«Цеціва патрэбна луку,
Як жанчына для мужчыны:
Хоць яна яго згінае,
Але ён кіруе ёю;
Хоць яна яго і цягне,
Ды за ім ідзе слухмяна;
Сэнс жыцця іх — у адзінстве!»
Так нярэдка Гаявата
Разважаў, калі з адчаем
І трывожнаю надзеяй,
I гарачым хваляваннем
Аддаваўся летуценню
Аб прыгожай Мінегазе,
Што жыве ў краі Дакотаў.
«Не шукай па свеце жонкі,—
Папярэджвала Накоміс, —
Не прыводзь з чужога краю!
Не красой дачка суседа —
Цеплынёй вігвам сагрэе,
А красою чужаземкі
Не сагрэць яго, як ноччу
Месяц неба не сагрэе!»
Папярэджвала Накоміс,
Ёй адказваў Гаявата:
«О Накоміс дарагая!
Я люблю ачаг свой родны,
Ды, аднак, люблю не меней
Месяц той, што ясна свеціць!»
Папярэджвала Накоміс
Гаявату: «Нам не трэба
Леных рук і ног бяздзейных;
Жонку сватай завішную,
Каб ахвотна ўсё рабіла,
Мела рукі залатыя,
Паваротлівыя ногі!»
Ёй адказваў Гаявата:
«У паселішчы Дакотаў
Майстра стрэл жыве з дачкою,
Мінегагаю прыгожай.
Прывяду яе ў твой дом я,
Хай тваёй дачкою будзе,
Ясным месяцам і зоркай,
Цеплынёй твайго вігвама,
Сонцам нашага народу!»
Папярэджвала Накоміс
З асцярогай: «Не бяры ты
Жонку з племені Дакотаў!
Злосць і дзікасць іх вядомы
З дзён, як мы ваюем з імі.
Не сціхаюць сваркі нашы,
Не загойваюцца раны!»
Смеючыся, адказаў ён:
«З той прычыны альбо іншай,
Але я хачу, Накоміс,
З гэтым племем парадніцца,
Каб старыя скончыць спрэчкі,
Загаіць цяжкія раны!»
I пайшоў у край красуняў,
Край Дакотаў Гаявата.
Ен ішоў раздоллем прэрый,
Перасігіваў балоты
I лясы з іх цішынёю
Непарушнай, першароднай.
У чароўных макасінах
Што ні крок — рабіў ён мілю;
Ды хутчэй ляцелі думкі,
Сэрца крокі абганяла;
Ён ішоў без адпачынку,
Аж пакуль не ўчуў прызыўны
Шум далёкі, гул магутны
Вадаспадаў Мінегагі.
«Як прыемна, — прашаптаў ён,—
Слухаць гэты гул знаёмы!»
Між святлом лясным і ценем
Ён ласіны ўбачыў статак,
Што папасваўся на ўзлессі.
«Гэй, не схіб!»— загадваў луку,
«Трапнай будзь!» — страле наказваў.
З тым наказам Гаяваты
Лук паслаў стралу, якая
I ўпілася ў сэрца лося;
Ён яго на плечы ўскінуў
I яшчэ шпарчэй пакрочыў.
У вігваме, пры ўваходзе,
Майстра стрэл, сівы ад часу,
Наканечнікі выточваў
З яшмы, з крэмню, з халцэдону.
Побач з ім дачка сядзела,
Прыгажуня Мінегага,
Што калісьці Гаявата
Называў Вадой Вясёлай,—
З трыснягу пляла цыноўкі.
Думаў бацька аб мінулым,
А дзяўчына — аб наступным.
Дні юнацтва згадваў бацька,
Калі стрэламі такімі ж
Забіваў бізонаў грозных,
Паражаў нясмелых ланяў,
Патрапляў стралой смяротнай
На ляту ў гусей крыклівых;
Згадваў ён і пра атрады
Баявыя, што калісьці
Срэлы гэтыя куплялі.
Не, цяпер часы не тыя,
Слава воінаў звялася!
Сёння воіны як бабы:
Языкі — іх тамагаўкі!
А дзяўчына ўспамінала
Юнака, які заходзіў,
Каб купіць у бацькі стрэлы;
Гэткі стройны і прыгожы,
Нетутэйшы сам, пакінуў
Ён вігвам іх неахвотна,
На яе зірнуўшы ўпотай.
Бацька мужным і адважным
Называў яго нярэдка.
Ці ён прыйдзе зноў наведаць
Вадаспады Мінегагі?
Ці ён прыйдзе зноў па стрэлы?
Уздыхала Мінегага,
Склаўшы рукі ў задуменні.
Цішыню парушыў раптам
Нечы крок — і ў той жа момант
Апынуўся на парозе
Перад імі Гаявата
З цяжкай ношаю лясною —
З мёртвым лосем за плячамі.
Строгім позіркам акінуў
Госця бацька Мінегагі,
А пазнаўшы Гаявату,
З месца ўстаў, адклаў работу,
Запрасіў яго праходзіць:
«Калі ласка, Гаявата!»
Каля ног Вады Вясёлай,
Зняўшы з плеч, паклаў лясную
Ношу госць яе жаданы;
На яго зірнула ўдзячна
Мінегага і ласкава
Гаяваце адказала:
«Калі ласка, Гаявата!»
