Менскія кінатэатры былі нашым другім домам
у «Міры» мы ўпершыню глядзелі «Палп Фікшан»
у «Маскве» «Фарынэлі» й «Сэвэн»
у «Альтэрнатыўным клюбе» Фяненкі
«Дарогу» Фэліні у «Кастрычніку»
польскую эротыку з назваю «Порна»
(у перакладзе «Мужчына ў пошуках каханьня»)
у «Перамозе» незабыўных «Парыскіх свавольніц»
(таксама эротыку, зь якой выразалі ўсе эратычныя сцэны
пакінуўшы толькі спэрму на капоце машыны)
у «Кіеве» ўжо і ня памятаю што
але з усіх менскіх кіназаляў
нашым першым другім домам
быў ДК Прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы
культавы Храм Мастацтва
дзе ў рамках пэрыядычных тыднёвых паказаў замежных фільмаў
на сцэну штовечар узыходзіла зорка Максіма Жбанкова
ад якога сцаліся кіпенем дзеўкі
і які сваім узмоцненым мікрафонам шэптам
заварожваў аўдыторыю лепш за гіпнатызэра
ніколі не забуду ДК Прафсаюзаў
ня дзякуючы Гільяму ці Грынэўэю
а перадусім дзякуючы фільму Труфо «Чатырыста ўдараў»
пры тым што з самога фільма я ні халеры ня помню
з той простай прычыны
што мяне ў той дзень паслалі здабываць папараць-кветку
гэтым разам не ў Навінкі а да музыкаў
ня ведаю, адкуль, але нейкім чынам
музыкі папараць-кветку заўсёды мелі
а я быў з музыкамі ў найлепшых стасунках
і нават прыкідваўся адным зь іх
аднак па папараць-кветку сам ніколі дагэтуль ня езьдзіў
і як аказалася рабіў вельмі слушна
рэч у тым, што калі вы купляеце папараць-кветку
вы павінны пакаштаваць яе разам з музыкамі
каб музыкам на вечаровым канцэрце лепш выступалася
так сказаць «разгадацца»
а тады ўжо можаце стырнаваць карабель з папарацькветкай
куды вам трэба
мне было трэба ў ДК Прафсаюзаў
дзе паказвалі фільм Труфо «Чатырыста ўдараў»
калі я сеў дакладней стаў у мэтро я адразу ўцяміў
што дарога да ДК Прафсаюзаў будзе вельмі доўгай
хаця да «Кастрычніцкай» было ўсяго чатыры прыпынкі
папараць-кветка ў музыкаў была проста песьня
і сьвет наўкол мне здаваўся раем
дакуль у вагон мэтро не ўвайшоў пажылы ахоўнік парадку
ў фуражцы з вусамі й пагонамі капітана
нюх у яго быў за гады працы вельмі натрэніраваны
бо ён адразу скіраваў у мой бок
нахабна стаў проста побач са мною
і ўперыўся вачыма ў мой твар у ваконнай шыбе
я тут жа згадаў што еду па фальшывым праязным
якія са зьніжкай распаўсюджваў мой добры кораш з ін’язу
і мне зрабілася крышку ніякавата
асабліва з увагі на тое, што ў маёй кішэні
ляжаў лятучы карабель з папараць-кветкай
колькасьць якой была ў эквіваленце
роўнай дзесяці гадам турмы
па адным за кожны заплочаны намі за папараць-кветку бакс
скідваліся мы ўсе, але ў турму паслалі б толькі мяне
што здалося мне ў той момант асабліва несправядлівым
і я ледзь не заплакаў і не абасцаўся
адчуваючы носам нясьвежы пах міліцэйскага шчаціньня побач са мною
тады я, здаецца, пачаў маліцца
і пастанавіў разьняволіцца й паводзіць сябе як звычайна
так бы мовіць не падаваць выгляду
і галоўнае ня дыхаць
чым дасягнуў толькі адваротнага
таварыш капітан міліцыі пачаў на мяне касавурыцца
выгляд, якога я зусім не падаваў, яму яўна чымсьці не падабаўся
і асабліва яму не падабаліся мае крывава-чырвоныя вочы
я дабрадушна ўсьміхнуўся
а сам пачаў маліцца яшчэ больш палка
як умеюць толькі вампіры
і памалу скіраваўся да выхаду
бо зразумеў што да «Кастрычніцкай» цяпер ужо не даеду
і спазьнюся такім чынам на фільм Труфо «Чатырыста ці колькі там удараў»
бо мяне самога зараз напаткае такі ўдар
у параўнаньні зь якім усе ўдары сьвету здадуцца жартам
аднак было позна я трапіўся таварыш капітан
тут жа скіраваўся да выхаду ўсьлед за мною
наступнай станцыяй была «Плошча Перамогі»
дзьверы адчыніліся і я што ўжо зробіш выйшаў
таварыш капітан натуральна за мною
але тут я нібыта згадаў пра нешта надзвычай важнае
зноў зайшоў у вагон і прыкінуўся дрэвам
тым часам як таварыш капітан выйшаў і ўжо не заходзіў
яму насамрэч было трэба на «Плошчу Перамогі»
ня памятаю, як я дайшоў тады да ДК Прафсаюзаў
як дабраўся на самы верхні балкон набітай моладзьдзю залі
дзе сябры бавілі час чаканьня тым, што глядзелі «Чатырыста ўдараў»
памятаю што я прастаяў увесь фільм прыціснуўшыся да сьценкі
бо баяўся ўпасьці празь нізкія парэнчы ўніз з вышыні балкону
і баяўся нават зірнуць на шырачэзны экран проста перад маім носам
бо чорна-белая стужка яўна хацела ўцягнуць мяне ў дзею
разам з ботамі й папараць-кветкай
а я не хацеў рабіцца чорна-белым хай нават у фільме Труфо
я хацеў яшчэ нейкі час пабыць каляровым
калі мы ў той вечар сыходзілі па лесьвіцы з ДК Прафсаюзаў
нейкая добра выхаваная дзяўчына-падлетак (відаць, зь Серабранкі)
паказала на нас пальцам
і спыталася ў сваёй прыстойна апранутай маці
«Мама, хто гэтыя брудныя людзі?»
тая кінула вокам на нас зь сябрамі
й шэптам сказала дачцэ:
«Цыц, дурніца, гэтыя хлопцы – хіпі!»
нас прыемна зьдзівіла, што маці была
больш прасунутай за дачку
і што нас нехта ў Менску прыняў за хіпі
хаця мы былі ўсяго толькі валасатыя разьдзяўбаі