Багдан Друцкі пасяліўся ў атэлі «Адэскі» на вуліцы Длугай. Гэта была маленькая і брудная гасцініца, дзе днём невыносна патыхала згарэлай цыбуляй, а ноччу не было канца крыкам, скандалам і бойкам.
Акрамя гаспадара, старога яўрэя, і яго сына Нухіма, паўдурка, дваццацігадовага пераростка са сплюснутым чэрапам, сталым пастаяльцам атэля быў толькі Друцкі, прысутнасць якога пазначана, згодна з паліцэйскімі правіламі, на чорнай дошцы ў бюро, дзе каракулямі было накрэмзана: «Ян Вінклер».
Астатнія кліенты атэля, дзякуючы якім ён і існаваў, набіраліся з тых, хто шукаў даху над галавой на адну ноч альбо проста на пару гадзін, што называлася тут «на спатканне».
Друцкі адпачываў. На працягу трох дзён адзінай яго сувяззю са светам быў Нухім, які прыносіў булкі, вяндліну, імбрык з белай кавай, часам газеты і папяросы. Тэмпература паціху зніжалася. Жалезны арганізм прыходзіў у норму, шрам хутка загойваўся. Аднак Друцкі не ўставаў з ложка. У яго была ўнікальная здольнасць: ён аднолькава хутка мог прымусіць свой мозг і цягліцы доўга, напружана працаваць і адключацца.
Стары яўрэй з абыякавай асцярогай пазіраў на свайго пастаяльца. Яго знешнасць і дзівацтва ляжання ў ложку былі, праўда, добра аплачаны наяўнымі, аднак штосьці ўсё ж выклікала падазрэнні.
Толькі на чацвёрты дзень уладальнік атэля «Адэскі» змяніў меркаванне. Здарылася гэта таму, што яго сын атрымаў ад пастаяльца заданне аднесці ліст на Наваліп’е Барысу Залкінду.
Што за справу гэты абадранец Вінклер можа мець да самога Барыса Залкінда, да такога багацея?
Як жа здзівіўся бацька, калі Нухім вярнуўся з вусным адказам, што Барыс Залкінд пачаў моцна смяяцца, калі прачытаў ліст, за яго дастаўку даў цэлыя два злоты і сказаў, што сам прыйдзе да пана Вінклера ў восем вечара.
Стары вырашыў, што такую важную навіну ён павінен прынесці пастаяльцу асабіста.
Ён нізка кланяўся, выпытваў, ці не трэба чаго шаноўнаму пану, выказаў сваю радасць з нагоды, што ў яго спыніўся знаёмы пана Залкінда і паспрабаваў даведацца, адкуль пан Вінклер ведае «гэтага амерыканца». Адзіным адказам на ўсе гэтыя высілкі было кароткае: «Не ваша справа» і папярэджанне:
— А калі ў мяне будзе пан Залкінд, то глядзіце, каб ніхто тут пад дзвярыма не падслухоўваў, бо гэта небяспечна. Разумееце? Вельмі небяспечна!
Стары яўрэй настолькі добра ведаў людзей, што не захацеў больш дакладных тлумачэнняў. Зрэшты, падслухоўванне нічога б і не дало, бо ў шостым нумары гаварылі па-англійску.
Залкінд прыйшоў своечасова. Гэты чалавек прыметна кульгаў на левую нагу, якая, да таго ж, сваім скрыгатаннем выдавала пратэз. Яго драпежны твар з вялікім шнарам на ўсю шчаку і свісцячы голас рабілілі хутчэй непрыемнае ўражанне, як і рухавасць малых чорных вачэй. Праклінаючы стромкую лесвіцу, ён падняўся на другі паверх і пастукаў ва ўказаныя дзверы, потым зачыніў іх за сабой і хутка наблізіўся да ложка:
— Вітаю, капітане! Вельмі рады вас бачыць! — засвісцеў ён, працягваючы руку.
