напрыклад, гэты Гользер. Гэта вельмі добры мужык і пэўна не абразіцца. Званіце яму і перапрасіце, што не атрымліваецца, што адбылася памылка і прапануйце яму столік ля аркестра. Ён любіць шум.

Друцкі паглядзеўся ў люстэрка і правёў далонню па падбародку:

— Як вы думаеце, — запытаўся ён, — ці не пагаліцца мне?

— Але навошта? Пан дырэктар абсалютна прыстойна выглядае.

У кабінет увайшла панна Тэця, і Друцкі адразу ж спытаўся ў яе:

— Малышка, ці не здаецца табе, што я павінен пагаліцца?

Дзяўчына засмяялася.

— Не. Чым горш вы будзеце выглядаць, тым лепей.

— Ну і добра, — адказаў ён напаўголасу, калі касір узяўся за тэлефон, — добра, зайздросніца, я не буду галіцца, а ты першая будзеш пакарана. Не скардзься, калі я пакалю табе тварык!

Друцкі пагразіў ёй пальцам і пайшоў у буфет.

Пачалі збірацца госці, аркестр ужо граў. Дырэктар зазірнуў у грымёрку артыстак. Там была толькі сеньярыта Фіямета, якая мерала бліскучую дыядэму з рознакаляровых шкельцаў.

Убачыўшы Друцкага, яна зачырванелася і, абапершыся спінай аб сцяну, спыталася:

— Што пан дырэктар загадае?

Друцкі ўзяў яе за падбародак:

— Не злуйся, малышка, што цябе зноў укусіла?

Казя сціснула вусны.

— Ну, гавары ж, малышка!

— Вы яшчэ пытаецеся?! — выбухнула яна. — Вы думаеце, я не ведаю, што гэтая Тэця, гэты слімак, гэта безнадзейная дзеўка, гэтая фальшывая гусь да вас ходзіць! Я ўсё ведаю, сама ўчора бачыла! Так, на свае вочы!

Яна цяжка дыхала, сціскаючы кулачкі.

— Ну і што ж з таго, што ты бачыла? — халодна спытаўся Друцкі.

Паколькі яна маўчала, ён дадаў:

— Што табе да гэтага?.. Не толькі тая бывала, але і іншыя. Бывалі, бываюць і будуць бываць. Ты звар’яцела, ці што? Можа, ты сабе надумала, што я табе ў вернасці прысягну?

— Так, так… бо я такая…

Друцкі паціснуў плячыма:

— Ні такая, ні сякая. Ты такая, як і любая іншая, і маеш такія самыя правы, гэта значыць, што не маеш ніякіх. Хочаш — добра, не хочаш — таксама добра. Ты смешная.

Казя схапіла яго за руку:

— Не злуйся! Прабач, гэта дурная зайздрасць!

— Я не злуюся. Але патрабую, каб ты была разважлівай. І нават не думай учыніць якую-небудзь непрыемнасць панне Тэці.

— Я яе ненавіджу.

— На здароўе. Але папярэджваю, няхай толькі што. Ну!.. Дык расстанемся з трэскам. А цяпер дай мордачку і пераапранайся.

Казя закінула яму рукі на шыю. Друцкі пагладзіў яе па валасах і выйшаў.

Ён абходзіў залу, вітаючыся з заўсёднікамі.

«Прыйдзе ці не прыйдзе?» — думаў ён.

Друцкі папярэдзіў службу, каб яму адразу паведамілі, калі прыйдзе кампанія адваката Лэньчыцкага. Ён затрымаў кветачніцу і загадаў выбраць букет, вялікі букет руж для пані, якая будзе ў ложы № 9.

— Я ведаю, пан дырэктар, — усміхнулася дзяўчына, — яны павінны быць найпрыгажэйшыя і белыя.

— Так... альбо, хм... няхай будуць чырвоныя.

Аліцыя прыйшла каля дванаццаці з адвакатам і з гэтым добрым доктарам. Можа, яны бывалі б часцей, але кошты «Аргенціны» для іх кішэняў, відаць, былі надта высокія. Друцкі затрымаў афіцыянта:

— У дзявятцы, пан Вжосэк, лічыце, калі ласка, на трыццаць працэнтаў ніжэй.

— Добра, пан дырэктар.

