Маленькая згадка пра Станіслава Грынкевіча (малодшага)


У прадмове да кнігі “Вяртанне да сваіх” (Беласток, 1999) я пісаў аб тым, што Заходняя Беларусь мела двух Станіславаў Грынкевічаў. Абодва былі медыкамі і паходзілі з Сакольшчыны. Малодшы Станіслаў Грынкевіч быў пляменнікам старэйшага Грынкевіча, якога органы НКУС расстралялі ў 1945 годзе пад Магілёвам.

Вядома, старэйшы Станіслаў Грынкевіч быў яшчэ выдатным літаратарам і грамадскім дзеячам. А малодшы Грынкевіч сваё жыццё звязаў толькі з медыцынай, ён працаваў у адной з клінік Кліўленда, што ў ЗША.

Нарадзіўся доктар Грынкевіч 23 лютага 1913 года. Атрымаў вышэйшую медыцынскую адукацыю. Жывучы на эміграцыі, Станіслаў быў шчырым беларусам, веруючым каталіком. Ён прымаў актыўны ўдзел у беларускім жыцці ў ЗША, меў адкрыты характар, быў добрым аратарам і заўсёды абараняў беларусаў.

Раптоўная смерць (памёр 18 красавіка 1966 года) была проста нечаканасцю для ўсіх беларусаў ЗША, Канады і Англіі. Прэзідэнт БНР Мікола Абрамчык у сваім развітанні пісаў: “Вестка аб смерці доктара Станіслава Грынкевіча мяне ашаламіла сваёй неспадзяванасцю, што не магу ўраўнаважыць сваіх думак, пішучы гэтыя словы апошняга развітання з ім”. А айцец Пётр Татарыновіч на старонках часопіса “Znic” (1966 год) казаў: “З вялікай радасцю ды трапнасцю Станіслаў Грынкевіч выклікаў у сваім асяроддзі павагу ды давер да беларускіх духоўных дзеячаў”.

Сапраўды, Станіслаў Грынкевіч (малодшы) не раз браў на сябе адказнасць за справу, за розныя сустрэчы, за арганізацыю беларускіх фэстаў…

Сёлета ў лютым Станіславу Грынкевічу споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. Гэтая маленькая згадка пра яго няхай папоўніць геаграфію пошукаў пра ўсіх беларускіх Грынкевічаў. Тым больш што дзесьці пражываюць трое ягоных сыноў, некалькі ўнукаў і праўнукаў. А раптам — хтосьці з іх адгукнецца.

2003


Загрузка...