Раздзел 3

У акруговым судзе з панядзелка атмасфера была напружаная.

Усё пачалося з таго, што пракурор Мартыновіч стаў у дзвярах канцылярыі і, звяртаючыся да юрыста-стажора Мадроня, сказаў сваім бурклівым і выразным голасам:

— Пан загадвае на дзвярах кабінета пасля падпракурора Карчыньскага прыбіць надпіс «Падпракурор Аліцыя Горн». Зразумела?

— Так, пан пракурор.

Дзверы замкнуліся з лёгкім трэскам. У канцылярыі замоўклі ўсе машынкі, усталявалася поўная цішыня.

— Дык як? — запытала панна Сэркоўска з аддзела пісьмаў.

Стажор Мадронь прыкінуўся дурнем.

— Як зваць гэтага новага? — зашчабятала панна Лятасікуўна з-пад акна.

Мардонь раззлаваўся, бо ўсе ўперыліся ў яго.

— Што вы ўсе на мяне ўтаропіліся, як на ідала?! Я ведаю столькі, колькі і вы. Вы ж чулі: падпракурор Аліцыя Горн.

— Як, падпракурор Аліцыя Горн, — абурыўся стары пан Ролька. — Як быццам жанчына?

— Не, фазан, — скрывілася на яго панна Сэркоўска.

Амаль усе паўставалі з месцаў і абкружылі стол Мадроня.

— Калі Аліцыя, то пэўна жанчына.

— Але даруйце! Хто калі-небудзь бачыў жанчыну-пракурора?

— Як вы кажаце?

— Аліцыя Горн.

— Так, так, — паківаў галавой пан Ролька. — Распуста ды і толькі. Ну і часы, а?

— Цьфу! — шматзначна пацвердзіў лысы як калена пан Гарбарчык. — Нечуваныя!

— Не стойце вы над душой, — слязліва прасіў Мадронь. — Яшчэ стары ўвойдзе.

— Але ж, пане, гэта проста скандал! Баба стане пракурорам?

— Канец свету!

— А што тут дрэннага? — паціснула плячыма пані Венцкова. — Мне цікава, чаму гэта жанчына не можа быць пракурорам?

— Што-о-о? — абурыўся пан Ролька. — Як вам, сівой даме ды маці траіх дзяцей, не сорамна такое гаварыць?

— Сівізна, прабачце, не аргумент. А, між іншым, факт, што жанчыны не саступаюць мужчынам у розуме.

— Не толькі не саступаюць, але і пераўзыходзяць, — закрычала чапурыстая стажорка Цеханавецкая. — Менавіта пераўзыходзяць! А асабліва ў Польшчы. Усе іншаземцы кажуць, што полькі нашмат разумнейшыя за палякаў.

— Ха? — дабрадушна ўсміхнуўся, гладзячы лысіну, Гарбарчык. — Калі б я быў на трыццаць гадоў маладзейшы, то паверце мне, пані, і я пераконваў бы вас…

А ў гэты час з усіх аддзелаў, патрывожаных паннай Сэркоўскай, да канцылярыі пачалі сцякацца шпіёны. Узнік такі базар, што пра заканчэнне дыскусіі наконт жаночага розуму не магло быць і размовы.

Толькі калі стажор Мадронь акуратна вывеў надпіс і, урачыста яго несучы, выйшаў на калідор, за ім рушыла цэлая працэсія.

З той хвіліны апошнія дзверы ў калідоры на першым паверсе сталі мэтай бясконцых пілігрымак, якія прадпрымаліся з самых аддаленых закуткоў будынка, у тым ліку з кабінетаў суддзяў, адвакатаў, прэсы.

Кожны хацеў на свае вочы пераканацца, што на першы погляд недарэчная плётка зусім не плётка, а такая ж недарэчная праўда.

На дзвярах, прымацаваная кнопкамі, вісела кардонка з надпісам «Падпракурор Аліцыя Горн».

Мужчыны паціскалі плячыма, а на пытанне «ці ведаеце вы, хто такая Аліцыя Горн» адказвалі:

— Не маю ўяўлення, але ўпэўнены, што якая-небудзь мегера.

Затое сярод маладых прыжылося меркаванне панны Лятасікуўны:

— Відаць, істэрычка, і да таго ж векавуха.

