Культурна-літаратурная Гродзеншчына на старонках тыднёвіка “Ніва”


У пачатку 1980-х гадоў я ўпершыню трымаў у руках беларускі тыднёвік “Ніва”, які 50 гадоў ужо выдаецца ў Беластоку. А справа была вось як. Неяк я, студэнт-першакурснік Белдзяржуніверсітэта, прыехаў у родны Слонім і завітаў да мясцовага, але вядомага ў свой час у Заходняй Беларусі паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско). Сядзім, гутарым, а пасля Анатоль Іверс пытае: “А ці ведаеш ты пра беларускую газету “Ніва”, якая выдаецца ў Беластоку? Ты такой цікавай і дэмакратычнай газеты яшчэ не чытаў. Я яе перачытваю ўсю”. Паэт дастаў з шуфляткі свайго стала некалькі нумароў дзвюхколернай “Нівы” і даў мне на некалькі дзён пачытаць. А пасля параіў: “Ты паспрабуй сваю падборачку вершаў даслаць у гэту газету, адрас там знойдзеш”. Я паслухаўся старэйшага слонімскага сябра і даслаў у “Ніву” свае паэтычныя радкі. Яны хутка былі апублікаваныя, нават са здымкам. І мне з рэдакцыі прыслалі нават газету. Гэта была вялікая радасць.

Па словах Анатоля Іверса, як яе памятаю, у 1980-х гадах у Слоніме 8 чалавек выпісвалі тыднёвік з Беластока. Пасля з падпіскаю былі праблемы: то газету не ўносілі ў падпісны каталог Беларусі, то калі яна там была — выкрэслівалі, то газета дастаўлялася нерэгулярна, то зусім не даходзіла да адрасатаў у Слоніме. Анатоль Іверс хадзіў альбо тэлефанаваў на пошту, сварыўся, высвятляў. І ўсе слонімскія паштальёны пра “Ніву” добра ведалі, бо калі яна з’яўлялася, яе адразу няслі на вуліцу Дабрыяна, 8, каб толькі паэт ім не дакучаў.

Але Анатоль Іверс не толькі чытаў “Ніву”, як кажуць, ад коркі да коркі, ён у тыднёвіку друкаваў і свае вершы. У асноўным гэта былі творы, якія прысвячаліся Польшчы, Беласточчыне, сябрам. Напрыклад, у сакавіку і ў жніўні 1977 года ён апублікаваў вершы “Зацесна Нарве ў берагах”, “У Плоцку”, “Успамінаю Беласток”, “Дзе тыя Пясчанікі?”, у 1978 — “На братняй зямлі” і іншыя. Вось некалькі радкоў з верша “Дзе тыя Пясчанікі?”:

Вёска ёсць Пясчанікі —

Так ці мо не так?

Запрашаў на дранікі

Беларус-зямляк:

— Запытай Лісоўскага,

Кожны скажа дзе.

Вельмі была коўзкая

Сцежка для людзей…

Так мы разляцеліся

З Плоцка ў свой куток:

Я — дзе Шчара сцелецца,

Ён — пад Беласток…

Дзе ж тыя Пясчанікі

Сябрука майго?

Недзе пахнуць дранікі.

А ўжо сорак год!

Згадваў Анатоль Іверс на старонках “Нівы” і пра свайго земляка-паэта Гальяша Леўчыка. Пра Леўчыка на старонках тыднёвіка цікавы артыкул-успамін надрукаваў у 1980 годзе Сяргей Новік-Пяюн (“Ніва”, 20.07.1980). А калі Янка Саламевіч падрыхтаваў і выдаў кніжку выбраных твораў Гальяша Леўчыка “Доля і хлеб”, Міхаць Шаховіч надрукаваў невялікую зацемку ў газеце пра кнігу. У прыватнасці аўтар падкрэсліў, што творчасць Гальяша Леўчыка “ішла следам купалаўскай рамантычнай музыкі. Безупынныя заломы — нечаканая змена радасці ў сум, эмоцыя і меланхолія, пастаянная сувязь з вёскай і фальклорам з’яўляюцца галоўнымі рысамі творчасці Гальяша Леўчыка”.

