У нас інтэрнацкіх
не было вялікіх праблем з трахадромам
праблемы былі ў мясцовых
тых што жылі з бацькамі
асабліва старымі
я меў такія ж у Берасьці
й па шчырасьці ім не зайздросьціў
але й да нас у інтэрнат
не заўжды і ня ўсім можна было трапіць парадным уваходам
некаторыя лазілі па зьвязаных прасьцінах цераз балконы
ламалі ногі
але ўпарта ішлі на нераст
з маёй мясцовай каханай
мы доўга шукалі месца дзе б застацца
ўдваіх у маім інтэрнацкім пакоі вечна хтосьці тусаваўся
то суседзі зь дзеўкамі то ў адсутнасьць суседзяў
мой знаёмы прыблудны гей
для якога я быў на шчасьце нецікавым як малалетка
а каханая была дома пад пільным бацькоўскім каравулам
урэшце яна папрасіла ў сяброўкі ключ ад кватэры
дзесьці ў раёне бульвара Шаўчэнкі
сама сяброўка пайшла начаваць да бабулі
а мы засталіся начаваць у кватэры
ці можа кватэра належала бабулі
й тая пайшла начаваць да сяброўкі
дакладна ўжо не згадаю
апісваць той вечар і ноч няма асаблівага сэнсу
усе думаю перажывалі штосьці падобнае
я напрыклад упершыню перажыў сапраўдны аргазм
з далёка ня першай спробы
аказалася што каханьне мае ня толькі духоўнае вымярэньне
пад раніцу мы былі ўжо стомленыя
але ўсё адно не хацелі разьвітвацца
каханая была вольнай але мне трэба было на заняткі
і я натуральна сказаў што дзеля каханьня на іх забіваю
яна занепакоілася маўляў а што ты скажаш ува ўнівэры?
я паціснуў плячыма
што-небудзь прыдумаю
скажу што мусіў тэрмінова зьехаць у Берасьце
па важных сямейных прычынах
такія заўсёды знойдуцца
скажам вясельле ці пахаваньне
мы пасьмяяліся
й далей займаліся тым чым займаліся
толькі гадзіне аб адзінаццатай раніцы
я сказаў што больш не магу мне патрэбна выспацца
аднаму
бо надвячоркам у мяне была заплянаваная рэпэтыцыя
з адным вядомым тады мэталёвым гуртом
куды мяне прынялі выключна з-за выгляду, а ня таленту
а забіць на рэпэтыцыю – гэта вам не забіць на заняткі
за такое могуць і начысьціць рыла
мы разьвіталіся з каханай да вечара
я вярнуўся ў ціхі дзённы інтэрнат шчасьлівым
і бадай што дарослым чалавекам
толькі маё шчасьце працягвалася нядоўга
бо на вахце мне перадалі што званіла маці
і што я мушу тэрмінова ехаць у Берасьце
уначы загінуў мой стрыечны брат
разьбіўся ў аварыі
а стрыечная сястра ў цяжкім стане
вось тады мая мара трапіць у Навінкі ледзь ня спраўдзілася
я адразу згадаў сваю начную жартаўлівую фразу
наконт важных сямейных прычынаў
сказаную прыблізна ў часе аварыі
і зразумеў што я дагуляўся
ня проста зь лёсам а з госпадам богам
у сьлязах я прыйшоў на рэпэтыцыю
сказаў хлапцам што з мэталам і іншай д'ябальшчынай завязваю
як і з каханьнем
сыходжу ў манастыр каб ня скончыць самагубствам
і паехаў на пахаваньне
такім чынам ува ўнівэры ў мяне праблем сапраўды ня
ўзьнікла узьніклі праблемы выключна з мазгамі
я да сёньня ня ведаю якая сувязь між каханьнем
і сьмерцю і чаму калі па праўдзе кахаеш заўжды некага іншага забіваеш
хай ненаўмысна ўсяго толькі жартам
і чаму гэта было зьяўлена мне так рана
адначасова з даросласьцю
коштам нявіннага жыцьця
майго незабыўнага маладзейшага за мяне стрыечнага брата
зь якім мы былі блізкія ў дзяцінстве
усё гэта віравала ў маёй галаве
ў дарозе й на пахаваньні
і я баяўся ў гэтым прызнацца хоць каму-небудзь
пачуваючы сябе ў сям'і двойчы чорнай авечкай
забойцам
і ў цэлым сьвеце быў адзіны сьведка маёй не нявіннасьці
але прынамсі невінаватасьці
мая каханая
там на другім канцы тэлефона
які злучаў нас у тыя дні гэтаксама
як назаўжды злучыла тая ноч тая сьмерць тая раніца