— Але! Толькі далікатна, вы ж разумееце! Не зніжка з усяго рахунку, а кожную пазіцыю знізіць. Я дам распараджэнне касіру.

Друцкі наўмысна да першай гадзіны не пайшоў наверх. Ён бачыў з кута, як кветачніца аднесла ружы, бачыў, як з ложы выглядвалі. Толькі калі пачалася праграма, ён з’явіўся ў ложы Лэньчыцкага.

Аліцыя была тут трэці раз, і з кожным разам яна падавалася яму ўсё больш прывабнай. Даўно ўжо яго так не цікавіла ні адна жанчына. Інстынктыўна ён трымаўся ў яе прысутнасці крыху скавана, але не стараўся цалкам маскіраваць сваё захапленне яе прыгажосцю.

Чухноўскага прысутнасць Друцкага прыводзіла ў роспач. Пры ім ён адчуваў сябе слабым і безабаронным, і тым мацней, чым больш Друцкі аказваў яму паблажлівую прыхільнасць. Доктар усімі сіламі адганяў ад сябе думку, што Аліцыі спадабалася «Аргенціна» менавіта дзякуючы дырэктару Вінклеру. Што ж тут надзвычайнага, калі, раз ён ужо тут, яна абмяняецца з ім некалькімі фразамі? Гэты Вінклер, хоць і амерыканец, цалкам comme il faut[15]

Аркестр гучаў ашаламляльным рытмам, паветра, прасякнутае пахам віна і парфумы, хвалявала. Лэньчыцкі шчодра даліваў каньяку.

Калі Аліцыя з усмешкай дзякавала за ружы, Друцкі сказаў:

— Я прагнуў бы, каб яны не страцілі свежасці да часу, калі я буду мець магчымасць замяніць іх на іншыя.

— Надта шмат вы патрабуеце ад кветак, — яна смела паглядзела яму ў вочы, — хаця я люблю ружы і запэўніваю вас, што прыкладу ўсе намаганні, каб яны пратрымаліся як мага даўжэй.

— Вы мяне дрэнна зразумелі, — запярэчыў ён. — Я пажадаў бы, каб яны завялі да заўтрашняга вечара.

— Няма ў вас спачування да кветак, — Аліцыя зрабіла выгляд, што не зразумела яго намераў.

— Што ж рабіць, — уздыхнуў Друцкі з камічным жалем, — я эгаіст.

Чухноўскі пачырванеў і спытаўся:

— Як нам гэта разумець?

Толькі Друцкі паспрабаваў адкрыць рот, Аліцыя растлумачыла:

— Дырэктар Вінклер больш клапоціцца аб наведвальнасці клуба, чым аб жыцці руж.

— Хе… хе… — з дасціпнай мінай дадаў Лэньчыцкі, абіраючы банан, — не варта шкадаваць ружы, калі палаюць лясы.

Ён сказаў гэта ні ў пяць ні ў дзесяць, мяркуючы, што ўдала пажартаваў, аднак Аліцыя невядома чаму збянтэжылася і запыталася:

— Ці зладзіце вы нам сёння каціную музыку?..

— Не, — адказаў Друцкі, таямніча падняўшы бровы. — Сёння у нас нешта новае.

— О! Зноў нешта новае? Дык гэта і не музычныя рэбусы?

— Не.

— Раскрыйце нам гэту таямніцу. Вы павінны ўлічваць, што як жанчына я зацікаўлена.

— Што ж, добра, але я раскажу толькі пані. Паны будуць больш цярплівыя.

Друцкі нахіліўся да вуха Аліцыі, але Чухноўскі закрычаў:

— Не, не! Няхай дырэктар не гаворыць. Лепей хай будзе сюрпрыз.

Аліцыя салодка яму ўсміхнулася:

— І ты думаеш, што пан Вінклер мне не скажа?

— Ну, — разгубіўся ад яе тону доктар, — я так думаю…

— Ну дык для цябе будзе яшчэ адзін сюрпрыз. Я слухаю, дырэктар.

Наўмысна яна так наблізіла вуха да вуснаў Друцкага, што ледзь іх не кранула. Пах яе валасоў і скуры напоўніў яго ноздры.

— Пані, злітуйцеся крыху над доктарам, — шапнуў ён перарывістым голасам.

