17. Нагана

Усе кажуць: Акрэсьціна, Акрэсьціна…

Быў і я на вашым Акрэсьціна

з такімі ж як сам плошчавымі хуліганамі й вулічнымі бамжамі

нічога такога прыкметнага

а вось што ня кажуць, дык гэта што на той жа Акрэсьціне

знаходзіцца менскі скурна-вэнэрычны дыспансэр

літаральна насупраць прыёмніка-разьмеркавальніка

яны як два інтэрнаты па розных спэцыяльнасьцях

рыхтык як наш на былой Варвашэні й БДУ на Крапоткіна

і мне пашчасьціла патусіць у абодвух Акрэсьцінах

з двума рознымі кшталтамі хуліганаў і ўсё тымі ж бамжамі


на першым Акрэсьціна цікавіліся палітыкай

на другім палітыкай ні ражна не цікавіліся

там цікавіліся толькі ебляй

абедзьве зацікаўленасьці рана ці позна

непазьбежна прыводзілі вас на Акрэсьціна

хіба што ў розныя ўстановы


разам са мной тады на Акрэсьціна

трапілі два курсанты міліцэйскай акадэміі

што таксама знаходзіцца на былой Варвашэні

фактычна суседзі

нармальныя вясковыя пацаны што прыехалі ў сталіцу

дзе ў адрозьненьне ад нас не пачалі адразу

бухаць і трахацца без разбору

а ўсяго толькі працягвалі т

аму пачуваліся ў сталіцы як дома


але ў скурна-вэнэрычным дыспансэры ім не падабалася

яны тут былі ня ў форме а ў піжамных халатах

пататуяваныя бамжы й хуліганы іх не баяліся

мэдсёстры былі старыя, праціўныя й грубыя

і мелі тэндэнцыю хлапцамі камандаваць

не аддзяляючы іх ад агульнай масы недачалавекаў

не давалі ім піць гарэлку

і нават нахабна не пускалі іх у жаночае аддзяленьне


з усіх гэтых прычынаў хлапцы страшна нудзіліся

бо не ўзялі з сабой у дыспансэр нат ніякае кніжкі

з сэрыі пра «Бешанага» ці маёра Проніна

ці прынамсі нечага зь пяра Чаргінца

а пазычыць у мяне Хэмінгўэя неяк не наважваліся

таму празь нейкі час курсанты міліцэйскай акадэміі

пачалі падсьвядома шукаць, да

каго б гэта так даябацца каго б пастроіць, каму б надаваць пізьдзюлёў

на капыл сваіх улюбёных кніжных герояў

і неўзабаве іхны выбар лягічна запыніўся на мне

яны пачалі да мяне прыглядацца як жаніхі да нявесты

ці як да каня сарамлівыя канакрады

але я своечасова гэта заўважыў

і рабіў усё каб не даваць ім ніякіх падстаў даёбвацца

гэта значыць адкупаўся ад іх цыгарэтамі


але пад самы канец лячэньня курсанты ўсё-ткі мяне падлавілі

ці дакладней я сам праз сваю неабачлівасьць даў ім падставу да сябе даябацца

а менавіта ў дзень калі ўсе пацыенты сядзелі ля тэлевізара

і глядзелі фінальны хакейны матч між Расеяй і Чэхіяй

на зімніх алімпійскіх гульнях у Нагана


матч адбываўся ўвечары але ў нас быў палудзень

матч сабе адбываўся але ў самім

матчы доўга нічога не адбывалася

курсанты разам з бамжамі хуліганамі й вэтэранамі вайны

ўсімі фібрамі душы перажывалі за братнюю Расею

якая нядаўна да таго ж далучылася да саюзнай дзяржавы

і толькі я адзін ува ўсім аддзяленьні быў супраць саюзнай дзяржавы

і заўзеў на злосьць астатнім за братнюю Чэхію


урэшце за дзесяць хвілін да канца трэцяга пэрыяду

абаронца Пэтр Свобада з характэрным антырасейскім прозьвішчам

размахнуўся клюшкай і так ёбнуў ад душы па шайбе

што тая ўляцела проста ў браму расейскага галкіпера Шталянкова

а я ўскочыў з крэсла і пачаў радавацца за Чэхію

і зусім забыўся што за сьпінай у мяне

стаяць курсанты міліцэйскай акадэміі

якія між сабою тут жа шматзначна пераглянуліся

і адзін зь іх сказаў другому

добра чутным у той трагічнай цішыні шэптам:

«Калі чэхі выйграюць – адпізьдзім валасатага»


пасьля гэтай фразы нашыя ролі памяняліся

курсанты паклалі хуй на братнюю Расею й сталі заўзець за Чэхію

ў прадчуваньні лепшай за ўсякі хакей забавы

а я прыліп да драўлянага шпітальнага крэсла

і думаў, як мне цяпер выкруціцца

ці то пачаць адкрыта заўзець за Расею то бок за саюзную дзяржаву

ці то паказаць сябе мужыком забыць пра іхную фразу

й заўзець надалей за Чэхію

здаецца я прыйшоў да нейкага кампрамісу

і заўзеў надалей за Чэхію але ўжо меней дэманстратыўна

вось толькі гэта не паляпшала маёй сытуацыі

хвіліны сыходзілі зборная Расеі адыгрывацца не сьпяшалася

Дамінік Гашак нібы змовіўся супраць мяне з курсантамі

і вырабляў у браме такія цуды, што рабілася страшна

воплескі маіх потных далоняў былі ўсё менш гучнымі


за хвіліну да канца матчу я пачаў рыхтавацца да непазьбежнага

але тут як заўжды ў апошні момант зьявіўся Дэўс экс махіна

ў выглядзе старой, праціўнай і грубай мэдсястры

што гукнула: «Хто тут Шчур? Да вас наведнікі! На ўваходзе!

Астатнія – марш на абед, бо схалодае!»


і выключыла тэлевізар


што тут пачалося

хуліганы бамжы вэтэраны й курсанты адзінагалосна залямантавалі

маўляў які абед вы што ахуелі дайце нам даглядзець фінал!

усчалося нешта падобнае да «Палёту над гняздом зязюлі»

а я пакуль тое хуценька пабег уніз сустракаць наведнікаў

ня маючы найменшага паняцьця хто яны могуць быць


аказалася гэта былі мае аднагрупнікі й аднагрупніцы

што прадбачліва прыехалі наведаць мяне на Акрэсьціна

пасьля ранішніх параў

акурат у час заканчэньня матчу Расея-Чэхія

і калі я з крыкам «Мы выйгралі!» прынёс ім вестку пра перамогу Чэхіі

ў якой я не сумняваўся

яны не да канца зразумелі, што я маю на ўвазе

і чаму раптоўна ім рады

больш чым імі прынесеным цыгарэтам


Загрузка...