Раздзел 25

Барыс Залкінд нервова хадзіў уздоўж дома на праспекце Шуха і нецярпліва паглядаў на гадзіннік.

Ён дамовіўся з капітанам, што калі той не вернецца да дзевяці, гэта будзе абазначаць, што яму не ўдалося раздабыць кантракт ад Фаерсонаў, альбо што ён нічога не прадпрыняў і справа безнадзейная, ці, тым больш, не дай божа, гэтыя лайдакі застрэлілі яго недзе цішком. Зразумела, цішком, бо калі б разнеслася, агент Залкінда ў Белавежы ўжо тэлеграфаваў бы.

Было ўжо дзесяць хвілін на адзінаццатую, калі Залкінд прыняў рашэнне: «Пачакаю яшчэ дваццаць хвілін, а калі не прыедзе, то званю Любе, каб пакавала мне чамадан, і яшчэ паспею на цягнік».

Якраз у гэты момант ён пачуў за спінай сігнал аўтамабіля і ўбачыў чаканы «фулд», з якога выходзіў капітан.

— Дзякуй богу! — усклікнуў Залкінд, моцна трасучы капітану руку. — Нарэшце! З вамі ўсё ў парадку?

— Пачакай, Джэк, дай аддыхацца, — засмяяўся Друцкі, — і не будзем, хіба, размаўляць на вуліцы. Хадзем.

Яны ўвайшлі ў кватэру, і гаспадар, скінуўшы пінжак, пайшоў памыць рукі. Праз хвіліну ён вярнуўся з бутэлькай шатландскага віскі і двума бакаламі:

— Ну, сябра, — сказаў ён не без выхваляння ў голасе, — можам абмыць ваш кантракт.

Уражаны Залкінд пабляднеў і працягнуў дрыжачую руку:

— Ёсць?.. Ёсць?.. — паўтараў ён прыглушаным голасам.

Друцкі не стрымаў смех і гучна сказаў, наліваючы жоўтую вадкасць у бакалы:

— Як табе не сорамна, Джэк, ты трасешся, як старая баба. Ці ж такі Чорны Джэк з Чыкага?

— Мільён, капітане, мільён! — крыкнуў Залкінд, пафасна ўзнімаючы над галавой рукі.

— Ну і што з гэтага? Далібог, ты здаў пазіцыі, стары. А некалі, хай мяне пярун, ты быў гангстарам з тых, якія любяць перчык. Ну, за цябе!

Яны выпілі. Друцкі абыякава палез у кішэню пінжака і, не спяшаючыся, выняў з кішэні тоўсты шэры канверт і падаў яго Залкінду.

Ён пачаў расказваць, час ад часу глытаючы віскі. Справа пайшла неспадзявана лёгка. Цесця Фаерсонаў не было дома. Калі б не гэта, хто яго ведае. Гэтыя трое і іх кузен — жаўтаротыя. Яны адразу паверылі. А калі дакумент быў ужо ў руках капітана, ну дык і ўсё. На шчасце, у іх пры сабе не было рэвальвераў, толькі ў гэтага паршывага кузена, але ўдалося штурхануць яго руку — і цацка выпала. Кінуліся ўсе чацвёра, не зважаючы, чэрці, на браўнінг капітана, сапраўдныя вар’яты…

— Мільён, дык мільён жа! — перарваў Залкінд.

— І яны толькі пра гэта думалі, таму так і шалелі. Ну, а акно гэта я яшчэ спачатку адчыніў, нібы дзеля свежага паветра. З такімі ёлупамі ўсё можна зрабіць. Тады я скочыў на нейкія кусты, а цёмна хоць вока выкалі, падумаў, што ўжо не патраплю пад плот, дзе пакінуў машыну. Аднак перш чым я здолеў выехаць на дарогу, яны ўжо выбеглі і пачалі ў мяне страляць…

— Ну, нягоднікі! — усклікнуў Залкінд.

