Беларускія гісторыкі, якія пісалі і пішуць пра збройны чын у барацьбе за незалежнасць Беларусі – Слуцкае антыбальшавіцкае паўстанне 1920 года, да сваіх даследаванняў заўсёды стараюцца дадаць адзін вельмі цікавы фотаздымак-дакумент. Гэты фотаздымак зроблены ў Вільні ў 1921годзе. На ім сфатаграфаваны сцяг Першага Слуцкага палка стральцоў збройных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Каля штандару (злева направа) сядзіць Лявон Вітан-Дубейкаўскі і невядомая беларуская дзеячка, а справа побач каля сцягу стаіць не хто іншы, як Антон Борык. Менавіта пра яго хачу сёння згадаць, хаця звестак пра нашага змагара за волю беларускага народа вельмі мала. У кнізе “Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах” (Мінск, 2006) пра Антона Борыка найбольш прыгадвае гісторык Уладзімір Ляхоўскі. Часам спасылаецца на “Referat dzialacza politycznego Bialorusi Antoniego Boryka z Wilna” Алег Латышонак у сваёй сур’ёзнай манаграфіі “Bialoruskie formacje wojskowe 1917-1923” (Беласток, 1995).
Упершыню прозвішча Борыка я сустрэў у артыкуле пра Слуцкае паўстанне Анатоля Грыцкевіча ў часопісе “Спадчына” за 1993 год, дзе ён пісаў: “Борык, капітан, -- начальнік штаба 1-е Слуцкае брыгады стральцоў БНР” (“Спадчына”, № 2, 1993). Вось і ўсё бадай. Але чым больш нашы гісторыкі будуць даследаваць Слуцкае паўстанне і БНР, тым часцей будуць звяртацца да асобы Антона Борыка – загадкавай, мужнай, хітрай. Яго нават звольнілі ў лістападзе 1919 года з усіх пасад ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі за тое, што нібыта ён меў палітычныя сувязі з прадстаўнікамі польскай вайсковай арганізацыі. Але як бы там не было, беларус з Сакольскага павету Антон Борык да канца свайго жыцця быў шчырым беларусам і змагаром за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны, ў 1920 годзе ён узначаліў штаб Першай Слуцкай брыгады ў барацьбе супраць бальшавікоў.
Нарадзіўся Антон Борык у 1897 годзе ў вёсцы Сынкоўцы на Беласточчыне. Па іншых звестках ён нарадзіўся ў 1894 годзе. Калі пачалася Першая сусветная вайна Антона забралі на фронт, дзе ён даслужыўся да капітана. На фронце беларускі юнак набраўся армейскага вопыту і смеласці. Таму пасля вайны з 1917 года працягваў службу ў польскім корпусе генерала Доўбар-Мусьніцкага.
У 1918 годзе Антон Борык вырашыў развітацца з вайсковай службай. Ён прыехаў у Вільню і адразу ўключыўся ў беларускую справу. Антона залічылі ў склад Віленскай Беларускай рады. Ён актыўна ўключыўся ў работу і разам са сваімі сябрамі арганізаваў Беларускі нацыянальны камітэт ў Гародні і ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
У 1919 годзе нашага земляка ўключаюць у склад супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў БНР. Урад накіроўвае Борыка ў Берлін. Ён быў
першым урадавым пасланнікам БНР у гэтай краіне. Капітан Антон Борык прыбыў у Берлін з Гародні 23 сакавіка 1919 года ў якасці кіраўніка Беларускае ваеннае місіі па справах ваеннапалонных. Тое, што першым у Нямеччыну ўрадам БНР быў пасланы вайсковы прадстаўнік, зусім не выпадкова. Пытаннем жыцця і смерці для маладой беларускай дзяржавы было стварэнне ўласных узброеных сілаў, якія б здолелі абараніць незалежнасць Беларусі ад акупантаў, што навальваліся на краіну з Усходу і з Захаду. У нямецкіх лагерах для ваеннапалонных знаходзілася каля 60.000 беларусаў. З іх дапамогаю Беларускі ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якія б пазней змаглі скласці ядро нацыянальнага войска. Ужо ў пачатку красавіка Антон Борык, наладзіўшы сувязь з Між-народнаю камісіяй па справах ваеннапалонных (дзейнічала пад эгідай краін Антанты), актыўна вядзе беларускую працу сярод вайскоўцаў-суайчыннікаў. У гэтай справе яму дапамагаў генерал Кіпрыян Кандратовіч, які прыехаў у нямецкую сталіцу яшчэ ў лютым 1919 года і ў якасці сябра Дэлегацыі БНР праз нейкі час мусіў адбыць на Парыжскую мірную міжнародную канферэнцыю.