Друцкі з усмешкай падаў сваю:
— Што, не спадзяваліся?
— Але што з вамі, капітане? Вы хворы? І ў гэтым паршывым атэлі? Даўно вы ў Польшчы?
— Спакойна, містар Джэк, бо я, папраўдзе, не змагу вам на ўсё адразу адказаць.
— Ах, капітане, ці не бачыце вы, як я радуюся? Гэта выдатны дзень у маім жыцці! Я думаў, што ўжо ніколі вас не ўбачу. Колькі ж гэта прайшло гадоў? Хіба, чатыры?
— Пяць, — удакладніў Друцкі.
— Пяць гадоў! І як там Нью-Ёрк? Спірт па-ранейшаму прыбытковая справа?
— Не ведаю. Ты што, Джэк, думаеш, я пастаянна сядзеў у гэтай глушы? Адразу пасля цябе мяне адтуль чэрці вынеслі.
— Куды?
— Цю-цю!.. Доўга расказваць! Лондан, Марсэль, Канстанцінопаль, Берлін, Парыж і зноў Аўстралія, і Кітай, і Бразілія… Так, Джэк, я не ўмею сядзець на месцы.
— Прыгожа жывеш, цікава, але што ад гэтага маеш?
— Свабоду, Джэк, свабоду.
— Разумею, свабода — вялікая справа. Але самы вольны той, хто мае грошы. Чым больш грошай, тым больш свабоды.
— Але ж у цябе іх хапае! — засмяяўся Друцкі.
— Што значыць хапае? У мяне іх вельмі шмат, але ці ж хапае? Ці можа хапаць грошай? Так, як табе, капітане, ніколі не стане валацужнічаць па свеце, то ты павінен разумець, што мне ніколі не стане грошай. Так можна разважаць пра многія рэчы.
— Гэта праўда.
— Вось бачыш. У мяне толькі ў галаве не ўкладваецца, чаму табе прыемней падарожнічаць без граша ў кішэні, чым з усімі выгодамі ў каюце першага класа?
— Калі я мог сабе дазволіць, то і першым класам ездзіў.
— Што значыць, калі мог дазволіць? Калі б ты захацеў, капітане, то забяспечаны быў бы на ўсё жыццё! Хіба я табе не прапаноўваў хаўрус? Ты меў бы сёння столькі, колькі і я, ды што там, абодва мелі б яшчэ больш, нашмат больш! З тваёй галавой! Эх! Ды з тваёй адвагай!
Друцкі сеў на ложак і пляснуў яго весела па плячы:
— Але ж суровыя былі часы, а, Джэк?
— Суровыя. Што тут гаварыць. Кажуць, што людзі майго паходжання баязлівыя, але гэта няпраўда. Хоць я і яўрэй чыстай вады, а ты сам бачыў. Добрыя былі часы, на кожным кроку падсцерагала смяротная небяспека, але спірт і піва — гэта была справа, вартая такой рызыкі.
— Ну, а як жа там нага?
— Добра. Толькі крыху даймае. Так мяне гэты руды выцяў. Ведаеце што, капітане, я да смерці не забудуся пра тое, што было ў Чыкага. Не таму, што вы мне ўратавалі жыццё.
— Супакойся, — перарваў Друцкі. — Няма чаго ўспамінаць.
— Не таму, што вы пра мяне клапаціліся, не таму, што аддалі мне мае грошы, усё маё багацце… Не… Але я да смерці не забуду таго, што вы не кранулі Любу!.. Так… Я потым ляжаў, як мярцвяк, гаварыць не мог, рухацца не мог, але я бачыў, як яна глядзела на вас! І кім яна была вам? Нікім, ат, прыгожай яўрэечкай… А кім я для вас быў?.. Нейкім знямоглым сабакам, якога вы немаведама для чаго выратавалі! А што вы зрабілі? Вы прыйшлі да мяне і сказалі: «Не хвалюйся за Любу, я яе не крану і нікому не дам пакрыўдзіць…» Вы так сказалі, бо адчувалі…
Ён не скончыў. Высока падняў галаву і закусіў вусны. З чорных як вугаль вачэй павольна паплылі па твары драпежнай птушкі дзве слязы.
