Сяргей Дубінскі – беларускі археолаг і гісторык


Імя Сяргея Дубінскага ёсць на памятным крыжы ў Курапатах, пастаўленым у гонар расстраляных тут у 1937 годзе беларускіх археолагаў. Тады, у 1930 годзе, арыштавалі за нацыяналізм прафесара Мікалая Азбукіна, інспектара Наркамасветы Алеся Аніхоўскага, крытыка Адама Бабарэку, наркама асветы БССР Антона Баліцкага, агранома Івана Божку, прафесараў Максіма Гарэцкага, Усевалада Ігнатоўскага і Мітрафана Доўнар-Запольскага, паэта Уладзіміра Дубоўку, гісторыка Язэпа Дылу, філолагаў Платона Жарскага, Міколу Байкова і Язэпа Лёсіка, драматурга Васіля Шашалевіча і іншых таленавітых людзей Беларусі. Разам з імі летам 1930 года быў арыштаваны і Сяргей Дубінскі – беларускі археолаг і гісторык з Беласточчыны, а праз 7 гадоў -- расстраляны. Праўда, пасля першага арышту яго адпусцілі і параілі памяняць месца жыхарства.

А справа была так. Летам 1928 года падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына ў ваколіцах Мінска, Сяргей Дубінскі знайшоў рог даўжынёй 1 метр 90 сантыметраў. Знаходка гэта была ідэнтыфікаваная як рог валдайскай казы і хутка яе здалі ў архіў. У 1935 годзе прыбіральшчыца, выводзячы мыш’яком архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог, які там пыліўся. Рог нечакана змяніў колер і з шэрага стаў бледнаружовым. Тады вырашылі тэрмінова паклікаць Дубінскага. Сяргей Антонавіч глянуў і ўсё зразумеў, што гэта рог не валдайскай казы, а рог аднарога – вымерлай траваяднай непарнакапытнай жывёліны. Менавіта рагавы нараст аднарога мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, змяніць колер пад уздзеяннем атрутных рэчываў. Але Сяргей Дубінскі добра ведаў, што савецкая ўлада адмаўляла і адмаўляе існаванне аднарога. Адкрыццё нашага археолага абмяркоўвалася тады ў навуковых колах БССР кулуарна, нават шэптам. А калі Сяргей Дубінскі быў арыштаваны, то рог аднарога праходзіў па справе ў якасці рэчавага доказу, а пасля знік у спецсховах, як і многія іншыя рэліквіі беларускага народа.

Сяргей Дубінскі нарадзіўся 13 кастрычніка 1884 года ў вёсцы Наройкі Бельскага павета. Пасля заканчэння Пецярбургскага універсітэта ў 1914 годзе , пэўны час працаваў настаўнікам. У 1925 годзе Сяргей Дубінскі становіцца сябрам гісторыка-археалагічнай камісіі Акадэміі Навук БССР, а пасля – навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, а з 1931 года – у Інстытуце гісторыі Акадэміі Навук БССР. Адпрацаваўшы два гады ў Інстытуце гісторыі, нашаму земляку сказалі тэрмінова пакінуць тэрыторыю Беларусі і выехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Ленінград. У 1933 годзе Сяргей Дубінскі назаўсёды пакінуў Беларусь і прыехаў у горад на Няве, дзе ўладкаваўся на працу ў Ленінградскую акадэмію гісторыі матэрыяльнай культуры.

За той час, калі наш зямляк жыў і працаваў у Беларусі, яму ўдалося зрабіць шмат чаго карыснага для беларускай археалогіі. Ён актыўна даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і эпохі сярэднявечча. Праводзіў разам са сваімі калегамі раскопкі і вывучаў курганныя старажытнасці ў Бельскім павеце, пасля гарадзішчы Бабруйшчыны, Міншчыны, Мазыршчыны, Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Па словах даследчыцы беларускай археалогіі Таццяны Каробушкінай, у 1927 годзе Сяргей Дубінскі склаў археалагічную карту Магілёўскай вобласці, якая на жаль не захавалася.

Самай грунтоўнай і вялікай працай, якую пакінуў нам беларускі археолаг, з’яўляецца яго “Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін”, асобнай кнігаю якая пабачыла свет у Мінску ў 1933 годзе. У ёй наш зямляк назваў працы пра дакласавае грамадства, ранні феадалізм, нумізматыку, сфрагістыку, старажытную архітэктуру, абарончыя збудаванні. У 20-я—30-я гады Сяргей Дубінскі паспеў напісаць і апублікаваць дзесяткі артыкулаў, сярод іх – “Доследы культур жалезнага перыяду па Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне”, “Чаркасоўскае гарадзішча пад Оршай”, “Раскопкі Банцараўскага гарадзішча каля Менску ў 1926 годзе”, “Археалагічныя працы на Беларусі за 1919-1928 гады”, “Гарадзішча каля вёскі Германаў Аршанскай акругі”, “Доследы культур жалезнага перыяду на БССР у 1929 годзе” і іншыя.

На вялікі жаль, свае планы і задумкі наш таленавіты зямляк ажыццявіць не змог. Яго расстралялі ва ўзросце 53 гадоў. У 1958 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны.

2007


Загрузка...