На ўзбярэжжы Гітчы Гумі
Састарэлая Накоміс
Рукі ў неба прасцірала
Над зямлёй, дзе захад сонца
Фарбаваў у чырвань хмары,
Завадзь Велічнага Мора.
Сонца полымем пякельным
Прабівала шлях барвовы,
Падпаліўшы за сабою
Неба, так, як паліць войска
Стэп у часе адступлення;
I ўзышоў на ўсходзе месяц,
Быццам ён з засады вылез,
I пагнаўся ўслед за сонцам
Па яго крывавых сцежках,
Сам у водблісках крывавых.
I на захад прасцірала
Рукі ў роспачы Накоміс,
Гаварыла Гаяваце:
«Там жыве ўладар караляў
Меджысогван, Дух Багацця,
Чараўнік, які завецца
З веку ў век Пяром Жамчужным;
Там жыве ён пад надзейнай
Вартай змей, пачвар агністых,
Змей Кінэбік; іх пабачыць
Можаш ты ў вадзе бясконцай,
Чорнай, як смала, як дзёгаць,
Што, як мора, разлілася
Да заходніх хмар барвовых.
Гэта ім забіты бацька
Мой, каварна ашуканы,
Калі з месяца спусціўся
На зямлю за мною следам,
Каб знайсці мяне ў даліне.
Меджысогван пасылае
Нам хваробы, ліхаманкі,
Дзьме смяротнаю імглою,
Вее вільгаццю балотнай,
Багны параю атрутнай!
Выбірайся ў шлях на чоўне
З булавою, Пагэвоган,
Лук вазьмі свой, Гаявата,
З наканечнікамі стрэлы,
Рукавіцы, Мінджыкэван;
Змаж пірогу тлушчам Намы,
Каб па чорных вадаёмах
Ты на ёй праехаў шпарка,
Каб знішчаў ты чарадзея,
Ратаваў народ ад смерці,
Меджысогвану адпомсціў —
За майго адпомсціў бацьку!»
Не марудзіў Гаявата,
Захапіўшы ўсё, што трэба,
I паляпаўшы вясёла
Па баках сваю пірогу,
Загадаў: «Плыві наперад!
Нас с табой не спыняць змеі,
Смаляныя вадаёмы,
Човен мой, о сябра любы!»
Човен горда бег уперад,
I ўрачыста Гаявата
Гімн спяваў свой ваяўнічы,
А над ім Кіню магутны,
Правадыр сям'і птушынай,
Баявы арол, кружыўся
З дзікім крыкам, з перасвістам.
Хутка ўбачыў Гаявата
Велічэзных змей, Кінэбік,
У вадзе яны кішэлі,
Выгіналіся пачварна,
Натапырваючы грывы,
Парай дыхалі пякельнай,
Каб ніхто не мог да іхніх
Уладанняў падступіцца.
Але смелы Гаявата,
Гучна крыкнуўшы, сказаў ім:
«Прэч, пачвары, прэч, Кінэбік,
Вызваляйце шлях-дарогу!»
Засіпелі змеі люта,
Злосна ў твар агнём дыхнуўшы:
«Гэй, вяртайся, Шагадая,
У вігвам старой Накоміс!»
Гаявата ўскінуў гнеўна
Лук свой з ясеню і стрэлы
Пасылаць пачаў з пірогі,
Трапна цэлячыся ў гадаў:
Кожны гук нацятай туга
Цецівы быў гукам смерці,
Свіст стралы нёс гібель змеям,
Гаяваце — перамогу!
Па вадзе ён плыў крывавай
Між пачвар, якіх усмерціў,
I звяртаўся пераможна
Гаявата да пірогі:
«Ты плыві цяпер да чорнай,
Смаляной вады балотнай!»
Густа змазаў тлушчам Намы
Ён бакі і нос пірогі,
Каб шпарчэй яна імчала
Па вадзе, як дзёгаць, ліпкай.
I ўсю ноч ён плыў па гразкай
Той вадзе, пакрытай вечнай
Цвіллю, па вадзе стаячай,
Ад трысця гнілога чорнай;
Пры святле начнога сонца
Плыў вадою нежывою,
Месцам тым, дзе душы мёртвых
У паўночны час ляталі
Трапяткімі аганькамі
Над прыстанішчам часовым.
Асвятляў паветра месяц,
А ваду цямрылі цені,
А над ім маскіт, Саджэма,
З баявой круціўся песняй,
Ліхтарамі Ва-ва-тэйзі,
Светлякі, збівалі з тропу,
А з вады Дагінда, жаба,
Жоўтым вокам пазірала,
Ціха ўсхліпнула і знікла;
I напоўнілася ў момант
Наваколле стогалоссем,
I, пазнаўшы Гаявату,
З трыснягоў сваіх Шух-шух-га
Абвясціла крыкам гучным
Аб ягоным набліжэнні!
Плыў на захад Гаявата,
Дзе ў палацах Меджысогван
Жыў і слыў Пяром Жамчужным
Змардаваны, бледны месяц
Доўга-доўга на світанні
Углядаўся ў Гаявату,
А калі на ўсходзе сонца
Паднялося, прыпаліла,
Перад ім ужо на ўзгорку
Ззяў палац — Вігвам Жамчужны,
Меджысогвана харомы.
«Гэй, наперад!» — зноў пірозе
Ён сказаў тады — і шпарка
Паімчаўся лёгкі човен
Пераможна праз лілеі,
Праз густы чарот і шпажнік,
Што хістаўся на ўзбярэжжы.
I на бераг Гаявата
Выйшаў, ног не замачыўшы.
