Мой менскі сябар зьехаў
цягам рэшты дня
мне стала чуецца за вокнамі ягоны
хрыпаты беларускі гоман, быццам ён
апавядае незнаёмаму дзяўчу
пра дзіўныя часы канца стагодзьдзя,
якіх дзяўчына, ведама ж, ня помніць,
у чым ёй можна толькі пазайздросьціць.
Я прыслухоўваюся й пазнаю ў размове адгалосак
нашае ўсяночнай п'янкі – мы зь сябрам паміналі
старое:
Старажоўку, «Старажытнае», «Сторожа Сергеева», старавераў.
Нягледзячы на мноства больш цікавых, «вечных» тэмаў,
мы іх амаль не закраналі.
Пра іх заўжды можна пагутарыць і з кімсьці іншым.
Магчыма, гэта і ёсьць неўміручасьць –
незьнішчальны водгалас менскай гаворкі
ў праскай вуліцы, мацнейшы за галасы чужынцаў.
Толькі пад вечар вымаю зь пяткі драбочак шкла
ад разьбітага ўчора келіху.
2014 г.