Слаў жа песняй Гаявату,
Услаўляй жа мір і шчасце
На зямлі Аджыбуэяў,
Працу мірную народа!
Слаў Мандамін таямнічы,
Слаў палеткаў блаславенне!
Пахаваны тамагаўкі
I крывавыя сякеры,
Зброя боек пахавана,
Ваяўнічы кліч забыты.
Надышлі часы такія,
Калі можна чалавеку
Паляваць без перашкоды,
Будаваць сабе пірогу,
Рыб лавіць, страляць аленяў,
Заганяць баброў у пасткі,
А жанчынам можна з соку
Клёна цукар здабываць свой,
Дзікі рыс збіраць і скуры
Вырабляць з бабра і лося.
Навакол паселішч мірных
На маісавых палетках
Зелянеў Мандамін стройны,
Распускаў, як знак багацця,
Свае косы залатыя,
У зямлю яго хавалі,
Апрацоўваючы глебу,
Кожны год вясной жанчыны;
I яны парой асенняй
Жоўты плашч з яго скідалі,
Як вучыў іх Гаявата.
Неяк раз, калі маісам
Быў засеяны палетак,
Мінегазе Гаявата
Так прамовіў: «З блаславеннем
Ты палі свае абыдзеш
Сёння ў час паўночны, колам
Абвядзеш зачараваным
Іх — ад злодзея палеткаў,
Што завецца Вагэмінам,
Ад рабункаў Пэймасэда.
Уначы, калі ўсё — глуха,
Уначы, калі ўсё — цёмна,
А Дух Сну, Нэпавін, гэтак
Зачыняе ўсе вігвамы,
Што ніхто цябе не ўбачыць,
Што ніхто цябе не ўчуе,
Уставай з пасцелі ціха,
Пакідай сваё адзенне
I, захутаная ў косы
I апранутая ў цемру,
Зачаруй палі, якія
Ты засеяла нядаўна.
Ураджай збярэш багаты
Ты з палёў, якія колам
Абвядзеш зачараваным —
Ланцужком слядоў таемных;
Іх ніхто не пераступіць,
Не парушыць той граніцы
Ні чарвяк, ні тля, ні шкоднік,
Ні стракозы, Куо-ні-шы,
Ні тарантул, Сабікашы,
Ані конік, По-пок-кіна,
Ні магутны Вэ-мок-квана,
У мядзведжай шкуры, вусень!»
А на дрэве прыдарожным
Цар Груган сядзеў галодны,
Кагагі, з драпежнай зграяй,
З чорнай бандай марадзёраў;
Аж хісталася трысцінкай
Верхавіна ад іх смеху
Над наказам Гаяваты.
«Вы паслухайце! — крычалі,—
Што мудруе Гаявата,
Што надумаў гэты змоўшчык!»
Калі ноч зямлю накрыла,
Як шатром, маўклівай цемрай,
I азвалася маркотна
Ваванэйса, начаніца,
I Дух Сну, Нэпавін, шчыльна
Зачыніў усе вігвамы,
Уставала Мінегага
З ложка, скінуўшы адзенне,
I, апранутая ў цемень,
Не саромячыся сведак,
Абышла спакойна поле:
Абвяла чароўным колам —
Ланцужком слядоў таемных.
Апроч Поўначы, не ўбачыў
Больш ніхто красы жаночай,
Толькі чула Ваванэйса
Уначы яе дыханне;
Цемень мантыяй свяшчэннай
Мінегагу ахінула,
Каб ніхто не выхваляўся
Тым, што бачыў Мінегагу.
Раніцой, на самым золку,
Кагагі на сходку клікаў
Крумкачоў, варон і соек,
Зграю чорных марадзёраў,
Што ўзнялі на дрэвах вэрхал,
I павёў усіх бясстрашна
На пасевы Гаяваты,
На Мандаміна магілу.
«Мы яго, — яны крычалі,—
З цёмнай выцягнем магілы,
Нас не спыніць Мінегагі
Зачарованае кола,
Ланцужкі слядоў таемных,
Што пакінуты на глебе».
Але мудры Гаявата,
I разважлівы і пільны,
Чуў зняважлівыя кпіны,
Смех драпежны чорнай зграі.
«Кагагі,— сказаў ён гэтак,—
Цар Груган і груганяты,
Ко, сябры мае, як след вас
Правучу я за абразу».
