У той час Ліхія Сілы,
Што ўжо ведалі пра мудрасць,
Пра сяброўства Гаяваты
З Чайбайабасам, музыкай,
Баючыся іх учынкаў,
Іхніх спраў высакародных,
Між сабой прыйшлі да згоды
Пасварыць іх альбо знішчыць.
Чайбайабаса, музыку,
Папярэджваў Гаявата:
«О мой брат, не адыходзься,
Сіл Ліхіх асцерагайся!»
Чайбайабас толькі ўстрэсваў
Смалянымі валасамі,
Смеючыся бесклапотна:
«Не турбуйся, брат, за мною
Зло з няшчасцем не палююць!»
А калі зіма скавала
Хвалі Велічнага Мора,
Засіпелі завірухі
У засохлых лісцях дуба,
Сосны ўсе ператварыўшы
У бялюткія вігвамы,—
Чайбайабас не паслухаў
Засцярогі Гаяваты,
Захапіўшы лук і стрэлы,
На рагатага аленя
Паляваць адзін паехаў.
Перад ім алень рагаты
Морам Велічным імчаўся;
Толькі лёд трашчаў здрадліва,
Калі гнаўся ўслед на лыжах
Ён, не чуючы нічога
У запале паляўнічым.
А яго Ліхія Сілы
Падпільноўвалі ў засадзе,
I, зламаўшы лёд здрадлівы,
Пацягнулі ўніз музыку,
Пахавалі пад вадою;
Уладар вады глыбокай,
Энктагі, злы дух Дакотаў,
Чайбайабаса засыпаў
Жоўтым жвірам Гітчы Гумі.
З мыса крыкнуў Гаявата
З гэткай роспаччу жахлівай,
З гэткай сілай, што бізоны
Прыпыніліся старожка
I ваўкі завылі ў лесе,
I ваўкам здалёк грымоты
Адгукнуліся: «Бэм-Вава!»
Твар пакрыў ён фарбай чорной,
Галаву ахутаў коўдрай.
Сем жалобных доўгіх тыдняў
Так сядзеў ён у вігваме,
Паўтараючы з адчаем:
«Ён памёр, музыка любы,
Мілагучны з мілагучных,
Ён пакінуў нас навечна,
Адляцеўшы ў край далёкі,
Дзе яго сустрэў, як сына,
Уладар магутных гукаў!
О мой брат, о Чайбайабас!»
I ў жалобе змрочнай піхты
Пакалыхваліся сумна,
І шумелі над вігвамам,
I ўздыхалі з Гаяватай,
I з яго няўцешным плачам
Свой няўцешны плач злівалі.
Надышла вясна, дарэмна
Чайбайабаса чакала
Наваколле і ўздыхалі
Лес, ручай, чарот у лузе.
А з вяршалін дрэў жалобна
Сіваграк спяваў, Авейса:
«Чайбайабас! Чайбайабас!
Ты памёр, памёр, музыка!»
І малінаўка спявала,
Апечы, з глыбокім жалем:
«Ты памёр, о Чайбайабас,
Наш музыка мілагучны!»
Уначы па цёмным лесе
Чуўся горкі енк і скарга,
Плач няўцешны Ваванэйсы:
«Чайбайабас! Чайбайабас!
Ты памёр, памёр, музыка —
Мілагучны з мілагучных!»
I прыйшлі да Гаяваты
Заклінальнікі, Вэбіны,
I прарокі, Джосакіды,
I ўсіх лекаў знаўцы, Міды;
Побач з ім Вігвам Таемны
Збудавалі, і прынеслі
У сваіх дарожных кайстрах,
З моцных скур бабра і выдры,
Травы лекавыя, лісце
I заклятае карэнне,
Цудадзейнай сілы зелле.
Набліжэнне іх пачуўшы,
Кінуў плакаць Гаявата;
Не пытаўся ён нічога,
Не адказваў на пытанні,
Скінуў покрыў свой маркотны
З галавы, а з твару фарбы
Змыў жалобныя маўкліва
I пайшоў павольным крокам
Да Таемнага Вігвама.
