Як вярнуўся Гаявата,
У народзе панавалі
Замяшанне і трывога,
Ён дачуўся ад суседзяў
Аб учынках і аб злосных
По-Пок-Ківіса намерах.
Цяжка дыхаў Гаявата,
Мармытаў праз зубы словы
Абурэння і, як шэршань,
Гнеўна ён гудзеў у вусы.
«Я адпомшчу ліхадзею
По-Пок-Ківісу, — сказаў ён.—
Не такі ўжо свет бясконцы,
Не такі ўжо шлях суровы,
Каб яго не напаткалі
Справядлівы гнеў і кара».
Не марудзіў Гаявата —
З паляўнічымі на пошук
Ліхадзея выпраўляўся
У той лес, дзе ён праходзіў,
На той мыс, дзе птушак нішчыў;
По-Пок-Ківіс знік, і толькі
Сярод лесу адшукалі
След ягонага прывалу
На чарнічніку стаптаным,
На траве, прымятай целам.
З Мускадэ, з нізіны, з лугу,
Знак падаў ім По-Пок-Ківіс,
Ён, відаць, дамоў вяртаўся,
Ды, заўважыўшы пагоню,
Кпліва ёй махнуў рукою.
Гучна крыкнуў Гаявата
Са скалы яму высокай:
«Не такі ўжо свет бясконцы,
Не такі ўжо шлях суровы,
Каб цябе не пакаралі
Справядлівы гнеў і помста!»
Цераз горы, цераз рэчкі,
Праз лясныя бураломы
Бег каварны По-Пок-Ківіс;
Ён скакаў як антылопа,
Аж пакуль ставок у лесе
Не спыніў яго на момант
У тым месцы нечаканым,
Дзе ручай ракой разліўся,
Дзе бабры пабудавалі
З дрэў падрэзаных запруду:
У вадзе стаяў па пояс
Лес, і плавалі лілеі,
I трысцё шумела ціха.
Узышоў ён на плаціну,
На лясное збудаванне,
Цераз шчыліны якога,
Цераз верх вада лілася.
З дна бабёр усплыў і кінуў
На яго цікаўны позірк,
Усё роўна як пытаўся
По-Пок-Ківіса аб нечым.
Той стаяў на збудаванні,
Па нагах ручай празрысты
Цёк, зіхцеў, пераліваўся;
Так сказаў бабру каварны
По-Пок-Ківіс: «О мой дружа,
О Амік, бабёр славуты,
Так зрабі, каб я таксама
Стаў бабром, каб мог схавацца
У вадзе такой прыемнай,
У тваім пабыць вігваме!»
I Амік, бабёр, адказваў
Нерашуча, асцярожна:
«Мне параіцца спачатку
Трэба з іншымі бабрамі».
У ваду ён апусціўся,
Патануў, як цяжкі камень,
Між галін, зялёных лісцяў,
Між сукоў, карчоў рагатых.
I чакаць яго застаўся
На плаціне По-Пок-Ківіс;
А пад ім ручай празрысты
Цск праз шчыліны ў запрудзе,
Цераз край пераліваўся;
Ён стаяў, над ім паціху
Дрэвы лісцем шапацелі,
Ад святла і ценяў хісткіх
Быў у плямах твар ягоны.
З дна бабры ўсплывалі ціха.
Над паверхняю спачатку
Галава адна ўзнялася,
А пасля, як вокам кінуць,
Скрозь іх лычыкі чарнелі.
Да баброў звярнуўся хітры
По-Пок-Ківіс: «Як харомы —
Вадзяныя вашы сховы!
Ад пагоні спрат надзейны;
Дык хіба, пры ўмельстве вашым,
Вы не зробіце, каб тут жа
Я ў бабра ператварыўся?»
«Добра! — так Амік адказваў,
Сам Кароль Баброў славуты.—
Ты да нас уніз спускайся,
У ваду нырай паціху».
У ставок нырнуў паціху
I ў бабра ператварыўся
Між бабрамі По-Пок-Ківіс:
Стала ўсё яго адзенне
Чорным, гладкім і блішчастым,
Пачарнелі макасіны
I хвасты на закаблуччы.
«О сябры, я быць хацеў бы,—
Зноў прасіў іх По-Пок Ківіс,—
Ад усіх баброў вышэйшым!»
«Добра! — так бабёр галоўны
Адказаў.— Калі ты зойдзеш
У вігвам, цябе мы зробім
Там у дзесяць раз вышэйшым».
Вось на дно з бабрамі разам
Апусціўся По-Пок-Ківіс;
Там, сярод карчоў рагатых,
Дрэў паваленых, прыкмеціў
Ён запасы харчавання
Перад брамаю вігвама,
Перад самым уваходам
У прасторныя пакоі.