У гэтых умовах значным адкрыццём, якое ў пэўнай ступені супярэчыла агульнаму меркаванню, была навіна, здабытая ў аддзеле кадраў Міністэрства юстыцыі:

— Аліцыі Горн дваццаць восем гадоў.

У патоку чутак трапляліся самыя разнастайныя. Гаварылі пра каласальныя сувязі Аліцыі Горн у найвышэйшых урадавых колах, пра тое, што сам міністр закаханы ў яе, што нават у іх ёсць агульнае дзіця, што яна не жанчына, а гермафрадыт і нават кожны дзень голіцца, бо ў яе растуць вусы і барада. Суддзя Пшчулкоўскі чуў ад кагосьці, што гэта псіхічна ненармальная, нешта паміж садысткай і вампіркай, затое адвакат Камёнка лічыў, што ў гэтым прызначэнні ёсць «штосьці».

У чым гэтае «штосьці» павінна было заключацца, сам адвакат не здолеў растлумачыць.

Так працягвалася да чацвярга, да дзевяці ранку, калі ў прыёмнай пракурора Мартыновіча з’явілася высокая, элегантна апранутая жанчына і сказала судоваму служку:

— Далажыце, калі ласка, пра мяне пракурору. Аліцыя Горн.

За пяць хвілін гарачая навіна даляцела да ўсіх кантор будынка:

— Прыйшла! Яна маладая і вельмі прыгожая.

— Можна лопнуць ад смеху! Баба-пракурор!

— Брунетка? Яўна яўрэйка?

— Юзэф кажа, што не падобная да яўрэйкі і што яна бландзінка.

А ў гэты час пракурор Мартыновіч паклікаў у свой кабінет абодвух віцэ-пракурораў і ўсіх падпракурораў.

— Дазвольце, панове, — суха звярнуўся ён, указваючы на маладую жанчыну, якая стаяла каля пракурора, — прадставіць вам новую калегу, падпракурора Аліцыю Горн.

Затым было наццаць поціскаў доўгай прыгожай рукі пад акампанемент прамармытаных прозвішчаў.

— Спадарыня Горн, — звярнуўся пракурор Мартыновіч, — прыме справы падпракурора Карчыньскага, якога перавялі ў Львоў. Настойліва і рашуча прашу вас спрыяць працы новага члена пракуратуры. Да маіх вушэй дайшло, што факт прызначэння жанчыны выклікаў тут недарэчную сенсацыю і бязглуздую балбатню, чаго я не цярплю і не сцярплю. Я чакаю ад вас, калегі, рашучага супраціўлення гэтым настроям і веру, што дзякуючы такту і пачуццю абавязку, з гэтай хвіліны зноў запануе парадак. Дзякуй усім!

За хвіліну кабінет апусцеў.

— Ці магу я зараз пачаць працаваць? — спытала Аліцыя Горн.

— Безумоўна. Вы знойдзеце ўсё ў поўным парадку. Карчыньскі быў адным з самых акуратных маіх падначаленых. Акрамя таго, стажор, пан Мадронь, падрабязна азнаёміць вас з пачатымі справамі.

Аліцыя Горн устала.

— Такім чынам…

— І яшчэ, — затрымаў яе пракурор Мартыновіч.

— Слухаю, пан пракурор.

— Вось што, пані… Не ведаю, як гэта сказаць… Хм… Вы жанчына і жанчына… прывабная. Я не пацярплю, калі гэта як-небудзь пашкодзіць працы калег супрацьлеглага полу!.. Я лічу, што вы павінны трымаць іх на пэўнай дыстанцыі. Разумееце, пра што я кажу?

— Разумею, пан пракурор, — усміхнулася Аліцыя, паказваючы ў прыадкрытых поўных вуснах два рады асляпляльна белых зубоў.

Мартыновіч паглядзеў на яе з-пад акуляраў і пачаў перагортваць нейкія паперы на стале:

— Хм… Так… Добра. І… гэта… і не трэба ўсміхацца. Такім чынам, пан Мадронь, — ён націснуў на гузік званка, — пазнаёміць вас з тутэйшымі парадкамі.

Зайшоў служка і знік, атрымаўшы загад запрасіць пана Мадроня.

— Пан пракурор, — звярнулася Аліцыя, — я ўпэўнена, што не дам вам нагод для незадаволенасці маёй прысутнасцю тут. Я хачу працаваць і бачу ў прафесіі грамадскага абвінаваўцы высокае прызначэнне, я цалкам усведамляю, што як першая жанчына ў гэтай ролі, тым больш павінна дбаць пра павагу да яе.