— Мільён, — рассмяяўся Друцкі. — Пару дзірак зрабілі і бак таксама прадзіравілі, але да мястэчка я даехаў. Перад тым як каваль мне залатаў бак, я наўмысна пайшоў у паліцыю, каб тыя думалі, што я там пакіну кантракт. Як я разумею, яны сачылі за мной, паспелі ўжо прыехаць, бо ля машыны стаяў нейкі малы жыдок і, як толькі ён мяне ўбачыў, то пабег, а праз хвіліну прыйшоў гэты бухгалтар, што мяне бачыў у Варшаве ў вас, і кажа: «Гэта ўвесь капітал Фаерсонаў, калі вы ім па сваёй волі не аддасце, яны на ўсё гатовыя. І Залкінда, і вас са свету звядуць».

— Хай паспрабуюць, — буркнуў Залкінд.

— І будуць спрабаваць, — з задавальненнем запэўніў Друцкі, — цесць там ужо ўсё абмазгаваў. Яны здолелі спаліць канцылярыю натарыуса, змаглі зарэзаць Бульчука, дык і нам не даруюць. Але, я так думаю, Джэк, што свісцелі мы з вамі на гэта. А?

— І кулі пасвісцяць, — ціха сказаў Залкінд, а яго худы твар набыў змоўніцкі выраз.

— Ну, за здароўе Фаерсонаў!

Выпілі, і Залкінд пачаў тлумачыць Друцкаму дэталі гэтай заблытанай справы, якую ні адзін з бакоў не мог падаць у суд, і, такім чынам, заставалася толькі разабрацца паміж сабой. А тым часам лес, вартасць якога была больш за мільён злотых, рос і чакаў сякеры, права на якую меў Барыс на падставе кантракта з нежывым ужо ўладальнікам лесу, а не пазбаўленыя слушнасці прэтэнзіі Фаерсонаў, якія былі спадчыннікамі памерлага. Сітуацыяй зараз валодаў, дзякуючы ўдалай вылазцы Друцкага, Залкінд.

Аповед перарваўся тэлефонным званком. Друцкі пацягнуўся і зірнуў на гадзіннік. У гэты час магла званіць толькі Аліцыя.

— Джэк, вазьміце трубку і скажыце, што мяне няма, я не прыехаў, чэрці мяне забралі ці што заўгодна.

Залкінд падышоў да апарата і вярнуўся з паведамленнем, што гэта з «Аргенціны». Друцкі ўзяў трубку. Тэлефанаваў касір Юстэк:

— Пан дырэктар, тут гэтая пані, з якой вы бываеце, загадала злучыць і зараз падыдзе…

Пакуль Друцкі здолеў нешта сказаць, пачуўся голас Аліцыі:

— Вы прыехалі? Гэта добра. Я зайшла ў «Аргенціну», думала, што заспею вас тут, але раз так, то я зараз да вас прыеду. Да пабачэння.

Яна паклала трубку, а Друцкі скрывіўся.

— Баба? — з усмешкай спытаўся Залкінд.

— Ліха на яе! Я змарыўся… ведаеш, Джэк, даволі мне ўжо сядзець у гэтым горадзе. Чалавек ржавее ў гэтай вечнай бяздзейнасці і аднастайнасці…

— Ну, цяпер на недахоп прыгод вы наракаць не можаце… — пажартаваў Залкінд.

— Э… раз на год нешта цікавае. Я баюся так заседзецца, як вы… Ну, я павінен выкінуць вас за дзверы… З Фана[47] зараз выплываюць старыя судны на кашалотаў. А ў Фларыдзе штогадовае дэрбі… Свет цудоўны, Джэкі, цудоўны і шырокі. Ідзі ты ўжо на ўсе чатыры і падумай пра гэта, калі твая пярына астыне…

— Так хутка не астыне, яны не такія. Бывай, капітане, і памятай, што Чорны Джэк разумее значэнне слова «ўдзячнасць».