Там яму давалі зелле,
Нама-Вэск — настойку мяты,
I Вэбіна-Вэск — крываўнік,
Цудадзейнае карэнне;
Гулка білі ў барабаны,
Таямнічыя спявалі
Песні хорам аднастайным:
«Вось я сам! Я сам з табою,
Я — Сівы арол магутны;
Чуйце голас мой, вароны!
Мне пярун дапамагае,
Мне спрыяе дух нябачны,
Заклік, голас іх прызыўны
Я па ўсіх нябёсах чую!
Я вярну табе здароўе,
Сілу, брат мой Гаявата!»
«Гі-о-га!» — так хор уторыў,
«Вэ-га-вэ!» — той хор суладны.
«Змеі ўсе — мой гурт сяброўскі!
Ведай, варта толькі скурай
Страсянуць мне сакалінай,
Манг, чырок, адразу згіне!
Я вярну табе здароўе,
Сілу, брат мой Гаявата!»
«Гі-о-га!» — так хор уторыў,
«Вэ-га-вэ!» — той хор суладны.
«Вось я сам, прарок вялікі!
Кліч падам, Вігвам Таемны
Ад прарочых слоў трасецца,
Нібы хто яго калоціць!
Крок зраблю, нябёс скляпенне
Гнецца з гулам пад нагамі!
Я здыму з цябе маўклівасць,
Падымайся ж, Гаявата!»
«Гі-о-га!» — зноў хор уторыў,
«Вэ-га-вэ!» — той хор суладны.
Перад тварам Гаяваты
Трэслі кайстрамі, хадзілі
Карагодам чарадзейным;
Як ад сну, як ад цяжкога
Наслання, прачнуўся раптам
Ён, пазбаўлены хваробы.
Як сыходзяць з неба хмары,
Так пакінула ягоны
Розум змрочнае вар'яцтва;
Як сплывае лёд па рэчцы,
Так ад сэрца Гаяваты
Адышлі туга і гора.
Потым гучна выклікалі
Чайбайабаса, музыку.
Каб пакінуў ён магілу,
Жвір маўклівы Гітчы Гумі.
I такой валодаў сілай
Выклік іх, закляцце магаў,
Што пачуў іх Чайбайабас
Пад вадою Гітчы Гумі;
Ён разгроб пясок рукамі,
Ён пайшоў на гукі песень
Да Таемнага Вігвама,
Да дзвярэй, куды музыку
Увайсці забаранілі.
Ён праз шчыліну ад магаў
Атрымаў гарачы вугаль,
Над загінуўшымі ўладу
Атрымаў з іх рук музыка
I наказ: агонь бівачны
Для людзей распальваць мёртвых
На начных прывалах іхніх,
На прыстанішчах самотных
Па дарозе ў край Паніма,
На шляху ў іх дзень Наступны.
I музыка Чайбайабас
Назаўжды пакінуў вёску,
Дзе калісьці нарадзіўся,
Моўчкі лес мінуў знаёмы,
Знік, як пара, непрыкметна,
Дзе праходзіў ён, не чула
Ні трава, ні дрэў галінкі,
Пад нагой не шамацела
Лісце восені мінулай.
Так чатыры дні ён крочыў
Па людзей памёршых сцежцы,
Іх суніцамі карміўся,
Пераходзіў па жардзінах
Іх жалобныя патокі,
Па Сярэбраных Азёрах
На Каменнай плыў пірозе,
Аж пакуль не прыпыніўся
Ён на Востраве Шчаслівых.
На шляху пакутным гэтым
Безліч сгомленых ён бачыў,
Абцяжарвалі іх ношы:
Лукі, стрэлы, тамагаўкі,
Футры, кубкі, міскі, лыжкі,
Што сябры ім надавалі
У апошнюю дарогу.
«Лепш бы, — скардзіліся гэтак
Абцяжараныя душы,—
Не пілі б мы і не елі,
Лепш бы босымі хадзіць нам,
Чым згінацца пад цяжарам,
Што на нас жывыя ўсклалі».
Вандраваць пайшоў па свеце
З той пары і Гаявата,
Навучаў людзей, як трэба
Ад цяжкіх хвароб лячыцца
I ўжываць якія лекі.
Так даведаліся людзі
Пра сакрэты мудрых Мідаў,
Пра лякарскае майстэрства.