— Тым лепей, — падтакнуў Мартыновіч, — што мы вельмі добра зразумелі адно аднаго.

З’явіўся стажор Мадронь, прадставіўся сарамліва і амаль не гледзячы на Аліцыю, бо не адважваўся адарваць вочы ад вуснаў пракурора. Пасля кожнай фразы яго распараджэння ён аўтаматычна паўтараў «так, пан пракурор» і толькі пачуўшы рэзкае «ну?!», зразумеў, у чым справа.

Стажор праводзіў Аліцыю да яе кабінета і, не маючы магчымасці пазбавіцца ад пакутлівага і (ён адчуваў гэта) сарамлівага хвалявання, перарывістым голасам даваў прафесійныя тлумачэнні. Вымаў стосы актаў, указальнікі, ноты, календары і гаварыў бесперапынку.

Толькі калі яна пачала задаваць яму кароткія, слушныя пытанні, у стажора крыху адлегла і ён употай прыгледзеўся да яе нахіленай над паперамі галавы. Аднак калі яна падымала на яго свае палаючыя чорныя вочы, ён адразу ж рэціраваўся.

— Дзякую пану! — сказала падпракурор пасля знаёмства з усім. — Калі я буду вымушана яшчэ пана патурбаваць, я знайду вас у канцылярыі, так?

— Так, калі ласка, пані. Маё шанаванне!

Аліцыя засталася адна.

Гэта быў невялікі пакой з адным акном, якое выходзіла на старую сцяну. Попельная афарбоўка сцен і жоўтая мэбля, якая складалася з шафы, пісьмовага стала, століка для машынкі і некалькіх крэслаў, стваралі ўражанне афіцыйнай сухасці і суровасці.

Падпракурор павольна зняла футра і маленькі чорны капялюш, выняла з сумкі асадку і села за стол.

У яе не было такіх моцных адчуванняў, якіх яна спачатку чакала. Наадварот, цяпер яна была больш упэўненая ў сабе, чым звычайна. Аліцыя ведала, што справіцца не горш за іншых. Да таго ж, яна была падрыхтаваная значна лепш за многіх калег. Ва ўніверсітэце яе лічылі фенаменальна здольнай, права яна ведала выдатна, паглынула сотні прафесійных спраў, а дзякуючы дасканалай памяці займела сабе ў лодзінскім акруговым судзе, дзе праходзіла практыку, мянушку Энцыклапедыя Права.

У значнай ступені гэтаму паспрыяла яе нястомная прага азнаямлення з усімі галінамі ведаў, што маюць хоць якое-небудзь дачыненне да юрыспрудэнцыі. Яшчэ ва ўніверсітэце Аліцыя адначасова вывучала хімію, псіхіятрыю, пазней у Парыжы ўдасканальвала свае веды, урэшце штудзіравала гісторыі вялікіх працэсаў і для развіцця навыку складала абвінаваўчыя акты так, як калі б яна была на месцы тых пракурораў.

З якой жа лёгкасцю яна выяўляла іх памылкі і няўважлівасць, у колькіх справах, дзе абвінавачаныя былі апраўданы, можна было даказаць іх віну!

Аліцыя ганарылася сваёй кемлівасцю, праніклівасцю і ўнутранай сілай, яна ведала, што можа не баяцца канкурэнцыі з боку мужчын. Як жа моцна яна імі пагарджала! Якое ж вялікае права мела іх ненавідзець!

Падпракурор пачала чытаць акты. Яны і праўда былі ў поўным парадку.

Першыя датычыліся нейкага дробнага крадзяжу і махлярства, другія забойства без ніякіх доказаў, трэція падробкі манет наміналам пяць злотых…

Аліцыя зірнула на гадзіннік. Было дзве гадзіны пятнаццаць хвілін. А палове трэцяй у яе была прызначана афіцыйная сустрэча ў старшыні суда.

Падпракурор паскладвала акты, замкнула шафу і пісьмовы стол і выйшла ў калідор.

Кабінет старшыні, як паведаміў ёй спатканы служка, знаходзіўся ў левым крыле будынка.

Ідучы па лесвіцы і па бясконца доўгіх калідорах, Аліцыя пастаянна сустракала службоўцаў, безліч іншых людзей і адразу заўважыла, што ўсе назіраюць за ёй з незвычайнай цікавасцю.