— Ён не варты літасці, — гучна сказала Аліцыя, не адрываючы вуха. — Ну і?

— Будзе гульня ў неапалітанскіх коз, — шапнуў дырэктар.

— Дзякуй, — кіўнула яна галавой, — гэта можа быць цікава.

Друцкі прабачыўся і збег на залу.

Пасля некалькіх выступленняў і агульных танцаў ён з’явіўся ў сярэдзіне сцэны пад апладысменты і пачаў тлумачыць:

— Пад Неапалем multum[16] коз і авечак. Цэлыя статкі. На захадзе сонца статкі вяртаюцца ў загарадзі, і палявыя дарогі выглядаюць тады, як успененыя патокі белай воўны, над якімі ўзносіцца няспынная шматтонавая сімфонія. Ведаеце, я назваў бы гэтую сімфонію бе-е-емоль, калі б у ёй не было ме-е-емоль! Таму я звяртаю вашу ўвагу на неабходнасць справядлівага падзелу на коз і авечак! Я не ўгаворваю вас, панства, каб вы бляялі паводле сваіх перакананняў. Я і так ведаю, што вы гэта зробіце. Дастаткова, калі вы будзеце памятаць пра стрыжку, якой вы не міняце ў выглядзе рахунку!

Шум смяшкоў і воплескаў напоўніў залу. Нейкі прысадзісты пан з густымі вусамі ўскочыў з-за століка і крыкнуў:

— Класны вы мужык! Далібог! Хай мяне халера, але такому я дам нават сябе пастрыгчы!

Дама з сівізной у валасах з сілай цягнула таўстуна за крысо, заклікаючы да разважлівасці.

— Сядзь жа! Усе глядзяць!

— Не чапай мяне, — раздражніўся вусач, — і што з таго, што глядзяць! Дык няхай глядзяць!

— Брава! Брава! — крычалі адусюль.

— Дырэктар, — з усё большым запалам клікаў таўстун, — на брудэршафт! Я вып’ю з вамі на брудэршафт! Хай мяне пярун трэсне!

— З задавальненнем! — са смехам выкрыкнуў Друцкі.

Таўстун напоўніў два келіхі, яны выпілі на радасць усёй залы, пасля чаго вусач абняў Друцкага за талію і пачаў сціскаць.

Аркестр прагрымеў фанфарай.

Друцкі павольна выпрастаўся і вось ногі таўстуна завіслі ў паветры. Прылеплены да высокага сілуэта Друцкага, ён выглядаў, як велізарны, пузаты мяшок.

Друцкі пачаў павольна скручвацца ў кольца. Раз, другі, трэці, кожны раз хутчэй. Ногі таўстуна апісвалі цяпер шырокія колы, аркестр узяў шалёны рытм, барабан затрашчаў.

— Брава! Брава! — крычалі ўсе.

Мужчыны наблізіся да сцэны. З лож сыпаліся воплескі.

Урэшце Друцкі стаў як укапаны, нечаканым захопам пад пахі падняў таўстуна на ўсю даўжыню рук і паставіў на падлогу.

Неверагодны шум напоўніў залу. Таўстун, крыху збянтэжаны, сціскаў руку Друцкага і, хістаючыся на нагах, наліваў яму віна. Усе ўсталі з месцаў, некаторыя, стоячы на крэслах, размахвалі рукамі, нейкі пан ускараскаўся на край басейна фантана, захістаўся, адчайным рухам паспрабаваў утрымаць раўнавагу, хапаючыся за струмень вады, і плюхнуўся ў басейн, шчодра абдаючы вадой суседнія столікі, за якімі, на шчасце, на гэты момант нікога не было.

— Тапелец! Ратаваць патанаючага! — пачуліся вясёлыя вокрыкі.

— Кінуць яму ратавальны пояс!

— SOS!

— Ратуйце! Ратуйце! — роў «тапелец», утульна седзячы ў вадзе і не думаючы выходзіць.

— Спадарства! Тут нельга купацца! Вылазьце на пляж!

— Мужчыны! Вось поле дзейнасці для герояў! Медаль за ратаванне тых, хто тоне!