У паўзмроку вітальні вочы яго так дзіўна блішчалі, нібы на іх навярнуліся слёзы, але Друцкі гэтага не заўважыў. Няўпэўненым крокам ён хадзіў з кута ў кут і ўголас паўтараў:

— З Фана зараз выплываюць старыя судны на кашалотаў… А першы рушыў, канечне, Мак Холан на сваім каўчэгу «Ной»… З Фана зараз выплываюць за Гусіны мыс, а там ужо ловяць спадарожны вецер…

Друцкі наліваў сабе віскі, калі зазвінеў званок. Ён няспешна падышоў адчыніць. Аліцыя была вясёлая і ўзбуджаная. Яна моцна пацалавала яго, заўважыла, што ён стомлены, і прапанавала легчы адпачыць. Яна сама расшпіліла яму каўнерык і развязала гальштук, расказваючы дэталі нейкага забаўнага працэсу, які праходзіў сёння ў судзе. Калі ён лёг, яна села ля яго і, гладзячы па валасах, засыпала чулымі словамі, якія даўно ўжо не магла прамовіць у адносінах да яго не таму, што не адчувала гэтага, а таму, што халоднасць Багдана паралізавала ўсялякую чуласць.

І так працягвалася б доўга, пакуль паміж імі не стала Юлька…

У Друцкага былі шэрыя цені пад вачыма і абветраныя вусны, а на гэтых вуснах блукала такая прыгожая паўусмешка.

— Ведаеш, Аль, — пачаў ён, не расплюшчваючы вачэй, — што зараз з Фана выплываюць старыя судны на кашалотаў?..

— Чаму ты пра гэта падумаў? — спакойна спыталася яна.

Ён не адказаў, толькі пацягнуўся і ўздыхнуў. Аліцыя не сумнявалася, што ён увогуле не чуў яе аповеду. Яна закусіла вусны, але тут жа авалодала сабой. Яна не магла сабе дазволіць распаліць нават самую нязначную спрэчку. Яшчэ некалькі месяцаў — і вернуцца даўнія, нічым не азмрочаныя адносіны, яшчэ некалькі месяцаў — і яна застанецца з ім назаўсёды… Хай будзе што будзе, ён ужо не маладзён. У ім павінен згаснуць запал валацугі. У Аліцыі ўжо быў гатовы дэталёва прадуманы план паступовага ўтаймавання гэтай буйнай натуры. З гэтай мэтай яна вырашыла нават узяць на год водпуск за свой кошт, каб разам з Багданам накіравацца ў якое-небудзь далёкае падарожжа, хутчэй пілігрымку па «святых месцах яго авантурнай маладосці». Ён жа так любіць пра іх гаварыць. Напэўна, яшчэ больш прыемна было б яму іх паказваць. І такая пілігрымка павінна была б нагадваць развітанне з мінулым.

Аліцыя Горн разважала лагічна і была ўпэўнена ў сваёй логіцы. Калі яна чагосьці не брала пад увагу, то ролі, якую ў яе планах можа адыграць ужо адсутная Юлька.

А пачалося ўсё так.

Каля поўначы Багдан падняўся з тахты і заявіў, што, нягледзячы на стому, ён павінен зазірнуць у «Аргенціну».

— Мне трэба было б пераапрануцца, — пачала Аліцыя, — а зрэшты, не надта і хочацца. Ведаеш, а ты не прыехаў бы з «Аргенціны» да мяне?

— Што за ідэя? — паціснуў ён плячыма. — Па-першае, я страшна змучаны, а па-другое… увогуле. Што ў цябе дома можна прыдумаць?

— Нічога мы не будзем прыдумваць, — нязмушана адказала Аліцыя, — таму што няма пра каго думаць. Я адна.

— Як гэта? — Друцкі павярнуўся да люстэрка, перад якім завязваў гальштук.

— Адна, — паўтарыла Аліцыя. — Юзэфова ў адпачынку, а Юлька паехала на пасаду.

Аліцыя ведала, што Багдана ўразіць гэтая навіна, але не думала, што настолькі, яна таксама не чакала, што ён не будзе нават спрабаваць схаваць гэтае ўражанне.

