У студэнцкую паліклініку
дзесьці на Багдана Хмяльніцкага
я ўпершыню патрапіў пасьля таго
як паспрабаваў па п’яні даказаць
аднаму свайму сябру
што ня спаў зь ягонай дзяўчынай
калі ў яе (зноў жа па п’яні)
неяк быў начаваў
на знак сваёй сяброўскай вернасьці
і вернага сяброўства
я ўрачыста
спаліў сам сабе левую руку запальніцай
здаецца, мне ў гэтым мроіўся
нейкі рытуал
пасьля гэтага мне сябар паверыў
расплакаўся й абазваў мяне дурнем
калі рана на руцэ пачала гнаіцца
я ўзяў нажніцы
дэзынфікаваў іх на полымі той самай запальніцы
і выразаў з раны пару кавалкаў
зялёнага мёртвага мяса
крыві было няшмат і
апэрацыя была абсалютна бязбольнай
анэстэзіі не спатрэбілася
пасьля гэтага я нягледзячы
на сваю нелюбоў да лекараў
пастанавіў схадзіць у студэнцкую паліклініку
пахваліцца там перад імі
сваім хірургічным майстэрствам
на ўсякі выпадак
маладая лекарка паглядзела на рану
а пасьля на мяне
шырока расплюшчанымі вачыма
прапісала мне пізьдзюлёў
і ў дадатак антыбіётыкі
лячыцца мне спадабалася
я палюбіў сваю лекарку
і хадзіць пешкі ў студэнцкую паліклініку
у мяне зьявілася новая мэта для шпацыраў
і новая легальная падстава для прагулаў
абое вельмі выгадна сумяшчалася
пагатоў што ў студэнцкай паліклініцы
у адрозьненьне ад нашага ўнівэру
да мяне з самага пачатку ставіліся па-людзку
з павагай і пяшчотай
а калі я стаў завітваць туды часьцей
пры любой праяве насмарку
галаўнога болю
ці падвышэньня тэмпэратуры
ў выніку зьядзеньня сырога алоўку
(стары правераны спосаб)
то наагул ператварыўся там у некага
накшталт VIP
здароўе тады мне яшчэ дазваляла
хварэць колькі душы заўгодна
седзячы ў калідоры студэнцкай паліклінікі
што пах чымсьці накшталт гнілых апэльсінаў
у чарзе разам з такімі як я сам дэзэртырамі
ці атрымліваючы ў кабінэце
чарговы тыднёвы бюлетэнь зь пячаткай
я амаль фізычна адчуваў
як мяне атуляе бацькоўскі клопат
нашай дзяржавы
пра ўсіх цялесна нямоглых і душэўна абмежаваных
пакрыўджаных гопнікамі
выкладчыкамі і надвор’ем
неўзаемнасьцю каханьня
недахопам любові
ніхто ў студэнцкай паліклініцы
ня корпаўся мне ў мазгах
там займаліся выключна маім надарваным
гулянкамі і ўрокамі фізкультуры целам
калі б пры студэнцкай паліклініцы
быў яшчэ і публічны дом
са зьніжкай па факце прад’яўленьня
студэнцкага білету
ці талёну на харчаваньне
цаны б ёй наагул не было
мне да сёньня прыемна сабе ўяўляць
быццам недзе ў архіве менскай студэнцкай паліклінікі
ляжыць сьпярэшчаная фантастычнымі гісторыямі
маіх хваробаў мэдычная картка
з заключным дыягназам:
«Заўчасна выбыў з шэрагу пацыентаў,
так і застаўшыся недалечаны».