— Чорт з ім, дружа! — усклікнуў Друцкі. — Што сказалі б на Брадвеі, калі б убачылі, што Чорны Джэк раскіс, як малпа ад цыбулі! Гэй, дружа!
— Не, капітане, не! Я вам гэтага ніколі не казаў, але зараз мушу. Бо калі я сюды ўвайшоў, калі ўбачыў, што вы ў нястачы і хворы, а па мяне толькі цяпер паслалі… То я хачу, каб вы ведалі, што ў мяне ёсць такі сабачы доўг, каб я для вас зрабіў усё, што ў маіх сілах, хоць бы нават цалкам аддаў маёмасць!..
— Асцярожней, Джэк, — з жартам і павагай засцярог Друцкі. — Асцярожна, бо я магу злавіць на слове!
— Не думайце, капітане, — з годнасцю адказаў Жыд, — што слова купца Залкінда хоць на адзін цэнт менш важкае за слова Чорнага Джэка.
Абодва рассмяяліся. Залкінд пытаўся ў Друцкага пра стан здароўя, хацеў абавязкова прывесці доктара. Урэшце абвясціў, што зараз жа забярэ яго да сябе, бо яму сорамна бачыць капітана ў гэтым заканурку.
Друцкі, аднак, катэгарычна запратэставаў. Канечне, ён пераедзе, абавязкова, але не да Залкінда.
— Ведаеце, я такі закаранелы самотнік. Як толькі мне палепшае і я апрытомнею, я мушу пашукаць якую-небудзь справу. І ведаючы, што вы добразычлівы ў адносінах да мяне…
— Добразычлівы?!.
— Няважна. Досыць будзе ўвогуле чым-небудзь займацца.
Залкінд занепакоена ўсміхнуўся і зрабіў невыразны рух рукой.
— Шаноўны капітан Вінклер, што я тут магу прыдумаць? Мне нават неяк няёмка, але я ў нашай краіне вельмі салідны гандляр. У мяне ёсць вогнетрывалыя касы, я трымаю начных вартаўнікоў…
Друцкі зарагатаў.
— Што ж, халера! Вы мяне падазраяце ў намеры арганізаваць банду? Ха-ха-ха!.. Пане Залкінд… Я таксама хачу быць салідным! Ці вы лічыце, што я не здатны для сур’ёзных спраў?! Што мне хоць час ад часу нельга давяраць?..
Залкінд схапіў яго за запясце:
— Зараз! Я разумею! Хвілінку… Ха, а я вам што, не давяраю? Сабе хутчэй не давяраў бы… Хвілінку, я павінен падумаць.
Госць утаропіўся ў падлогу і зморшчыў лоб.
— Гандаль не для вас, капітане…
— Ага, не для мяне…
— У мяне таксама ёсць фабрыка трыкатажу, але і гэта не для вас. Хм… я гандлюю лесам… О, на гэта ідзе шмат энергіі: падарожжы, выезды, патрэбны спрыт і прэзентабельнасць. У Белавежы ў мяне нават ёсць адна цяжкая справа з такімі Фаерсонамі. Намухлявалі яны мне з кантрактам. Справа не судовая, самому папацець прыйдзецца. Вы б ім далі рады. Справа на мільён. Што вы на гэта скажаце?
Друцкі падумаў і пакруціў галавой.
— Чаму не?
