3. Дом зданяў

Цягам сваёй першай восені ў Менску

я вяртаўся па вечарах у дом на Першай Уманскай

з уласным пакойчыкам

двума ўваходамі

дзьвюма купальнямі

дзьвюма тысячамі прусакоў

дзьвюма някормленымі жывёлінамі –

брахлівым сабакам

ды катом Васькам –

і дзьвюма зданямі

калісьці гэбрайскага места:

стогадовай бабай Фімай

і ейнай крыху маладзейшай дачкой бабай Геняй


баба Геня вучыла іўрыт

і рыхтавалася да Ізраілю

баба Фіма вучыла мяне жыць

і рыхтавалася да сьмерці


За паслугі мая маці плаціла жанчынам

дзесяць даляраў у месяц

Абедзьвюм падабалася мая смуглявая зьнешнасьць

Часам яны прасілі паказаць ім маё абразаньне

Ці трэба казаць што нават нецьвярозы

я баяўся вяртацца адзін дадому

але прыводзіць гасьцей мне было нельга

гэтак жа як мець свой ключ прынамсі ад аднаго з уваходаў

я мог бы яго дзе-небудзь згубіць

і тады баба Геня магла б ня трапіць у Ізраіль

а баба Фіма магла б памерці не сваёй сьмерцю

убачыўшы злодзея

хоць і была ўжо сьляпая

(баба Геня ўсяго толькі недачувала –

ідучы ўначы па ашчаднай цемрадзі калідору

ў чамусьці адзіную прыбіральню

можна было лёгка сутыкнуцца зь некатораю з гаспадыняў

і памерці ад жаху)


Але я на Першай Уманскай паміраў ад нудоты

мяне забаўлялі толькі новыя

накупленыя на ўсю першую стыпэндыю кніжкі

лісты ад сяброў якія тады яшчэ пісалі ўручную

і пачатак аповесьці без сюжэту

якую я крэмзаў у сшытку


Неяк ад роспачы я без дазволу залез у тую з купальняў

дзе быў ня толькі душ але й ванна

а мае здані тым часам

некуды сышлі й замкнулі мяне ў сваёй палове дому

дзе хаваліся сямейныя скарбы

Я ламануўся ў сваю частку дому

і зразумеў, што я ў пастцы

прасторавай і часавай:

я ўжо і так спазьняўся на заняткі

а цяпер рызыкаваў іх зусім прапусьціць!

не, толькі ня гэта!


У такой сытуацыі

я быў вымушаны парушыць усе табу й правілы бясьпекі

і ўпершыню скарыстацца для выхаду не сваім уваходам

выбегчы на двор у адных майтках з мокраю галавою

і лезьці ў сваю палову дома па падручнікі цераз фортку

пад радасны брэх някормленага сабакі

які і так мяне недалюбліваў

а тут ужо наагул палічыў злодзеем


а вось калі б я быў сапраўдным злодзеем

і скарыстаўся тады сямейнымі скарбамі

я быў бы цяпер у Ізраілі

замест бабы Гені

а не ляжаў бы пасьля хворы

прапусьціўшы ня дзень, а ўжо тыдзень заняткаў


Тады я яшчэ ня ведаў

што неўзабаве зьеду зь Першай Уманскай

у дармовы інтэрнат, дзе буду спаць хай сабе й на падлозе

затое шчасьлівы

як і ня ведаў таго

што празь дзьве вуліцы ад дома зданяў –

на Акрэсьціна –

знаходзіцца іншы важны для мяне менскі дом

куды я пазьней на пяць дзён пераеду

як у тым гэбрайскім анэкдоце

але ўжо тады на Ўманскай я адчуваў сябе вязьнем

да часу хіба што пад хатнім арыштам


Загрузка...