Менскі Захад мы называлі Краінай Мальбара
У часы, калі апошняй станцыяй мэтро была Пушкінская
а наступныя шчэ і не будаваліся
гэта тут здымалі кватэры самыя растарможаныя дзеўкі
і самыя прыпісчаныя знаёмыя
з суіцыдальнымі схільнасьцямі
гэта сюды можна было за апошнія грошы
прыехаць а трэцяй ночы на таксі
без папярэджаньня
і застацца да раніцы
пазанаступнага дня
гэта тут люлька міру замяняла сьняданак
а культавы фільм калыханку
адным словам, Захад – ён і ў Менску Захад!
а вуліцы! Адаеўскага, Адзінцова, Прытыцкага!
паэзія!
мы ніколі не запісвалі адрасоў на Захадзе
бо ведалі яго напамяць колькі б ні выпілі
як і некалькі патрэбных нумароў тэлефонаў
на выпадак небясьпекі
дэгідратацыі
Назва «Краіна Мальбара» ўзьнікла спантанна
пад уплывам рэклямных білбардаў з каўбоямі
што нагадвалі шыльды на памежных пераходах
між рэштай Менску і Захадам
а таксама пасьля таго выпадку
калі мы з хлапцамі ў нядзелю ўвечары
акупавалі ў адсутнасьць кораша ягоную хату
і захацелі з нагоды ці то Дзядоў, ці то Гэлаўіна
выпіць як культурныя людзі
гэта значыць пад закусь
набылі з гэтай нагоды курыцу
і ўсьвядомілі, што ня ведаем, як яна гатуецца
я тут жа набраў адзін з нумароў хуткае дапамогі
ён аказаўся нумарам маёй аднагрупніцы
якая жыла паблізу
і якую я да гэтага вечара кахаў толькі плятанічна
а празь дзьве гадзіны курыца была гатовая
хлапцы былі гатовыя
а мы з аднагрупніцай ужо настолькі закаханыя
што пакуль на кухні пад курыцу лілася гарэлка
за здароўе Ўсіх Памерлых
разам з задушэўнымі песьнямі
за ўпакой усіх жывых
мы за сьценкай ніяк не маглі нарадавацца
з доўгачаканай фізычнай блізкасьці
нам заміналі толькі пэрыядычныя выгукі
кшталту «хадземце бухаць, хопіць трахацца!»
«наагул, вы курыцу есьці будзеце?»
і грукат у дзьверы «вы там яшчэ ня скончылі?»
(не, я яшчэ ня скончыў)
і іншыя дробныя непрыемнасьці
На наступны дзень з самай раніцы
паспаўшы хіба паўгадзіны ў аўтобусе
мы сустрэліся на занятках
была ангельская
на тэму «як я правёў выходныя»
да дошкі выйшла мая каханая
і штосьці расказвала
замест выкладчыцы
я ня мог уцяміць ні таго, што яна казала
ні таго, калі яна пасьпела ўсё гэта вывучыць
ні чаму яна пасьля бяссоннай ночы
выглядае так сьвежа, быццам я толькі сьніў усё папярэдняе
можа, гэта ўсё і сапраўды было п’янай галюцынацыяй?
але тут яна раптам зьвярнулася да мяне
і строга па-ангельску прамовіла:
«Шчур, чаму вы ўвесь час усьміхаецеся?
Вы, напэўна, выдатна правялі выходныя?»
на што я, з апошніх сілаў трымаючыся
каб не расплакацца
ад шчасьця й ня выдаць сябе – то бок нас – перад астатнімі
адказаў: «Так,
я быў у Краіне Мальбара».