Вакзал, напэўна, паэтычнае месца
для тых хто жыве на вакзале ці пад вакзалам
мне ў менскім вакзале падабаўся выключна выхад
з выглядам на дзьве толкінаўскія вежы
ў стылі так званага сталінскага барока
што нібы засталіся ад мэксыканскага катэдральнага касьцёла
які разбурылі, і яго замяніла красамоўная пустэча
ў якой адкрываецца горад, што ня мае нічога сьвятога
а так вакзал досыць страшнае месца
на якое заўжды баісься спазьніцца ці прыйсьці зарана
ці зь якога баісься наагул не вярнуцца
брама ня ў горад, а ў паралельнае вымярэньне
неяк адна мая сяброўка з інтэрнату пайшла на вакзал
і прапала
яшчэ ў той жа дзень на вакзале знайшлі зьнявечанае цела дзяўчыны
што скочыла пад цягнік
усім было ясна што цела належыць сяброўцы
якая даўно пагражала скончыць жыцьцё самагубствам
асабліва пад уплывам псыхатропных таблетак
скарыстаўшы з адсутнасьці суседак па пакоі
але нейкая надзея яшчэ заставалася
ува ўсіх, апрача мяне
бо я сам быў пайшоў аднойчы на вакзал праводзіць сябра
і не вярнуўся
у камэры захоўваньня ў сябра была пляшка гарэлкі
якую мы расьпілі тут жа на вакзале каля шапікаў разам з бамжамі
пасьля чаго сябар зьехаў
а я пачаў размаўляць з нармальнымі пасажырамі па-беларуску
і сьпяваць беларускія песьні
неўзабаве мяне нягледзячы на мае пратэстныя лёзунгі
затрымала міліцыя Чыгуначнага раёну
і да раніцы я сядзеў у клетцы з усё тымі ж бамжамі
але вернемся да самагубства
быў пярэдадзень новага 1998-га году
мы зь зямлячкамі з унівэру
як на бяду, тымі самымі сяброўчынымі суседкамі па пакоі
акурат гасьцявалі ў Берасьці
і калі нам зь Менску пазваніла
яшчэ адна аматарка псыхатропных таблетак
каб з гістэрычным сьмяшком паведаміць пра зьнікненьне сяброўкі
мы тут жа сабралі транты й вярнуліся ў Менск раней часу
па дарозе ў цягніку мы амаль не размаўлялі
ў прадчуваньні страшнай весткі, што чакала нас на вакзале
ці то бадун пасьля Берасьця ў нас быў настолькі моцны
ці то настолькі моцным было нашае самаўнушэньне
але ў кожным разе калі мы прыехалі, на пэроне
нас сустрэў сам прывід загіблай дзяўчыны
мае зямлячкі ўскрыкнулі адна зь іх самлела
я застаўся стаяць нібы ўслупянелы
прывід наблізіўся да нас усьміхнуўся
і ціхім замагільным голасам папрасіў прабачэньня
маўляў на вакзале ў той дзень ён сеў у цягнік і паехаў да цёткі
пра якую мы дагэтуль ніколі ня чулі
і нікога ў інтэрнаце не папярэдзіў
каб пераканацца што прывід зусім ня прывід
мы кінуліся на яго з абдымкамі і ледзь не ўдушылі
а самі душыліся ад сьлёз палёгкі, любові і шчасьця
і зусім не шкадавалі, што дарэмна вярнуліся ў Менск раней часу
бо ў Берасьці ад падобных прыгодаў мы былі застрахаваныя
яшчэ ў дзяцінстве бацькамі
тым часам як у Менску прыцягвалі іх магнітам
праз тры месяцы пасьля гэтай гісторыі з самагубствам
я сабраў свае транты й сказаў усім у інтэрнаце
што іду на вакзал дзе зьбіраюся сесьці ў цягнік і паехаць да цёткі
і прапаў