“Ніва” вельмі часта друкавала вершы Гальяша Леўчыка. У 1980 годзе ў ліпені на яе старонках былі апублікаваны некалькі твораў паэта са Слоніма, сярод якіх і верш “Хто адрокся сваіх…”:

Хто адрокся сваіх,

Хто стыдацца нас стаў

І прыліп да чужых, —

Каб ён свету не знаў.

Мову родную хто

Пазабыў, асмяяў,

Загубіў за нішто, —

Каб ён свету не знаў… і г.д.

Для людзей літаратуры і культуры зямлі слонімскай заўсёды знаходзілася месца на старонках “Нівы”. Вельмі цікавыя знаходкі пра слонімскага грамадскага і рэлігійнага дзеяча Лукаша Дзекуць-Малея апублікавала найвыдатнейшая беларуская даследчыца нашай літаратуры і гісторыі ў Польшчы Лена Глагоўская. Лукаш Дзекуць-Малей у 1920-х гадах пераклаў на беларускую мову 17 рэлігійных брашур з польскай і рускай моў. У 1942 годзе выдаў на беларускай мове малітоўнік.

На старонках “Нівы” толькі на працягу апошніх трыццаці гадоў былі апублікаваныя творы слонімскіх літаратараў Уладзіміра Ягоўдзіка, Сяргея Хмары, Алега Бембеля (Зьніча), Алега Лойкі і многіх іншых маіх землякоў. Ці асобныя артыкулы пра іх дзейнасць і творчасць. 12 красавіка 1987 года Аляксандр Баршчэўскі апублікаваў інтэрв’ю з прафесарам Алегам Лойкам. На пытанне: што вы думаеце аб нашай “Ніве”, Алег Лойка сказаў: “Зразумела, што найбольш мяне цікавяць матэрыялы фальклоразнаўчыя і літаратурныя, асабліва паэтычныя і крытычна-літаратурныя. Цікавяць мяне таксама фатаграфіі, якія ілюструюць гісторыю Беласточчыны і яе сённяшні дзень. З цікавасцю чытаю апошнюю старонку, запоўненую, як вядома, гумарам. Хацелася б на старонках “Нівы” бачыць большую колькасць прадстаўнікоў маладой паэзіі. У цэлым “Ніву” успрымаю як жывы водгалас народнага беларускага жыцця. Цешуся, што на старонках з’яўляюцца матэрыялы, звязаныя з Беларуссю”.

На працягу 50-гадовага свайго існавання, “Ніва” надрукавала на сваіх старонках творы амаль усіх літаратараў Гродзеншчыны, а таксама інтэрв’ю з імі, артыкулы пра іх творчасць. Найперш гэта вершы Цёткі, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль, Міхася Васілька, Зянона Пазьняка, Міхася Скоблы, Пятра Ламана, Мар’яна Дуксы, Юры Гуменюка, Алеся Чобата, Юркі Голуба, Аляксея Пяткевіча, Станіслава Валодзькі, Язэпа Палубяткі, Аўгінні Кавалюк, Антаніны Хатэнка і дзесяткі іншых таленавітых людзей Гродзеншчыны, якія нарадзіліся тут, жылі ці жывуць цяпер. “Ніва” заўсёды была, а тым больш сёння, яна з’яўляецца не толькі тыднёвікам беларусаў у Польшчы, але і нашым гарадзенскім грамадска-культурным выданнем. Сёння на Гродзеншчыне засталася толькі адна незалежная газета — гэта “Газета Слонімская” у Слоніме і ў Лідзе — “Наша слова” — рэспубліканская газета ТБМ. Усё! Больш выданняў няма, дзе свае творы могуць друкаваць літаратары Гродзенскай вобласці. Нядаўна “Гродзенскую праўду” узначаліла новы рэдактар, нехта Берэснева. Гэта рэдактарка вельмі хутка знішчыла тое, што на працягу дзесяцігоддзяў мела месца на старонках абласной газеты. Я маю на ўвазе рэгулярны штомесячны выпуск літаратурных старонак, старонак, прысвечаных гісторыі роднага краю, яе знакамітым людзям. Паэт Юрка Голуб і былы рэдактар “Гродзенскай праўды” Іосіф Багіна ў 2003 годзе пры газеце пачалі выдаваць штогоднік “Галасы”, дзе друкаваліся творы гродзенскіх літаратараў. Пра гэтае выданне зычлівы водгук быў надрукаваны і ў “Ніве” (6.10.2002). “Цешыць тое, што выхад новай кнігі падтрымалі ў Гродне дзяржструктуры…”, — пісала “Ніва”. Але з прыходам у “Гродзенскую праўду” спадарыні Берэсневай, выданне ўжо не выходзіць. Аказваецца, што і дзяржструктуры не дапамаглі. А можа наадварот?..

