XI. Вясельны баль Гаяваты

Гэты сказ аб тым складаю,

Як прыгожы По-Пок-Ківіс,

Йенадзізі, забаўляўся

На вяселлі Гаяваты,

Як музыка Чайбайабас

Аб любві спяваў там песні,

Як хвалько вядомы Ягу

Там свае расказваў казкі,

Нечуваныя прыгоды,

Каб гасцям было прыемна,

Каб яны не сумавалі

На вяселлі Гаяваты.

Баль наладзіла Накоміс

Для гасцей велікапышны.

Кубкі, робленыя з ліпы:

Белай, гладкай адшліфоўкі.

Лыжкі ўсе — з рагоў бізона:

Чорнай, гладкай адшліфоўкі.

Пасланцы яе разнеслі

Па дварах вярбы галінкі,

Як святочную прыкмету —

Запрашэнне на вяселле;

Пасыходзіліся госці

У сваіх уборах лепшых —

Урачыста зіхацелі

Фарбы, пер'е дарагое,

Футры, вампум і каралі.

На вясельным пачастунку

Елі госці Маскенозу,

Шчупака, асетра, Наму,

А пасля ім падавалі

Пімікан, мазгі бізона,

Горб яго і ляжку лані,

Дзікі рыс і перапечкі,

Скавароднікі з маісу.

Але ветлы Гаявата,

Прыгажуня Мінегага

I нястомная Накоміс

Самі ежы ў рот не бралі,

Прыглядалі за другімі,

Частавалі іх гасцінна.

I, калі паелі госці,

Клапатлівая Накоміс

Прынясла капшук вялікі,

Што з трывалай скуры выдры,

Тытунём набіла люлькі,

Тытунём з краін паўднёвых,

I вярбы карой чырвонай.

А тады сказала гэтак:

«Патанцуй, о По-Пок-Ківіс,

Жабрака жартоўны танец,

Пакажы сваё майстэретва,

Каб гасцям было прыемна,

Каб яны не сумавалі».

I прыгожы По-Пок-Ківіс,

Бесклапотны Йенадзізі,

Весялун, каго празвалі

У народзе Бурай-Блазнам,

У вясельны круг падаўся.

Ён не толькі трапным жартам

Забаўляць мог і выдатна

Кідаць кольцы, кідаць ядры,

Танцаваць зімой на лыжах;

Быў ён майстрам дасканалым

Гульняў самых небяспечных,

Захапляўся ён таксама

Кантазу, гульнёю ў косці;

I хоць воіны празвалі

Йенадзізі Шагадайяй,

Баязліўцам, абібокам,

Але ён не абражаўся,

Бо дзяўчатам і жанчынам

Падабаўся По-Пок-Ківіс.

А на ім — з аленя світка,

Світка з мяккай белай скуры,

Упрыгожанай густоўна

Аблямоўкай з гарнастая.

На ягоных макасінах —

Бісер, вожыка калючкі,

Лісаў хвост — на закаблуччы.

Галава яго ў султанах

Лебядзіных, веер з пер'яў

Ён трымаў адной рукою,

А другой рукою — люльку.

I, спярэшчаны чырвонай,

Жоўтай, сіняй паласою,

Твар яго ад фарб свяціўся;

Густа змазаныя маслам,

Разабраныя праборам

I заплеценыя ў косы,

У якіх, як стужкі — кветкі,

Валасы яго спадалі,—

Вось якім у круг вясельны

Выйшаў ён пад гукі песні,

Гукі флейт і барабанаў,

Каб убачылі майстэрства

Таямнічых танцаў госці.

По-Пок-Ківіс вёў свой танец

Урачыста і павольна,

То ўваходзіў, то выходзіў,

Крокам мяккім, як пантэра,

То ў святло, то ў зацень дрэваў,

А пасля пачаў, як хваля,

Разыходзіцца кругамі,

Замільгаў перад вачыма,

Праз гасцей скакаў, круціўся,

Як ваўчок, вакол вігвама,

Покуль лісце не ўзнялося,

Покуль пыл не завіхрыўся.

Потым вылецеў на ціхі

Бераг Велічнага Мора,

Замахаў рукамі, дзіка

Завываючы ў паветры,

Узнімаў пясок нагамі,

Покуль вецер не ўскруціўся,

Не зрабіўся грознай бурай,

Не намёў сумётаў сыпкіх,

Як зімой сумётаў снежных,

Дзюн пясчаных Нэга-Воджу!

