Аляксей Карпюк


Упершыню бліжэй з лаўрэатам Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа, заслужаным работнікам культуры Беларусі, пісьменнікам Аляксеем Карпюком я пазнаёміўся 15 траўня 1987 года ў Слоніме. Тады ён узначальваў Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і з групай гродзенскіх літаратараў прыехаў у горад над Шчарай віншаваць з 75-годдзем старэйшага заходнебеларускага паэта Анатоля Іверса. Вечарына адбылася ў раённым Доме культуры. Я яе вёў і неяк трохі хваляваўся. Учарашні студэнт і раптам такая адказная місія. Перад пачаткам вечарыны Аляксей Нічыпаравіч кажа:

— Не хвалюйся, Сяргей, вядзі сябе спакойна і проста. Тут няма перад кім хвалявацца...

Хвалявацца было перад кім: прыехалі пісьменнікі з Мінска, Гродна і з іншых гарадоў і мястэчкаў. Аляксей Карпюк сеў побач са мною і сяды-тады гаварыў вясёлыя рэплікі. Відаць, каб падтрымаць мяне. Пасля я даў яму слова. Ён выступаў цікава, проста і з гумарам, амаль так, як заўсёды выступае Янка Брыль. Яны нечым падобныя. Аляксей Карпюк падараваў тады Анатолю Іверсу прыгожы і дарагі партфель.

Ішоў час, сяды-тады я яму званіў, пісаў. Ён абяцаў мне дапамагчы выдаць асобным зборнікам вершы слонімскіх літаратараў. На вялікі жаль, наша задумка засталася нерэалізаванай. Праз пяць гадоў пасля нашай першай сустрэчы Аляксея Карпюка не стала: 14 ліпеня 1992 года. І нешта адразу страцілася, згубілася на літаратурнай ніве Гродзеншчыны. І сёння часам нам не хапае Аляксея Карпюка — мужнага, смелага, разважлівага і таленавітага чалавека.

Нарадзіўся Аляксей Карпюк 14 красавіка 1920 года на Беласточчыне ў вёсцы Страшава ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1934 годзе мясцовую сямігодку, вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні. У 1939 годзе ён паступіў у Навагрудскае педвучылішча. „Было нас пяць хлопцаў з Наднямоння, з-пад Налібоцкай пушчы і адзін Карпюк з-пад Беластока, — успамінае ва ўступным слове да двухтомніка А. Карпюка (Мінск, 1991) Уладзімір Калеснік. — Мы прывозілі „сідары” ледзь не кожны тыдзень, а Карпюк разы два на год, пасля зімовых і летніх канікулаў, затое валок гару смакаты: цэлага кумпяка, паляндвіцу, каўбасы, пару апольцаў сала таўшчынёю на ўсе пяць пальцаў”.

У гады вайны Аляксей Карпюк пайшоў у партызаны, а ў час выканання дыверсіі на чыгунцы каля Ваўкавыска, трапіў у палон. Спачатку яго трымалі ў Беластоцкай турме, а пасля ў лагеры Штутгаф (Прусія). У 1943 годзе ён уцякае з лагера, арганізоўвае партызанскі атрад і становіцца яго камандзірам. Праз пэўны час разам з дзейнічаючай арміяй прымае ўдзел у вызваленні Варшавы, Познані, штурмуе Берлін.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступае на факультэт замежных моў Гродзенскага педінстытута. Студэнтам ён пачынае пісаць прозу. У часопісе „Полымя” ў 1953 годзе студэнт Карпюк дэбютуе аповесцю „У адным інстытуце”. А праз пяць гадоў выдае сваю першую кнігу апавяданняў і аповесцей „Дзве сасны”.

Працоўная дзейнасць пісьменніка была даволі разнастайнай і нялёгкай. Працаваў загадчыкам райана ў м. Сапоцкіна, дырэктарам школы на Ваўкавышчыне, у Гродзенскім педінстытуце, у рэдакцыях газет, загадчыкам агенцтва „Інтурыст” у Гродне, дырэктарам Музея атэізму і гісторыі рэлігіі, а з 1978 года ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Дзе б не працаваў Аляксей Карпюк, заўсёды пісаў. „Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”, — гаварыў пісьменнік у сваёй аўтабіяграфіі „Мая Джамалунгма”.

Жылося яму нялёгка. Ён быў адкрытым і смелым, а чыноўнікі і камуністы не любілі тады такіх. Аляксей Карпюк на V З’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў Мінску, які адбыўся 13 мая 1966 года, адкрыта выступіў па тых праблемах, якія набалелі, якія хвалявалі пісьменніка. У сваім выступленні ён абараніў гонар беларускага творцы, а таксама Анатоля Іверса і Васіля Быкава за наезды з боку мясцовых чыноўнікаў і КДБ.

Ёсць у Аляксея Карпюка аўтабіяграфічны нарыс „Мая Джамалунгма”. Пра гэты выдатны твор пісала нават газета „Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхене.

Але, бадай, самым знаным і папулярным творам Аляксея Карпюка застаецца аповесць „Данута”, якая перакладзена на многія мовы свету. Зянон Пазьняк назваў „Дануту” Аляксея Карпюка сваёй любімай аповесцю. Калі сумна мне — перачытваю і я „Дануту”, адключаюся ад сённяшніх нялёгкіх праблем і вяртаюся ў Вільню, у нашу беларускую сталіцу, дзе жыла прыгожая і шчырая Данута. Найвыдатнейшы твор!

Пакінуў пасля сябе нашчадкам Аляксей Карпюк і раман „Карані”, аповесці, казкі, а таксама нарысы, прысвечаныя роднай Гродзеншчыне і яе людзям.

На вялікі жаль, беларусы яшчэ не ўсвядомілі, які таленавіты і цікавы празаік жыў на нашай зямлі.

2001


Загрузка...