Тут яны яго зрабілі
Ад усіх баброў вышэйшым,
Аж у дзесяць раз вышэйшым.
«Кіраваць ты намі будзеш»,—
Так яны яму сказалі.
Ды не доўга По-Пок-Ківіс
Між баброў пакрасаваўся:
Даляцеў адтуль, дзе шпажнік
I лілеі, гучны голас
Вартавога на плаціне:
«Гаявата! Гаявата
З паляўнічымі з'явіўся!»
А яатым яны пачулі
Крык і тупат над сабою,
Пачала вада зніжацца
I варонкамі круціцца,
Тут бабры і зразумелі,
Што разбурана запруда.
Паляўнічыя нагамі
Праламалі дах вігвама,
Што, як сіта, засвяціўся;
Павыскоквалі праз дзверы
У ваду бабры і ў ямках
Пахаваліся глыбейшых;
Велічэзны По-Пок-Ківіс
Не пралез за імі ў дзверы:
Ён ад гордасці раздзьмуўся,
Як пузыр, распух ад ежы.
Праз дзіравы дах вігвама
Крыкнуў гучна Гаявата:
«Спрыт і ўсе ператварэнні
Тут табе не дапамогуць!
Я іх знаю, По-Пок-Ківіс!»
Білі ёмкімі дубцамі
Баламута аж да смерці,
Як цапамі малацілі.
I таўклі, як проса ў ступе.
Потым неслі на жардзінах
Нежывога баламута,
Што ў бабра ператварыўся;
Але дух ягоны, Джыбі,
Жыў у ім як По-Пок-Ківіс,
Адчуваў як По-Пок-Ківіс.
Біўся, кідаўся ягоны
Дух, гайдаўся, адбіваўся,
Як фіранка, скуранымі
Бізунамі, калі ў дзверы
Дзьмс зімовы люты вецер,—
Покуль сілы не набраўся,
Покуль зноў не ўзняўся з цела,
Покуль, рысы і аблічча
По-Пок-Ківіса набыўшы,
Не пачаў знікаць у лесе.
Толькі пільны Гаявата
По-Пок-Ківіса заўважыў
У той самы час, як постаць
По-Пок-Ківіса знікала
У блакітных ценях сосен;
Бег ён, дыхаючы цяжка,
Светлай высекай лясною,
Як віхор, імчаў прасекай,
Ажно гнуліся галіны,
А за ім, як дождж за ветрам,
З шумам гнаўся Гаявата.
Перад возерам спыніўся
По-Пок-Ківіс — там цягнуўся
Астраўкоў ланцуг бясконцы,
А між імі пракладалі,
Па лілеях і чароце,
Сцежку чорныя казаркі,
Пішнэкэ, то ў цень ныралі,
То з-пад ценю выныралі,
Па вадзе плылі, задраўшы
Дзюбы ўгору, як лапаты.
«Пішнэкэ! Браты і сёстры! —
Загукаў ім По-Пок-Ківіс.—
Перайначце на казарку
Вы мяне, каб стаў я болынай,
Каб у дзесяць раз вышэйшай
Стаў казаркай між казарак».
I яны ператварылі
По-Пок-Ківіса ў казарку
З чорнай шыяй, з чорнай дзюбай,
Нібы два вяслы, шырокай.
Ледзьве стаў казаркай большай
Ён у дзесяць раз ад іншых,
Як на беразе з'явіўся
З гучным крыкам Гаявата.
Шумна лопаючы крыллем,
Узляцелі чарадою
З трыснягоў сваіх казаркі,
Летучы над астраўкамі,
По-Пок-Ківісу казалі:
«Пільны будзь, уніз не трэба
Пазіраць, калі жадаеш
Каб цябе не напаткала
Непрадбачанае ліха!»
Кіраваліся на поўнач
Шпаркакрылыя казаркі,
Іх карміла на прывалах,
Вартавала сон балота.
На наступны дзень палёту,
Калі нёс паўднёвы вецер
Іх наперад і наперад
Свежым, моцным парываннем,
Галасы яны пачулі,
Грамады шумлівай крыкі,
Што даносіліся знізу
Ад вігвамаў узбярэжных.
Гэта здзіўленыя людзі
По-Пок-Ківіса пазналі
Па яго шырокіх крылах,
Што былі шырэй, чым дзверы,
Чым расчыненыя дзверы.
По-Пок-Ківіс, крык пачуўшы
I адрозніўшы ў ім вокліч
Ягу, голас Гаяваты,
Папярэджанне забыўшы,
Глянуў скоса ўніз, і раптам
Вецер моцным парываннем
Падхапіў яго, як трэску,
Закружыў у крутаверці.
