Разьбяр па дрэве


У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі, што на Гарадзеншчыне, адведзены невялікі куток, прысвечаны творчасці беларускага разьбяра па дрэве Уладзіміра Мацюка (1902-1989). Працы яго таксама знаходзяцца ў Расіі ў Дзяржаўным музеі этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу і ў музеях Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Мацюк нарадзіўся ў Беластоку 105 гадоў таму. У сярэдзіне 1940-х гадоў не па сваёй волі з сям’ёй прыйшлося пакінуць родныя мясціны і пераехаць у Дзятлава, дзе і пражыў ён усё сваё астатняе жыццё. З дзяцінства самадзейны мастак захапіўся разьбой па дрэве, бо ўжо ў 1930-40-х гадах удзельнічаў у мастацкіх выставах. У Беларусі яго творы экспанаваліся на розных абласных і рэспубліканскіх выставах, а таксама выставах былога Савецкага Саюза. Многія з іх былі адзначаны прэміямі і дыпломамі.

Асноўная тэматыка твораў Уладзіміра Мацюка (рэльеф, круглая скульптура) – гэта гісторыя беларускага народа, яго сялянская праца, да якой мастак быў бліжэй і добра ведаў. Сама скульптурная прапрацоўка формы ў работах Уладзіміра Мацюка вылучаецца мноствам дробных парэзаў, якія дапамагалі мастаку выявіць пластыку фігур.

Сярод твораў гэтага таленавітага чалавека, якія захаваліся ў розных музеях, вядомы такія, як напрыклад – “Араты” (1940 г.), “З данясеннем” (1945 г.), “Дудар”, “Тры пакаленні ў барацьбе за Радзіму” (абодва ў 1954 г.), “Скончаны працоўны дзень”, “Начлег”, “Жанчына з граблямі”, “Жывёлавод”, “Стары на прызбе” (усе 1950-я гады) і многія іншыя працы Уладзіміра Мацюка.

Гэтая невялікая нататка няхай нагадае пра нашага земляка. А раптам нехта яго ўспомніць, а можа ў кагосьці і на Беласточчыне зберагліся яго мастацкія творы з дрэва.

2007


Загрузка...