1. Замест пралёгу

Маім першым уражаньнем ад Менску

якое я здолеў запамятаць

было тактыльнае –

дотык гладкай паверхні шклянога празрыстага восьліка

бурштыновага колеру

якога мне падаравалі цётчыны менскія знаёмыя

аргентынскія рэпатрыянты

у іх мы былі ў гасьцях у Зялёным Лузе

калісьці ў васьмідзясятых

неяк адразу пасьля Чарнобыля

мне было гадоў дзевяць-дзесяць


з той паездкі я прывёз у падарунак бацькам

два наборы паштовак зь Менскам

сталіцай БССР


праз трыццаць гадоў з таго ўражаньня

Менск для мяне амаль што такі ж далёкі

й загадкавы як упершыню


сярод менскіх у мяне амаль не засталося сяброў

засталіся збольшага знаёмыя

і сябры што жывуць у Менску

але ў ім не нарадзіліся

адзін мой сябар мянчук

зь якім я пазнаёміўся ў Празе

ужо не жыве

а другі ўжо жыве ня ў Менску

вось так неяк усё заблыталася

выбачайце


калісьці я напісаў быў пра Менск раман

у якім абазваў яго Другарадам

і пасьля такой страшэннай абразы

вядома ж перастаў для Менску існаваць

а ён на доўгі час перастаў існаваць для мяне


таму цяпер для мяне Менск таксама ўжо горад сон

толькі бяз «ца»

хаця ў маіх менскіх снах часам бывае сонечна

аднак Менск у іх зусім не падобны да Менску

ён знаходзіцца на высачэзных пагорках

у разы большых за праскія

і на іх стаяць велічныя палацы

ў футурыстычна-імпэрыяльным стылі

але назвы і адчуваньні менскіх мясьцінаў

ад зьмены дэкарацый у снах не мяняюцца

а застаюцца такімі ж

якімі былі ў дзевяностыя

калі я пражыў у Менску

ўсяго тры гады з паловай


Гэта я ўсё да таго што ў прынцыпе

ня маю ніякага права

быць аўтарам гэтай кнігі


Загрузка...