Беларускія генералы з Беласточчыны


Старэйшыя жыхары Беласточчыны магчыма ведаюць ці чулі пра сваіх землякоў – генералаў Аляксандра Вашкевіча і Мікіту Казачука. Калі пра генерала-маёра Аляксандра Вашкевіча згадваецца ў Беларускай энцыклапедыі і зрэд часу ў іншых выданнях, то пра генерала Мікіту Казачука звестак амаль няма. Ды і фотаздымак яго знайсці таксама не ўдалося. Вядома толькі, што ён нарадзіўся ў 1898 годзе ў Трасцянцы Гайнаўскага павета ў шматдзетнай беларускай сям’і. Сям’я Казачукоў налічвала васьмёра дзяцей. Пяцёра з іх памерла ад розных хваробаў. Але сын Мікіта застаўся жыць і нават ніколі не хварэў. Быў фізічна моцны і жвавы хлопчык, а пасля – прыгожы і дужы юнак.

Як і многіх беларусаў у 1914 годзе сям’ю Казачукоў напаткаў нялёгкі лёс развітання з Радзімай. Ехаць сям’я ў бежанства вельмі не хацела, хаця там, на чужбіне, абяцалі ім “рай”. І ўсё ж яны пакінулі родныя Трасцянцы і выехалі ажно ў Сярэднюю Азію. Жылося там цяжка. А калі Мікіту споўнілася 18 гадоў, царскія ўлады мабілізавалі яго ў Петраград. Там ён быў удзельнікам усіх рэвалюцыйна-бальшавіцкіх пераваротаў і падзей. Але ўдалося не загінуць, вытрымаць і зберагчы сябе.

Малады Мікіта Казачук вельмі сумаваў па Бацькаўшчыне. Ён вырашыў закончыць ваенную школу, каб пасля быць накіраваным у Мінск. А з Мінску перад Другой сусветнай вайною яму далі накіраванне на вучобу ў Маскву, дзе ён атрымаў спецыяльнасць ваеннага лётчыка, а таксама інжынера.

Калі пачалася вайна, наш зямляк у 1941-1942 гадах, як лётчык, бараніў Маскву ад немецкіх самалётаў. Ён добра ведаў лётную справу, інжынерную, ваенную. Поспехі і перамогі ў ваенных справах былі ў яго навідавоку. Пасля некалькі ўдалых перамог, яму прысвойваюць званне палкоўніка і ўключаюць у склад інспекцыйнай групы. Група пад яго камандаваннем вельмі ўдала арганізоўвала і будавала палявыя аэрадромы ў тыле Савецкай Арміі. За што наш зямляк атрымаў званне генерала і быў узнагароджаны многімі савецкімі ордэнамі і медалямі.

Пасля вайны генерал Мікіта Казачук жыў у Маскве, дзе і памёр. Некалькі разоў ён наведваў родную Беласточчыну: пабываў у Беластоку, Дабрынёўцы і ў Бельску, а таксама ў роднай вёсцы. Тут ён сустракаўся са сваімі сваякамі, сябрамі, якіх ведаў у маленстве, з якімі сябраваў і жыў некалі па-суседству.

Другі генерал з Беласточчыны – Аляксандр Вашкевіч – асоба больш вядомая і мужная. Нарадзіўся ён 11 ліпеня (па іншых звестках 28 жніўня) 1901 года ў Белавежы ў беларускай сялянскай сям’і. Паспеў дома яшчэ навучыцца чытаць і пісаць. Бо калі хлопчыку споўнілася 13 гадоў, яго бацькі разам з васьмю малодшымі сёстрамі і братамі, пакінулі родную Белавежу і падаліся ў бежанства. Іх сям’ю дарогі прывялі ажно на Урал у горад Чэлябінск. Але там шчасця не было. Ад нялёгкага жыцця Аляксандр Вашкевіч у 1918 годзе дабраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію і быў накіраваны ў саставе 237 Мінскага пяхотнага палка на Заходні фронт. А ў 1920 годзе нашага земляка прынялі ў падафіцэрскую школу, а пасля – у Смаленскую афіцэрскую школу, якую ён скончыў праз пяць гадоў. Пасля заканчэння школы, малады беларускі афіцэр Вашкевіч служыў камандзірам узвода, а пасля даслужыўся ажно да начальніка штаба 211 пяхотнага палка 71 дывізіі Чырвонай Арміі.