Аднак яна рабіла выгляд, што не заўважае гэтага.

Старшыня адразу ж прыняў яе. Яму было гадоў шэсцьдзясят, у яго быў мілы, прыемны твар.

Ён выйшаў насустрач Аліцыі і працягнуў руку:

— Мне вельмі прыемна з вамі пазнаёміцца! Я Турчыньскі.

— Горн, — адказала яна коратка.

— Прашу вас, пані, сядайце! — падсунуў ён ёй стул. — Я рады, што сфера юстыцыі набыла новага і такога таленавітага супрацоўніка.

— Пан старшыня вельмі ласкавы, — сказала дзеля прыстойнасці Аліцыя.

— Зусім не. Я чуў ад пана міністра столькі хвалы ў ваш адрас, столькі павагі…

Старшыня падаў Аліцыі скрынку з папяросамі.

— Дзякуй, пан старшыня, я не куру.

— Вы не курыце?

У голасе старшыні загучала такое шчырае здзіўленне, што яна запыталася:

— А чаму вам здалося, што я куру?

— Буду шчырым, калі вы дазволіце. Не трэба быць надта назіральным, каб заўважыць, што жанчыны, якія абіраюць для сябе мужчынскую прафесію, у асноўным стараюцца быць да іх падобнымі ў адзенні, ладзе жыцця. І згадзіцеся, што ад жанчыны, якая стала пракурорам, можна як мінімум чакаць, што яна будзе курыць, — скончыў ён жартаўліва.

— Слушна, пан старшыня, але роўна настолькі, наколькі жанчына — як бывае часцей за ўсё — выбірае сабе традыцыйна мужчынскую прафесію менавіта з мэтай быць падобнай да мужчыны.

— Такім чынам, вы?..

— Я ж думаю, што ў падобных адносінах такіх жанчын да гэтага пытання ёсць міжвольнае ўхваленне анахранізму, што толькі мужчына здольны быць самастойнай адзінкай. Яны гэтым самым схіляюць галовы перад перажыткам, з якім, на першы погляд, яны змагаюцца, а, ідучы ўслед за мужчынамі, проста становяцца пасмешышчам.

Старшыня ўважліва паглядзеў на Аліцыю:

— Вы мяне зацікавілі. Прызнацца, я першы раз сустракаюся з падобным пунктам погляду ў дзяўчыны, якая якраз… А вы не хочаце развіць сваё меркаванне?

— Гэта няцяжка, пан старшыня. Я думаю, што пытанне полу не можа адыгрываць ніякай ролі ў якой бы тое ні было прафесіі. Нават калі гаворка ідзе аб фізічнай працы, у народзе мільёны жанчын выдатна да яе прыстасаваныя.

— Без сумнення.

— З іншага боку, мужчыны, занятыя працай, якая традыцыйна лічыцца жаночай, зусім не набываюць жаночых рыс. На Захадзе я бачыла мужчын, якія даілі кароў, шаравалі ганкі, цыравалі панчохі і гэтак далей і ўвогуле не заўважыла, каб яны ўжывалі пудру, насілі спакуслівыя бліскаўкі або хадзілі плаўным крокам.

— Цудоўна! — падняў бровы старшыня Турчыньскі. — Такім чынам, на вашу думку, пол не ўплывае на схільнасці і здольнасці?

Аліцыя Горн усміхнулася:

— Уплывае толькі традыцыя. Я глыбока перакананая, што жанчына вельмі добра можа выконваць любую работу, зусім не губляючы сваёй жаноцкасці. Пра сілу майго пераканання, відаць, найлепей сведчыць факт, што я выбрала прафесію пракурора.

— Дзіўна! І вы не баіцеся, што выкананне вашых прафесійных абавязкаў будзе вымагаць бязлітаснасці, суровасці, часам нават жорсткасці.

— Жорсткасць, пан старшыня, бліжэйшая псіхіцы жанчыны, чым мужчыны.

Старшыня паківаў галавой:

— Так, гэта праўда. Аднак я не разумею, прабачце мне, пані, за адкрытасць, не разумею, чаму вы сталі пракурорам? Сапраўды, вы робіце ўражанне вельмі жаноцкай, а ў разумнай і мэтанакіраванай жанчыны пры выбары прафесіі заўсёды вырашальнымі становяцца матывы вузка асабістыя…

Аліцыя слаба ўсміхнулася:

— Я жанчына.