Пад небывалы гул «тапельца» дасталі з вады, служба ахінула небараку вялікім абрусам, з-пад концоў якога даносіўся гучны голас:

— Злітуйцеся, дайце каньяку! Паў майго каралеўства за кілішак каньяку!

Пад незмаўкальны гоман ахвяру вынеслі ў кабінет кіраўніцтва. Праз пяць хвілін памочнік швейцара гнаў на машыне дадому да пацярпелага, а праз чвэрць гадзіны вярнуўся з камплектам адзення, бо госць упёрся, што не выйдзе. Яго вяртанне зала павітала гучным брава.

А між тым, пачалася гульня ў «бляянне».

Аліцыя сядзела нерухома. Яе чорныя, напалову прыкрытыя павекамі вочы палалі бунтам і гневам. Колькі ж радасці, бурнага жыцця на свеце! Чаму, чаму гэта праплывае міма яе, чаму яна не можа нырнуць у гэтую хвалю? Чаму гэты чалавек займаецца гэтым натоўпам? Ён жа павінен адчуваць, што гэтая хваля яе абмінае… Ці, можа, ён хоча так расхістаць гэтую хвалю, каб яна сягнула аж сюды…

Друцкі стаяў пасярэдзіне і дырыжыраваў.

Зала грымела бессэнсоўным, дурным, недарэчным бэканнем, раскошным, дзіцячым, жывёльным… Гэта цудоўная арліная лінія чэрапа… гэты ўладны выгін брыва, бляск вачэй і гэты ўбор, якому толькі здаецца, што ён укрывае тонкі стан.

Апрытоміў яе звон і лёгкі боль: так, яна раструшчыла ў руцэ кілішак.

Кроў і віно расплыліся па абрусе каляровай картай.

— Божа! — прастагнаў Чухноўскі і сарваўся з месца. — Аля! Што з табой?

— Я разбіла кілішак, — паціснула яна плячыма.

Доктар змачыў сурвэтку ў вядры з лёдам і клапатліва выціраў пакалечаную далонь.

— Ну, шчасце, — буркнуў ён, — што гэта толькі павярхоўна.

Доктар абвязаў ёй руку хустачкай.

Яны збіраліся выходзіць, і доктар узяў ружы, аднак Аліцыя яго затрымала:

— Не, так нельга. Яны замерзнуць. Загадай афіцыянту запакаваць іх у тонкую, а потым яшчэ ў грубую паперу.

У вестыбюлі яны сустрэлі Друцкага. Ён стаяў з нейкімі мужчынамі, але адразу перапрасіў у іх і наблізіўся да Аліцыі.

— Дзякуй вам вялікі, — сказаў ён з глыбокім паклонам, — і памятайце пра «Аргенціну».

Служкі падавалі Чухноўскаму і Лэньчыцкаму футры.

— Не ведаю, — загаварыла, гледзячы ў столь, Аліцыя, — ці будзе час…

— Вы павінны знайсці, — усміхнуўся дырэктар з нейкай нечаканай для абаіх бесцырымоннасцю.

— Чаму гэта нават павінна? — змерала яго халодным позіркам Аліцыя.

Яна думала, што Друцкі разгубіцца, але ён не апусціў вачэй і сказаў коратка, без усмешкі:

— Бо я прашу. Вельмі прашу.

Аліцыя прыкусіла вусны і адвярнулася да гардэроба:

— Ну? Вы яшчэ не гатовы?

— Ужо, ужо, — абвясціў Лэньчыцкі, змагаючыся з рукавом.

Аліцыя кіўнула галавой Друцкаму і, не падаючы яму рукі, выйшла.

Парцье са здагадлівай усмешкай запытаўся:

— Што, пан дырэктар, жанчына клас?

— Што? — ачуняў Друцкі. — Клас? Вы маеце рацыю, браце! — дадаў ён з усмешкай і так ляпнуў яго па плячы, што той аж прысеў.

Лэньчыцкі прапанаваў Аліцыі яе праводзіць, але яна падзякавала:

— Нам з доктарам трэба перамовіцца. Сядайма, Уладэк, толькі глядзі! Памнеш кветкі!

— Слухаю, Аля, — пачаў размову Чухноўскі, калі машына кранулася з месца.

— Пачакай, пагаворым на месцы.

— А ці прыстойна, — пачаў турбавацца доктар, — цяпер, ноччу, уваходзіць у тваю кватэру?..