Дзейнасць беларускага ўраду ў іншых накірунках была больш выніковаю. Хутка там усталяваліся шчыльныя кантакты з прадпрымальнікам, выхадцам з Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які, маючы надзею наладзіць выгадныя гандлёвыя сувязі з Беларуссю, стварае ўласную фірму -- "Сіндыкат Сапегі для Еўропы і Азіі на Беларусі". Пэўны час ён аказвае прадстаўніцтвам беларускага ўраду ў Берліне пасільную фінансавую дапамогу. У складзе Берлінскае канторы "Сіндыкату Сапегі..." працавала шмат беларусаў, у тым ліку паўнамоцным дырэктарам яе быў да лета 1920 года Антон Борык. Станіслаў Сапега-Ваявода стаў заснавальнікам першае за межамі былой Расейскай імперыі Беларускае службы друку і тэлеграфнае інфармацыі, якая двойчы на тыдзень выдавала інфармацыйныя бюлетэні, дзе галоўная ўвага надавалася беларускай тэматыцы.
Афіцыйная рэгістрацыя Дыпламатычнае місіі БНР у Нямеччыне была зроблена Антонам Луцкевічам. 4 траўня 1919 года ён звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў Нямеччыны з наступнай заявай: «Гэтым сьведчыцца, што ў склад Дыпляматычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі, якая ў гэты час знаходзіцца ў Бэрліне, уваходзяць наступныя асобы: старшыня Рады Народных Міністраў і Міністр Загранічных Спраў – Антон Луцкевіч; пасол -- Аркадзь Смоліч; служачыя – Антон Борык і Янка Натусевіч”.
Восенню 1919 года Надзвычайная дыпламатычная місія БНР у Нямеччыне складалася ўжо з трох аддзелаў (консульскага, ваеннага і аддзелу прэсы) ды наступных асобаў:
1. Шэф Місіі -- Леанард Заяц (пазней Леанід Баркоў);
2. Сакратар -- Доктар Паўлоўскі;
3. Юрысконсульт -- Бруно Мілера (консульскі аддзел);
4. Начальнік ваеннага аддзелу Місіі -- Антон Борык;
5. Райца па вайсковых справах--Яўхім Бялевіч (ваенны аддзел);
6. Райца па справах прэсы -- Валянцін фон Дзітман.
У Германіі Антон Борык разам з іншымі беларусамі вырашае не толькі вайсковыя пытанні, але не шкадуе грошай для беларускіх дзетак, аказваючы вялікую фінансавую дапамогу беларускім школам у Менску.
У сярэдзіне лета 1920 года Антон Борык пакідае Берлін і вяртаецца ў Латвію. Яго па-ранейшаму хвалююць беларускія справы і па запрашэнню беларускіх вайскоўцаў восенню таго ж года ён спыняецца ў Вільні, а пасля ў Гародні. Вярнуўшыся дамоў, наш зямляк узначаліў агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі. А восенню разам з групаю беларускіх афіцэраў капітан Борык накіраваўся ў Слуцк, дзе ўзначаліў штаб Першай Слуцкай брыгады. Актыўна папаўняў сваю брыгаду мясцовымі паўстанцамі і не вельмі сябраваў са Станіславам Булак-Булаховічам, выступаў супраць альянсу слуцкіх паўстанцаў і яго войскам. Антон Борык зрэд часу даваў інфармацыі ў газету “Наша Думка” (выходзіла ў Вільні са снежня 1920 па ліпень 1921 гадоў) і ў газету “Беларускае Слова” (выходзіла з кастрычніка 1920 па студзень 1921 гадоў і выдавалася Беларускім нацыянальным камітэтам Гарадзеншчыны). Начальнік штаба беларускіх паўстанцаў паведамляў: “Беларускае паўстаньне маець партызанскі характар. У ім ёсьць тутэйшыя сяляне, “зялёныя” і дэзэртыры з Чырвонай Арміі. Бальшавікі стараюцца скрыць яго істнаваньне і давяць вялікарасейскімі аддзеламі. Паўстаньне пашыраецца па ўсіх беларускіх паветах, нягледзячы на недахват броні і агульнай помачы”(Наша Думка. 1920, 24 снежня).
Калі ў канцы снежня 1920 года паўстанне было задушана, атрады паўстанцаў перайшлі на тэрыторыю Польшчы і былі раззброеныя і інтэрнаваныя ў лагеры ў Беластоку, а пасля – у лагеры ў Дарагуску. Антон Борык спачатку знаходзіўся ў Латвіі, пасля ў Коўне, Вільні, Варшаве. Дарэчы, у Варшаве ён быў адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы. Перад самым пачаткам Другой сусветнай вайны наш зямляк жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Сляды яго губляюцца ў час вайны. Магчыма ён загінуў падчас акупацыі ў пачатку 1940-х гадоў.
2007