Ганна Новік


Беларуская паэтка Ганна Новік свае першыя вершы апублікавала ў часопісе „Беларускі летапіс”, які выдаваўся ў Вільні ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Літаратурным кансультантам тады ў часопісе працаваў Максім Танк. Ён вёў „паштовую скрынку”, у якой даваў адказы і кароткія рэцэнзіі на літаратурныя творы, якія дасылалі ў часопіс паэты і празаікі з беларускай глыбінкі. Траплялі ў „паштовую скрынку” і водгукі Максіма Танка на вершы Ганны Новік: „З вялікім задавальненнем вітаем Вас на літаратурным грунце. Маеце ўсе задаткі быць паэтам. Арыгінальнасць, шчырасць, вобразнасць і яснасць думкі чуваць у вашых вершах, а гэта найважнейшае. Людзі з меншымі задаткамі бяруцца за працу, а тым больш мусіце ўзяцца вы, але адначасна пазбыцца трэба тых недахопаў тэхнічных, як слабая апрацоўка, месцамі русыцызмы, палёнізмы і іншыя, каб даць поўнавартасныя мастацкія творы. Толькі сьмялей ідзеце ў гэтым напрамку” („Беларускі летапіс”, 1937, н-р 6-7). Адначасова з гэтымі радкамі-водгукамі Максіма Танка ў часопісе быў надрукаваны верш Ганны Новік „Маё сонца”:

Ах ты, сонца, прыйшло — кругом бела,

Сьнег зямельку сабой атуліў...

Ты-ж ніразу мяне не сагрэла,

Хоць агонь твой другіх так паліў.

Ці-ж ты, сонца, пра гэта ня знала,

Што так трэба твайго мне цяпла.

Маладосьць я сваю скаратала,

І вясна ўжо мая уцякла.

Як ты клічаш у даль мае вочы,

Як умееш ў душу паглядзець!

Але ўсёж-ткі сагрэць ты ня хочаш,

Я ад холаду мушу дрыжэць.

Ты скажы, ці магу спадзявацца,

Што ты грудзі сагрэеш мае?

У той дзень я зраблю сабе сьвятца,

Маё сэрца тады запяе.

„Сьвятцаў” у жыцці Ганны Новік было даволі мала. Адзіным суцяшэннем у яе заставалася паэзія. З ёю паэтка не развітвалася ніколі, хоць жыла ў правінцыі, шмат працавала і рэдка друкавалася ў рэспубліканскім друку.

Нарадзілася Ганна Новік у 1914 годзе ў Аўгустове ў сям’і вясковага каваля. Маці была хатняй гаспадыняй у багатых сем’ях. Калі ў Аўгустове стала цяжка жыць, бацька вырашыў з сям’ёю пераехаць у Вілейку, дзе жылі сваякі яго і жонкі. Пасля з Вілейкі яны пераехалі ў вёску, дзе жылі бацькавы браты. Браты вярталіся з арміі, і кожны паасобку хацеў мець кавалак уласнай зямлі. Ганнінаму бацьку дасталася пятая частка зямлі і істопка з адным маленькім акенцам і земляной падлогай. Ва ўспамінах „З перажытага” Ганна Новік піша: „Голад быў у вёсцы. Памятаю, як ішлі мы з мамай капаць бульбу, якая яшчэ квітнела. Я ўпала па дарозе і страціла прытомнасць. Тады ўпершыню стала я адрозніваць багатых ад бедных. Бацька хадзіў да багатых гаспадароў касіць, маці жала і палола, каб зарабіць сям’і на ежу. Мама хадзіла штодзённа ў Балашы жаць. Прыносіла адтуль часамі паўбохана хлеба, малака збаночак, а часам нават скварку. Мама стамлялася, кляла свой лёс, мы гэта чулі і вельмі рана сталі разумець складанасці жыцця. Потым бацька пабудаваў кузню, але гатовага жалеза не было, і ўсё рабілася з рэшткаў жалеза вайны. Нарогі да плугоў рабілі з гарматніх гільз, адвалы — з чыгуначных рэек. Але гэта ўсё патрабавала шмат сілы і ўмення. У шэсць гадоў я дапамагала бацьку. Толькі не памятаю, як мяне адмывалі ад сажы і бруду. Потым я стала дзьмуць мехам ля горна. Памятаю, што я не даставала да ручкі і мне бацька чапляў вяроўку...” (Зборнік „Мая Вілейшчына”, Вілейка, 1996. С. 3-4).

У 1924 годзе Ганна Новік пайшла ў другі клас пачатковай школы, а праз тры гады скончыла 4 класы. А ў 1932 годзе закончыла ўсе сем класаў. Вельмі добра валодала польскай мовай, у арыгінале чытала Міцкевіча, Славацкага, Крашэўскага, Канапніцкую, Ажэшка. Пад канец сёмага класа ўпершыню наведала з вучнямі Вільню, ад якой была ў захапленні.