Друцкі апусціў гальштук, які сціскаў у руцэ, і падышоў да яе з такім выразам твару, што калі б не яе вытрымка, то яна б адступіла за стол.

— Як гэта паехала на пасаду? На якую пасаду? — спытаўся ён глуха і вельмі ціха.

— На ўскраіну.

— Яна ж не хацела ехаць? Так?.. Я ж прапанаваў ёй выдатную пасаду ў Варшаве? Хіба не?..

— Я табе паўтараю, — ссунула бровы Аліцыя, — што яна паехала на крэсы.

— Гэта ты яе змусіла?

— Выбачай, Бох, але якое права ты маеш умешвацца ў пытанні маёй апекі над Юлькай? Я лічу, што ты мог бы сябе прымусіць хоць з прыстойнасці праявіць крышачку такту. Мая выхаванка да паўналецця застаецца выключна пад маёй апекай, і я вырашаю, якая пасада ёй падыходзіць, а якая не. Ты мяне здзіўляеш, Бох, сваім жаданнем падкрэсліць тое, пра што я, якая павінна цікавіцца Юлькай і як дзяўчынай, якую я выхавала з малога дзіцяці, і як жанчынай, якой я магу выставіць пэўныя вельмі дакладныя патрабаванні, магла толькі з-за далікатнасці ў адносінах да цябе змаўчаць.

— Гэта не «fair play»[48]! — абурыўся Багдан.

— Не ёсць і не было ні з аднаго боку, дарагі мой, не было спачатку… Не будзем больш пра гэта.

— Твая праўда. Не будзем.

Друцкі засунуў рукі ў кішэні штаноў, пакруціў галавой і дадаў:

— Здаецца, Аль, нам увогуле няма чаго сказаць адно аднаму. У нас ніколі і не было надта шмат, а зараз не засталося нічога, акрамя слоў, якімі развітваюцца людзі, што не хочуць, каб іх раздзяляла больш, чым можа яднаць.

— Ты жартуеш, Бох!

— Я сур’ёзна, Аль. І думаю, што размаўляю з чалавекам, які таксама добра разумее гэта, як і я. Лепей расстацца, калі яшчэ можна абмяняцца шчырымі поціскамі рук і ветліва ўзаемна падзякаваць за адрэзак жыцця, праведзенага побач, чым пакінуць пасля сябе горыч і пракляцце.

— Але я цябе кахаю, Бох, — прашаптала Аліцыя.

— Ты не можаш мяне кахаць, — сказаў ён, падумаўшы. — Для таго, каб кахаць, трэба палюбіць тое, што ён любіць, што з’яўляецца часткай яго існавання. А ты не любіш жыццё. Не толькі не любіш. Ненавідзіш яго. Усё, што ўтрымлівае гэта жыццё: радасць, свабоду, волю, бесклапотнасць, адкрытую барацьбу, сумленную, на роўных, — ды ці я ведаю, што яшчэ, словам, усё, з чаго складаецца маё найвялікшае шчасце, выклікае ў цябе непрыязнасць. Ты мяне не кахаеш, Аль, не!

— А раней…

— Не будзем лічыць мінулых дзён. Я не разбіраюся ў гэтых рахунках. Я ніколі не ўмеў рабіць нешта сёння таму, што так думаў пра гэта ўчора, ці што так будзе заўтра. Можа, гэта нават не вельмі разумна, але я лічу, што, жывучы сёння, я павінен радавацца праўдзе, якую бачу сёння.

Аліцыя закусіла вусны. Яна хацела кінуцца яму ў ногі і маліць, каб ён паверыў, што яна кахае яго больш за ўсё на свеце, што ўласным жыццём яна гатова заплаціць за яго пачуццё, што звар’яцее, калі ён ад яе адрачэцца…

Аднак яна маўчала. Ведала, што гэта быў бы не лепшы шлях, што ўсе яе словы, самыя горкія, самыя палымяныя і адданыя, адскочаць ад яго аргументаў, нічога для яе не змяняючы. Трэба было любой цаной перайсці на іншую тэму.