Запанавала цішыня.

— Я вельмі прабачаюся, — звярнуўся старшыня, — я не хацеў. Не палічыце мяне недалікатным назолам.

— Барані божа! — жыва запратэставала Аліцыя.

— Мне было б крыўдна, калі б адразу, з першага дня знаёмства ў вас склалася дрэннае меркаванне пра мяне.

— Пан старшыня вельмі ласкавы да мяне, а вось наконт знаёмства, дык я даўно вас ведаю. Не раз і не дзесяць я прысутнічала на працэсах, якія вы ўзначальвалі…

— Сапраўды?.. І якое ў вас уражанне?

— Уражанне. дабрыні, — адказала падпракурор, павагаўшыся хвіліну.

— О?! Гэта дрэнна, — усміхнуўся старшыня з прытворным хваляваннем. — З пункту погляду пракурора вы павінны былі мяне безапеляцыйна асудзіць, ці не так?

Абое рассмяяліся, а старшыня кінуў вольна:

— У той жа час у кожным чалавеку тоіцца часцінка акцёра, які прагне дыфірамбаў, нават у такім старым, вельмі старым старшыні суда… Ну, я, відаць, вам надакучыў, а ўжо чацвёртая гадзіна, — ён устаў і падаў жанчыне руку. — Вялікі дзякуй, пані! Такія мілыя і цікавыя афіцыйныя візіты ў мяне рэдкасць. У любым выпадку, жадаю вам поспехаў!

— Дзякуй вам, пан старшыня!

— Пракурор Мартыновіч крыху строгі, але я лічу яго чалавекам, вартым павагі. Спадзяюся, што ў вас складуцца добрыя адносіны. Да пабачэння, пані.

— Да пабачэння, пан старшыня.

Калідоры па дарозе назад падаліся Аліцыі значна карацейшымі. Візіт да старшыні Турчыньскага стварыў ёй выдатны настрой.

— Праз некалькі дзён я адчую сябе тут абсалютна свабодна.

Перад дзвярыма свайго кабінета падпракурор спаткала стажора Мадроня. У яго былі для яе нейкія паперы. Не праглядаючы іх, яна схавала дакументы ў стол, надзела капялюш і футра і выйшла.

Нападала шмат снегу, і шырокі двор блішчэў белізною.

Аліцыя была ў выдатным настроі, аднак хапіла першага позірку на вуліцу, каб твар яе пахмурнеў: па тратуары на супрацьлеглым баку прагульваўся доктар Чухноўскі і ўтаропліваў свае блізарукія акуляры ў вароты палаца Пацаў.

Канечне ж, ён яе не заўважыў, і яна вельмі хацела прамінуць яго хоць у якасці кары за тое, што ён прыйшоў сюды праветрыць свой сентыменталізм старой цёткі. Але яна затрымалася, а калі ён падбег і, цалуючы яе руку, нахіліў сваю шырокую галаву лысеючага бландзіна, Аліцыя рассмяялася:

— Ты нагадваеш мне качку, якая гадуе куранят, не, наадварот, курыцу, якая гадуе качанят!

— Ну і як там, Аля, раскажы, усё добра?

— Дрэнна.

— Што ты кажаш?! — спужаўся ён. — Чаму?

— Таму што ты сюды прыйшоў. Дурная ідэя! Я злая на цябе. Прыгожая гісторыя! Паклоннікі тырчаць перад судом, чакаючы, ці не выйдзе пракурорка.

— Аля, ты не маеш рацыі…

— Даражэнькі, — перарвала Аліцыя, — я не пенсіянерка і не прадавачка. Я не выношу гэтага. Добрую ж рэпутацыю створыць пра мяне гэтае тваё стаянне.

— Але ж як твой жаніх я хіба магу…

— Ах, мой Уладэк, сёння інстытут жаніхоўства страціў ужо нават сваю двухзначнасць, па меншай меры, па агульным меркаванні.

— Акрамя таго, ты ж можаш сказаць, што мы сваякі. У крайнім выпадку…

— Па-першае, дзясятая вада на кісялі, а па-другое, ты і праўда мяне так мала ведаеш, што можаш дапусціць хоць на хвіліну, што я буду камусьці даваць справаздачу?

Павярнулі на Кракаўскае Прадмесце.

— Увогуле, дарагі мой, я не цярплю сантыментаў. Ужо сам факт, што ты сабе дазволіў гэты выбрык, сведчыць пра тое, што мы ніяк не падыходзім адно аднаму па характары.