Той вігвам, куды гасцінна
Гаявату запрасілі,
Зроблен быў са скур аленяў,
Скрозь — багі намаляваны,
А ўваход у дом прасторны
Быў такі, што Гаявата
Не згінаў сваёй высокай
Галавы з арліным пер'ем.
З месца ўстала прыгажуня
Мінегага, не даплёўшы
Трысняговую цыноўку,
Каб прынесці пачастунак,
Па ваду схадзіць да рэчкі;
Страву ў місках падавала,
А ваду — ў драўляных кубках,
Чула ўсё, што госць расказваў,
Што яму адказваў бацька,
А сама яна ні разу
Не прамовіла ні слова.
Сном здаваліся ёй словы
Гаяваты пра Накоміс,
Што была яму за няньку
У маленстве незваротным,
Пра сяброў сваіх надзейных —
Чайбайабаса, музыку,
I пра Квазінда, асілка,
Пра дастатак і пра шчасце
На зямлі Аджыбуэяў,
У яго краіне мірнай.
«Пасля доўгіх год бясконцай
Барацьбы, вайны крывавай,
Зажылі Аджыбуэі
I Дакоты ў добрым ладзе,—
Так працягваў Гаявата,
А пасля дадаў спакойна —
Каб навечна мы злучылі
Рукі поціскам сардэчным,
Сэрцы — вернасцю сяброўскай,
Ты аддай дачку мне ў жонкі —
Прыгажэйшую з прыгожых
Аж па ўсёй зямлі Дакотаў».
Майстра стрэл, сівы ад часу,
Закурыў спачатку люльку,
Горда ён на Гаявату
Праз дымок зірнуў з павагай,
На дачку сваю — з пяшчотай,
I, падумаўшы, адказваў:
«Згодзен я, калі на гэта
Згодна сэрца Мінегагі!»
Яшчэ больш прывабнай стала
I чароўнай Мінегага
У той час, як Гаяваце
З нерашучасцю дзявочай,
Сеўшы побач з ім, сказала,
Чырванеючы: «Я згодна
Стаць тваёю жонкай, муж мой!»
Так дамогся перамогі
Ён над сэрцам Мінегагі,
Адружыўся так з дачкою
Майстра стрэл з зямлі Дакотаў.
Пакідаў з Вадой Вясёлай
Ён яе вігвам бацькоўскі;
Ім глядзеў услед з парога
Майстра стрэл, сівы ад часу;
I, пабраўшыся за рукі,
Адыходзілі і чулі
За сабой яны далёкі
Шум і голас развітальны
Вадаспадаў Мінегагі:
«Будзь шчаслівай, Мінегага!»
А стары адзін застаўся;
За ранейшаю работай
Ён сядзеў, бурчаў паціху:
«Так вось дочкі пакідаюць
Нас, бацькоў, якіх любілі,
Нас, бацькоў, што іх любілі,
Нас, старых, якім патрэбны
Іх прыгляд і дапамога.
Дзе там! З'явіцца аднойчы
Прыгажун з чужога краю,
На жалейцы трысняговай
Паіграе мілагучна,
I гатова ўжо дзяўчына
З ім ісці, куды пакліча».
Быў прыемны шлях дадому,
Шлях праз пушчы векавыя,
Праз узгоркі і праз горы,
Праз лугі, даліны, рэчкі,
I здаваўся Гаяваце
Шлях кароткім, хоць павольна
Ён ішоў і прымяркоўваў
Крок да крокаў Мінегагі.
На руках сваіх праз рэкі
Пераносіў ён дзяўчыну
Лёгка так, нібы пярынку,
Што ў яго над галавою;
Адхіляў рукой галіны
Дрэў густых на вузкіх сцежках,
А на ноч, шалаш зрабіўшы,
Слаў пасцель ёй з лапак тсугі
I агонь з сасновых шышак
Распаліў каля ўвахода.
Па чарзе вятры-бадзягі
Падарожнічалі з імі,
Зоры сон іх вартавалі,
Не заплюшчваючы вока,
I вавёрка, Аджыдома,
Не вылазячы з засады,
Закаханых выглядала,
I цікаўны трус, Вабаса,
Уцякаючы з іх сцежкі,
Цікаваў з нары патайнай
Кожны рух і крок суладны
Гэтай пары закаханай.
Быў прыемны шлях дадому!
Звонка птушкі шчабяталі,
Сіваграк, Авейса, гэтак
Ім спяваў аб мірным шчасці:
«Ты шчаслівы, Гаявата,
Што такую жонку маеш!»
I малінаўка спявала,
Апечы: «Шчаслівай будзеш
З гэткім мужам, Мінегага!»
З неба сонца іх вітала,
Гаварыла ім: «О дзеці!
Ведайце: святло — каханне,
Цень — нянавісць; шлях жыццёвы
Стракаціць святлом і ценем,
Будзь сардэчны, Гаявата!»
У шалаш з нябёсаў месяц
Заглядаў, шаптаў таемна:
«Тлумна днём, а ноччу — ціха,
Муж — спрадвечны ўладалюбец,
Жонка — вечная пакора,
На дваіх — адно жыццё ў іх,
Будзь цярплівай, Мінегага!»
Гэткі быў іх шлях дадому,
Так прыйшоў з Вадой Вясёлай,
З Мінегагай, Гаявата,
Так прыйшла дачка Дакотаў
У вігвам старой Накоміс
I яе дачкою стала,
Цеплынёй таго вігвама,
Ясным месяцам і зоркай,
Сонцам братняга народу.