Мікола Дзямідаў


Пра дзеяча беларускага нацыянальнага руху, палітыка і вайскоўца Міколу Дзямідава напісана ў Беларусі вельмі мала. Яго дзейнасць, як вайскоўца, лепш за ўсё пададзена ў кнізе Алега Латышонка „Bialoruskie formacje wojskowe 1917-1923” (Беласток, 1995 г.). Паводле Алега Латышонка, у названы перыяд у беларускім друку з’яўляліся невялікія энцыклапедычныя згадкі пра Міколу Дзямідава і яго сяброў па барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны. Праўда, напісаны яны сціпла і па-рознаму суб’ектыўна. Хаця сам Мікола Дзямідаў у гісторыі Беларусі заслугоўвае саліднай манаграфіі.

Нарадзіўся ён у сям’і Станіслава Катнароўскага і Алесі Каліноўскай 10 снежня 1888 года ў Ломжы. Бацька рана памёр і маці аўдавеўшы, выйшла замуж за Янку Дзямідава. Айчым усынавіў пасынка і надаў яму сваё прозвішча. Але выхоўвалі хлопчыка ў асноўным дзядуля і бабуля па маці.

У 1905 годзе Мікола Дзямідаў здае паспяхова экзамены на настаўніка пачатковай школы пры Свіслацкай настаўніцкай семінарыі. А за год да паступлення ў семінарыю закончыў Ломжынскую філалагічную мужчынскую гімназію. Працаваў на чыгунцы, пасля настаўнікам пачатковых класаў. Але з вучобаю не развітаўся. У 1910 годзе паспяхова скончыў Беластоцкае рэальнае сярэдняе вучылішча, быў вольным слухачом Варшаўскага універсітэта.

18 ліпеня 1914 года Міколу Дзямідава прызываюць у расійскае войска, дзе ён уладкоўваецца справаводам гаспадарчай часткі розных ваенных падраздзяленняў. Але і тут ён умудраецца вучыцца. Спачатку наведвае курсы пры Мікалаеўскай ваеннай акадэміі ў Пецярбургу, а пасля заканчвае ў горадзе на Няве Паўлаўскае ваеннае вучылішча.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Петраградзе, Мікола Дзямідаў уваходзіць у Хаўрус афіцэраў-рэвалюцыянераў, прызначаецца абласным камісарам у Ноўгарадзе. У сакавіку 1918 года трапляе ў нямецкі палон, яго змяшчаюць у лагер для палонных вайскоўцаў. Пасля капітуляцыі Германіі наш зямляк выходзіць на волю і ў лістападзе 1918 года пераязджае ў Вільню, дзе далучаецца да стварэння беларускага нацыянальнага войска.

20 снежня 1918 года з часцямі арміі генерала Кандратовіча Мікола Дзямідаў займае Гародню і прызначаецца камендантам горада і начальнікам Гарадзенскай ваеннай акругі, куды ўваходзілі крэпасць і 16 фартоў. У гэты час у Гародні працуе Урад БНР і Гародня становіцца часовай сталіцай Беларусі. Сюды прыязджаюць для перамоў амерыканскія, англійскія і французскія місіі. У Гародні ў той час быў парадак і спакой, а ў беларускім войску — узорная дысцыпліна.

1 чэрвеня 1919 года, падчас раззбраення Першага Беларускага палка, Мікола Дзямідаў быў арыштаваны палякамі ды інтэрнаваны ў беластоцкім лагеры „Станцыя Раздольная”. Вызвалілі яго толькі праз год. Пасля вызвалення Дзямідаў паступае ў распараджэнне Варшаўскай беларускай вайсковай школы падхарунжых. А ў сярэдзіне 1920 года далучаецца да аддзелаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча, які прызначае Дзямідава начальнікам штаба Беларускай Першай брыгады. А 20 кастрычніка 1920 года той жа генерал Булак-Балаховіч прызначае Дзямідава кіраўніком усіх Беларускіх узброеных сіл, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. У падпарадкаванне Дзямідава ўвайшлі Першы Менскі пяхотны полк (камандзір маёр А. Яцэвіч), Другі Менскі пяхотны полк (камандзір палкоўнік Гершэльман), Першы Беларускі гусарскі полк пад камандаваннем палкоўніка Бянецкага, чатыры сотні Зялёнадубцаў, шэсць соцень вайскоўцаў з Дзікай дывізіі, казачы атрад Віктара Савянкова, Гарадзенскі батальён, артаддзел палкоўніка Талат-Келпша, аддзел коннай разведкі прапаршчыка Баркова...

У 1922 годзе Мікола Дзямідаў па Беластоцкай акрузе становіцца паслом польскага Сейма, а праз год палякі яго з іншымі беларускімі дзеячамі высяляюць з Заходняй Беларусі.

Наш зямляк пераязджае ў Дзвінск, дзе разам з Кастусём Езавітавым працуе у розных беларускіх грамадска-культурных арганізацыях, актыўна ўдзельнічае ў беларускім культурным жыцці Латвіі, арганізоўвае там беларускія школы. І здавалася, што ўсё будзе добра, калі б не прыход у 1940 годзе ў Латвію бальшавікоў. Яны арыштоўваюць Дзямідава і перавозяць яго ў Маскву на Лубянку. Праўда, праз год яму ўдаецца адтуль вызваліцца і вярнуцца зноў у Дзвінск.

У сярэдзіне вайны Мікола Дзямідаў пераязджае ў Ліду, дзе працуе акруговым школьным інспектарам. Ён арганізуе настаўніцкія курсы, а кіраўніком іх прызначае Алеся Яцэвіча. А сам адначасова арганізоўвае беларускі батальён самааховы, куды ўваходзілі ў асноўным настаўнікі. Батальён самааховы адмовіўся ад прысланай немцамі паліцэйскай чорнай формы, а праз некаторы час атрымаў іншую форму з беларускай сімволікай...

З восені 1944 года генерал-маёр Мікола Дзямідаў жыве на эміграцыі. Спачатку ў французскай зоне ў Германіі, дзе быў адным з ініцыятараў узнаўлення Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а пасля ў ЗША. Пасяліўшыся ў 1950 годзе ў Чыкага, Мікола Дзямідаў шчыра сябраваў з Язэпам Варонкам і Алесем Змагаром. Ён далучыўся да Згуртавання беларусаў штата Ілінойс, дзе прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і рэлігійным жыцці беларусаў.

Памёр Мікола Дзямідаў 23 чэрвеня 1967 года на 77-м годзе жыцця ў Чыкага, дзе і пахаваны.

2003


Загрузка...