22. Альфа й Амэга

Я ніколі ня быў у Доме літаратара як літаратар

і пры гэтым маім першым адрасам у Менску быў Дом літаратара

а зусім не Макаёнка, Ангарская ці Першая Ўманская

менавіта туды нас прывезьлі ў дзевяностым годзе

як чальцоў нашага школьнага краязнаўчага гуртка

і там мы пачулі лекцыю гісторыка Кастуся Тарасава

сьветлая яму памяць

чыю «Памяць пра легенды» я ўжо ведаў напамяць

Тарасаў быў з чорнымі вусамі і даўгаватымі валасамі

і гаварыў нізкім голасам з расейскім акцэнтам


пасьля лекцыі я ўбачыў у кулюарах Дому літаратара

газэту з «Пагоняй»

газэта звалася «Грунвальд» і была выдадзеная ў Таліне

гэта была першая прачытаная мной публікацыя тарашкевіцкім правапісам

якім я з таго часу і карыстаюся

за што й атрымаў быў на выпускным іспыце

па беларускай мове адзінку


тым часам зьлёт юных краязнаўцаў працягваўся

пра яго нават напісалі ў газэце «Піянер Беларусі»

з фатаздымкам на які я трапіў зусім выпадкова


гэтак жа выпадкова я трапляў пазьней у Дом літаратара

на імпрэзы й паказы

самым незабыўным зь іх быў тыдзень нямецкага кіно

зь «Небам над Бэрлінам» Вэндэрса й «Бляшаным бубнам» Шлёндарфа


Я ніколі ня быў у Доме літаратара як літаратар

і пры гэтым маім апошнім адрасам у Менску быў Дом літаратара


Магчыма, таму, што ён быў зусім побач з нашым унівэрам

мы забілі там стрэлку зь сябрамі перад маім канчатковым ад’ездам

сядзелі ў бары й чакалі пакуль прыедзе машына

нам было няёмка ўсё гэта нагадвала сон

і адначасова блатны шансон

нас дубасіла

за суседнімі столікамі бухалі беларускія літаратары

і аднаму з нас прыйшла ў галаву ўратавальная ідэя выпіць гарэлкі

дзеля супакою ці хутчэй мабыць за ўпакой

як дарослыя

мы замовілі па кілішку гарэлкі бяз закусі

і памятаю я тады ажно прасьлязіўся ад радасьці

што ўрэшце магу бухнуць у Доме літаратара зь беларускімі літаратарамі

і ад прыкрасьці што больш пабухаць зь імі ў Доме літаратара мне не давядзецца

у кожным разе гарэлка зайшла мне надзвычай добра

а там ужо й прыехала машына

таму паўтарыць мы зь сябрамі ўжо не пасьпелі

а празь нейкі час пасьля майго ад’езду Дом літаратара зачынілі

дакладней забралі яго ў беларускіх літаратараў

і цяпер яны бухаюць на іншых кропках

я да прыкладу ў Празе


13 студзеня – 1 лютага 2016 г.


Загрузка...