— Я хачу трохі адседзецца. Пазней — калі ласка…
— Капітане, — стаў падводзіць вынікі Залкінд, — што я вам скажу: вы толькі не хвалюйцеся. Я пэўна што-небудзь для вас знайду. Для вас з-пад зямлі выкапаю! Вы толькі пераедзьце з гэтага атэля і дбайце пра здароўе. Здароўе — гэта аснова.
Хаўруснікі дамовіліся, што заўтра Друцкі прыйдзе да Залкінда на абед. Паабедаюць удвух, бо Люба з дзіцем сядзіць у Рабцы, і ў іх будзе магчымасць свабодна пагутарыць.
На тым і разышліся.
Назаўтра Друцкі прачнуўся рана ў гуморы і выспаны. Выйшаў у горад у выдатным настроі і пачаў вандроўку па крамах: адзенне, абутак, паліто, капялюш, бялізна, гадзіннік, пальчаткі, іншыя дробязі, потым мыццё ў лазні на Кракаўскім[2] і тамсама цырульнік.
Вясёлы настрой не пакідаў яго ні на хвіліну. Яго вельмі забаўляла сенсацыйнае ўражанне, якое ўсюды выклікала яго знешнасць у элітных крамах, такая супярэчнасць з вытанчанасцю густаў і празмернай напускной высакароднасцю. Нарэшце, апрануты і пасвяжэлы, Друцкі пакінуў лазню, а на пытанне служкі, што ён збіраецца рабіць з пакінутым гардэробам, параіў адаслаць яго ў музей і выйшаў у горад.
Зусім іншым чалавекам ён цяпер сябе адчуваў на тых жа вуліцах! Аж сам здзівіўся гэтаму: бо столькі разоў такім чынам мяняў скуру! У Нью-Ёрку, калі ён вяртаўся з мора, у Сіднеі, пасля залатых вандровак, пасля выхаду з турмы ў Лісабоне, пасля авантуры ў Стакгольме — і неяк нідзе ў крамах не дзівіліся абадранцу, які купляе дарагія рэчы, нідзе на вуліцы не азіраліся на абадранца так, як тут, у Варшаве.
Зрэшты, Друцкі, магчыма, і сам іншымі вачыма глядзеў на гэты натоўп, раўнапраўным членам якога ён цяпер сябе адчуваў. А, ну і жанчыны. Яшчэ дзве гадзіны таму яны зусім яго не заўважалі, ба, ды ён і сам не звяртаў на іх увагі, а зараз…
Ён ішоў нетаропкім крокам, як на парадзе, і адчуваў, што прыцягвае да сябе позіркі гэтых прывабных, знаёмых істот, па-ранейшаму цікавых і жаданых.
— Ліха! Я ўсё яшчэ малады, — падумаў Друцкі з задавальненнем, прыкрытым смугой лагоднай згадкі.
Сапраўды, ён быў малады. Калі Друцкі сеў за столік у рэстаране і ўбачыў свой адбітак у люстэрку, ён аж здзівіўся сваёй маладосці. Дзякуючы пякельным мукам у апошнія два месяцы ён пахудзеў, а яго смуглая скура набыла бронзавае адценне ад салёнага ветру. Калі б не сівыя скроні, не даў бы гэтаму поўнаму жыцця чалавеку ў люстэрку больш за трыццатнік.
Друцкі з апетытам абедаў, разважаючы пра сваю сітуацыю. Праз столькі гадоў яго маглі б пазнаць, калі б не тое, што цяпер ён не носіць вусоў, ну і што ўвогуле ён моцна змяніўся. У рэшце рэшт, дакументы, якія пацвярджаюць амерыканскае грамадзянства, гарантуюць бяспеку.
Друцкі рассмяяўся сам сабе.
«Можна было б падумаць, што я трасуся за сваю шкуру. Аднак ці ж не я заўсёды знаходзіў прыгоды на сваю галаву?»
Ён заплаціў па рахунку, весела паразмаўляў з афіцыянтам і выйшаў.
Варшава вельмі змянілася.
