Беласточчына ў паэзіі Віктара Шведа


Беларуска-беластоцкі паэт Віктар Швед застаецца прыхільнікам традыцыйнай паэзіі, якая ў спадчыну нам дасталася ад Янкі Купалы і Якуба Коласа. Паэт ён просты, шчыры, зразумелы і нацыянальны. Як ніхто іншы з беларускіх паэтаў Польшчы, Віктар Швед шмат сваіх паэтычных радкоў прысвяціў роднай Беласточчыне. У 2000 годзе ў Мінску ў “Беларускім кнігазборы” выйшаў ладны том твораў беларускіх пісьменнікаў Польшчы, укладальнікам якога быў Ян Чыквін. Хто-хто, а Ян Чыквін разбіраецца ў паэзіі, можа нават лепш за ўсіх нас. Дык вось ён у гэтую кнігу ўключыў 26 вершаў свайго земляка. Сярод іх – класічна-хрэстаматыйны верш Віктара Шведа “Скажу, бывала: еду да бацькоў”. Ну, дзе вы чыталі раней такі чулліва-пяшчотны верш?.. Верш, які аўтар прысвяціў усім нам, верш, які будзе чытацца заўсёды:

Скажу, бывала: еду да бацькоў,

І родзіцца ў душы настрой прыўзняты,

Што вось убачу іх, старых, ізноў

І прывітаю на парозе хаты...

...Скажу я сёння: еду да бацькоў,

І цэлы свет становіцца нямілы.

Стаю маўкліва я ля двух крыжоў,

Што там вартуюць родныя магілы.

Вёсцы Мора Гайнаўскага павета, дзе нарадзіўся паэт, аўтар прысвяціў цэлую вязанку сваіх паэтычных радкоў. То гэта сум па роднай вёсцы, якая жыве ў марах і снах паэта, то гэта сустрэча з роднаю вёскай, дзе цешыцца надзвычай сэрца, а студня поіць вадою, якая п’ецца са смакам, дзе аўтар шчыра прызнаецца, што “я ж тут бываю толькі госцем”. А верш “Вёска Мора” – гэта верш-сон. Паэт апісвае тое, што часта сніцца яму. А сніцца яму, што ён арэ поле і налёгка ўтрымаць малому плуг. І сніцца, што паэт ідзе раніцай касіць луг, а пасля сніцца ток, калі з бацькам там зімою малацілі авёс, а потым бачыцца ў сне той момант, калі маці пячэ хлеб, а дзеці яго са смакам ядуць. Сённяшнія паэты такое не напішуць. Гэта трэба перажыць, бачыць, ведаць. Гэта было, гэта наша гісторыя і сведкам яе з’яўляецца Віктар Швед, калі апісвае сваю вёску. Няхай гэтыя вершы апісальныя, інфармацыйныя, але яны праўдзівыя, дасканалыя ў гістарычных фактах.

Больш за ўсё сваіх паэтычных радкоў, прысвечаных вёсцы Мора, паэт змясціў у зборніку “Родны схоў”(Беласток, 1991). Гэта зборнік-прысвячэнне роднаму схову -- вёсцы, дзе часта згадваецца маці з бацькам, дзе аўтар скажа: “Мая маленькая айчына, мой беластоцкі родны край...”.

Віктар Швед – паэт вёскі. Ён не раз аб гэтым пісаў, казаў, прызнаваўся. Ён вясковы лірык, які шчыра і хвалююча можа весці размовы і са сваімі равеснікамі, і з моладдзю, і з самымі маленькімі слухачамі і чытачамі. Паэт праславіў сваю вёску і сваіх землякоў, што не паверыць у гэта праслаўленне проста немагчыма. Вёска Мора для паэта – гэта нешта святое. І куды там гораду да вёскі:

Даўно я выйшаў з вёскі Мора,

У маладым яшчэ жыцці,

Іду я пастаянна ў горад

І не магу ніяк дайсці.

Але абмяжоўвацца адным Морам, свамі бацькамі і аднавяскоўцамі Віктар Швед не спрабуе. Ёсць у яго арыгінальны верш “З падарожжа”, які Ян Чыквін таксама ўключыў у мінскую кнігу “Беларускія пісьменнікі Польшчы”:

-- Цёзка,

Вы з вёскі?

-- Не, пане,

Мы сяляне.

-- Тады, дружа,

Вы адкуль жа?

-- Мы, пане,

Мяшчане.

-- А хто вы

Па мове?

-- Мы, пане,

Беластачане.

