З цікавасцю прачытаў я артыкул Міры Лукшы „Клуб тых, што апісваюць сваё”, які быў надрукаваны ў „Ніве” 31 снежня 2000 года. У ім прыгадваюцца два паэты — Сцяпан Пятэльскі (М. Арол) з Гарадка і Іван Дарашкевіч (Янук Д., Каршун, Янук Дарашкевіч) з вёскі Меляшкі. Не ведаю, ці пісала калі
„Ніва” пра Янука Дарашкевіча, але сёння я яшчэ раз хачу прыгадаць гэтае імя..
У свой час М. Арол і Янук Д. шчыра сябравалі, разам друкавалі свае вершы на старонках віленскай „Нашай нівы”, прысвячалі адзін аднаму паэтычныя радкі. М. Арол напісаў і надрукаваў свайму земляку два вершы — „Мая душа” і „Песняр”. У „Песняры” М. Арол піша:
Людзі кажуць, што я дзікі,
Бо ўцякаю ў лес і горы.
Мая хата — свет вялікі,
У ёй жыву я на прасторы.
Там мяне ўсе птушкі знаюць,
Што жывуць, як я, на волі,
Дзіўны песні мне спяваюць
Аб сваёй шчаслівай долі.
Уся травіца, усе квяточкі
Мяне любяць, мяне знаюць,
Як бы роднаму браточку,
Свае пахі адкрываюць.
Знаю я, што лес шапоча —
Ён мне тайны адкрывае.
Казку дзіўную булькоча
З-пад гары крыніца тая.
Я багаты, не зайздрую
Тым панам, што ў шоўках ззяюць,
Вядуць гутарку пустую,
Шчасця ж шчырага не знаюць.
У сваю чаргу Каршун — Янук Дарашкевіч — прысвяціў М. Арлу ажно тры вершы — „Песня”, „С. Пятэльскаму” і „К. Пятэльскаму”. Рукапісы гэтых вершаў захоўваюцца ў Вільні ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы (ЦБАНЛ, ф. 21, спр. 83).
І калі спадчына М. Арла, дзякуючы Янку Саламевічу, пабачыла свет асобнаю кнігаю ў 1991 годзе, то спадчына Янука Дарашкевіча чакае свайго даследчыка. Тым больш, што ягоны рукапісны зборнік „Абразкі”, падрыхтаваны аўтарам у 1914 годзе, таксама захоўваецца ў Вільні.
Янук Дарашкевіч, сын Кастуся Дарашкевіча, нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Меляшкі на Беласточчыне. Спачатку вучыўся ў роднай вёсцы, пасля ў Гарадку, дзе і пазнаёміўся з М. Арлом, які быў яго равеснікам. Пасля школы ў Гарадку, Янук Дарашкевіч паступіў у Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1909 годзе. З гэтага часу пачынаецца яго педагагічная дзейнасць. Працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне, а пасля ў Даўкшы каля Панявежыса.
Калі пачалася першая сусветная вайна, Янук Дарашкевіч быў прызваны ў царскую армію і накіраваны ў школу прапаршчыкаў у г. Ламаносаў, што каля Санкт-Пецярбурга. Так паэт з Меляшкоў стаў ваенным чалавекам. Ён не здымаў шыняля аж да апошніх сваіх дзён. 24 лютага 1943 года Іван Дарашкевіч загінуў на фронце ў Арлоўскай вобласці, што ў Расіі.
Першыя вершы Янука Дарашкевіча з’явіліся ў „Нашай ніве” ў 1909 годзе. Ён падпісваў іх псеўданімам Каршун, а пасля — Янук Д. Пра што былі гэтыя вершы? Найперш — пра жыццё вясковых людзей, а таксама пра каханне:
Вецер свішча, вецер вые,
Гнуцца вербы над вадой.
Сэрца стогне, сэрца ные
Па дзяўчыне маладой.
Ные сэрца, плачуць вочы,
Думкі роем мелькацяць...
Дзе прапалі ясны ночы?
І калі іх прычакаць?..
... А цяпер? Цяпер усё іначай:
Лісці сыплюцца з дрэўя...
І адзін я сохну, плачу
Без цябе, ды салаўя.
2001