Ён пазнаваў вуліцы, праўда, беспамылкова, але памятаў іх зусім іншымі. У тыя даўнія часы гэта была ледзь не правінцыйная глуш…
Пачаў падаць снег.
Друцкі зайшоў у кавярню, замовіў чорнай кавы і пачаў прыглядацца да наведвальнікаў. Найбольш было жанчын. Па дзве, па тры за столікам, ад сур’ёзных падлеткаў да хіхікаючых старэйшых дам, вельмі моцна нафарбаваных.
«Цікава, — падумаў Друцкі, — усе, можна сказаць, прыгожыя і ўсе з выгляду маладыя. Дзе падзеліся старыя і непрыгожыя жанчыны?.. Але і яркіх няма…»
З правага боку, пад калонай, сядзелі дзве брунеткі. Меншая, у шэрым футры, прагна паглынала пірожныя і атакавала Друцкага палымянымі позіркамі. З левага, пад акном, адзінокая стройная бландзінка бавіла час у чаканні кагосьці, хто відавочна спазняўся, паглядваннем то на гадзіннік, то на Друцкага. Прама перад ім большы столік займала кампанія з двух мужчын і адной жанчыны ў чорным бліскучым футры.
Адзін, лысаваты бландзін у вялікіх рагавых акулярах, манатонна расказваў нешта, другі мужчына быў старэйшы, каржакаваты, з невыноснай манерай адчыняць і зачыняць жоўтую драўляную папяросніцу. Твару жанчыны Друцкі не мог бачыць, бо яна сядзела да яго спінай. Віднеліся толькі прамень светлых, залатых валасоў, што выглядваў збоку з-пад капелюша, і доўгая прыгожая рука, якой жанчына абапіралася аб стол, без пярсцёнкаў, што Друцкаму вельмі падабалася. Як на злосць, яна ні разу не азірнулася, а між тым, набліжалася восьмая гадзіна і трэба было ехаць да Залкінда.
«Пачакаю яшчэ», — усміхнуўся сам сабе Друцкі, канстатуючы ў думках, што трэба быць сапраўды непапраўным бабнікам, каб дзеля такой дробязі спазніцца на важную размову.
Урэшце ён вырашыў ужыць надзейны сродак. Друцкі ўзяў у рукі часопіс, які ляжаў паводдаль, і, нібыта захоплены чытаннем, ссунуў вялікую шкляную попельніцу.
Гучны звон разбітага шкла, нехта крыкнуў «ах!», усе павярнуліся да століка Друцкага і — эфект дасягнуты: суседка ў чорным бліскучым футры азірнулася.
Друцкі здрыгануўся і адчуў, што бляднее. Інстынкт, выпрацаваны ў тысячах небяспек, і спраўны, як аўтамат, падказваў яму неадкладна закрыцца газетай, аднак на гэты раз загад не быў выкананы. Друцкі не мог адарваць ад жанчыны вачэй. Дзе? Калі?.. Пакляўся б, што некалі яе ведаў, што гэтыя ззяючыя чорныя вочы з цудоўнай дугой чорных броваў, што зрасліся, і гэтыя залацістыя валасы, і гэтыя проста незвычайнай формы вусны… Хто?.. Калі?.. Напэўна, напэўна… Друцкі шукаў адказ у яе позірку: ведае яго?.. Пазнае?.. Але яна ўжо адвярнулася і зноў уважліва слухала манатонны голас лысаватага бландзіна. Каржакаваты старэйшы пан зноў мерна пастукваў драўлянай папяросніцай.
Друцкі не быў упэўнены. Бо дзіўнае хараство гэтай жанчыны павінна было б глыбейшым, несумненным успамінам урэзацца ў яго памяць. Ён рабіў выгляд, што чытае, аднак мозг працаваў няспынна:
«Можа, хтосьці падобны. Але хто? Хіба якая-небудзь знакамітая кінаактрыса такога ж тыпу?.. Якая-небудзь спартыўная зорка?.. Лётчыца. тэнісістка?..»