У адказ яна толькі паціснула плячыма.

Доктар прадчуваў непрыемную размову і бездапаможна пазіраў на гадзіннік. Аліцыя, аднак, не звяртала на яго ніякай увагі.

Загаварыла яна толькі тады, калі яны апынуліся ў яе пакоі:

— Растлумач мне, калі ласка, што абазначаюць твае неразумныя рэплікі і дзікія міны?

— Якія міны?

— Не рабі выгляду, што не разумееш. Ты добра ведаеш, што я гавару пра твае выступленні супраць пана Вінклера.

— А што… што тут дзіўнага. Я ж цябе кахаю.

— І што з гэтага?

Чухноўскі пабляднеў:

— Таму я не магу цярпець, калі нехта так нахабна захапляецца табой, як гэты… гэты…

— Чаму? Табе гэта перашкаджае? — амаль правакацыйна спыталася Аліцыя.

— Перашкаджае! Перашкаджае, бо ў мяне ёсць вочы, — не стрымаўся доктар, — бо я бачу, што табе ад гэтага прыемна, бо я бачу, што ён табе таксама падабаецца! Але хопіць! Маё цярпенне таксама не бясконцае! Больш мы не пойдзем у гэтую карчму.

Аліцыя не стрымала смех:

— Што-што? Што ты кажаш?.. Ха… Ха… Гэта смешна!.. Дзе ты набраўся такіх манер?

Чухноўскі не валодаў сабой:

— Хопіць! Мне ўжо гэтага па вушы! І гэтай забягалаўкі, і гэтага мужыка, і гэтых яго агідных кветак.

Ён схапіў нераспакаваныя кветкі і кінуў іх на падлогу.

— Падымі! — грозна сказала Аліцыя.

— Не падыму!

— Зараз жа паднімеш, — паўтарыла яна спакойна.

Чухноўскі прастагнаў, падняў букет, пасля чаго бяссільна ўпаў у крэсла.

Запанавала цішыня. У суседняй сталовай гадзіннік прабіў шэсць.

— Чаму, чаму я так цябе кахаю, — выпаліў з горыччу Чухноўскі. — Ох, я не здзіўляюся цяпер, чаму твой муж цябе кінуў, чаму звар’яцеў…

— Памыляешся, — раўнадушным голасам запярэчыла Аліцыя. — Мой муж кінуў мяне па іншай прычыне. Цябе заўсёды цікавіла, чаму? Ты ніколі не рашаўся спытацца ў мяне пра гэта. Зараз я раскажу табе сама. Павел падчас першай шлюбнай ночы пераканаўся, што я не цнатлівая… І ён не мог гэтага прыняць, не мог, не ўмеў з гэтым змірыцца… Ён кінуў мяне, хоць не перастаў кахаць, але нават абвінавачваць мяне не меў права…

— Як гэта, не меў права?

— Ён так казаў, і ты таксама гэта прызнаеш. Я страціла цнатлівасць у чатырнаццаць гадоў. Ён быў моцны, ішоў за мной па вуліцы, узышоў па лесвіцы, гвалтоўна ўварваўся ў кватэру, у якой, на жаль, нікога не было. Узяў мяне гвалтам…

— Жах!.. — прастагнаў Чухноўскі.

Аліцыя сціснула пальцы:

— І бачыш, Павел, нягледзячы на гэта, не мог мне прабачыць!..

— Але ж, Божа мілы! Нікога не было паблізу? Ці ты не магла крычаць?!.

— Так, — паціснула яна плячыма, — я абаранялася, крычала, урэшце хтосьці пачаў стукаць у дзверы. Тады ён выскачыў праз акно на першым паверсе… Ён быў вельмі моцны і спрытны…

— Ну і што, Павел табе не паверыў?

— Паверыў. Павінен быў паверыць. Бо тады атрымалася вялікая авантура, з паліцыяй, з медыцынскімі даследаваннямі, з кампраметацыяй усёй маёй сям’і. Павел нават мог знайсці інфармацыю ў газетах.

— Страшна! А гэты нягоднік? Яго затрымалі?

— Не. Зрэшты, чым бы мне гэта дапамагло? Павел і так не вярнуўся б да мяне.

— Навошта ты мне гэта расказала? — закрычаў раптам доктар з дакорам.