— Бох, — спакойна сказала яна, хоць у яе дрыжаў кожны нерв, — сёння мы абое стомленыя, усхваляваныя, мы надта паддаёмся імпульсам, зразумела, не заўсёды намі самімі жаданым… Магу я папрасіць цябе пра адну паслугу?.. Давай адкладзём гэта да заўтра…

Друцкі зрабіў невыразны рух рукой:

— Навошта, Аль? Навошта нам мучыцца яшчэ раз?

— Я прашу цябе…

— Ну добра, як хочаш…

— Дзякуй табе, — яна падала Друцкаму руку, а тая так дрыжала, што Друцкі аж здзівіўся.

Аднак гэта ніяк не магло змяніць яго намеру. У яго проста ў галаве не ўкладвалася, што Аліцыя змагла рашыцца на такі брыдкі і нізкі ўчынак у адносінах да Юлькі. Калі б гэта было ў яго сілах і праве, то ён зрабіў бы ўсё, каб вярнуць Юльку ў Варшаву. Зрэшты, ён яшчэ не адмовіўся ад гэтага. Калі ён атрымае ад Юлькі ліст са скаргай на гэта выгнанне, то прымусіць Аліцыю дазволіць ёй вярнуцца або прывязе яе сам.

З Аліцыяй ён вырашыў парваць, нягледзячы ні на якія наступствы. Ён улічваў тое, што яна яму адпомсціць. Магчыма, яна нават выкрые яго як злачынцу, які хаваецца пад іншым прозвішчам. Не мае значэння, а хутчэй не, якраз тым лепей… У любым выпадку Друцкі ні за што не змяніў бы свайго рашэння.

Таму назаўтра ўсе надзеі Аліцыі цалкам не апраўдаліся. Друцкі не мог і не хацеў зразумець яе трагедыі, ні на момант ён не адступіў ад сваёй невыносна спакойнай і ветлівай манеры паводзін. Яго не кранула нават тое, што яна, такая гордая, такая незалежная, адмаўлялася цяпер ад усялякіх правоў, адракалася ад усялякіх прэтэнзій, молячы толькі пра дазвол бачыць яго час ад часу, пра ласку яго мімалётнай пяшчоты, пра магчымасць чуць ад яго некалькі хаця б самых абыякавых слоў.

Аліцыя цалавала яго рукі, у роспачы чаплялася за яго ногі, скавытала, як выгнаны сабака, клялася ў поўным паслушэнстве…

Дарма.

Яна прайграла… Цяжка паднялася з падлогі, у яе круцілася галава, калі, стоячы перад люстэркам, яна аўтаматычна надзявала капялюш. Вочы яе ўжо высахлі і гарэлі зараз небяспечным чорным полымем. Аліцыя акінула Друцкага позіркам, якога ён не мог вынесці, і выйшла, не развітаўшыся ні словам.

У гэты момант абое ведалі, што яшчэ не заплачана па ўсіх рахунках, што дарогі іх яшчэ павінны перасекчыся.

Друцкі быў настолькі шчыры з самім сабой, што не стараўся ўнушыць сабе абыякавасць да гэтага непазбежнага перакрыжавання. Ён чакаў помсты, ён асцерагаўся яе, але ж не баяўся. У любым выпадку варта было быць асцярожным і таму, што пасля белавежскай вылазкі трэба было лічыцца з пагрозамі людзей, якія ўмелі спраўляцца з праціўнікамі.