У рэшце рэшт, калі б яго здагадкі пацвердзіліся, яна б абавязкова пазнала яго. Цяжка сабе ўявіць, што, спаткаўшы калі-небудзь у жыцці такую дзяўчыну, ён мог бы абыякава прайсці міма яе. Неверагодна! А жанчыны звычайна памятаюць тых мужчын, якія, хоць бы і не спадзеючыся на ўзаемнасць, дабіваліся іх увагі…
А яна зусім не глядзела на яго, як на знаёмага чалавека. У яе позірку было крыху абыякавасці і крыху цікавасці, але цікавасці не большай, чым тая, з якой усе жанчыны глядзяць на яго.
У любым выпадку розум падказваў быць асцярожным. Трэба было ўжо заплаціць і выходзіць. Аднак Багдан Друцкі не належаў да ліку тых, каму хто-небудзь, нават уласны розум, мог штосьці дыктаваць. Таму ён застаўся.
Толькі праз пятнаццаць хвілін кампанія, што была за суседнім столікам, аплаціла рахунак і паднялася.
Незнаёмка была высокая, ладная жанчына. Калі ён прыглядаўся да яе сілуэта, то пераканаўся, што спачатку памыляўся. Ён не ведаў гэтай жанчыны. Друцкі не расчараваўся, чакаючы, што падчас надзявання пальчатак яна зноў зірне на яго. Якая ж яна была прыгожая! Прыжмурыўшыся, ён аглядаў яе профіль, горды, халодны і палкі. Жанчына выглядала гадоў на дваццаць пяць, але ёй магло быць і больш. Калі яна праходзіла каля століка Друцкага, то позірк яе слізгануў па яго твары і зноў абудзіў у ім сумненні, хаця ж выраз яе вачэй пераконваў, што яна глядзіць на таго, каго бачыць першы раз у жыцці.
Друцкі позіркам праводзіў яе да дзвярэй, заплаціў за каву і за разбітую попельніцу і выйшаў. На Новым Свеце было вельмі людна, натоўпы перамяшчаліся па тратуарах, а па дарозе сунулася рака машын. Яркія неонавыя рэкламы рэзалі вочы чырвонымі лініямі.
— На Наваліп’е!
Барыс Залкінд сам адчыніў дзверы.
— Прывітанне, капітане, вось зноў я вас бачу пры поўным парадзе. Я, аднак, баяўся, што аказаўся больш цярплівым за качак, якія ў чаканні вас добра-такі падсохлі ў каструлі.
Яны падалі рукі адзін аднаму. Пакаёўка ў белым фартушку, какетліва пакланіўшыся, забрала паліто Друцкага.
— А хіба я так моцна спазніўся? — нібыта спужаўшыся, запытаўся Друцкі. — Насамрэч у мяне была вельмі важная справа.
— Няўжо? — рассмяяўся Залкінд, праводзячы госця ў сталовую. — Ведаючы густ пана капітана, не думаю, што вага яе перавышала шэсцьдзясят пяць кілаграмаў!
Друцкі зрабіў засяроджаную міну і сур’ёзна адказаў:
— Думаю, вы памыліліся самае большае на два-тры кілаграмы.
— Баюся, капітане, што з-за жанчын ты настолькі спознішся ў пекла, што самыя зручныя катлы са смалой будуць ужо занятыя.
— Ну! — паклікаў Залкінд па-польску з выразным літвацкім акцэнтам. — Што ты, Вікця, вылупілася? Зараз жа падавай!
Кульгаючы вакол багата накрытага стала, ён напоўніў чаркі і падсунуў госцю крэсла.
