Неяк мы з маімі інтэрнацкімі сябрамі
засумавалі па вёсцы
і нам дзіка захацелася хатняга малака
Кажуць, філяматы пілі для натхненьня малако
Мы таксама
Галоўным інгрэдыентам добрага малака
ёсьць, як патлумачылі мне сябры, папараць-кветка
якая ў горадзе не расьце
а толькі на вёсцы
Найбліжэйшай ад нашага інтэрнату вёскай былі Навінкі
Я зусім не ўяўляў дзе гэта й што гэта
бо тады яшчэ не было аднайменнай газэты
Затое ўсе ведалі, што такое папараць-кветка
Мы доўга ішлі па Даўгінаўскім тракце
гэта быў наш першы Доўгі паход
у рамках тэарэтычнага асваеньня маоізму
а я ўвесь час пытаўся – мы ўжо прыйшлі? Хіба гэта ня вёска?
Давайце пагрукаем у любую хату, нам дакладна дадуць малака
ці чаго-небудзь іншага як бедным студэнтам
зьбіральнікам фальклёру
у кожнай сапраўднай вёсцы
Урэшце мы вырваліся за горад і дасягнулі лесу
на жаль, разам зь цемрай
у якой знайсьці нешта
можна было ўжо толькі памылкова
і тут убачылі ў гушчары
мігценьне россыпу жоўтых агнёў –
гэта яна, папараць-кветка!
Не, гэта былі Навінкі
якія ў цемры выглядалі зусім як наш інтэрнат
тады сябры мне патлумачылі,
што гэта славуты дурдом
пабрацім Шарантона й Радэза
дзе жывуць менскія вар’яты
наркаманы й філёзафы ў вялікай зьяднанай сям’і
быць прынятым у якую мне тут жа захацелася болей
чым хатняга малака
і пакуль хлапцы навобмацак рвалі папараць-кветку
я стаяў і ціха зайздросьціў
жыхарам Навінак
…Малако варылася доўга
гадзіны тры ці чатыры
на электраплітцы ў маім блёку
і ягоны смурод трывожыў мірныя сны цэлага паверху
Урэшце вадкасьць набыла патрэбны колер
так званы колер хакі – ці харкаціны
і пазбылася малочнага смаку
на карысьць смаку конскай жвякі
Піць гэта можна было толькі паводле ленінскага прынцыпу
два глыткі наперад – адзін назад
але нягледзячы на ўсе нашыя намогі
ні храна тое малако не натхняла
Адно спалілі мой адзіны рондаль
Філяматаў з нас ня выйшла
А яшчэ праз два гады адзін з нас
пры падобных абставінах
усё-ткі патрапіў у тыя казачныя Навінкі
апавёў нам пра электрашокі
і болей мне туды не карцела
Гэтак памерла адна з маіх першых
юначых ілюзій