Тут жа ўзяў ён лук свой грозны
I, адным канцом надзейна
У пяску замацаваўшы
Лук свой з ясеню, каленам
Пасярэдзіне націснуў;
З цецівы, напятай туга,
У палац — Вігвам Жамчужны,
Пеючы, страла ляцела
З гордым выклікам на бітву:
«Меджысогвана на бітву
Гаявата выклікае!»
Хутка выйшаў Меджысогван,
Змрочны з выгляду, магутны,
I высокі і плячысты,
З галавы да пят убраны —
Як нябёсы на світанні —
Упрыгожаннем і зброяй,
Яркай фарбай баявою —
Жоўтай, сіняю, чырвонай,
Пер'ем лепшага гатунку,
Пер'ем з доўгіх крыл арліных.
«А, дык гэта ж Гаявата!—
Кпліва крыкнуў Меджысогван.—
Добра ведаю цябе я.
Прэч адгэтуль, Шагадая!
Прэч адгэтуль, баязлівец!
Ты ж унук старой Накоміс!
Твайго прадзеда забіў я
I цябе не пашкадую!»
Не збаяўся Гаявата,
Адказаў яму спакойна:
«Словам гучным, словам грубым
Не заб'еш, як тамагаўкам,
Самахвальствам не параніш,
Стрэлы б'юць вастрэй, чым кпіны,
Справа значыць больш, чым слова!»
I пачаўся найвялікшы
Бой з усіх баёў, вядомых
Сонцу, птушкам ваяўнічым.
Цэлы летні дзень, з усходу
Да заходу, ён цягнуўся,
Бо жамчужнае кальчугі
Не маглі ніяк пашкодзіць
Тамагаўк і Мінджыкэван,
Рукавіцы Гаяваты;
Імі мог крышыць ён скалы,
Але толькі не кальчугу,
Не з жамчужын дробных петлі,
Што ад стрэл зачараваны.
Перад тым, як сонца зойдзе,
Хмурны, ранены, змарнелы,
З разадранай рукавіцай,
З калчаном, дзе засталося
Толькі тры стралы, спыніўся
Адпачыць, на лук прыпаўшы,
Гаявата пад сасною,
Скрозь пакрытай шэрым мохам,
Цвіллю жоўтай, нібы скурай
Чалавечага абутку —
Страшнай згадкай аб памершых.
Нечакана дзяцел, Мэма,
Прабубніў над галавою:
«Цэлься ў скронь стралою трапнай,
Бі ў карэнні незаклятых
Валасоў і кос ягоных.
Толькі гэтак чарадзея
Можна раніць, Гаявата!»
Выбраў момант Гаявата,
Калі вораг нахіліўся,
Каб падняць і кінуць камень,—
I стралой, ад пер'яў — лёгкай,
I ад яшмы — вострай, трапіў
У карэнні незаклятых
Кос ягоных; спатыкнуўся
Чарадзей, рвануўся ўперад,
Як бізон, стралком падбіты
На заснежаных прасторах.
I яшчэ трапней ад першай
Біла ў цэль страла другая,
I ўпілася больш глыбока,
I працяла больш балюча;
Захістаўся Меджысогван,
Пачалі калені гнуцца,
Як трысцё пад буйным ветрам.
Ад стралы апошняй, трэцяй,
Што, як громам, аглушыла,
Дзень пагас, і Меджысогван
Смерці крок пачуў у цемры,
Голас Погака прызыўны,
I адчуў у вечным змроку
На сабе ягоны позірк.
Пад нагамі Гаяваты
Чарадзей ляжаў забіты.
I тады пазваў удзячны
Гаявата Мэму, дзятла,
З той сасны, сасны маркотнай;
Меджысогвана крывёю
Фарбаваў чупрыну Мэмы
Ён у знак заслуг ягоных;
З дня таго зялёны дзяцел
Носіць горда чуб чырвоны —
Знак заслуг сваіх мінулых,
Не забытых Гаяватай.
З чарадзея скінуў потым
Ён жамчужную кальчугу,
Як змагання знак, як памяць
Незабыўнай перамогі.
Цела берагу пакінуў,
Частку — хвалям, частку — сушы:
Галаву вада схавала,
Жоўты жвір засыпаў ногі.
Над забытаю ахвярай
Баявы арол кружыўся,
З кожным кругам ён зніжаўся,
Набліжаўся, набліжаўся.
З Меджысогвана харомаў
Вынес скарбы Гаявата,
Незлічоныя багацці,
Горы футраў сабаліных,
Скур бабра і гарнастая,
Паясы, каралі, стрэлы,
Наканечнікі са срэбра.
Ён дабром сваю пірогу
Нагрузіў, паплыў дадому
Па вадзе, як дзёгаць, чорнай,
Міма змей, якіх ён знішчыў.
Вёз трафеі Гаявата
З гучнай песняй перамогі.
На пясчаны бераг выйшлі,
Каб сустрэць як след героя,
Што дадому ехаў з песняй,
Састарэлая Накоміс,
Чайбайабас, дужы Квазінд;
I народ зварот ягоны
Адзначаў шумлівым святам,
Гучнай песняй, прывітаннем:
«Слава, слава Гаяваце!
Ён забіў таго, хто зваўся
З веку ў век Пяром Жамчужным,
Хто труціў нас, хто знішчаў нас
Векавечнай ліхаманкай,
Багны пошасцю смяротнай!»
Назаўжды застаўся ў сэрцы
Гаяваты дзяцел, Мэма.
Каб не гасла памяць бітвай
Змацаванага сяброўства,
Люльку мірную ўпрыгожыў
Ён чубком з чырвоных пер'яў,
Грабяньком барвовым Мэмы.
А багацце чарадзея,
Незлічоныя трафеі,
Ён аддаў свайму народу,
Раздзяліў усім пароўну.