Даўно збіраўся напісаць пра паэта, перакладчыка, празаіка і публіцыста Яўгена Міклашэўскага, ды ўсё нешта не атрымлівалася, не ставала часу, як сёння мы любім казаць. А час ляціць імкліва — глянуў у каляндар: Яўгену Міклашэўскаму ўжо 70.
Нарадзіўся пісьменнік 9 жніўня 1936 года ў вёсцы Лыскі Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства. Праз дзесяць гадоў сям’я пакінула родныя мясціны і пераехала на Нясвіжшчыну. У 1957 годзе Яўген скончыў Пінскае педвучылішча, а ў 1965 годзе —Мінскі педагагічны інстытут замежных моў.
Першыя творы Яўгена Міклашэўскага былі апублікаваныя ў часопісе “Полымя” у 1959 годзе, хаця першая кніга паэзіі пабачыла свет крыху раней — у 1968 годзе, яна называлася “Свежасць”. Пра яе адразу станоўча адгукнуліся розныя выданні. Зборнік вершаў паэта называлі поклічам часу, вясной паэта, настройкай голасу, жыццём у паэзіі. І сапраўды, зборнічак атрымаўся ўдалым, вершы падкупалі чытачоў сваёй шчырасцю:
Журботны лісця шолах…
Кляновы лістапад.
У полымі прысад —
Прасветы клёнаў голых.
Асенні санцапёк…
Сачу, зачараваны,
Як падае, сарваны
Дыханнем дня, лісток.
З якою навіною
Ляціць ён на зямлю?..
І я яго лаўлю,
Як матылька вясною.
Найбольш плённым час быў для паэта Міклашэўскага, калі ён працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі (1981-1991). Тады з друку выйшлі яго кнігі вершаў “Світальны водбліск”, “У спрадвечным руху”, “Зара-заранка, зара-вячэрніца”. У іх паэт услаўляў сваю Радзіму, вяртаўся ў думках на Беласточчыну да бацькоўскай хаты, паэтызаваў чалавека працы, каханне, прыроду.
Піша пісьменнік і сатырычныя творы. Усім вядома яго кніжка сатыры і гумару “Ганна з Пухавіч” (Мн., 1976).
З празаічных твораў варта адзначыць яго аповесць “Чатыры дарогі”, якая прысвечана духоўнаму свету, маральна-этычнаму абліччу людзей 70-х гадоў мінулага стагоддзя. А таксама цудоўную кнігу “Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча” (Мн., 1995). Кніга пра Максіма Багдановіча далёка не літаратуразнаўчая праца, а своеасаблівы раман-даследаванне, які чытаецца лёгка, проста, даступна. Такіх кніг, дарэчы, у нашай літаратуры бракуе. А яна найперш разлічана на моладзь, якую ў наш час здзівіць нечым вельмі няпроста.
Яўген Міклашэўскі яшчэ выдатны перакладчык. Перакладзена ім на родную мову шмат твораў Д.Уолеса, Э. Хемінгуэя, М. Пехаля, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Кальцова, Р. Кіплінга, Э. Колдуэла і многіх іншых замежных аўтараў. Неяк запытаў у Яўгена Міклашэўскага: пра што пішацца і думаецца? Дык ён сказаў, што закончыў аповесць “Пастухі і пастушкі”, якую задумаў ажно чвэрць стагоддзя назад. Яна прысвечана жыццю беларускай пасляваеннай вёскі і, прынамсі, пра вучобу, абавязкі, і гульні дзяцей вайны. А яшчэ пісьменнік дадаў: “Я заўсёды любіў у паэзіі ўсмешку, дасціпнасць, жарт і відавочна таму ў апошнія гады захапіўся паэтычнымі мініяцюрамі (напісаў цыклы “Свет каляровых сноў” і “Беларускія фрашкі”. Шмат увагі аддаю перакладам з рускай (лірыка XIX-XX стагоддзяў), з англійскай (Кіплінг), са стараўзбекскай (Наваі, Машраб) і з іншых. Марыў да 200-годдзя А.С.Пушкіна апублікаваць свой пераклад “Евгения Онегина”. Не атрымалася. У 1999 годзе пераклаў лібрэта оперы С. Манюшкі “Галька” (аўтар — Уладзімір Вольскі). Вершы і пераклады паціху друкую ў часопісе “Маладосць”, “Настаўніцкай газеце”, “ЛІМе”.
-- А пра што ў апошні час думаецца?
-- Пра трагічны лёс беларускай нацыі. Напісаў два артыкулы, прысвечаныя роднай мове: “Разбураны храм” і “З тарашкевіцай — у трэцяе тысячагоддзе!”. На жаль, “Настаўніцкая газета” друкаваць іх адмовілася.
Калі Яўген Міклашэўскі працаваў у часопісе “Тэатральная Беларусь” (часопіс закрылі, ужо не выходзіць), ён часта там публікаваў свае публіцыстычныя артыкулы-разважанні пра мастацтва сцэны, пра нацыянальную драму, пра інтэлігенцыю за… кулісамі і г.д. У адным з артыкулаў пісьменнік піша: “Мова, калі яна жыве, як і ўсё, развіваецца — самаўдасканальваецца і ачышчаецца ад чужародных наслаенняў. І асноўнае — даць ёй магчымасць жыць і жыць там, дзе яна нарадзілася, гэта значыць, асноўная наша задача — адрадзіць мову”.
У імклівым руху літаратуры нялёгка ўтрымацца і выжыць. Яўген Міклашэўскі трымаецца, друкуецца і чытаецца. Ніколі не здраджваў ён сваёй мове, творчасці і Бацькаўшчыне. Хай так будзе і надалей! Хай наш зямляк дачакаецца новых юбілеяў і новых сваіх кніг!
2006