11. Сінэстэзія

Перад заключным іспытам па псыхалёгіі

мы павінны былі прайсьці пэдагагічную практыку

й напісаць пра яе ледзь не навуковую працу

безь якой на іспыт не былі б дапушчаныя


пачуўшы пра пэдагагічную практыку

я адразу ж забіў на яе болт

бо заўсёды шчыра пагараджаў пэдагогікай

лічачы яе кшталтам сэксуальнага вычварэньня


тады як у псыхалёгіі разьбіраўся з маленства

ува ўсякіх фройдах гештальтах тэорыях адлюстраваньня

анальных і аральных стадыях

ува ўсім гэтым прынамсі не было ніякага вычварэньня

а калі й было, то ня больш чым у творах Дэ Сада


карацей, замест практыкі я паўгода бухаў і чытаў Пруста

і толькі перад самым іспытам спахапіўся

што ня маю для ледзь не навуковай працы матэрыялу


распытаўшы сваіх аднагрупнікаў

пра тое дзе яны праходзяць пэдагагічную практыку

я спыніў свой выбар калі не памыляюся

на адной школе на Сьлясарнай

бо туды з унівэру можна было дайсьці пешкі

а па дарозе была танная рабочая сталоўка

дзе гатавалі надзвычай смачна


у якасьці паддосьледных трусікаў

для сваёй ледзь не навуковай працы

я абраў двух сарамлівых хлопчыкаў

бо ўсе дзяўчаты ўжо былі разабраныя

і пачаў задаваць ім прадугледжаныя пытаньні

якіх мы з хлопчыкамі аднолькава не разумелі


то бок толку з гэтай пэдагагічнай практыкі не было ніякага

адзіна што мне спадабалася настаўніца

і з запыленай кніжнай шафы ў кабінэце

я сьпізьдзіў беларускі пераклад «Чужаніцы» Камю

восемдзесят чацьвёртага году выданьня


такім чынам сваю ледзь не навуковую працу

я пісаў у асноўным на матэрыяле ўласнай фантазіі


і вось настаў заключны іспыт па псыхалёгіі

наш інтэлігентны выкладчык спадар Чэхаўскіх

насуперак нашай наіўнасьці

натуральна і ня думаў гад чытаць нашыя ледзь не навуковыя працы

проста пераконваўся ў іхнай наяўнасьці

і тут жа пераходзіў да інтэлектуальнага катаваньня


калі чарга дайшла да мяне

я палез у заплечнік па сваю ледзь не навуковую працу

і з жахам усьвядоміў, што пакінуў яе ў інтэрнаце

і ўсе мае клятвы што я бля буду праходзіў пэдагагічную практыку

на спадара Чэхаўскіх не падзейнічалі

ён адправіў мяне з іспыту ў інтэрнат па мой сшытак

маўляў сьпярша ледзь не навуковая праца, а там пагаворым

калі я вярнуўся то іспыт ужо амаль скончыўся

спадар Чэхаўскіх чакаў мяне асабіста

а раз ужо гэтак па маёй віне засядзеўся

то каб адпомсьціць пастанавіў у якасьці выключэньня

пачытаць маю ледзь не навуковую працу

ў маёй прысутнасьці


трэба сказаць што ў сваёй ледзь не навуковай працы

я пісаў у асноўным пра прыгожую настаўніцу

для азначэньня бедных хлопчыкаў ужываў усякія мэдычныя

тэрміны кшталту «маленькія дэбілы» й «алігафрэны»

а разьдзел з назвай «Дасьледаваньне кароткатэрміновай памяці

складаўся з адзінай фразы:

«Памяць хлопчыкаў сапраўды была кароткатэрміновай»


калі спадар Чэхаўскіх дайшоў да гэтага месца

то ў яго на высокі лоб тут жа вылезьлі бровы

ён увесь пачырванеў і злосна вырачыў на мяне маленькія вочы

я стаў штосьці мармытаць пра неабходнасьць субвэрсіі

але раптам спадар Чэхаўскіх засьмяяўся й сказаў «Цягніце білет»

жартаваць умелі ня толькі мы але й некаторыя нашыя выкладчыкі


у білеце стаяла пытаньне «Сінэстэзія»

я пачаў вярзьці спадару Чэхаўскіх пра Пруста

пра пячэньне «Мадлен» і цені кітайскіх

лямпаў спадар Чэхаўскіх махнуў рукой узяў маю

залікоўку паставіў мне пяцёрку і параіў на разьвітаньне:

«Больш такіх субвэрсіўных працаў не пішыце»


З таго часу я нічым іншым у жыцьці не займаўся


Загрузка...