Застаць Мікалая Несцярэўскага ў мінскай кватэры летам немагчыма. Ён жыве на лецішчы недалёка ад Баранавічаў. “Кідай усё ў сваім Слоніме і прыязджай да мяне, паглядзіш, чым я тут займаюся. У мяне сяброў бывае шмат. Я люблю іх сустракаць і разам адпачываць”, — сказаў па тэлефоне спадар Мікалай.
Летась наш зямляк мастак-кераміст, сябра Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Мікалай Несцярэўскі адзначыў сваё 75-годдзе. Але і сёння ён адчувае сябе, дзякаваць Богу, яшчэ фізічна даволі ўпэўнена і моцна. Хаця ў жыцці хапала ўсяго.
Нарадзіўся ён 31 сакавіка 1931 года на Падляшшы ў вёсцы Бацюты. “Бацька мой рана памёр. — згадвае Мікалай Лаўрэнцьевіч. — Аднойчы ён паехаў па сена зімою, а лёд быў слабы і ён з сябрам прапаліўся пад лёд. Пакуль выцягнулі коней і сані, то моцна замерзлі. Пасля бацька хутка захварэў на сухоты і памёр. Яго пахавалі ў Бацютах. А маці з цягам часу выйшла замуж за другога”.
— У якім годзе вы пакінулі Беласточчыну? – пытаюся.
— Адразу пасля вайны ў 1945 годзе. Гэта быў той час, калі палякаў перасялялі ў Польшчу, а беларусаў гналі на Ўсход. Мы вельмі не хацелі пакідаць Бацюты. Бо ў нас было 18 гектараў зямлі, 5 кароў, некалькі коней, шмат свіней, авечак, сотні курэй. Мы жылі даволі добра. Праўда, шмат працавалі, але і шмат мелі. Жылі заможна ажно да восені 1939 года. А калі прыйшлі бальшавікі, то жыць стала цяжка. І мы пад прымусам пераехалі да сваякоў у Дзятлава на Гарадзеншчыну.
— Чым вы займаецеся цяпер?
— Цяпер будую на лецішчы прыгожы і вялікі дом. Ён незвычайны і не падобны на ўсе іншыя. Так што я запрашаю ўсіх беларусаў да сябе ў госці ў любы час. А яшчэ займаюся жывапісам, скульптурай, керамікай. Працую, як малады.
На дзятлаўскай зямлі прайшлі юнацкія гады Мікалая Несцярэўскага, тут ён пачаў свой працоўны шлях, адсюль пайшоў, як кажуць, у “вялікі свет”. Прырода шчодра надзяліла талентамі Мікалая Несцярэўскага. Спачатку ён працаваў у артэлі па вырабу мэблі, столярам. Тут ён авалодаў майстэрствам апрацоўкі дрэва. А калі працаваў у Дзятлаўскім раённым Доме культуры інструктарам – арганізаваў духавы аркестр. Мікалай Лаўрэнцьевіч любіць і ўмее яшчэ спяваць.
Але сэнс свайго жыцця ён знайшоў у галіне мастацкай керамікі. Праца з глінай, яе пластыка, апрацоўка заўсёды вабілі юнака. Ён паехаў працаваць на фабрыку мастацкай керамікі, што ў Івянцы, пераймаў вопыт вядомых майстроў.
У 1969 годзе наш зямляк скончыў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў) і да самай пенсіі працаваў на Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце. Працаваў плённа. Пазнаў такія сакрэты апрацоўкі керамікі, якія і цяпер не могуць паўтарыць сучасныя беларускія майстры.
Творы мастака сёння ўпрыгожваюць фасады і інтэр’еры многіх будынкаў і ўстаноў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён з’яўляецца адным з аўтараў афармлення станцыі метро “Плошча Якуба Коласа” у Мінску, будынкаў аэрапарта “Мінск-2”, кафэ “Бульбяная” у Мінску. Сцены Гродзенскага тэатра лялек упрыгожваюць таксама яго творы. Мікалай Лаўрэнцьевіч займаўся афармленнем магазіна “Мінск” у Валгаградзе (Расія), працы яго можна таксама сёння ўбачыць у аздараўленчым цэнтры “Баравічок” на Дзятлаўшчыне, на сценах Дзятлаўскай гімназіі № 1.
Нядаўна я наведаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Яго дырэктар Фёдар Красюк паказаў усе працы Несцярэўскага, якія ён падараваў музею. Гэта цэлая вялікая калекцыя мастацкай керамікі. Тут і керамічныя пано, і посуд, і дэкаратыўныя скульптуры і пласты. Творы Мікалая Несцярэўскага проста кранаюць сваёй дасканаласцю і прыгажосцю.
“Вельмі прыемна, што шэраг маіх работ застаецца ў Дзятлаве, горадзе майго юнацтва. Няхай дакрананне да прыгожага сцвярджае ўсё лепшае, самае добрае ў людзях, дорыць ім радасць”, — сказаў нядаўна Мікалай Лаўрэнцьевіч у час перадачы сваіх твораў музею, а гэта больш за 60 работ. Цэлая музейная зала адведзена жыццю і творчасці Мікалая Несцярэўскага. Тут і карціны мастака, і бюсты, і медалі, і гліняны посуд.
Шмат твораў наша земляка захоўваецца і ў музеі Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Тут знайшлі свае ўвасабленне ідэі па ўвекавечаньні такіх постацяў нацыянальнай культуры, як Е. Полацкай, Л. Сапегі, А. і М. Багдановічаў, М. Улашчыка, М. Ермаловіча, Ларысы Геніюш, Натальлі Арсенневай, Кастуся Каліноўскага, А. Бярозкі і многіх іншых дзеячаў Беларусі, якія жылі ў розны час і жывуць цяпер. Бюсты, медальёны, плакеткі, жывапісныя кампазіцыі — гэта ўсё працы Мікалая Несцярэўскага. Пра іх можна расказваць і пісаць бясконца. Вось такі ён, гэты чалавек з Беласточчыны-Дзятлаўшчыны, у якога шчодрая душа і вялікі талент.
2007