— Аля, ты ж не можаш папракаць мяне за тое, што я хацеў як найхутчэй даведацца, як.

— Менавіта за гэта я цябе і папракаю. Ты не разумееш?!

Аліцыя была ўжо раздражнёная і, заходзячы ў трамвай, наўмысна заняла такое месца, што Чухноўскі не мог размаўляць з ёй пра інтымныя рэчы. Каб не здароўе Юлькі, яна загадала б яму выйсці.

— Як Юлька? — спытаўся, нахіляючыся, Чухноўскі.

— Зранку было 37 і пяць. Яна хацела нават устаць і ісці ў школу.

— Барані божа!

— І таму я не дазволіла. Баюся за яе ныркі. Пасля шкарлятыны ўжо тры гады таму ледзь яны ў яе не захварэлі. А цяпер, калі гэта грып, то ён таксама часта пашкоджвае нырачныя лаханкі.

— А спала яна добра?

— Дзе там! Ты ж яе ведаеш. Да трэцяй ночы зубрыла фізіку.

— Ты не павінна гэтага дазваляць. Дзяўчаты яе ўзросту хутка захворваюць на хлароз.

— Я ёй казала, але яна прыводзіць свой звычайны аргумент: атэстат. Калі атрымае атэстат, — кажа, — будзе мець час на вылежванне і высыпанне.

Выйшлі яны на Тапалёвай. Чухноўскі спрабаваў вярнуцца да няскончанай размовы, аднак Аліцыя тут жа перарвала.

— Не нудзі. Я ведаю, што ты мог бы яшчэ сказаць і мне гэта зусім не цікава.

Вуліца Тапалёвая выходзіла на аэрадром, які іскрыўся ружовым снегам у заходзячым сонцы.

Узышлі на трэці паверх. Аліцыя адчыніла дзверы.

— Ты не ўяўляеш, як я люблю гэту тваю кватэрку, — звярнуўся Чухноўскі да Аліцыі. — Кожны раз, калі я тут бываю, адчуваю, што карабель у порце.

— Ох, якое яркае параўнанне! Але, калі так хочаш, то ў порце гэтым вельмі мала докаў.

— Бо гэта порт… камерны.

— Аля! Аля! — данёсся з глыбіні кватэры дзявочы голас.

— Зараз, малышка!

— Добры дзень, панна Юлька! — клікнуў Чухноўскі.

— Добры дзень, доктар!

— Я не пайду да яе, пакуль рукі не сагрэюцца, — сказаў доктар.

— Аля! — крычала Юлька. — Ты ўжо ўпекла каго-небудзь у турму?

— Не верашчы, бо забаліць глотка! Зараз Уладэк да цябе прыйдзе. Я павінна зазірнуць на кухню.

У малой куханьцы ўвіхалася старая Юзэфова і мармытала свае вечаровыя пацеры. Аліцыя ні пра што не пыталася ў яе, бо ведала, што Юзэфова ўсё роўна не адкажа, пакуль не скончыць сваю малітву. Аліцыя даўно звыклася з гэтай звычкай старой і сама зазірнула ў каструлі.

Памідоравы суп быў ужо гатовы, а вось штуфат[3] павінен быў яшчэ падтушыцца, прыкладна — з паўгадзінкі. Кампот стыў на акне, а талеркі з рэшткамі булёну і курынымі касцямі, якія стаялі побач, сведчылі пра тое, што Юлька паабедала.

Аліцыя ўвайшла ў свой пакой, паправіла перад люстэркам валасы, злёгку прыпудрыла нос і накіравалася да Юлькі.

Чухноўскі сядзеў ля яе на ложку і лічыў пульс.

Юлька выцягнула свабодную руку і — каб не перашкодзіць доктару — паслала Аліцыі паветраны пацалунак.

Дзяўчына выглядала значна лепей, чым раніцай. Вочы яе блішчэлі, а шчокі ружавелі.

«Якая ж яна прыгожая!» — падумала Аліцыя, прыглядаючыся да яе прамяністага напаўдзіцячага-напаўжаночага тварыку.

— Хм… — прамовіў Чухноўскі, — дзяўчына не спіць начамі — і вось вам пагаршэнне.

— Але ж я цудоўна сябе адчуваю! — усклікнула Юлька.

