Якаў Бранштэйн


Пра Якава Бранштэйна ў пасляваенны час нашы пісьменнікі стараліся не згадваць. Трохі напісаў пра яго Міхась Лынькоў у 1962 годзе. Вось бадай і ўсё. Больш добрага слоўца ў адрас Якава Бранштэйна я не чытаў і не чуў. А калі пра яго і ўспаміналі, дык толькі ў сувязі з рэпрэсіямі, у хвалю якіх трапіў і гэты яўрэйскі пісьменнік.

На днях пазваніў Міхасю Казлоўскаму — гісторыку беларускай літаратуры і заўзятаму бібліяфілу ў Маладзечна. “Што ты ведаеш пра Якава Бранштэйна?” — запытаўся ў сябра. “Ведаю толькі тое, — сказаў Міхась, — што Бранштэйн быў “праваю рукою” Лукаша Бэндэ. Але калі Лукаш Бэндэ быў вельмі кволым і малаадукаваным літаратарам-сталіністам, дык Якаў Бранштэйн, наадварот, добра ведаў літаратуру, пісьменнікаў, прафесійна займаўся літаратуразнаўствам і пісаў файныя даносы ў НКВД на творчую інтэлігенцыю”.

Усё гэта так. Пацвярджэннем сказанага могуць служыць ўспаміны Юркі Віцьбіча, змешчаныя ў “Беларускай мэмуарыстыцы на эміграцыі” (укладальнік Лявон Юрэвіч, Нью-Ёрк, 1999. С.138-139): “Савецкая ўлада мела на мэце зьнішчыць нашую нацыянальную інтэлігенцыю. Адзін за адным зьнікалі за турэмнай брамай беларускія пісьменьнікі. З дапамогай катаваньня, падробленых дакумэнтаў, крывасьведкаў сьледчыя НКВД фабрыкавалі акты абвінавачваньняў. Ім шчыра дапамагалі ў гэтым пісьменьнікі-камуністыя. І асабліва вылучаўся ў гэтай галіне крытык Якаў Бранштэйн. Па даручэньню НКВД ён пісаў такія “рэцэнзіі” на творчасьць арыштаваных пісьменьнікаў, што нават пратаколы сьледстваў здаваліся больш гуманнымі ў параўнаньні зь імі. За гэтую сваю подлую працу невук Бранштэйн атрымаў годнасьць прафэсара. Але усё-ж няма “пад сонцам Сталінскай Канстытуцыі” ні адной устойлівае кар’еры.

“Аднойчы ўначы, — расказвае адзін малады паэта, — выклікалі мяне зь Менскае турмы ў будынак НКВД на допыт. Звычайна нас перавозіла туды адна з тых страшных і пашыраных у СССР аўтамашынаў, якім народ даў красамоўнае імя “чорны воран”. Жудасная, без вакенцаў, яна і ў сярэдзіне падзялялася на рад катухоў, каб абвінавачаныя ня зносіліся паміж сабой. Усё-ж пераборкі не даходзілі да столі машыны, і звычайна ў час кароткага пераезду абвінавачаныя перагаворваліся, назваўшы сьпярша сваё імя. І вось толькі я назваў сваё прозьвішча, як пачуў із суседняга катуха адказ:

Бранштэйн.

Не даючы веры сваім вушам, я перапытаў:

Які Бранштэйн?

Якаў Бранштэйн, крытык.

Тут я ня вытрымаў і, успомніўшы ягоныя рэцэнзіі, пачаў лаяцца, а ў адказ чуў толькі адзінае:

Дык я-ж цяпер таксама з вамі. Я — з вамі!

Не, ніколі Якаў Бранштэйн ня будзе разам з гаротнымі песьнярамі беларускага народу. Ягоныя больш-менш аб’ектыўныя артыкулы пра творчасьць нашых паасобных пісьменьнікаў ніколі не пераважаць сабой ягоных ганебных “рэцэнзіяў”-пашквіляў”.

Тым не менш хочацца прыгадаць пра гэтага чалавека і ўспомніць яго хаця б за тое, што ён пісаў “больш-менш аб’ектыўныя артыкулы”.