На дасвецці ён прачнуўся,
З валасоў і нітак петлі
Па раллі параскідаўшы,
Як сіло для марадзёраў,
Сам залёг за валунамі,
Іх чакаючы прылёту.
Зграя птушак на пасевы
Прыляцела з дзікім крыкам,
Кіпцюрамі разграбала
Глебу, каб хутчэй дазнацца,
Дзе Мандамін пахаваны,
Каб яго знайсці і знішчыць.
I хаця ў ваенных справах
Мелі вопыт і майстэрства
Марадзёры, але пастак
Не заўважылі, і хутка
У палоне Гаяваты
Апынуліся іх лапкі.
Выйшаў ён тады з засады,
I такі быў грозным выгляд
Гаяваты, што ад жаху
Марадзёры ўсе прыціхлі.
Ён бязлітасна знішчаў іх,
Забіваў па дзесяць разам,
А пасля вакол палетка
Паразвешваў іх на жэрдках,
Каб, як пудзілы, віселі
Знакам помсты і для іншых
Марадзёраў засцярогай.
Толькі Цар Груган драпежны,
Кагагі, не быў забіты
Гаяватай, ён старога
Як заложніка пакінуў.
Крумкачу звязаў ён моцна
Крылы, нібы вязню рукі,
I да вільчака вігвама
Прывязаў вяроўкай з вяза.
«Кагагі, цябе, — сказаў ён,—
Як зачыншчыка разбою,
Завадатара нападу
I абразы нечуванай,
Я заложнікам пакіну,
Каб твае сыны і ўнукі
Зналі, як сябе паводзіць!»
I на вільчаку вігвама
Ён заложніка пакінуў,
Каб сядзеў, пахмуры, злосны,
З гнеўным карканнем драпежным
Кагагі, з надзеяй марнай
Узляцець альбо сяброўскай
Дачакацца дапамогі!
Час ляцеў, і Шавандазі
Цеплынёй паўднёвай дыхаў,
I маісавае поле
Узнялося, паказала
Свету свой убор чароўны —
Стан зялёны, апярэнне,
Косы светла-залатыя
I даспелыя кіёўкі,
Што даўно з сваіх дзіцячых
Павылазілі пялюшак.
I звярталася Накоміс
Так тады да Мінегагі:
«Гэта Месяц Лістапада;
Дзікі рыс ужо сабраны
I даспеў маіс на полі;
Час уборкі надыходзіць,
Час з Мандамінам змагацца —
Зрэзаць косы, апярэнне,
Зняць убор зялёна-жоўты!»
I Накоміс пакідала
Свой вігвам з Вадой Вясёлай,
А за імі ўслед кабеты,
Юнакі, дзяўчаты выйшлі,
Па іх закліку, на поле
Ураджай збіраць багаты,
Лушчыць спелыя кіёўкі.
А пад соснамі на ўзлессі
Гуртам воіны сядзелі,
Разам з лысымі дзядамі
Люлькі ў зацені курылі.
На кабет, дзяўчат і статных
Юнакоў яны глядзелі,
Любаваліся іх працай,
Тым, як дружныя кабеты
Балбаталі, што сарокі,
Юнакі — вялі размову,
Галасістыя дзяўчаты,
Як малінаўкі, спявалі.
А траплялася дзяўчыне
Адшукаць сярод кіёвак
Пурпуровую кіёўку,
«Гляньце! — ўсе крычалі разам,—
Нэшка! Ты шчаслівай будзеш!
Нэшка! Хутка выйдзеш замуж!»
«Уг!» — дзяды суладным хорам
Адгукаліся на ўзлессі.
А здаралася кабеце,
Юнаку альбо дзяўчыне
Адшукаць крывы пачатак —
Цвілаватую кіёўку,
Як збіраліся ўсе разам
I крычалі і кульгалі,
Пераймаючы крывога
Дзеда смешную паходку,
I спявалі так: «Грабежнік,
Пэмасэд, начны грабежнік,
Вагэмін, палеткаў злодзей!»
Так спявалі, покуль нівы
Дружны смех іх не пачулі,
Покуль Цар Груган палонны,
Кагагі, не каркнуў злосна,
А на дрэвах прыдарожных
Не ўзнялі вароны вэрхал.
«Уг!» — дзяды суладным хорам
Адгукнуліся на ўзлессі.