Пра беластачанаў і Беласточчыну ў паэта Віктара Шведа таксама напісана шмат. Паэтычныя радкі ён прысвяціў і прысвячае амаль усім сваім слынным землякам, беларускім арганізацыям і калектывам, значным падзем Беласточчыны і г.д. З цікавасцю, няхай у іх і не ўсе строфы роўныя ў мастацкіх адносінах, чытаю радкі прысвечаныя настаўнікам і вучням Бельскага беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча, актывістам БГКТ, Гарадоцкаму мастацкаму калектыву, супрацоўнікам “Нівы”, Валянціне Тэрлецкай, Алесю Барскаму і многім іншым. Чытаю верш “Зярняты роднай мовы сеем”, прысвечаны Алесю Барскаму:

Ад гулкіх вуліц Беластока

Да стромкіх сосен Белавежы,

Сваёй Радзімы сінявокай

Прайшлі мы, дружа, многа сцежак...

Апісваючы гулкія вуліцы Беластока і стромкія сосны Белавежы, Віктар Швед разам з тым настальгуе па пражытых гадах, хаця верш моцны ёмістасцю паэтычных дэталяў, упэўненасцю і радасцю, што заўсёды ў жыцці паэтаў была і застаецца Беласточчына.

Адначасова з прызнаннямі ў любові да Беласточчыны, паэт у многіх вершах, ды і ў жыцці таксама, заўсёды з гонарам кажа, што ён беларус. Але які беларус без Белавежскай пушчы, без трэляў салаўёй, без Падляшша. Вось як гучыць прызнанне паэта:

Падляшша, роднае Падляшша,

Мая маленькая Айчына!

Гасцінная зямелька наша,

Прымі, прымі паклон ад сына.

Чытаючы вершы Віктара Шведа, прысвечаныя Беласточчыне, заўважаеш, што яны моцныя сімволікай роднай вёскі Мора, зямлі, мовы, жыта, вятрака, соснаў, Белавежы, сноў. Без іх не пісалася б паэту, не было б паэта Шведа, які найбольш з усіх беларускіх паэтаў Польшчы, хораша і светла апявае сваю Беласточчыну.

У 2008 годзе 2 лютага споўніцца 170 гадоў з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі, кіраўніка паўстання на Беларусі ў 1863-1864 гадах Кастуся Каліноўскага (1838-1864), які быў родам з вёскі Мастаўляны, што на Беласточчыне. Паэт піша верш “Кастусю Каліноўскаму” і прысвячае яго будаўнікам Дома культуры імя Кастуся Каліноўскага ў Гарадку. Верш напісаны даўно, але і сёння ён чытэльны, мае гістарычную афарбоўку:

З бацькоўскай вёскі Мастаўляны

Мо і не раз праз Гарадок

Ішоў з наборам палымяным

“Мужыцкай праўды” ў Беласток...

Аддаў жыццё за наша шчасце,

За волю, роўныя правы.

Адкрыты нашы сэрцы насцеж –

У іх Кастусь заўжды жывы.

У 2000 годзе ў Беластоку асобнай кнігай выходзяць “Выбраныя вершы” Віктара Шведа. Аўтар іх расклаў па раздзелах, з якіх тры -- цалкам прысвечаны Беласточчыне і яе людзям. І аўтар правільна зрабіў. Кніга чытачоў зноў вяртае на вясковую Беласточчыну і ў сам Беласток. З сумам ён канстатуе факт, што на Бацькаўшчыне паміраюць вёскі, паміраюць аселіцы і травой зарастаюць палоскі. Там:

Дзе дрэва старое, дзе студня –

Бясследна і без пары

Памерлі Лука і Рудня,

І Боўтрыкі, і Гарбары...

Але ёсць яшчэ:

Даброўшчына, Сакольшчына!

Я многа меў пашаны

У Ячне, у Талькоўшчыне,

Сынкоўцах, Крушынянах...

Хвалюе аўтара і тое, што беларускія вёскі на Беласточчыне становяцца польскамоўнымі, таму для беларусаў яны хутка могуць стаць чужымі.

Калі вёскі паціху знікаюць, то з кожным годам прыгажэе Беласток. Вельмі прыгожа, па-шведаўску міла, ладна і добразычліва паэт апеў гэты горад, свой горад, дзе ўсё да драбніц знаёма, дзе аўтар тут творча прапісаны назаўсёды:

Цешыш сэрца і цешыш наш зрок

Ты, малое айчыны сталіца.

Беласток, родны наш Беласток,

Будзем вечна табой ганарыцца.

2008


Загрузка...