16. Валадарка Дум

На Валадарку я трапіў пры досыць дзіўных абставінах

і ня ў якасьці вязьня а ў якасьці ганаровага госьця

празь нейкіх геяў што падтрымлівалі шчыльныя сувязі зь «Беларусьфільмам»

мы даведаліся, што ў Менск прыяжджае Мэнахэм Голан

галівудзкі рэжысэр і прадзюсар беларуска-ізраільскага паходжаньня

(між іншым адзін з герояў Букоўскага

легендарны творца культавых фільмаў катэгорыі «Бэ»

такіх як «Зэ Дэльта Форс» з Чакам Норысам)

і будзе здымаць тут кіно з Ларэнзо Ламасам

галівудзкай зоркай катэгорыі «Бэ»

што праславіўся ролямі крутых даўбаёбаў


фільм будзе пра пэруанскіх рэвалюцыянэраў з «Сэндэро люміносо»

і пра іхнае змаганьне зь вялікім сябрам Беларусі прэзыдэнтам Фухіморы

і на здымкі фільма маўляў ня толькі бяруць статыстаў

а яшчэ й плацяць ім за гэта грошы


ну хто б не хацеў зьняцца ў галівудзкім фільме

з Ларэнзо Ламасам

сыграць змагара з пэруанскім дыктатарам Фухіморы

ды яшчэ й атрымаць за гэта халяўныя грошы?


збор статыстаў быў прызначаны на шостую раніцы

каля брамы турмы на Валадарскага

дзе мусілі здымаць сцэну вызваленьня пэруанскімі рэвалюцыянэрамі

на чале з Ларэнзо Ламасам іхных таварышаў палітвязьняў


мы зь сябрамі так баяліся праспаць і спазьніцца

што ня спалі ўсю ноч і скурылі ўсе цыгарэты

а а шостай раніцы то бок да адкрыцьця тытунёвых шапікаў

былі як штыхі на Валадарскага

гатовыя да канца змагацца з дыктатарам


такіх як мы было чалавек трыста

нас усіх запусьцілі ў высокую турэмную браму

якая з бразгатам зачынілася

у турме нам раздалі зялёныя гімнасьцёркі

і драўляныя аўтаматы Калашнікава

намазалі нас як пэруанцаў нейкай бурай брыдотай

падзялілі нас на турэмшчыкаў і тэрарыстаў

бы ў дзіцячай гульні на добрых і кепскіх

і пагналі ў турэмныя сутарэньні


папярэдне аднак было трэба вызваліць іх ад вязьняў

не пэруанскіх а сапраўдных тутэйшых валадарскіх

з гэтай мэтай удоўж калідору выстраілася ахова з сабакамі

і з доўгіх вузкіх штольняў перагароджаных кратамі

і схаваных за аднолькавымі жалезнымі дзьвярыма

пачалі выводзіць вязьняў з рукамі за сьпінай

некаторыя зь іх былі нашага веку

некаторыя яшчэ маладзейшыя

у кожнай штольні было чалавек па сто

жалезных дзьвярэй у калідоры было нямала

агулам сутарэньне было вызваленае ад якой тысячы вязьняў

а мы і не ўяўлялі што іх тут можа быць столькі

зусім побач з цэнтрам горада

пад зямлёю

пад асфальтам і тратуарам

жыўцом пахаваных у задушлівых штольнях


пасьля гэтага мне па шчырасьці было не да здымкаў

і не да змаганьня з дыктатарам

мне зрабілася неяк непамысна

й шалёна захацелася закурыць

я папрасіў адпусьціць мяне са здымкаў на вуліцу

я б заскочыў па цыгарэты ў найбліжэйшы шапік

аднак галоўны наглядчык сказаў, што тут турма, а не балаган

і што адсюль нас выпусьцяць усіх разам а шостай вечара


празь некалькі гадзін я ўжо быў гатовы за цыгарэту

забіць чалавека

мяне стрымлівала толькі відовішча

ўмоваў утрыманьня на Валадарскага


а трэцяй дня я выйшаў на двор і ўбачыў пажылога мужчыну

супрацоўніка «Беларусьфільму»

што спакойна стаяў і курыў папяросу

я тут жа кінуўся да яго й пачаў выпрошваць у яго закурыць

але ён не адказаў мне ні слова толькі пакруціў галавою і зацягнуўся

ў стылі садыстычных беларусьфільмаўскіх фашыстаў


у той момант я паабяцаў сабе

што ніколі ў жыцьці не адмоўлю нікому ў цыгарэце

нават супрацоўнікам «Беларусьфільму»


усё тады на шчасьце скончылася мірна

Мэнахэм Голан зьняў свае турэмныя дублі

і а шостай мы зноў апынуліся на волі

пасьля дванаццаці гадзінаў без цыгарэтаў на Валадарскага

якія цягнуліся нібы пажыцьцёвы тэрмін


фільм выйшаў пад назвай «Ліма: брэйкінг зэ сайлэнс»

і я яго ўсё яшчэ так і ня бачыў

пра Голана напісаў у сваіх мэмуарах Канчалоўскі

супрацоўнік «Беларусьфільму» памёр ад раку

а дыктатара Фухіморы неўзабаве скінулі

цягам чаго пацярпеў адзін з нашых выкладчыкаў –

акурат быў у Пэру ў камандзіроўцы

і дапамагаў дыктатару дамаўляцца зь беларусамі пра пастаўкі зброі

як тут адбылася тыповая лацінаамэрыканская рэвалюцыя

й беднаму выкладчыку давялося пару дзён пасядзець у тамтэйшай Валадарцы

дзе насамрэч калісьці адбываліся падзеі

што здымаліся потым у тутэйшай Валадарцы

з нашым сьціплым удзелам

але гэта ўжо ў прынцыпе зусім іншая

й не зусім менская гісторыя


Загрузка...