— Ну, яшчэ пабачым, што нам скажа пра гэта тэрмометр. Толькі, панна Юлька, трымайце, калі ласка, добра.

— Смачны быў абед? — запыталася Аліцыя.

— Выдатны!.. Ну раскажы ўжо! Мне так цікава! Гэта ж павінна была быць сенсацыя! Ну давай!..

— Нічога надзвычайнага. Пракурор прадставіў мяне калегам, потым я нанесла візіт старшыні суда.

— Ну і як яны? Сімпатычныя?

— Так.

— А ў цябе ёсць свой пакой?

— Ёсць. Невялікі кабінецік.

Юлька надула вусны:

— Нядобрая ты, Аля. Абыходзішся паўсловам. Як заўсёды! Я расказваю табе пра сябе ўсё-ўсё! І што раблю, і што думаю, а ты ніколі!.. Ты лічыш мяне смаркачкай…

Аліцыя з усмешкай пагладзіла амаль каштанавыя валасы дзяўчыны:

— Дык што ж я табе павінна расказаць?

— Ну, хаця б тое, ці ёсць там якія-небудзь прыстойныя мужчыны…

— Хо-хо! — абурыўся доктар. — Што вас, аднак, цікавіць!

— У тым ліку!.. — паціснула плячыма Юлька.

— Увага! — прытрымаў яе Чухноўскі, — тэрмометр!

— Ну дык уяві сабе, — сказала Аліцыя, — што ёсць там адзін такі малакасос, практыкант, які не зводзіць з мяне вачэй. Астатнія — старэйшыя і сур’ёзныя людзі.

— Ой, я ўпэўнена, што яны там усе ў цябе закахаюцца!

— Не нясі лухты, Юлька.

Дзяўчына падміргнула Аліцыі і прамовіла наўмысна змоўніцкім тонам:

— Бедны доктарчык, ён жа лопне ад зайздрасці.

Чухноўскі кашлянуў і паправіў свае рагавыя акуляры: гэта вельмі красамоўна сведчыла пра яго заклапочанасць, што Юлька нават пашкадавала пра сваю злараднасць і папляскала яго па шчацэ.

— Ужо, відаць, можна выняць тэрмометр, — заўважыла Аліцыя, — я хачу ведаць, якая тэмпература, бо павінна паспець пераапрануцца да абеду.

— Трыццаць восем і два, — абвясціў доктар. — Вось вынікі вучобы па начах!

Ён дастаў з кішэні сваю трубку:

— Ну, паненка, здыміце, калі ласка, кашулю і сядзьце.

— Пачакай, — затрымала яе Аліцыя, — пакуль я выйду. У суседнім пакоі холадна, дык каб цябе не праняло.

Калі дзверы за ёй зачыніліся, Юлька сказала:

— Доктарчык, даражэнькі, вы на мяне не злуяцеся?

— Але ж за што? Ну, давайце, мая харошая!

Юлька села і сцягнула кашулю.

Яна зусім не выглядала на тып, схільны да сухотаў. Мяккі нахіл плячэй, правільная лінія шыі, дастаткова развітая грудная клетка. І ў рэшце рэшт дастаткова цягліцаў. Худзізна звычайная для сямнаццацігадовай дзяўчыны.

Доктар пачаў прастукваць грудную клетку. Два яго пальцы цаля за цаляй перасоўваліся па цёплай аксамітнай скуры, трэці стукаў у яе, як малаток. Гук быў чысты і поўны. Незнарок Чухноўскі крануў далонню дзявочыя грудзі. Юлька здрыганулася і зардзелася, а ён настолькі быў паглынуты даследаваннем, што не заўважыў гэтага.

Прастукаў спіну і ўзяў трубку:

— А цяпер паслухаем, што нам скажа стэтаскоп. Глыбокі ўдых… так… цяпер яшчэ… так… яшчэ… Ну, выдатна… А як там сэрцайка… Не дыхайце, калі ласка…

— Вольнае, — рассмяялася Юлька.

— Што?

— Сэрцайка!

— Не разумею! — доктар падняў галаву і паглядзеў на яе.

— Вы пыталіся, як там сэрцайка, дык я адказала, што вольнае.

— Ага! — засмяяўся Чухноўскі і толькі цяпер дацямкаў, што гэтая малая з ім какетнічае. — Важней тое, што лёгкія вольныя, — дадаў ён.