Вячэра была смачная і багатая, шчодра акропленая алкаголем. Размова круцілася выключна вакол амерыканскіх успамінаў. Толькі калі яны ўладкаваліся ў кабінеце ў глыбокія крэслы, Залкінд перайшоў да справы:
— Дык вось, я доўга думаў, што б такое знайсці, што адпавядала б такому чалавеку, як капітан Вінклер. І, здаецца, нешта ёсць якраз для вас.
— Толькі не дырэктар банка!
— І горш, і лепш. Справа вось у чым. Вы яшчэ добра памятаеце Варшаву?
— Думаю, што так.
— Значыць, ведаеце, дзе знаходзіцца вуліца Гартэнзія?
— Ведаю. Гэта маленькая вулачка, што перасякаецца са Шпітальнай, так?
— Так, — пацвердзіў Залкінд. — Дык вось на гэтай Гартэнзіі два браты Цінкельманы і такі Рыбчыньскі стварылі год таму начны клуб. Ну, ведаеш, накшталт амерыканскіх начных клубаў. Бар, танцы, кабарэ. Цудоўная ўстанова, першакласная, убухалі ў яе, відаць, паўмільёна злотых, а можа, і больш.
— І банкрут?
— Банкрут. Такой справай трэба ўмець кіраваць. Яна можа быць залатой жылай. Толькі пільнаваць яе трэба, каб усё было ў парадку, каб персанал не краў, каб кліенты не нахабнічалі. Трэба ведаць, каму даць на вэксаль, каму не, каго прымаць з ахвотай і радасцю, а каго спусціць з лесвіцы як пасмешышча. Трэба ўсю справу трымаць у жалезных лапах, але каб выглядала, што гэта свабода і забава, што кліенты — гэта нібыта прыватныя госці. Памятаеш, капітане, клуб Вясёлага Біла на 74-й вуліцы?
— Памятаю.
— Гэта быў не клуб, а забягалаўка, звычайная нара. А чаму хто толькі мог перся туды з доларамі? Таму што справай займаўся Білі! Жанчыны зляталіся да яго, мужчыны лічылі яго найлепшым сябруком, усе проста абажалі яго. Я не ведаю, што ў ім знаходзілі, але ў вас, капітане, якраз ёсць тое самае, толькі ўдвая больш.
— Харошы хлопец быў гэты Білі, — усміхнуўся Друцкі.
— Капітане! Мне яшчэ не паўвека, але я шмат бачыў і ведаю адно: галоўнае — чалавек! Няважна «як» і «што», але толькі «хто». Дык вось, абодва Цінкельманы і гэты Рыбчыньскі ходзяць за мной ужо два месяцы. Тэлефануюць, пытаюцца, чапляюцца. Проста жыць не даюць. Яны хочуць, каб я выкупіў гэты клуб. Людзей, у якіх больш наяўных, цяпер катастрафічна мала, таму яны прычапіліся да мяне. А я ім усё кажу: нашто мне гэты клопат. Сам я гэтым займацца не буду, а каб нават і чорт заняўся, дык і ён бы рады не даў. Вы занядбалі справу, мухі дохнуць, дык калі хто хоча пазяхаць ад нуды, то няхай пазяхае дома.
— І бясплатна, — дадаў Друцкі.
— Дакладна. Я ім так кажу, але думаю па-іншаму. Чалавек з нервам, і з галавой на плячах, і з тым, што якраз ёсць у Білі, мог бы паставіць справу на ногі. Калі ўкласці яшчэ дзесяць тысяч долараў… Ну, што вы на гэта скажаце?..
— Што скажу?.. Вы, Джэк, хочаце купіць гэтую нару і зрабіць мяне дырэктарам?
— І так, і не. Я хачу купіць, але разам з вамі.
— Жартачкі. У мяне за душой ні граша.
Залкінд паціснуў плячыма:
— Што вы кажаце, капітане, я ж паўгадзіны вам даношу, што вы сам жывы капітал. Я вам так скажу: я рызыкну купіць у іх гэты труп. Але на ваша імя. Вы будзеце ўладальнікам. Паставіце нару на ногі — добра, не — горш. Але я веру, што вы — паставіце. Зразумелі? Ціхая такая здзелка, папалам?