Ён цяпер пастаянна насіў зброю і звяртаў пільную ўвагу на ўсё, што адбывалася вакол яго, і ў «Аргенціне», і на вуліцы. Дзякуючы гэтаму на працягу некалькіх дзён ён заўважыў Аліцыю ў варотах насупраць, раз перад выездам з праспекта Шуха і раз у таксі, што стаяла перад «Аргенцінай». Аднойчы пасля абеду Друцкі даведаўся ад Зоські, што нейкія два падазроныя тыпы выпытвалі яе бацьку пра яго. Вартавы наўмысна даў ім ілжывую інфармацыю, бо — як казала Зоська — гэтыя, вядома, бандыты. Друцкі таксама не сумняваўся, тым больш што на наступны дзень нехта падпаліў таварныя склады Залкінда ля чыгуначнай веткі.

Ён якраз збіраўся ехаць на Наваліп’е, каб абмеркаваць справу, калі пазваніў Бруніцкі.

Ён вярнуўся з Закапанэ, куды ездзіў наведаць сына. Караль вельмі хацеў бы пабачыцца з Друцкім, і калі ў яго няма лепшых планаў, то няхай бы ён дазволіў запрасіць яго на абед.

У Друцкага не толькі не было лепшых планаў, а ён вельмі ўзрадаваўся. Цяпер ужо не было сумнення, што іх сяброўства пасля столькіх гадоў было на шляху да поўнага аднаўлення.

У Друцкага ў свеце было шмат сяброў. Пра яго нават казалі, што яму страшэнна шанцуе на людзей, аднак ніводная з гэтых прыязнасцей не была для яго настолькі важнай, як прыязнасць да Караля Бруніцкага, гісторыя якой пачалася тады, калі абодва пад стол пешшу хадзілі.

Багдан чакаў Залкінда, размаўляючы з Любай. Яна вярнулася з Канстанціна загарэлая, як цыганка, і страшна маркотная. Таму яна адразу ж заняла наступальную пазіцыю, шукаючы любую нагоду, каб прытуліцца да яго або пацерціся з хітрай кашэчай пачуццёвасцю. Ёй у дэталях расказалі пра гісторыю кантракта, аднак яна зусім не ведала пра небяспеку, якая пагражала Барысу і капітану. Калі вярнуўся Залкінд, яна была вельмі заінтрыгаваная, чаму яны замкнуліся, просячы яе, каб пакінула іх на чвэрць гадзіны сам-насам.

Нарада даўжэй і не зацягнулася. Паколькі немагчыма было ўмешваць у гэтую аферу паліцыю, якую б не задаволіла павярхоўная інфармацыя і яна б захацела ўсунуць нос у справу цалкам, сябры павінны былі самі знайсці сродкі абароны. Друцкі як чалавек адзінокі і не ўласнік ніякай маёмасці, якая магла б стаць прадметам атакі з боку Фаерсонаў, запэўніў Залкінда, што ахова яму зусім не патрэбная. Затое Барысу раіў перадусім забараніць Любе і дзіцяці выходзіць з дому, у вітальні паставіць пару ахоўнікаў, ну і арганізаваць разведку, каб высачыць тых, хто нападаў, і ўзяць іх на мушку.

— Гэта не складана, — сказаў Залкінд. — У мяне тут ёсць сястра, якая на Цеплай трымае начны бізнес з дзяўчынкамі. Такая вось справа, нават нядрэнна ідзе. Дык вось у яе ёсць свае людзі, вы разумееце, у гэтай прафесіі, у яе павінны быць адпаведныя людзі. Так што, усё атрымаецца. Мяне турбуюць толькі дзве рэчы: Любе трэба будзе сказаць, і яна спужаецца…

— Хай лепей спужаецца, чым штосьці іншае. Ужо забылася Чыкага?

— А па-другое, што вы застаяцеся без абароны. Яны як убачаць, што тут усё абстаўлена, а у вас не…

— …ну дык панюхаюць, чым пахне мая табака, — скончыў Друцкі.

— Дай божа, каб вашы словы абярнуліся ў золата.

Залкінд паклікаў Любу, і Друцкі растлумачыў ёй сітуацыю. Яна не прыняла ўсё блізка да сэрца. Толькі пажадала, каб дома ёй пакінулі рэвальвер. Зразумела, муж пагадзіўся з гэтым і, больш за тое, абяцаў, што будзе старацца як мага менш выходзіць з дому.