Гэтак скончыў По-Пок-Ківіс

Жабрака жартоўны танец,

Каб гасцям было вясёла,

Смеючыся сеў між імі,

Ціха веерам памахваў

Тым, што з пер'яў індычыных.

Потым сябра Гаяваты

Чайбайабаса, музыку

Найвыдатнага з выдатных,

Запрашалі ўсе сардэчна:

«Заспявай нам, Чайбайабас,

Песню шчасця, гімн кахання

Пачуццёвы і гарачы,

Каб усім было прыемна,

Каб усім было вясёла».

I сардэчны Чайбайабас

Заспяваў гасцям, з глыбокім

Хваляваннем, песню шчасця,

Гімн кахання пачуццёвы.

Песню гэтую сардэчна

Прысвячаў ён Гаяваце

I яго Вадзе Вясёлай:

«Онэвэ! Хутчэй прачніся!

Птушка любая мая ты,

Лань, дачка лясоў і прэрый,

З мяккім позіркам лагодным!

Для мяне твой позірк ветлы —

Позірк шчасця, дарагая,

Для мяне твой позірк любы —

Як раса для дзікай кветкі!

Для мяне тваё дыханне —

Цеплыня лугоў світальных,

Вечаровая духмянасць

Іх — у Месяц Лістапада.

Хіба ўсёй крывёй не прагну

Да цябе я, каб сустрэцца

Гэтак, як зара з зарою —

У начы кароткай Месяц?

Онэвэ! Спявае сэрца,

Калі ты са мною побач

Уздыхаеш, як галінка,

У суніц вясёлы Месяц!

А як толькі засумуеш

Ты, каханая, адразу

Я змрачнею, быццам рэчка,

Над якой навісла хмара!

А ўсміхнешся — твар мой змрочны

Зноў маршчынкамі сваімі

Засвіціцца, як ад сонца

Рабізна вады халоднай!

Дол смяецца, хвалі ззяюць,

Усміхаюцца нябёсы,

Але як мне быць вясёлым,

Калі я цябе не бачу!

Я з табою, дарагая —

Ток маёй крыві гарачай!

Хіба ты мяне не бачыш?

Онэвэ! Хутчэй прачніся!»

Так пяшчотны Чайбайабас

Скончыў песню пра каханне;

I тады, хвалько вялікі,

Ягу, казачнік вядомы,

Даўні друг старой Накоміс,

Што зайздросна слухаў буру

Воплескаў у гонар песні,

У вачах гасцей прыкмеціў,

Зразумеў па іхніх жэстах

Нецярплівую цікавасць

Да яго дзівосных казак

I да выдумак ілжывых.

Быў хвалько ён на здзіўленне;

У прыгодах, што расказваў,

Сам удзел прымаў, няйначай;

На любы адважны ўчынак

Толькі ён адзін быў здольны;

Толькі ён адзін дакладна

Ведаў байкі ўсе і казкі.

Калі верыць самахвалу,

Дык ніхто стралу ніколі

Не пускаў, як ён пускае —

Так далёка і высока,

Не забіў так многа ланяў,

Не злавіў у сеці рыбы,

Не прывабіў дзічы ў пастку.

Ён бяжыць шпарчэй ад іншых,

Ён глыбей усіх нырае,

Ён плыве далей любога,

Больш за ўсіх па свеце ходзіць,

I ніхто не бачыў столькі

На зямлі дзівос, як Ягу,

Гэты казачнік найлепшы.

Так імя яго ў народзе

Для другіх мянушкай стала;

Толькі ўздумае хто-небудзь

Выхваляцца паляваннем

Альбо воін — перамогай,

Калі вернецца з паходу,

Як яго спыняюць: «Ягу!

Новы Ягу, новы Ягу!»

Гэта ён для Гаяваты

З ліпы выразаў калыску

I звязаў яе надзейна

Лані моцным сухажыллем;

Паляўнічы лук і стрэлы

Навучыў рабіць пасля ён

Гаявату: стрэлы — з дубу,

Лук жа — з ясеню, вядома.

А цяпер старой руінай

На яго сядзіць вяселлі

Ягу, выдумшчык вядомы,

Ягу, казачнік выдатны!

I Накоміс гаварыла:

«Раскажы нам, добры Ягу,

Казку, дзіўную прыгоду,

Каб было цікава слухаць,

Каб гасцям было прыемна,

Каб яны не сумавалі!»

Адказаў адразу Ягу:

«Вы пачуеце прыгоду,

Незвычайнае паданне

Пра Асэа — чарадзея,

Што сышоў з Вячэрняй Зоркі»

Загрузка...