Друцкі ўстаў і пакруціў галавой:
— Не, Джэк, я не жабрак і падачкі не бяру.
Тут ужо Залкінд не вытрымаў. Сарваўся з месца, пачаў бегаць па пакоі, размахваць рукамі, рваць валасы і клясці на чым свет стаіць.
— Як гэта яго, Чорнага Джэка, вінавацяць у такіх рэчах?! Хай яго халера! Чалавека так трасца можа забраць! Дык лепей узяць нож і ўсадзіць яго адразу ў самае сэрца! Што гэта вы сабе, капітан Вінклер, выдумляеце! Няўжо вы не бачыце тут сур’ёзнай справы для нас абодвух, гэта не прычына, каб такой справы не было!
Успацелы, Залкінд злаваўся і крычаў, што Друцкі пагадзіўся зноў пачаць перамовы.
Залкінд сыпаў аргументамі, спасылаўся на знаёмыя ім абодвум прыклады, прыводзіў лічбы, вылічваў, прасіў, пагражаў, пераконваў, урэшце пачаў абурацца, што капітан так задзірае нос, што мог сабе дазволіць зрабіць ласку і выратаваць жыццё ды маёмасць паршывага Жыда, але не дазваляе яму аддзячыць хаця б аказаннем даверу…
— Хопіць істэрык, Джэк, чорт цябе бяры! — гыркнуў Друцкі. — Па руках!
На драпежным твары Залкінда расплылася ясная ўсмешка. Ён узяў далонь Друцкага, моцна яе патрос і, кульгаючы, падышоў да стала.
Праз хвіліну Залкінд перагортваў старонкі тэлефоннай кніжкі, потым узяў трубку і назваў якісьці нумар.
— Ці ёсць пан Абрам Цінкельман?.. Пана Мечыслава таксама няма?.. Тады мне пана Рыбчыньскага… Гэта пан Рыбчыньскі? Што гэта такое, пане Рыбчыньскі, калі вы заплаціце мне гэтыя сем тысяч?.. Як хто гэта? Залкінд! Я вам судовага выканаўцу прышлю!.. Што?.. У мяне на вас ужо здароўя не хапае… Што?.. Жалезна?.. Ну добра, толькі шкада, што Цінкельмана няма…
Залкінд закрыў рукой трубку, падміргнуў Друцкаму і сказаў па-англійску:
— Думаеш, капітане, яго няма?
Друцкі не мог стрымаць смех. Розніца паміж Залкіндам-гандляром і Залкіндам-гангстарам была неверагодная.
А між тым, знайшоўся Цінкельман, якому Залкінд паведаміў, што зараз у Варшаве праездам знаходзіцца адзін амерыканец, які, верагодна, мог бы зацікавіцца пакупкай «Аргенціны», аднак жа ён, Залкінд, і не думае ўгаворваць амерыканца заняцца гэтай карчмой-банкрутам, але можна паспрабаваць пагутарыць.
Дамовіліся сустрэцца ўжо заўтра ўвечары ў той самай «Аргенціне».
Па парадзе Залкінда Друцкі ў той жа дзень пераехаў у атэль «Брысталь» і ўлёгся спаць ва ўтульны, чысты і шырокі ложак. Ён сам ужо ўсур’ёз не ўспрымаў свае сумненні наконт заключэння гэтай арыгінальнай здзелкі з Залкіндам.
Ён абавязкова справіцца і пакажа Варшаве, як павінен выглядаць начны клуб, асуджаны на поспех! Рэкордны!
Засынаючы, Друцкі ўспамінаў незнаёмку з кавярні. Няўжо і сапраўды ён ніколі яе раней не бачыў?..
«Пародзістая шэльма…»