Аліцыя паклала нагу на нагу і пахітала галавой.

— Расказала я гэта для таго, каб ты ведаў, з-за якіх вар’яцкіх, наколькі злачынна безразважных прэтэнзій Павел зламаў жыццё і мне, і сабе. Недарэчная, пачварная рэўнасць да майго мінулага, у якім я не была вінаватая, рэўнасць да маёй крыўды… О не, мой дарагі!.. Я таму расказала табе ўсё гэта, каб ты зразумеў, што ні за якія скарбы свету я не буду жонкай чалавека, які шалее ад рэўнасці, перастае валодаць сабой і можа ўчыняць сцэны. Я хачу быць незалежнай у сваіх пачуццях, намерах і капрызах. Сёння я дастаткова пра цябе даведалася. І ты слушна прамовіў слова «досыць».

— Аля!..

— Прашу, не перарывай. І яшчэ адно: будзь ласкавы, не рабі з гэтага трагедыі. Я вырашыла скасаваць заручыны. Яны з самага пачатку былі ўмоўныя і з самага пачатку не мелі сэнсу. Ты ведаў, што я цябе не кахаю, што для мацярынскіх пачуццяў ты надта стары, а для пачуцця жанчыны — надта слабы. Досыць гэтага. Ты прыдумаў, што маеш нейкія правы на мяне.

— Аднак, я лічу, што як жаніх я маю права…

— Ты наіўны. Калі мужчына спасылаецца на свае правы ў адносінах да жанчыны, гэта сведчыць пра тое, што ў яго няма ніякіх. Права для жанчыны — гэта бяспраўе, навязаная воля, маральнае насілле. Такое права жанчына шануе і сама ў сабе носіць яго санкцыі.

Аліцыя ўстала і разгарнула кветкі. Пакой напоўніўся водарам руж.

— Я рада, што ты мяне зразумеў, — працягвала яна, ставячы букет у вазу. — Наш шлюб быў бы недарэчнасцю. Ты, відаць, прызнаеш, што ніколі б не здолеў навязаць мне сваю волю, а я не адчуваю радасці ад капання ў тысячах дробязей і лёгкіх перамог.

— Аля, — шапнуў, не гледзячы на яе Чухноўскі. — Малю цябе, каб ты памяняла сваё рашэнне, і даю табе слова, што больш ніколі не ствару нагод для незадаволенасці.

— Ты цудоўны, — засмяялася яна, — і не разумееш, што гэтым самым ты даеш мне нагоду для больш чым незадаволенасці, пагаджаючыся на ролю сабачкі на павадку.

— Аля!..

— Не крыўдуй. Так, Уладэк, я даўно пазбавілася ўжо надзеі, што мы маглі б быць парай роўных і ў той жа час аднолькава залежных адно ад аднаго людзей. Гэта была ўтопія.

Чухноўскі пачаў гаварыць, прасіць, кленчыць хаця б аб прадаўжэнні зносін, ён расплакаўся, малюючы безнадзейнасць сваёй адзіноты, дрыжаў усім целам, стараючыся растлумачыць, наколькі моцна ён яе кахае — дарэмна. Аліцыя не мела звычкі мяняць свае рашэнні, і ён пра гэта ведаў.

— Цяжка, — сказаў ён панура, — ты мяне кідаеш. Кідаеш дзеля яго, дзеля гэтага… Вінклера.

— Ты памыляешся. Звычайна і сапраўды жанчыны кідаюць мужчын дзеля іншага, але я не з такіх. Бывай здаровы!

Аліцыя начапіла ланцуг, патушыла святло ў вітальні і прайшла ў ванную.

Ванна была гатовая. Аліцыя распранулася і стала перад люстэркам.

— Я прыгожая, — падумала яна. — Варта быць прыгожай.

Яна выпрастала рукі. Болю не адчувала. Пра скалечаную далонь яна ўспомніла толькі тады, калі ўбачыла ў люстэрку, як па яе паднятай руцэ сплываюць кроплі крыві, затрымліваюцца крыху над пукатасцю грудзей і, буйныя, пругкія, круглыя, коцяцца ўніз па крутой лініі бядра, робячы звілістую рубінавую сцежку на залацістай скуры.

Загрузка...