Праз паўгадзіны Друцкі ўжо быў на Дэмбовай. Прафесар павітаўся з ім з ранейшай шчырасцю, і яны адразу селі абедаць.

— А дзе доктар Кунокі? — пацікавіўся Друцкі.

— Паехаў на тры дні ў Швейцарыю, — пацёр рукі Бруніцкі з такім выразам твару, нібыта праз момант ён раскажа нешта нечувана важнае.

— Ну? — з усмешкай спытаўся Друцкі.

— Хутка ўжо мы абвесцім свету, Багдане, сенсацыйныя вынікі нашых даследаванняў і адкрыццяў, да якіх і ты спрычыніўся!

— О? Вы і гэта абвесціце?

— Не жартуй, Багдане. Тое, што мы хутка абвесцім у парыжскай Сарбоне, паставіць пад сумненне асновы традыцыйнай навукі пра чалавека, яго псіхіку, і фізіялогію, і марфалогію, цалкам зменіць погляд на сутнасць самой з’явы жыцця і нават паўплывае на мадыфікацыю многіх паняццяў у фізіцы, хіміі, гісторыі, антрапалогіі, сацыялогіі… Ну, бачыш… Падумай толькі!

— Разумею, Караль. Але як вы дасце справаздачу пасля вашых вопытаў, яны ж забаронены законам?

— Гэтага я яшчэ не ведаю. Гэта, зрэшты, няважна. У параўнанні з маштабам саміх адкрыццяў пытанне нашай асабістай бяспекі выглядае проста смешна. Аднак падумаем пра гэта. Можа, некаторыя часткі нашай справаздачы мы абмяркуем на тайным пасяджэнні. Цяпер скончым нашу падрыхтоўку… Кунокі якраз прывязе пэўныя неабходныя даныя пасля найноўшых назіранняў аднаго з маладых швейцарскіх біёлагаў. Набліжаецца вялікі дзень, дарагі Багдане!

— Віншую цябе, Караль, а скажы мне, што ты, чорт, зробіш са сваім «трусятнікам»?

— Ах, менавіта! Даруй, што і на гэты раз я не запрасіў цябе цалкам бескарысліва. Ведаеш, для канчатковага выніку не хапае нам яшчэ праверкі на новым аб’екце сакраторнай рэакцыі задняй долі гіпофіза на ўвядзенне ў кроў на раннім этапе цяжарнасці злучэнняў брому, што амаль напэўна павінна ўплываць на павелічэнне жоўтых цел, ці на лепшае працяканне цяжарнасці. У той жа час трэба абавязкова паўтарыць вопыт з бікарбанатам натрыю. Гэта павінна быць зроблена неадкладна. Ты сам прызнаеш маю праўду, калі я табе скажу, што гармон Эванса, які выпрацоўвае пярэдняя доля гіпофіза, не толькі ўплывае на рэгуляцыю росту плода, але і пад уздзеяннем гарманальных сакрэтаў міждольнага шэрага рэчыва прадвызначае пол дзіцяці. Дык вось, увядзенне ў арганізм маці бікарбанату натрыю павялічвае актыўнасць шэрага рэчыва, гарантуючы без найменшага сумнення мужчынскі пол будучаму дзіцяці, і пацвердзіць гэта назіранне за лютэінізацыяй ужо на шостым тыдні цяжарнасці.

— Хвілінку, хвілінку, а што ж такое лютэінізацыя?