У Чухноўскага была настолькі збянтэжаная міна, што Юлька вырашыла яшчэ больш яго засаромець.

— Міленькі доктар! — зашчабятала яна, — скажыце мне, калі ласка, ці добра я складзеная?

— Ну, канечне, усё нармальна.

— Не, я не пра гэта. Пытаюся, ці прыгожая я?

— Э-э-э-э, я ў гэтым не разбіраюся. Адвярніцеся, калі ласка.

Доктар прыклаў трубку да Юльчынай спіны.

— Але ж у доктарчыка ёсць…

— Ціха! Дыхайце глыбока, калі ласка… яшчэ… так… удыхнуць паветра… добра…

Чухноўскі злажыў стэтаскоп і схаваў яго ў кішэнь.

— Я магу надзець кашулю? — спыталася Юлька з гуллівай усмешкай.

— Ну, можна. Пік хваробы ўжо прайшоў, але яшчэ не ўсё. Прашу вас, ляжце на жывоцік.

— О, доктарчык будзе мяне біць?

— Не пашкодзіла б, — буркнуў ён і падумаў, што Юлька сёння надта ж разняволеная.

Доктар адсунуў коўдру і, лёгка націскаючы на мышцы ў вобласці нырак, спытаў:

— Баліць?

— Не.

— А тут?

— Таксама не… — яе голас даносіўся з падушкі, да якой яна прыціснула твар. — Нідзе ў мяне не баліць! Вы хочаце мяне задушыць гэтай падушкай.

— Уладэк! — пачуўся з суседняга пакоя голас Аліцыі. — Ты скончыў?

— Зараз, хвілінку.

— Ну дык ідзі памый рукі. Абед на стале.

— Секундачку.

Юлька апранала кашулю і, змагаючыся з рукавамі, спыталася:

— Дык вы мне не скажаце, ці прыгожая ў мяне фігура?

— Скажу іншае, — раздражніўся доктар. — Дзяўчынка зробіць сік-сік і напоўніць гэтым бутэлечку. А я забяру на аналіз.

Юлька паказала яму язык.

— А, выдатна! — усцешыўся доктар гэтым доказам утаймавання свавольнай пацыенткі. — А ну-а ну, пакажыце язычок.

— Не пакажу!

— Ну, вы яшчэ не скончылі? І як? — стала на парозе Аліцыя.

— Парадак. Дзякуй богу, нічога не пагражае, звычайная прастуда і слабы грып. Я ўчора баяўся, што можа быць горш. Калі я не памыляюся…

— Добра, раскажаш мне за абедам. Цяпер ідзі мый рукі.

Калі Чухноўскі выйшаў, Аліцыя села на ложак Юлькі, а тая закінула ёй рукі на шыю:

— Аля! Ты не маеш уяўлення, што я ўчыніла!.. А ты не будзеш злавацца? Уяві сабе, я какетнічала з доктарам! У яго была такая смешная міна! Я спыталася ў яго, ці прыгожая ў мяне фігура… Ну, не смейся з мяне, Аля!..

— І што ён на гэта?

— Уяві сабе, сказаў: няхай дзяўчынка зробіць сік-сік для аналізу. За каго ён мяне прымае? Канечне, я паказала яму язык!

Аліцыя, смеючыся, прытуліла Юльку і шчыра яе пацалавала.

— Ты надта не выступай, мая харошая, бо ў цябе хутка падскочыць тэмпература, — сказала яна, устаючы.

— Аля, пачакай, я павінна табе сказаць нешта вельмі важнае, страшна важнае!

— Ну?

— Ты не ўяўляеш, як я цябе люблю! Больш, чым увесь свет.

Аліцыя вярнулася і пацалавала Юльку ў выпнутыя вусны.

Яна нічога не сказала. Бо сама любіла Юльку, як сястру. Што ж значаць кроўныя сувязі? Пытанне выпадку і толькі… А гэтая чужая дзяўчына, па крыві далейшая, чым можна сабе ўявіць, якая самім сваім існаваннем нагадвае брата… Голас, напрыклад, у яе цалкам такі, як у Паўла… А ўсё ж яна для Аліцыі самая блізкая… Сапраўды, ва ўсім свеце няма нікога больш блізкага…

— Аля, пра што ты думаеш?

— Пра ўсё патрохі, сонейка.

— А суп стыне! — з іншага пакоя пачуўся голас Чухноўскага.

Трэба было сядаць за стол.

Загрузка...