Нарадзіўся Якаў Бранштэйн у 1897 годзе ў сям’і яўрэйскага служачага ў Бельску – Падляшскім на Беласточчыне. Тут на радзіме прайшлі яго дзіцячыя і юначыя гады, а пасля разам з бацькамі ў 1914 годзе Якаў пераехаў у Варшаву, а праз пяць гадоў — у горад Арол у Расію. З Арла дабраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію і нават ваяваў на Заходнім і Туркменскім франтах. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на працу карэспандэнтам у газету “Орловская правда”, а ў 1925 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны універсітэт. Пасля вучыўся ў Камуністычнай акадэміі, скончыў таксама аспірантуру пры БДУ. У 1930 годзе пачаў працаваць выкладчыкам Мінскага педагагічнага інстытута і адначасова з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мастацтва Акадэміі Навук Беларусі. Працуючы на педагагічнай ніве ён стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі Навук Беларусі, прафесарам, яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Якаў Бранштэйн ведаў і пісаў на ідыш, беларускай і рускай мовах. Часцей за ўсё яго артыкулы друкаваліся ў яўрэйскім часопісе “Штэрн” і ў беларускім часопісе “Полымя рэвалюцыі”. У 1930 годзе з друку выходзіць яго першая кніга літаратурна-крытычных артыкулаў “Атака”. Пасля свет пабачылі шэраг іншых зборнікаў, сярод якіх — “Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі” (1932г.), “На замацаваных пазіцыях” (1934г.), “Літаратурная вучоба”(1935 г.), “Творчыя праблемы ў яўрэйскай савецкай паэзіі”(1936 г.) і іншыя.

У сваёй творчасці крытык Бранштэйн, як піша Ірына Багдановіч “беспадстаўна атаясамліваў метад са светапоглядам, супрацьпастаўляў рэалізм усім іншым “антырэалістычным кірункам”. Памылкова лічыў, што уздым мастацкай літаратуры непасрэдна залежыць ад уздыму палітычнай свядомасці творцы, а значыць, ад палітычнай накіраванасці мастацкай літаратуры”( Беларускія пісьменнікі, Т.1. Мн., 1992. С.303).

Прытрымліваючыся на той час вульгарна-сацыялагічных пазіцый у ацэнцы творчасці беларускіх пісьменнікаў Якаў Бранштэйн быў проста памешаны на барацьбе за марксізм-ленінізм-сталінізм у літаратуразнаўстве. Гэтая барацьба праходзіла скразною лініяй амаль праз усе яго літаратурна-крытычныя артыкулы, пасля якіх многія пісьменнікі траплялі ў полымя рэпрэсій. Найбольш ад Бранштэйна даставалася сябрам “Маладняка” і “Узвышша”, а таксама Янку Маўру, Барысу Мікулічу і Сымону Баранавых.

У 1934 годзе ён піша і публікуе артыкулы, дзе ўжо ў саміх загалоўках было ўсё сказана — “Сымон Баранавых на раздарожжжы”, “ Пра старыя галёшы і пра наватарскія балеткі”, “Узмоцнім пільнасць на фронце мастацкай мовы”, “Партыя канкрэтна кіруе” і іншыя. З друку выходзяць яго артыкулы асобнымі кнігамі “Вынікі 15-гадовай барацьбы за марксізм-ленінізм у літаратуразнаўстве”, “Праблемы ленінскага этапа ў літаратуразнаўстве”.

Вядома, у друку тады з’яўляліся і нядрэнныя артыкулы Якава Бранштэйна пра творчасць З.Аксельрода, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Аляксандровіча, М.Лынькова, І.Харыка і іншых пісьменнікаў. Але акрамя артыкулаў былі і даносы на пісьменнікаў у НКВД. Аб чым і прыгадвае вышэй Юрка Віцьбіч. Тым не менш усё гэта не выратавала самога Бранштэйна. Летам 1937 года ён быў арыштаваны, а восенню гэтага ж года — расстраляны. І толькі 27 чэрвеня 1956 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР Якаў Бранштэйн быў рэабілітаваны.

2007


Загрузка...