Так што цяпер увесь спадзеў у творцаў беларускай літаратуры і культуры Гродзеншчыны толькі на “Ніву”. Ды і на працягу 50 гадоў тыднёвік у Беластоку быў і застаецца прапагандыстам літаратурных твораў пісьменнікаў прынёманскага краю. Найбольш сваіх старонак “Ніва” прысвяціла творчасці Ларысы Геніюш. Асабліва ў апошнія два дзесяцігоддзі. Вельмі часта друкуюцца ў “Ніве” вершы паэткі, артыкулы пра яе кнігі і жыццё. 17 жніўня 2003 года ў “Ніве” была апублікавана невялікая інфармацыя аб тым, як Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Суд, дарэчы, пастанавіў, што паэтка ўвогуле не падлягае рэабілітацыі. 21снежня 2003 года “Ніва” паведаміла аб тым, як мясцовыя зэльвенскія ўлады хочуць дэмантаваць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве каля Троіцкай царквы. Дзякаваць Богу, помнік удалося адстаяць і ён па-ранейшаму займае належнае месца ў Зэльве.

Распавядала “Ніва” і пра штогадовыя ўшанаванні ўгодкаў паэткі, што адбываюцца ў Зэльве, а таксама пра яе сына Юрку Геніюша і яго кнігі.

Пісьменнік Аляксей Карпюк хоць і нарадзіўся на Беласточчыне, але ўсё жыццё пражыў у Гародні. “Ніва” шчыра пісала і пра яго, хоць можа і не так часта. Мне запомніліся два вялікіх артыкула-згадкі пра Аляксея Карпюка — гэта Алеся Чобата і Дануты Бічэль, якія былі апублікаваныя ў “Ніве” у 1992 годзе. Калі артыкул Алеся Чобата пра Аляксея Карпюка быў чыста суб’ектыўны і крыху іранічны, то Данута Бічэль пісала вельмі шчыра. “Аляксей Карпюк быў і такі самы, і абсалютна другі. Гэта быў чалавек іншага пакалення. Пакалення мужыкоў, якія хадзілі да навукі, да культуры — і абагаўлялі яе… Мужыцкі народ ужо ведаў, што кніга нясе дабро. Ён яшчэ не ведаў, што і кніга можа гэтаксама хлусіць, як чалавек…”, — пісаў Алесь Чобат. (“Ніва”, 9.08.1992 г.). А Данута Бічэль у сваіх успамінах, якія яна назвала “Каго помню і люблю” (“Ніва”, 23.08.1992 г.) згадала імгненні жыцця Аляксея Нічыпаравіча. Гэтыя імгненні былі розныя: то светлыя, то радасныя, то маркотныя: “Ужо перад смерцю Аляксей Карпюк папрасіў дзяцей і жонку, каб памаглі яму сесці ў ложку, потым сказаў, што адсюль трэба ехаць… Куды?.. У Англію. У Лондан. Тут дрэнна…”. Хаця мы ведаем, што ніколі Карпюк у тым Лондане не быў…

