Аб людскім жыцці кароткім
Часта думаў Гаявата,
Разважаў: «Зірні, як хутка
Забываюцца паданні,
Ваяўнічыя напады,
Паляўнічыя прыгоды,
Гінуць веды мудрых Мідаў,
Чарадзейны спрыт Вэбінаў,
Найславуцейшых прарокаў,
Джосакідаў, прадраканні.
Нібы мора, паглынае
Забыццё людзей вялікіх,
Мудрасць слоў іх не даходзіць
Да патомкаў іх далёкіх,
Да людзей, якіх чакае
Ад калыскі непрагляднасць
Дзён таемных, дзён наступных.
Ні прыкмет, ні іншых знакаў
На слупках няма магільных;
Хто пад імі, мы не знаем,
Знаем толькі — продкі нашы,
А з якога роду самі
I ад татэма якога —
Ад Арла, Бабра, Мядзведзя —
Іх паходжанне, нікому
З нас дагэтуль невядома.
Кожны дзень мы размаўляем
Між сабой, але бяссільны
Мы паслаць свой голас сябру,
Калі той ад нас далёка;
З пасланцом бы адаслалі
Мы сакрэтнае пасланне:
Пасланец не так, як трэба,
Перадаць сакрэт наш можа,
Можа выдаць нашу тайну».
Гэтак думаў Гаявата
Аб жыцці свайго народа,
Мармытаў у задуменні,
Лесам ходзячы бязлюдным.
Ён дастаў з дарожнай кайстры
Фарбы колераў усякіх,
Начарціўшы на бяросце
Безліч знакаў і малюнкаў
I фігурак таямнічых,
Але кожная фігурка
Мела сэнс і несла думку.
Гітчы Маніта, магутны
Уладар Жыцця, меў вобраз
Яйка з кропкамі-вятрамі
Па баках, што азначала:
Дух вялікі скрозь пануе.
Мітчы Маніта, драпежны
Злосці Дух, намаляваны
Быў як грозны змей, Кінэбік.
Злосці Дух — каварны, вёрткі,
Небяспечны — вось якое
Меў значэнне гэты вобраз.
Белы круг — Жыццё, а чорны—
Гэта Смерці знак жалобны;
А пасля намаляваў ён
Сонца, месяц, зоры, рэкі,
Чалавека, лес, жывёлу,
Проста лініяй азначыў
Ён зямлю, дутою — неба,
Паміж імі зорнай стужкай
Ноч лягла, а дзень — праменнай;
Кропка злева — край усходні,
Кропка справа — край заходні,
На вяршыні — кропка поўдня,
Рысай хвалістай адзначыў
Ён дажджы і навальніцы.
След на сцежцы да вігвама
Быў гасцінным запрашэннем
На сяброўскую размову,
Акрываўленыя рукі —
Грозным сімвалам знішчэння
І варожасці адзнакай.
Гэта ўсё свайму народу
Растлумачыў Гаявата
I сказаў: «Зірніце, людзі,
На магілах вашых продкаў
Ні прыкмет няма, ні знакаў.
Хай жа кожны намалюе
На магілах свой сямейны
Сімвал, татэм старажытны,
Каб маглі нашчадкі нашы
Іх па надпісах адрозніць».
I тады намалявалі
На слупках магільных людзі
Кожны — свой сямейны сімвал,
Кожны — татэм старажытны:
Хто Бабра, а хто Мядзведзя,
Хто Лася, хто Чарапаху —
Як адзнаку, што на гэтым
Сумным месцы пахаваны
Правадыр, начальнік роду,
Што засноўваў слаўны татэм.
А прарокі, Джосакіды,
Заклінальнікі, Вэбіны,
Лекары і знаўцы лекаў,
Міды, фарбай малявалі
На бяросце і на скуры
Разнастайныя малюнкі,
Безліч знакаў таямнічых,—
Кожны меў свой сэнс, а разам
Сэнс агульны набывалі:
Сілу песні чарадзейнай.
Там Вялікі Дух, Стваральнік,
Выбухаў святлом уверсе;
Там Кінэбік, Змей Вялікі
Узнімаў крывавы грэбень;
Там былі намаляваны:
Сонца, зоры, цьмяны месяц,
Шэры сыч, арол і сокал,
I баклан-вяшчун, і жораў,
Пакараныя, што ходзяць
Без галоў па небасхіле,
Смерць, якая прасцірае
Рукі з прагаю крывавай,
Заваёўнікі, што неба
I зямлю ў руках трымаюць!
Гэта ўсё намалявана
На бяросце і на скуры;
I вайна, і паляванне,
I хвароба, і папраўка
Занатоўваліся ў песнях,
Перакладзеных на знакі,
Што сваё значэнне мелі.
Найвялікшае закляцце —
Што мацней ад лепшых лекаў,
Палявання небяспечней
I смяротней лютай бойкі,—
Песня вечная Кахання
Не была людзьмі забыта
I тлумачылася ў знаках.
Першы знак — размаляваны
Чалавек чырвонай фарбай;
То — музыка закаханы;
Значыў знак: «Я расфарбоўкай
Над усімі ўладу маю!»
Чалавек на барабане
Такты гучна выбівае,
Мае гэткі сэнс малюнак:
«Гэта я спяваю! Слухай!»
Той жа самы барабаншчык
Пад страхой вігвама грае,
Мае гэткі сэнс малюнак:
«Я прыйду, маёй ты будзеш,
Меж не ведаюць пачуцці!»
Потым дзве фігуры побач —
I мужчына і жанчына,
Дзве рукі ў адну зліліся,
Тлумачэнне: «Не схаваеш
Сарамлівых шчок румянасць
Ад мяне, наскрозь я бачу
Тваё сэрца, дарагая!»
Потым — востраў адзінокі,
А на ім стаіць дзяўчына;
Песня гэтага малюнка
Так гучыць: «Хаця адлегласць
Немалая паміж намі,
Але мар маіх імклівасць
I жаданняў чарадзейнасць
Нашы сэрцы набліжаюць!»
А далей — юнак схіліўся
Над дзяўчынаю заснуўшай,
Словы палкага кахання
Шэпча ёй: «Хоць ты ў далёкім
Свеце Сну, Маўчання царстве,
Але ты мой голас чуеш!»
I апошняя фігура,
Знак апошні — сэрца ў цэнтры
Зачарованага кола;
Можна так малюнак гэты
Растлумачыць: «Размаўляю
Я з тваім адкрытым сэрцам!»
Так было, што Гаявата,
Мудра дбаючы аб людзях,
Навучыў народ майстэрству,
Таямніцам малявання
На кары бярозы гладкай,
На аленя скуры белай,
На магіл слупках маўклівых.