Жыў над рэчкай у вігваме
Адзінокі і маркотны
Дзед з сівою галавою,
На сумёт падобнай снежны;
Ледзь гарэў ачаг ягоны,
Цела дрыжыкі праймалі,
Дзед, захутаны ў дзіравы
Вабівайян, плашч са скуры,
Слухаў толькі буры сковыт,
Як яна шалела ў лесе,
Бачыў толькі завірухі,
Як яны вакол кружылі.
Дагарэў агонь, і вугаль
Белым попелам пакрыўся,
I тады хадою лёгкай
Увайшоў юнак праз дзверы —
Маладая кроў на шчоках
Палымнела, ззялі вочы,
Як вясною зоркі ў небе;
Асвяціў вігвам, як сонцам,
Ён усмешкаю юначай,
Асвяжыў вігвам духмяным
Пахам кветак і травою,
Што яго чало вянчала.
«О мой сын! — стары прамовіў,—
Я з табою рад сустрэцца!
Рад з табой правесці ночку
Тут, дзе тлеюць галавешкі;
Ты раскажаш аб вандроўках,
Аб прыгодах незвычайных
Мне, а я табе таксама
Раскажу аб дзіўных справах,
Аб сваіх учынках смелых».
Тут дастаў ён Люльку Міру
Старадаўняе работы,
Што з чырвонаю галоўкай,
А цыбук яе — з трысцінкі;
Ён, карой набіўшы люльку,
Вугалёк паклаў гарачы
I, падаўшы чужаземцу
Люльку Міру, так прамовіў:
«На зямлю мне дзьмухнуць варта,
Як свой рух спыняюць рэкі,
Як вада заледзянее,
Ператворыцца на камень!»
Адказаў юнак з усмешкай:
«На зямлю дыхнуць мне варта —
Расцвітуць у лузе кветкі,
Рэкі скінуць лёд і з песняй
Пабягуць удаль вясёла!»
«Галавой сваёй сівою
Страсяну, — стары пахмура
Гаварыў,— зямлю бялюткі
Снег укрые, звяне лісце,
Ападзе на дол — о дзіва! —
Дзьмухну я — і лісце згіне.
Паляцяць з дрыгвы на поўдзень
Гусі дзікія і чапля,
Варта мне падаць свой голас,
Як не стане іх — о дзіва!
Дзе нага мая ні ступіць,
Скрозь ад холаду ў пячоры
Звер бяжыць, зямля ад лютай
Сцюжы робіцца каменнай».
«Страсяну я валасамі,—
Адказаў юнак ласкава,—
Хлыне лівень жыватворны,
Закрасуюць зноў расліны,
Гусі дзікія і чапля
Прыляцяць з краін паўднёвых,
Шпарка ластаўкі, як стрэлы,
Прыімчаць адтуль пад стрэхі.
Дзе нага мая ні ступіць,
Скрозь цвітуць у лузе кветкі,
Па лясах цямнеюць дрэвы
Ад зялёнае лістоты!»
За размовай ноч мінула;
З светлых Вебана ўладанняў,
З серабрыстага вігвама,
Як баец расфарбаваны,
Выйшла сонца і сказала:
«Вось і я! Магутны Гізіс!»
Тут стары замоўк раптоўна,
А паветра пацяплела,
На вігваме заспявалі
Птушкі раннія вясёла,
Зазвінеў ручай празрысты,
Праз фіранку прасачыўся
Хмельны пах травы зялёнай.
I Сэгвон, юнак прыгожы,
Пры святле разгледзеў дзённым
Твар старога, твар халодны:
То быў Пібаан суровы.
Па ягоных шчоках слёзы,
Як патокі з гор, сцякалі.
Чым ярчэй свяціла сонца,
Тым хутчэй стары ў памерах
Памяншаўся, стаўшы парай,
Грунтавой вадою стаўшы,
I юнак убачыў кветку
На тым месцы, дзе дымілі
I патухлі галавешкі,
Расцвіла сярод вігвама
Міскадзіт — красуня-кветка,
Міскадзіт — вясны прыкмета.
Так пасля зімы халоднай,
Нечуванай, лютай сцюжы
Зноў вярнулася на поўнач
Прыгажосць вясны — з ляснымі
Птушак песнямі, з лістотай
I духмяным пахам кветак.