Успаміны Алеся Чобата пра Аляксея Карпюка — гэта не адзіны ягоны матэрыял, які пабычыў свет на старонках “Нівы”, бо было публікацый шмат. І тое, пра што напісаў гарадзенскі паэт і публіцыст, запомнілася. Найперш ягоныя добрыя пераклады на родную мову вершаў Іосіфа Бродскага і Чэслава Мілаша. Вось як гучаць радкі Іосіфа Бродскага па-беларуску з цыкла “Літоўскі дывертысмент”:

Пакінь смурод і грукат месца —

Завулкам ціхім час ступаць

Між дворыкаў, глухіх і цесных,

Зайдзі ў касцёл, на лаўку сядзь

І там, ад пылу залатога,

Калі падступіць горлам плач,

Ўздыхні святло ад Пана Бога

І ціха выдыхні: — Прабач.

Піша ў “Ніву” не толькі Алесь Чобат, але пішуць і пра яго. Сакрат Яновіч аналізуючы кнігу “Год” Алеся Чобат сказаў: “Гэты марудны акулярнік у гадах майго большага сына здзівіў мяне не майстэрствам формы — яна ў яго беспрэтэнцыёзная — а пранікнёнасцю думкі. Не купалаўскімі снамі аб Беларусі, а бязлітасным аналізам яе… Трымайся, Алесь, свайго прыгожага адкрыцця, што “бацькі зямля вялікая, маці зямля вялікая” (“Ніва”, 23. 08.1992 г.). І Алесь трымаецца, як трымаюцца яго землякі Юры Гумянюк, Віктар Шалкевіч і Лявон Вашко, творчая дзейнасць якіх таксама мела адлюстраванне на старонках “Нівы”. Пра вялікі канцэрт Віктара Шалкевіча ў памяшканні БГКТ пісаў тыднёвік у красавіку 1995 года. “Шалкевіч на Беластоцкім радыё” — матэрыял пад такім назовам з’явіўся ў “Ніве” летам 1998 года. Гэты канцэрт, як пісала газета, стаў “нагодай для прамоцыі новага альбома Віктара Шалкевіча “Балады і рамансы”, загаловак якога ўпісваецца ў святкаванні юбілейнага года Міцкевіча, але і добра паказвае характар творчасці апошняга грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, пеюна правінцыі і малых беларускіх мястэчак, пільнага назіральніка, з’едлівага сатырыка і заадно лірычнага рамантыка”. Так пісаў тады пра Шалкевіча Мікола Ваўрынюк.

Наогул, які б беларускі калектыў з Гарадзеншчыны не выступаў са сваімі канцэртнымі праграмамі на Беласточчыне, пра яго заўсёды пісала і піша “Ніва”, знаёмячы беларусаў Польшчы і палякаў з песеннай творчасцю сваіх суседзяў. Гартаючы “Ніву” мінулых гадоў, можна пазнаёміцца з цікавымі калектывамі, найперш, беларускай народнай творчасці з Гродзенскай вобласці, з фотаздымкамі гэтых калектываў, з іх песенным рэпертуарам.

Аўтары ніўскіх публікацый не даюць грунтоўных аналізаў выступленняў народных калектываў з Гродзеншчыны, яны проста знаёмяць з беларускімі калектывамі. Знаёмствы гэтыя шчырыя, добрыя, светлыя, як і сама беларуская песня. Толькі за апошнія 10 гадоў на Беласточчыне былі наладжаны сотні шматлікіх беларускіх музычных фэстаў, аглядаў, конкурсаў, канцэртаў асобных выканаўцаў з прынёманскага краю. Амаль пра ўсіх пісала “Ніва”. Вось як сказаў Міхась Хмялеўскі пра гродзенскі мастацкі калектыў “Гарадніца”: “Хто прысутнічаў на канцэрце калектыву “Гарадніца” з Гродна, той значыць, пабываў на шыкоўным, беларускім духоўным банкеце. Выступленне “Гарадніцы” — высокае майстэрства, дасканаласць” (“Ніва”, 27.10.2002 г.). Пра калектыў песні і танца “Вяселле” з Ваўкавыска, які выступаў на адным з фэстаў у Нараўцы, Янка Целушэцкі падкрэсліў, што “гваздом мастацкай праграмы быў канцэрт калектыву песні і танца “Вяселле” з Ваўкавыска” (“Ніва”, 10.06.2001 г.). Пісала газета і пра частыя гастролі ансамбля народнай песні і музыкі са Слоніма “Грымата”, ансамбля народнай песні “Бераставіцкія музыкі”, мужчынскі гурт “Лявоны” з Воранава і пра іншыя калектывы. Заўсёды шырока асвятляюцца на старонках “Нівы” мастацкія сустрэчы Беласток — Гродна, фэсты ў Гайнаўцы, дні Беласточчыны на Гродзеншчыне. Не ведаю толькі, ці праводзяцца гэтыя дні цяпер, а вось у 1990-х гадах такія дні сустрэч адбываліся.