I дарэмна По-Пок-Ківіс
Дамагаўся раўнавагі!
Ён, куляючыся, бачыў
Па чарзе — то вёску ўнізе,
То казарак над сабою.
Чым бліжэй вігвамы ўнізе,
Тым далей казаркі ўверсе,
Чым ніжэй, то ўсё гучнейшы
Быў і крык і смех натоўпу;
Зніклі птушкі з відавоку,
Пад сабой зямлю ён бачыў;
З гулкім грукатам, як камень,
З неба падала казарка
Нежывой сярод натоўпу,
Аб зямлю разбіўшы крылы.
Чалавека дух мяцежны
Жыў у ёй, як По-Пок-Ківіс,
Зноў яго прыняўшы воблік —
Йенадзізі вобраз — тут жа
Уцякаць пачаў ён шпарка
Ад пагоні Гаяваты,
Што крычаў услед: «Не гэткі
Шлях бясконцы і суровы,
Каб цябе не пакаралі
Мой і гнеў і абурэнне!»
Ён падбег да баламута
Гэтак блізка, што рукою
Мог схапіць яго, як раптам
Стаў з паветра По-Пок-Ківіс
Віць віхор, нібы вяроўку,
Закруціўся ў крутаверці
Пылу, смецця, сухалісця,
У дупло старога дуба
Скочыў спрытна і, змяёю
Слізгануўшы пад карэнне,
Знік пад дубам непрыкметна.
Што меў сілы Гаявата
Па старому дубу ўдарыў,
Раскалоў яго на часткі,
Пашчапаў яго на трэскі,
Але марна: По-Пок-Ківіс
Зноў зрабіўся чалавекам
I, рукой здалёк махнуўшы,
Паімчаў нястрымным ветрам
На ўзбярэжжа Гітчы Гумі,
Да пясчаных, маляўнічых
Скал, якія азіраюць
Далягляды наваколля,
Далеч Велічнага Мора.
Уладар тых гор высокіх,
Іх стары жыхар спрадвечны,
Адчыніў шырока браму,
Уваход у глыб прадоння,
По-Пок-Ківісу надзейны
Прапануючы гасцінна
Схоў ад блізкае пагоні
У сваіх пячорах змрочных.
I стаяў перад закрытым
Уваходам Гаявата,
Надзяваў ён рукавіцы,
Мэджыкэван, моцна грукаў
Імі ў скалы з гулкім крыкам:
«Адчыні! Я Гаявата!»
Уладар не адгукнуўся,
Адмыкаць не стаў ён брамы
Тых маўклівых скал пясчаных,
Спратаў змрочнага бяздоння.
I тады пачаў, прасцёршы
Рукі, клікаць Гаявата
Гром магутны, Энэмікі,
I Вэвэсіма, маланку;
I прынесла іх з далёкіх
Гор Грымотных навальніца
На ўзбярэжжа Гітчы Гумі;
Да зямлі прыпаў ад страху
По-Пок-Ківіс, як убачыў
Вочы яркай бліскавіцы,
Як пачуў грымотаў крокі.
I Вэвэсіма, маланка,
Браму паліцай разбіла —
Уваход у схоў бяздонны
Непарушных скал пясчаных,
А магутны Энэмікі
Што ёсць сілы ў глыб пячоры
Загукаў: «Дзе По-Пок-Ківіс?»
Абваліліся ад гулу
Скалы ўсе, і пахаваны
Быў пад імі По-Пок-Ківіс,
Спрытны, хітры і каварны,
У абліччы чалавечым.
Надышоў канец ягоным
Трапным жартам, весялосці,
Адышло ў нябыт штукарства
По-Пок-Ківіса, свавольства,
Гульні, забаўкі, залёты
Да дзяўчат, кабет прыгожых.
Дух ягоны Гаявата —
Чалавек высакародны,
Даставаў, сказаўшы ўладна:
«Больш ніколі, По-Пок-Ківіс,
Ты не будзеш чалавекам,
Больш не пусцішся ў прыгоды
З вострым словам, трапным жартам,
Не закруціш пыл і лісце
Шпаркім танцам, а ў нябёсах
Будзеш ты Кіню магутным,
Баявым арлом, кружыцца,
Будзеш ты, з майго дазволу,
Там над птушкамі ўладарыць».
Не забыты По-Пок-Ківіс
Ні паданнем, ні легендай,
Ані песняю народнай;
I зімой, калі завея
Круціць снег вакол вігвамаў,
Калі вецер не сціхае,
Дзіка свішча ў дымаходах,—
«Гэта свішча, — так гавораць
Людзі,— хітры По-Пок-Ківіс,
Гэта ён пусціўся ў скокі
Ад вігвама да вігвама!»