У 1938 годзе Аляксандр Вашкевіч скончыў Ваенную Акадэмію імя Фрунзе ў Маскве і ў гэтай акадэміі атрымаў пасаду начальніка аддзела навучання. Такім чынам наш зямляк з гадамі прайшоў усе ступені салдацкага лёсу. Ён добра разумеў салдат і маладых афіцэраў і сярод іх заўсёды найлепш адчуваў сябе і карыстаўся аўтарытэтам. Аднак хутка педагагічна-навуковую дзейнасць падпалкоўніка Вашкевіча спыніла Другая сусветная вайна. У студзені 1942 года яго прызначаюць камандзірам палка, а потым намеснікам камандзіра 116 пяхотнай дывізіі. І першую баявую закалку ён атрымлівае ў 1943 годзе пад Курскам. За гэта яго ўзнагароджваюць ордэнам Чырвонага Сцяга. А летам 1943 года наш зямляк вызначыўся ў пераправе праз Днепр. Пад вёскай Перавалочная недалёка ад Днепрапятроўска яму першаму ўдалося адбіць у немцаў кавалак зямлі на заходнім беразе Дняпра. Пакуль паспелі галоўныя сілы арміі, пад камандаваннем Вашкевіча засталося ў жывых усяго 13 салдат. Так пісаў у сваёй кнізе “Генерал Аляксандр Вашкевіч, 1901-1945” польскі гісторык Ян Лемпкоўскі. Кніга пабачыла свет у серыі “БКД” выдавецтвам Міністэрства нацыянальнай абароны яшчэ Польскай Народнай Рэспублікі. А вось пра гэты факт беларуская энцыклапедыя “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945” (Мн., 1990. С.118) падае інакш: “Камандзір стралковага палка падпалкоўнік Вашкевіч вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра. У ноч на 27 верасня 1943 года ўмела арганізаваў пераправу палка каля вёскі Перавалочная Кішэнькаўскага раёна Палтаўскай вобласці; без страт у жывой сіле і тэхніцы полк замацаваўся на плацдарме і паспяхова працягваў наступленне”. Цяжка сказаць, як там і што было, але за гэты ўчынак Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прысвоіў Аляксандру Вашкевічу (ужо палкоўніку) званне Героя Савецкага Саюза і ўзнагародзіў яго Залатой Зоркай Героя і ордэнам Леніна.

З верасня 1944 года наш зямляк ваюе ўжо ў складзе Другой Арміі Войска Польскага. Ён камандуе пяхотнай дывізіяй і атрымлівае званне генерала брыгады. Са сваёй дывізіяй беларускі генерал ідзе на Берлін праз Варшаву, Лодзь і Познань і трапляе на фронт на Нысе Лужыцкай, а пасля ў раён Будзішына і Дрэздэна. Па версіі таго ж польскага гісторыка Яна Лемпкоўскага, цела Аляксандра Вашкевіча польскія салдаты знайшлі ў лесе 4 траўня 1945 года. Да перамогі 9 траўня генерал не дажыў усяго 5 дзён. Лекарская камісія тады падцвердзіла, што генерала Вашкевіча немцы схапілі параненым і моцна над ім здзекваліся. Прычынай гэтаму было тое, што штаб Вашкевіча адстаў ад асноўных сіл Савецкай Арміі і Войска Польскага і трапіў у акружэнне немцаў, якія прабіваліся на дапамогу Берліну...

Беларускі генерал з Белавежы Аляксандр Вашкевіч пасмяротна быў узнагароджаны крыжом Віртуці Мілітары і ордэнам Адраджэння Польшчы. Ён пахаваны ў Варшаве ў Алеі Заслужаных. У горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці яго імем сёння названа адна з гарадскіх вуліц.

2007


Загрузка...