Відэасалён на Інстытуце Культуры
быў маім сапраўдным інстытутам культуры
(я ж як ні круці рыхтаваўся вучыцца
на гішпанскага рэжысэра)
там можна было зьняць на дзьве гадзіны пакойчык
нібы ў бардэлі
і ня толькі спакойна паглядзець
Антаніёні Формана ці Кустурыцу
але й выпіць піўка пакурыць
адзін (часьцей) ці з кампаніяй
а калі ўзяць правільны фільм
то яшчэ й самазадаволіцца
як рабілі там некаторыя
а калі ўзяць фільм яшчэ больш правільны
то й цішком задаволіць запрошаную
на кінапрагляд кінаманку
паступова я пачаў праводзіць
у відэасалёне на Інстытуце Культуры
больш часу чымся ўва ўнівэры
дзе ўсе фільмы ў відэакабінэтах
даўно пасьпеў пераглядзець
цяпер я завісаў у відэасалёне з самае раніцы
і мае знаёмыя
пачалі дамаўляць са мной стрэлкі
адразу на Інстытуце Культуры
гэтак аднойчы зь Берасьця прыехала дзяўчына
даўно безнадзейна ў мяне закаханая
я сустрэў яе на Інстытуце Культуры
адкуль ёй блізка было да вакзалу
мы селі на зэдлік у двары ля відэасалёну
адкаркавалі піўко
я зірнуў на яе і ўсьвядоміў
што досыць доўга яе ня бачыў
і што яна за гэты час
добра так разьвілася пасталела й пахарашэла
таму пасьля другой бутэлькі піўка
я зрабіў ёй шчырую прапанову
паглядзець разам у відэасалёне
якую-небудзь клясыку
але дзяўчына ўсё-ткі была не настолькі сталая
і напэўна спалохалася
бо адразу пабегла сікаць за паблізны гараж
дзе доўга сядзела і думала над маёй прапановай
а калі выйшла то сказала што не маўляў дзякуй
ёй трэба ехаць назад у Берасьце
і ўжо зараз
балазе цягнікі ходзяць даволі часта
на гэтым мы тады й разьвіталіся
я флегматычна паціснуў плячыма
й вярнуўся ў свой відэасалён
глядзець па-мойму «Altered States» Кена Расэла
а недзе праз год мы сустрэліся зноўку
толькі ўжо не на Інстытуце Культуры
а ў менскай кватэры
дзе яна жыла зь іншым хлопцам, старэйшым
такім сама чарнявым і валасатым як я
за якога рыхтавалася выйсьці замуж
бо ў яе ўжо быў ад яго жывоцік
і яна такім чынам нават з намі ня выпіла
толькі ўсё нешта мітусілася ля стала
й пазьбягала глядзець мне ў вочы
а я там сядзеў як тормаз і думаў
што калі б ня тая мая заўчасная й двухсэнсоўная прапанова
то ўсё магло б быць па-іншаму
то бок напэўна прыблізна аднолькава
толькі фільм пра каханьне быў бы не мастацкі а дакумэнтальны
бо ў ролі валасатага героя-абраньніка
давялося б выступіць самому ягонаму прататыпу