У 1935 годзе Ганна Новік піша заяву ў Міністэрства працы з просьбай дапамагчы знайсці працу. І ёй дапамагаюць — накіроўваюць у Варшаву ў лагер працы для беспрацоўнай моладзі, а таксама прысылаюць білет на цягнік. І беларуская дзяўчына едзе ў Варшаву. „Гэты лагер працы ўтрымліваў 200 дзяўчат па розных спецыяльнасцях. Тут былі кравецкая майстэрня, шавецкая, трыкатажная, пашывачная, кухня, пральня. У лагеры быў агарод, на якім таксама працавалі дзяўчаты. Быў усяго адзін мужчына — начны вартаўнік. У лагеры выходзіў часопіс, які называўся „Юнак”. Я змяшчала там свае вершы... Плацілі нам па 5 злотых у месяц”, — успамінае Ганна Новік.

У чэрвені 1938 года група з 12 чалавек вырашыла з Польшчы ўцячы ў Савецкі Саюз. На граніцы іх злавілі пагранічнікі, у тым ліку, сярод затрыманых была і Ганна Новік. Яе пасадзілі ў Вілейскую турму, а праз паўгода выпусцілі пад нагляд паліцыі. У 1937 годзе Ганну зноў арыштоўваюць, але ненадоўга.

У верасні 1939 года, калі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь саветы, Ганну Новік выбіраюць дэпутатам Народнага сходу і пасылаюць у Беласток. Вярнуўшыся з Беластока, наша зямлячка на Віленшчыне працуе інспектарам райана.

У гэты час яна шмат піша вершаў, друкуецца ў часопісах „Калосьсе”, „Беларускі летапіс”, „Шлях моладзі”, у газеце „Вілейская праўда”. Піша найперш пра тое, што яе хвалюе. А хвалявала паэтку тамтэйшае жыццё: нялёгкае, беднае, самотнае. У вершы „Песнярам” паэтка звяртаецца да класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа:

Вы запелі нам пра долю,

Долю батрака,

Як шапоча з ветрам поле,

Як шуміць рака.

Вашы песні ноччу шэрай

Рвуцца ўдаль, каб жыць.

Але як мне на паперы

Сны мае змясціць?

На загоне, што ару я, —

Для сябе пішу;

Тут чытаю, — голас чуе

Толькі ветру шум.

На іржышчы серпам звоне

Млявая рука,

Разрывае у саломе

Кросны павука...

Калі пачалася вайна, Ганна Новік становіцца сувязной партызанскага атрада, шые партызанам шапкі і маскхалаты. А пасля вайны выбіраецца дэпутатам сельскага Савета, засядацелем Народнага суда.

У 1948 годзе ў вёсцы Варонічы Вілейскага раёна ствараецца калгас і яго старшынёю вяскоўцы абіраюць Ганну Новік. Гэта быў нялёгкі час і для нашай зямлячкі, і для ўсіх жыхароў Вілейшчыны. Вось што піша пра гэта ў сваіх успамінах паэтка-актывістка: „Палова людзей знаходзілася ў зямлянках і акрамя жанчын, інвалідаў і падлеткаў, не было каму працаваць. «Пайшлі» планы лесавывазкі, лесапавалу, і гэтай справай займаліся жанчыны; памятаю, брыгада жанчын з Іжы рэзала лес у Варонічах і таксама вывозіла яго, або да ракі, або на чыгуначны прыпынак. Выходзіць з зямлянак было няпроста. На пабудову хат давалі лес дарма, але не было каму будаваць. Многія вёскі былі спалены зусім, і мне прыходзілася арганізаваць людзей з некалькіх вёсак у дапамогу жанчынам і інвалідам. Жылі ў зямлянках, нярэдка прусакі, якіх тады было шмат, залазілі інвалідам у раны. Не было лякарстваў апрацоўваць іх, лячыліся, як умелі”.

У канцы 50-х гадоў Ганна Новік атрымала другую групу інваліднасці, яна нідзе ўжо не працавала, а ціха жыла ў Вілейцы і пісала вершы, апавяданні, нарысы. У 1960 годзе яе прымаюць у Саюз беларускіх пісьменнікаў, а праз год у Мінску выходзіць першы самастойны зборнік вершаў „Мае вёсны”. Сюды ўвайшлі вершы, напісаныя паэткай да вайны і пасля вайны. Асноўная іх тэма — жыццё і праца людзей вёскі.

З 1970 года пісьменніца пісала аповесць „Другая сустрэча”, у якой адлюстравала пасляваеннае жыццё на Вілейшчыне. Фрагменты аповесці нават друкаваліся ў часопісе „Полымя” і ў раённай газеце „Шлях перамогі”.

У 1996 годзе паэтка падрыхтавала да друку свой другі паэтычны зборнік „Мая Вілейшчына”, які пабачыў свет, дзякуючы фундатарскай дапамозе дэпутата беларускага парламента Уладзіміра Варашніна. На вялікі жаль, Ганна Новік яго не дачакалася. Яна памерла за некалькі месяцаў да выхаду гэтай паэтычнай кнігі.

Ганна Новік пражыла шмат гадоў. Яе лёс быў вельмі складаным, але цікавым. Паэтка-змагарка ўсё жыццё верыла ў светлае заўтра, была мудрай і працавітай жанчынай, улюбёнай у свой край і людзей. Яна сябравала з многімі літаратарамі былой Заходняй Беларусі. А Піліп Пястрак нават напісаў прадмову да яе кнігі „Мае вёсны”.

2003


Загрузка...