Чарада за чарадою
Зноў вярталіся на поўнач
Гусі-лебедзі, як стрэлы,
Разразаючы нябёсы,
Размаўляючы, як людзі;
Журавы дамоў ляцелі
Чарадой, на лук падобнай —
З разарванай цецівою;
Па адным з краін паўднёвых
Альбо парамі ляцелі —
Чапля шызая, Шух-шух-га,
I глушыца, Мушкадаза.
У кустах лясных і ў лузе
Сіваграк спяваў, Авейса,
А малінаўка спявала,
Апечы, каля вігвамаў;
Пад надзейным спратам сосен
Буркаваў Амімі, голуб,
I маўклівы Гаявата
У сваім няўцешным горы,
Кліч іх чуючы прызыўны,
За парог свой змрочны выйшаў,
Каб зірнуць вясновым часам
На красу зямлі і неба.
Вось тады якраз вярнуўся
З падарожжа ў край усходні
Ягу, казачнік славуты,
Самахвал непараўнаны.
Ён прывёз адтуль нямала
Казак новых, дзіўных баек
I прыгод неверагодных.
I народ, якому Ягу
Расказаў аб вандраваннях,
Аб прыгодах нечуваных,
Смеючыся, так адказваў:
«Уг! Мастак на байкі Ягу!
Іншы б гэткіх штук не ўбачыў!»
Ён казаў, што бачыў мора
Большае за Гітчы Гумі,
Што была вада ў тым моры
Горкай — піць яе няможна.
I паблажліва зірнулі
Слухачы на самахвала
I сказалі: «Быць не можа!
Ко! Не можа быць такога!»
А па моры, ён расказваў,
Плыў, ляцеў крылаты човен,
Велізарны човен, большы
I вышэйшы за сасновы
Бор, што неба падпірае.
Слухачы яму на гэта,
Смеючыся, адказалі:
«Ко! Мы гэтаму не верым!»
З жарала пірогі ў гонар
Ягу бліснула маланка,
За маланкай — гром ударыў!
I народ смяяўся гучна
Над няшчасным, бедным Ягу,
Рагатаў: «Расказвай байкі!»
На крылатай той пірозе
Сотня воінаў, расказваў
Ён, да берага прыстала;
Твары іх пафарбаваны
Белай фарбай, падбародкі
Валасатыя — як футры.
Слухачы з расказаў Ягу
Кпілі, гучна рагаталі,
Як на дрэвах прыдарожных
Крумкачоў шумлівых зграя.
«Ко! Хлусня! — яны сказалі.—
Мы ў такое не паверым!»
Толькі з Ягу не смяяўся
Гаявата, ён сур'ёзна
Адказаў на тыя кпіны:
«Ягу праўду нам гаворыць;
Прывід бачыў я падобны,
Бачыў з крыламі пірогу,
Бачыў воінаў адважных
Белатварых, барадатых,
Што да берага прысталі,
Што прыехалі з Усходу
На судне сваім драўляным.
Гітчы Маніта магутны
Пасылае разам з імі
Нам сюды свае наказы,
Даручэнні пасылае.
Дзе паселяцца — там з кветак
Пчолы, Амо, мёд збіраюць,
На сядзібах іх раяцца,
Дзе праходзяць — пакідаюць
След, з якога прарастае
Мускадзіт цудоўны — кветка.
Дык сустрэнем чужаземцаў,
Як сяброў сваіх, сардэчна,
Як братам, руку працягнем.
Так Жыцця Ўладар сказаў мне,
Гітчы Маніта магутны,
Калі мне з'явіўся прывід.
Прывід той адкрыў заслону
Дзён далёкіх, дзён наступных:
Бачыў я перасяленне
Невядомых нам народаў,
Іх суладны рух на захад.
Хоць яны на розных мовах
Размаўлялі, але сэрцы
Іх жылі адзінай мэтай.
Гарады па ўсіх краінах
З працы рук іх задымілі,
Паплылі па ўсіх азёрах
I па рэках іх пірогі
З гулкім громам і маланкай.
А пасля перад вачамі
Прамільгнуў, як хмара, прывід:
Бачыў я народ няшчасны,
Што забыў мае парады,
Што ў бясконцых войнах гіне;
Там свайго народу рэшткі
Бачыў я, што варты жалю,
Як сухое лісце ўвосень,
Бурай гнанае на захад!»