7. А вы ведаеце Бона Скота?

Зь Серабранкі я памятаю дужа мала

бо ніколі не вяртаўся адтуль цьвярозы


Здаецца, там збольшага жылі прыстойныя дзяўчаты

з добрых сталічных сем'яў

якія ўсё нешта сьвяткавалі

пасьля чаго захоўвалі прыстойнасьць вельмі нядоўга

але на жаль не са мной


толькі адна зь іх спрабавала мяне згвалціць –

беспасьпяхова

з другой я цэлую гадзіну выгульваў раніцай ейнага сабаку

каля сажалкі, на другім беразе якой Чыжоўка

і ўсё бяз толку

у трэцюю – старэйшую – быў сапраўды закаханы

быў у яе дома

але нічым гэта ўсё ня скончылася

апроч верша з назваю «Аргентына»


карацей, згадаць асабліва няма чаго

акрамя таго выпадку ў бары

куды я зайшоў пасьля канцэрту «Паталягістаў» па цыгарэты

і трапіў у кампанію крутых бандзюганаў

з шалавамі і сабакам

Убачыўшы падпітага касматага малалетку

(я відаць яшчэ й ляпнуў па п'яні нешта ня тое)

яны ўжо хацелі са мной разабрацца

як тут самы зь іх старэйшы й татуяваны

(сьвяткавалі ягонае вяртаньне зь цюрагі)

даў мне апошні шанец

і спытаўся, ці ведаю я Бона Скота


я ніколі асабліва не любіў ЭйСі/ДзіСі

але тут рэзка стаў іхным фанатам

і нават прасьлязіўся, калі піў за сьветлую памяць Бона Скота

замоўленую маім апекуном-бандзюганам гарэлку –

«Магістраль у пекла» ўратавала мне калі ня скуру

то прынамсі зубы


Ня ведаю, ці можна гэта лічыць успамінам

але рэшту згадак пра Серабранку я пасьпяхова выцясьніў

яна стала для мяне гэткай падсьвядомасьцю горад

таму гэтай яго часткі, паўднёва-ўсходняй

я інстынктыўна пазьбягаю нават у Празе

і лічу яе чымсь накшталт тундры

адкуль не заўсёды можна вярнуцца

асабліва калі ня ведаеш Бона Скота


Загрузка...