12. In My Defence

Найважнейшым адрозьненьнем Менску ад Берасьця

ёсьць вядома мэтро

і зьвязаныя зь ім падземныя пераходы

дзякуючы якім мы і адчувалі сябе часткаю андэграўнду


гэтак у падземным пераходзе ля Камароўкі

жабравалі адкіды грамадзтва мабыць былыя хіпі

прадавалася хатняе сала й апазыцыйная прэса

каб было ў што адразу загортваць набытае сала

пры перадачах сядзельцам на Акрэсьціна

(цяпер згадваю, што і я гандляваў аднойчы на

Камароўцы цягам летніх вакацый –

ня тым, што вы падумалі, а ягадамі

якія мы зь цёткай прыпёрлі ў Менск з-пад самых Баранавічаў –

я сядзеў гандляваў і баяўся, што мяне ўбачыць

хтосьці зь менскіх знаёмых)

але ўсё-ткі галоўнай жыхаркай падземных пераходаў

была музыка


на Якуба Коласа гралі жыўцом

лацінаамэрыканскія музыкі-індэйцы

зь якімі мы пасьля бліжэй пазнаёміліся

асабліва дзяўчаты й Тлусты

(ня буду ўдавацца ў дэталі

скажу толькі

што падобна Тлусты пазнаёміўся і з «Краснымі звёздамі»

пасьля чаго забіў зь імі стрэлку ў адным з падземных пераходаў

каб набіць ім іхныя нацыянал-бальшавіцкія морды

і нанёс ім сакрушальную тэхнічную паразу

бо «Красные звёзды» на двубой не зьявіліся

засцалі, казаў потым Тлусты)


на Кастрычніцкай прадаваліся рэдкія кружэлкі

якія прывозіў адзін сьцёбны дзядзька з Гомелю

што выкупаў іх па правінцыйных крамах

а ў Менску браў за іх утрыдорага


на Нямізе гандлявалі аўдыёкасэтамі

з самай неверагоднай музыкай

ад Баха да тыбэцкіх манахаў

пра джаз ня кажучы

Няміга потым увайшла ў гісторыю

таксама на жаль у сувязі з музыкай


але найбольш музыкі

было ў Круглым пераходзе на плошчы Перамогі

там ня толькі бесьперапынна выступалі флейтысты

скрыпачы гітарысты саксафаністы

(пераважна зь філяры

куды мы між іншым хадзілі на клясычныя канцэрты

пагрызьці сушкі замест папкорну)

але там жа знаходзілася і невялічкая крама з электронікай

дзе бесьперапынна круцілі музычныя кліпы


памятаю як цягам першага курсу

я штодня прынамсі гадзіну прастойваў у гэтай краме

пад выглядам таго што цікаўлюся электронікай

і глядзеў усе музычныя кліпы запар

у чаканьні, калі зноў пакажуць кліп Фрэдзі Мэрк’юры

«Ін май дыфэнс»

але кліпа болей так і не паўтарылі


менавіта ў Круглым пераходзе

каля нашага ўнівэру

найбольш усяго адбывалася

гэта тут нас зь сябрам Саблікам упершыню ў жыцьці

самі клеілі дзьве менскія дзеўкі

падпітыя крыху старэйшыя й больш разьняволеныя за нас

але склеілі толькі Сабліка

бо я пасьля кліпу Мэрк’юры ў сабе да часу засумняваўся


гэта тут мы сустракаліся й разьвітваліся

з сваімі каханымі

зь іншых раёнаў горада


а яшчэ я тут неяк спаткаў свайго калегу Алеся Разанава

які памятаў мяне зь Берасьця

ён спытаўся «Чаму вы не прыходзіце да нас у рэдакцыю?»

маючы на ўвазе напэўна «Крыніцу»

я ў адказ паціснуў плячыма

ня ведаючы як патлумачыць Алесю Разанаву

чаму я не прыходжу ў рэдакцыю

але потым знайшоўся і разьвёў рукамі

нібы спрабуючы абняць увесь Круглы як Зямля пераход

з усімі ягонымі мінакамі жабракамі й музыкамі

Алесь Разанаў тады мяне зразумеў

усьміхнуўся

разьвітаўся і засьпяшаўся ў мэтро


Загрузка...