У 1970 — 80-х гадах у “Ніве” бала цікавая рубрыка “Беларускія кнігі”. У ёй паведамлялася пра кнігі на беларускай мове, якія можна было купіць тады ў “кнігарні імпартных выданняў” у Беластоку. Друкаваліся не толькі назвы кніг, але і кароткія анатацыі да іх. У кнігарні прадаваліся і кнігі гродзенскіх літаратараў, пра якія шмат пісала “Ніва”.

Добра, што пачатае Аляксандрай Бергман, напісанне нарысаў пра знакамітых людзей Гродзеншчыны на старонках “Нівы”, працягваецца і сёння. Але гэта не проста вялікія артыкулы, а гэта новыя факты з жыцця і творчасці той ці іншай знатнай асобы. Дзякуючы такім матэрыялам, “Ніва” была і застаецца сваесаблівай энцыклапедыяй не толькі беларусаў Польшчы, але і ўсёй Гродзеншчыны. Пра Казіміра Сваяка ў 1990-2005 гадах на старонках “Нівы” цікавыя матэрыялы пісалі Аляксей Пяткевіч і Лена Глагоўская. Пра Апанаса Цыхуна публікавалі артыкулы Зміцер Кісель і Уладзімір Хільмановіч, пра кампазітара Аляксандра Шыдлоўскага — Віталь Луба і Ада Чачуга, пра Адама Станкевіча — Яўгенія Шымянчук, пра Вінцэся Каратынскага — Уладзімір Мархель, пра Яфіма Карскага — Апанас Цыхун, пра Хведара Ільяшэвіча — Масей Сяднёў у сваім “Беластоцкім сшытку”, пра Аляксея Карпюка — Уладзімір Хільмановіч, пра Алеся Белакоза — Юрка Баена і Ганна Кандрацюк, пра Язэпа Найдзюка — Лена Глагоўская і г.д.

У 1998-2000-х гадах цікавыя культуралагічныя матэрыялы з Гародні дасылаў у “Ніву” таленавіты хлопец Зміцер Кісель. На вялікі жаль, ён рана ад нас адышоў. У адным з нумароў “Нівы” (17.01.1999 г.) Зміцер Кісель пісаў: “30 снежня 1998 года вядомая беларуская паэтка Данута Бічэль была звольнена з музея Максіма Багдановіча ў Гродне. Спадарыня Данута стварыла музей з 1982 года. Пасля адкрыцця ў 1986 годзе была яго нязменным дырэктарам.Усе экспанаты сабраны яе намаганнямі… Данута Бічэль стала душой музея Максіма Багдановіча. Без яе існаванне гэтага музея здаецца немагчымым”. А ў верасні 1999 года ў “Ніве” быў надрукаваны верш Дануты Бічэль, які меў назоў “Мяне выгналі на пенсію з Музея Максіма Багдановіча”. Пачынаўся ён радкамі:

Выйшла. Куды мне вяртацца?!

Выгналі з Дому і Працы.

Злыя бясплодныя жабы

Сажалку робяць з дзяржавы…

Ды не. Нас усе роўна ўсіх ніхто ніколі ні адкуль выгнаць не зможа. Пакуль мы ёсць на роднай зямлі, пакуль будзе выходзіць у Беластоку наш агульны беларускі тыднёвік “Ніва”.

2006


Загрузка...