— Якраз выдзяленне жоўтых цельцаў, якія спрыяюць нармальнаму працяканню цяжарнасці. Зрэшты, гэта не твае справы. Хопіць таго, што я хацеў цябе прасіць пра… новага «трусіка»…

Друцкі страшна скрывіўся, а прафесар узяў яго за руку:

— Я вельмі прабачаюся за маю навязлівасць, але ты адзіная мая надзея. Я пазнаёміўся з адной вельмі непрыемнай і нечаканай прафесіяй. Уяві сабе, што, не хочучы больш злоўжываць тваёй дабрынёй, я здабыў патрэбны аб’ект даўняй дарогай, праз адну з нелегальных акушэрак. Маладзенькая, інтэлігентная дзяўчына, правільна складзеная і развітая, словам, здавалася б, выдатны аб’ект. У той жа час ужо пры пачатковым аглядзе Кунокі сцвярджае — не паверыш — цнатлівасць! Я правяраю. Без сумнення, плява не парушаная. Паколькі бываюць нават і такія апладненні, мы праводзім дэталёвыя даследаванні на ўтрыманне гармонаў пад назвай праланы ў мачы. Гэта найлепшы і надзейны метад выяўлення цяжарнасці на ранняй стадыі. Дык вось, мы страцілі дзесяць маладых мышэй — і нічога. Пацыентка — стапрацэнтная дзяўчына. Проста акушэрка падманула. Такім чынам, я аказаўся без патрэбнага аб’екта і ты мая адзіная надзея.

— А што ты зробіш з гэтай дзяўчынай?

— З дзяўчынай? — прафесар не стрымаў смех. — Ах, Багдане, ты ніколі не адвыкнеш ад погляду на свет праз прызму твайго полу! Хм… Я яшчэ не ведаю, што зраблю з ёй. У любым выпадку я не магу яе адпусціць яшчэ і таму, што бедалажка хворая. Яна, відаць, перажыла моцны псіхічны стрэс. У дадатак, гэтая баба дала ёй такую порцыю настою з cannabis indica, ці з індыйскіх канопляў…

— Гэта з іх робяць гашыш?

— Так. Але акушэрка, якая не ўмее дазіраваць, дала гэтай малой столькі настою, што як мінімум толькі праз тыдзень я змагу прывесці яе арганізм у парадак. Словам, мне ад гэтага не толькі ніякай выгады, а яшчэ і шмат клопатаў, а я проста па вушы заняты падрыхтоўкай да паездкі ў Сарбону.

Друцкі згадзіўся. Ён абяцаў, што пастараецца ў найбліжэйшыя дні знайсці нешта адпаведнае. Ён успомніў, што Зоська згадвала яму пра нейкую дзяўчыну, якая жыве ў Грохуве і прасіла маці Зоські параіць, як пазбавіцца ад цяжарнасці.

Прасядзеў Друцкі ў Бруніцкага да вечара за размовамі пра панну Лэнску і Пятра. Да панны Лэнскай, на жаль, ужо не вернецца голас, яна, праўда, пачынае гаварыць, але пра спевы не можа быць і размовы. Яна навучылася пісаць на машынцы і выстуквае цэлымі днямі на «раялі» справаздачы Бруніцкага, які, дарэчы, мог паверыць толькі некаму абсалютна дастойнаму даверу. З яе будзе добрая супрацоўніца, тым больш што выявілася яе шчырая зацікаўленасць у навуцы і яна ходзіць на заняткі па медыцыне.

— Можа, яна больш, чым супрацоўніца? — па-сяброўску спытаўся Друцкі.

Прафесар усміхнуўся і пачаў гаварыць пра Пятра. Яго ўжо не чапляла падабенства сына да Друцкага. Наадварот, ён сам пачаў адшукваць розныя супадзенні ў іх характарах і густах і не мог выказаць словамі захапленне хлопцам.

У «Аргенціне» было ўжо шмат публікі, калі Друцкі з’явіўся ў зале і, як звычайна, пачаў вітацца з гасцямі. Перад трэцяй гадзінай ён выйшаў праз службовыя дзверы, дзякуючы чаму мог заўважыць амбала, які хаваўся ў нішы варот насупраць, а трое стаялі паводдаль і падавалі таму нейкія знакі. Уся іх увага была скіраваная на аўто Друцкага, якое стаяла перад галоўным выхадам. Дурні!

Друцкі перад самым іх носам сеў у таксі і праз пяць хвілін быў ужо дома.

Загрузка...