20. Прыцягненьне

Цягам пешых бадзяньняў Менскам –

ня ведаю, ці бываюць іншыя бадзяньні –

я стараўся паводле магчымасьці абіраць такі шлях

каб прайсьці побач з Траецкім прадмесьцем

(я ніколі ня мог пагадзіцца з тым што гэта прад-месьце –

а дзе тады выбачайце гістарычны цэнтар?

і што ў ім выбачайце такога гістарычнага?)

ці то ішоў на Нямігу

ў гандлёвы дом слухаць альбомы

ці то на вакзал праз пляц Незалежнасьці

ці то на Панікоўку ці то ў Цэнтральную кнігарню

я рушыў да Траецкага па Старажоўскай

альбо па Максіма Багдановіча

і сузіраў з адлегласьці яго сіратлівыя дамкі зь іншай эпохі

літасьціва захаваныя вайною

пасярод пасьляваеннага так бы мовіць сучаснага места


але сам я ня быў сучасьнікам места

я адчуваў сябе хутчэй сучасьнікам Траецкага прадмесьця

зь яго сьціплым помнікам Язэпу Драздовічу

і ў чымсьці самога Язэпа Драздовіча

мітычнага гнома пад дрэвам-банзаем

увешаным зоркамі камэтамі й іншымі цацкамі

на капыл каляднай ялінкі

што заўжды стварала ў мяне адчуваньне сьвята

й дадавала жыцьцёва неабходнай энэргіі


(неяк памятаю бег удоўж Траецкага па Багдановіча

за аўтобусам мэтраў сто

дагнаў кіроўца спыніў але я не заходзіў

аўтобус быў патрэбны ня мне а аднаму сябру

што аддыхваўся ззаду й сьпяшаўся

зь сьвяткаваньня на сьвяткаваньне)


а вось у само Траецкае я заходзіў рэдка

празь яго так бы мовіць нутраную беднасьць

тым часам як звонку ў ім мроілася нутраное багацьце

гэтак жа бывае захапляесься чалавекам

дакуль чалавек не прамовіць


вось я і захапляўся

толькі пару разоў быў у літаратурным музэі

дзе знаёмая супрацоўніца ў якую я быў закаханы

паказала мне пасьмяротную маску Караткевіча

і аднойчы ў рэстарацыі дзе паводле кошту

даступнай была толькі гарэлка

сьвяткаваў народзіны

зь сябрамі з інтэрнату і нейкім выпадкова сустрэтым

на канцэрце ў клюбе «Касмаполітан»

маладым сатаністам

што вельмі цікава апавядаў пра тое

як яшчэ ў школе

забіў і зьеў найлепшага сябра

пасьля чаго мы яму болей не налівалі

а клёвы ж здаецца быў хлопец

дакуль не прамовіў


але гэтай павярхоўнай сувязі ў прынцыпе было дастаткова

каб Траецкае стала маёй улюбёнаю часткай цэнтру

і калі там пазьней пачалі зьяўляцца цікавыя месцы

я толькі радаваўся за яго зноў-такі на адлегласьці

і казаў яму ў думках Вось бачыш

я ніколі не сумняваўся, што ў табе ўсё-ткі Нешта ёсьць


Загрузка...