2. Альмадовар

У ліпені дзевяноста чацьвёртага году

мы з маці прыехалі ў Менск падаваць дакумэнты ў ін’яз

і запыніліся на адну ноч у карэліцкіх землякоў

на Ангарскай


Але сьпярша быў Партызанскі праспэкт

які, можна было падумаць, цягнецца не да Ангарскай

а да самой Ангары –

і дарэшты набіты тралейбус

з вокнаў якога тырчалі рукі й галовы

потных і паўпрытомных этапаваных

і які шляхам на ўсход усё папаўняўся

нібы вёз індыйскіх паломнікаў на сьвятое месца


урэшце менчукі пачулі «Ангарская» й вывалілі з тралейбуса

«тралейбус далей ня йдзе»

бо Ангарская – гэта нон плюс ультра

за ёю пачынаецца канец сьвету


Мясцовыя, збольшага працоўныя трактарнага заводу

памалу рассмакталіся па мікрараёне

падобным да берасьцейскіх мікрараёнаў

а мы пачалі шукаць патрэбны нам панэльны дом

сярод іншых такіх жа панэльных дамоў

дзе жыла нашая кантактная рабочая сям’я

сярод іншых такіх жа рабочых сем’яў


Пошукі завяршыліся посьпехам

гарбатай на кухні, размовай з карэліцкім акцэнтам

у тым ліку пра тое, як галасавалі за першага народнага прэзідэнта

і пра пляны на сьветлую будучыню


усё гэта мяне не цікавіла

я чытаў нейкую разумную кніжку

і ня мог дачакацца заўтрашняга дня

калі траплю з гэтай Ангарскай у нармальны Менск


ад хваляваньня я доўга ня мог заснуць

на канапе ды яшчэ побач з маці

да таго ж, у менскіх – ня тое што ў нас! –

было кабэльнае тэлебачаньне

па якім а дванаццатай ночы

пачалі паказваць нейкую парнушку з субтытрамі

што аказалася фільмам Альмадовара

«¡Átame!»


Гаспадары дома спалі

маці – на шчасьце – таксама

а я ляжаў побач зь ёю на жываце

і глядзеў адзін зь першых у жыцьці эратычных фільмаў

які разумеў ад канца да пачатку


У тую ноч я закахаўся ў Вікторыю Абрыль

і ў гішпанскае кіно


у выніку ў мяне самога нечакана зьявіўся плян на будучыню:

я закончу ін’яз і паеду ў Гішпанію навучацца на рэжысэра

гэты шлях падказаў мне сам Альмадовар

галоўнае заўтра падаць дакумэнты


Загрузка...